Вы тут

Уладзіслаў Цыдзік. Жыццё па высокай планцы


Самая вялікая вышыня, якая Уладзіславу Цыдзіку, студэнту Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, будучаму аграному скарылася ў 1978-м на афіцыйных саюзных спаборніцтвах,— 2 метры 12 сантыметраў. Гэта яго асабісты рэкорд. На той час — даволі значнае дасягненне. Іншыя былі потым, не менш важныя вышыні на жыццёвым шляху: і высокае званне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, і шматлікія фотавыставы, і выдадзеныя аўтарскія фотаальбомы, і ўдзел ва ўсіх пяці Мінскіх паўмарафонах… Пік спартыўнай формы для яго ў мінулым, але ж Уладзіслаў Станіслававіч па-ранейшаму стройны, жыццярадасны, пастаянна трэніруецца: на чэмпіянаце Еўропы сярод ветэранаў у італьянскай Анконе (2016 г.) заняў 6-е месца па скачках у вышыню. І як кіраўнік Мінскай абласной федэрацыі лёгкай атлетыкі стараецца шмат цяпер рабіць, каб дапамагчы спартсменам паспяхова выступіць на Алімпіядзе-2020 у Токіа.


Дзякуючы Уладзіславу Цыдзіку нашы чытачы ўжо даведаліся некаторыя падрабязнасці пра тое, як рэканструяваўся знакаміты канал («Аўгустоўскі канал вядзе ў ЮНЭСКА». — «Беларусь. Belarus», №12, 2019). А ў ходзе гутаркі высветлілася: суразмоўца працягвае жыць так актыўна, што варта прадставіць яго ў новым ракурсе. Спадзяемся, працяг размовы з ім дапаможа нашым чытачам, асабліва за мяжой, лепш зразумець беларускі характар, а, магчыма, і ўнесці карэктывы ў свой звыклы лад жыцця.

Гаварылі ж мы пра важную ролю спорту ў станаўленні характару вясковага хлопца з Гродзенскага раёна, пра яго жыццёвыя прынцыпы, актыўным удзеле — ужо на пенсіі — у жыцці спартыўнай супольнасці краіны. Дарэчы, у адным з тэкстаў пасля паспяховага выступлення беларусаў на чэмпіянаце Еўропы сярод ветэранаў у італьянскай Анконе Уладзіслаў Цыдзік так разважаў: «У Беларусі розніца ў працягласці жыцця паміж жанчынамі й мужчынамі — каля 10 гадоў, а ў Заходняй Еўропе — 1-2 гады. І гэта наўпрост звязана з тым, што мужчыны, якія нават раней займаліся спортам, на нейкім этапе губляюць такую магчымасць і становяцца вельмі пасіўнымі. Маючы пры тым вельмі сур’ёзны стрэс і нагрузкі на працы. А ў Заходняй Еўропе іх аднагодкі працягваюць жыць актыўным спартыўным жыццём і нават выступаць на міжнародным узроўні. І тое дазваляе ім не толькі падтрымліваць здароўе, але й адчуваць павагу да сябе, значнасць сваіх поспехаў нават на дзявятым дзясятку гадоў». Вось такі ён, наш візаві.

— Уладзіслаў Станіслававіч, мы ведаем, што ў Вас — актыўная жыццёвая пазіцыя, шмат розных інтарэсаў. Скажыце сцісла, па якіх напрамках рэалізуюцца вашыя таленты?

— Сапраўды, мне шмат чаго яшчэ хочацца зрабіць… Я член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Фатограф з велізарным стажам, аўтар фотавыстаў, і ёсць некалькі выдадзеных фотаальбомаў. Я ўзначальваю ветэранскую арганізацыю Камітэта дзяржкантролю цэнтральнага апарата. І яшчэ — член прэзідыума Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, да таго ж кірую Мінскай абласной федэрацыяй.

— Цяпер актуальная тэма — падрыхтоўка да Алімпіяды ў Токіа, да спорту шмат увагі. Давайце вось пра гэта пагаворым, дакладней — пра беларускую лёгкую атлетыку. А пачнем — з самых высокіх вашых дасягненняў у спорце.

— Я скокнуў у вышыню на 2 метры 12 сантыментаў, гэта было ў 1978 годзе. Спаборніцтвы праходзілі ва ўкраінскім Днепрапятроўску. (Цяпер горад Дняпро. — Аўт.) Помніцца, у той час знакамітая футбольная каманда «Дніпро» вылятала з вышэйшай лігі, чакаўся вельмі адказны матч. А ў нас тады скачкі ў вышыню зацягнуліся на тым жа стадыёне, і мы засталіся глядзець футбол. Гэта быў чэмпіянат СССР сярод сельскагаспадарчых ВНУ: іх было 101. Я вучыўся ў Гродзенскім сельгасінстытуце, яго й закончыў, аграном па спецыяльнасці. А пасля заканчэння Жытамлянскай сярэдняй школы (Гродзенскі раён) пайшоў мэтанакіравана ў Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. Такое маё рашэнне тады не ўсе настаўнікі, аднакласнікі разумелі, прымалі. Памятаю, у канцы жніўня 1971-га бацька ў мяне пытаецца: чаго гэта да нас паштальён прыходзіў? Кажу: паведамленне прыйшло, што паступіў у тэхнікум. Бацька быў вельмі засмучаны! Нават моцнага слоўца не пашкадаваў. Ён жа іншага чакаў ад мяне: аграномам у будучыні бачыў. А я ішоў туды — дзеля спорту. І мяне з тэхнікума практычна адразу ў войска забралі: я ж пасля 10 класаў паступіў. Бацькі, памятаю, пісалі мне ў войска: ну ты ж у інстытут, на агранома пасля войска пойдзеш? А я вярнуўся — і наўпрост, у форме старшыны, у тэхнікум.Скачок Уладзіслава Цыдзіка ў даўжыню з месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод работнікаў камітэта Дзяржкантролю

Уладзіслаў Цыдзік у маладосці

— У адным з інтэрв’ю мы чыталі: у арміі ў вас была магчымасць трэніравацца, прычым — на добрым стадыёне імя Леніна ў Ленінградзе.

— Так, мне вельмі пашанцавала, можна сказаць. Я ў Ленінградзе непасрэдна служыў паўтара года (6 месяцаў у навучальным падраздзяленні Паргалава), і мне камандаванне пайшло насустрач, бачачы маю стараннасць: каб спартыўную форму не губляў. Трэніраваўся сам, як мог і ўмеў. У 1975-м закончыў тэхнікум з адзнакай. Падаваў адразу дакументы на гістарычны факультэт мясцовага педінстытута. І тут жа паехаў у Гомель на спаборніцтвы: за таварыства «Ураджай» выступаў. А там хлопцы падбухторылі: да нас ідзі, у сельскагаспадарчы. Там у рэшце рэшт і стаў вучыцца. Бацька, вядома, такому выбару нарэшце парадаваўся. Тады кожная ВНУ хацела да сябе спартыўных хлопцаў залучыць. А для мяне спорт быў вельмі важнай часткай жыцця. Памятаю, прыязджаю дадому, на свой хутар, ускопваў глебу ў садзе на сядзібе ў дзядулі-бабулі, нацягваю шнурок — і скачу. Я тады ж і бегаў актыўна па шматлюдных сельскіх дарогах. Вядома, хлопца-бегуна людзям сельскай працы нязвыкла было бачыць: такіх за гультаёў лічылі. Бацька прасіў: сыночак, ты ж, прынамсі, увечары, калі сцямнее, бегай. Мне ад людзей сорамна. (Смяемся). Вось такі фанатызм у мяне да спорту.

— Мабыць, таму вы і ўзначалілі абласную федэрацыю лёгкай атлетыкі…

— Пэўна, так і ёсць. Мне ж мой патэнцыял у спорце ў сілу розных прычын цалкам раскрыць не ўдалося. Перш за ўсё, з-за адсутнасці мэтанакіраваных трэніровак у школьныя гады. Трэба ж было штодзённа дапамагаць бацькам па гаспадарцы… Пазнавата я пачаў сістэмна займацца: па сутнасці, пасля войска толькі, а да таго — толькі агульнафізічная падрыхтоўка была. Рэгулярныя трэніроўкі пачаліся на 21-м годзе жыцця. А вышыня 212 — гэта, вядома, быў несумнеўны поспех, вялікае дасягненне ў тых умовах.

— Максіму Недасекаву цяпер колькі гадоў?

— Ён пра сябе ўжо ў 18 на міжнароднай арэне сур’ёзна заявіў, цяпер яму толькі 21 год. Таленавіты, годна бацькамі выхаваны спартсмен.

— Здымкі ёсць у вас архіўныя з тых часоў, калі вы лёталі вышэй 2-х метраў?

Злева направа: Уладзіслаў Цыдзік, Арнольд Стасюк, Тамара Стасюк, Анатоль Ярмішын. У іх цяпер другая маладосць!

— Ёсць. Праўда, чорна-белыя: бо гэта 70-я гады. Тады ў мяне сапраўды быў пік спартыўнай формы. Я прымудраўся даставаць з разбегу махавай нагой да баскетбольнага кальца! А гэта вышыня 305 сантыметраў. Такое, ведаю, рэдка хто рабіў за савецкім часам. Гэта быў адзін з трэніровачных элементаў тэхнікі перакіднога скачка. Цяпер іншы перспектыўны спосаб скачку ў вышыню, і маху такога ўжо можа й не трэба мець: скакуны выкарыстоўваюць для ўзлёту над планкай цэнтрабежную сілу, хуткасць разбегу, гнуткасць…

— Можна меркаваць, што спорт вам выдатна дапамагаў выйсці на высокую арбіту ў жыцці…

— Ёсць такі выраз: мы робім працу, а праца робіць нас. Тое ж самае можна сказаць і пра спорт. Бо што такое заняткі спортам? Гэта не толькі фізічныя практыкаванні, але й трэніроўка мыслення. Перш чым пераадолець планку ў скачку, ты павінен яе пераадолець у галаве. На трэніроўках развіваецца і мозг, прычым — актыўна, пад высокай напругай, у экстрэмальных умовах. Паверце мне: я дасягнуў некаторых вяршыняў дзякуючы спорту і ў засваенні вузаўскіх прадметаў. Ганаруся, што па вышэйшай матэматыцы, напрыклад, быў адным з самых моцных на курсе.

— Уладзіслаў Станіслававіч, з якога года ўзначальваеце вы Мінскую абласную федэрацыю лёгкай атлетыкі?

— З 2015-га: хутка 5 гадоў.

— У часе працы ў камітэце Дзяржкантролю вам удавалася падтрымліваць добрую фізічную форму?

— Як ні дзіўна, пры ўсёй высокай загружанасці — удавалася. Часам бегаў па стадыёне — у пары з Аляксандрам Жуком, які тады быў намеснік Міністра адукацыі, а цяпер — рэктар Беларускага педуніверсітэта імя Максіма Танка. У Камітэце даводзілася часам, каб справы хутчэй рухаліся, бегаць, нават лётаць па лесвічных пралётах праз дзве прыступкі (усміхаецца). Я й цяпер форму падтрымліваю, як той казаў, у баявым стане. На дачы ўвесь час па 12 разоў падцягваюся на перакладзіне. І паўмарафоны бегаю: ва ўсіх пяці мінскіх удзельнічаў. Вядома, для таго пастаянна трэніруюся — інакш можна хутка ўсё разгубіць. У 2016-м, у бытнасць дэпутатам Нацыянальнага сходу, удзельнічаў з іншымі беларускімі спартсменамі ў чэмпіянаце Еўропы сярод ветэранаў — у Італіі. Заняў там 6-е месца па скачках у вышыню — і гэта, лічу, нядрэнна для дэпутата ў 63 гады (усміхаецца).

— Скажыце, Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі таксама ўдзельнічае ў падрыхтоўцы да Алімпіяды?

— Вядома, гэта прамыя функцыі федэрацыі: рыхтаваць спартсменаў вышэйшага майстэрства і годна прадстаўляць краіну на Алімпійскіх гульнях. Цяпер ужо ясна, хто з спартоўцаў годна абароніць гонар краіны на такійскай алімпіядзе. Многія пытанні з падрыхтоўкай да галоўнага старту чатырохгоддзя вырашаны. Калі ўзнікаюць праблемы — аператыўна і станоўча іх вырашаем. Займаемся пытаннямі абмундзіравання, амуніцыі спартсменаў, правядзеннем збораў, у тым ліку й выязных за мяжу. Усе нюансы пралічваюцца сумесна з трэнерскім складам. Асноўная нагрузка па фармаванні нацыянальнай каманды кладзецца на Беларускую федэрацыю лёгкай атлетыкі, кіруе якой знакаміты спартовец, чэмпіён свету, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Вадзім Дзевятоўскі.

— На каго канкрэтна стаўку робіце?

— Ды на ўсіх членаў каманды! Вельмі добра сябе паказвае ў сектары скачкоў у даўжыню Анастасія Мірончык-Іванова. У 2019-м у сакавіку ў Глазга у яе быў добры вынік: 6 метраў 93 сантыметры. Стала пераможцай матчавай сустрэчы Еўропа — ЗША. Ужо сёлета выйграла міжнародны турнір у Бохуме (Германія). Яна з нашай абласной федэрацыі, прыйшла ў вялікі спорт са Слуцка. За карпатлівую працу й годныя вынікі спартсменка ад нашай федэрацыі ў падарунак атрымала тэлевізар. Цяпер сусветны рэкорд у жанчын: 752. І калі хочаш на Алімпіядзе выступіць годна — трэба выходзіць на ўзровень 720-730. А ў Беларусі пакуль рэкорд у жанчын у скачках у даўжыню — 701. На Анастасію мы вельмі спадзяемся.

— Мы чулі яшчэ, што ў Беларусі праводзяцца вашыя імянныя спаборніцтвы лёгкаатлетаў: турніры на прызы У. С. Цыдзіка. Якія спартсмены ў іх удзельнічаюць?

Вера Епімашка заваявала тры медалі чэмпіянату Еўропы сярод ветэранаў

 З Аленай Валчэцкай, Алімпійскай чэмпіёнкай Токіа (1964), якая выкладала гімнастыку Цыдзіку-студэнту ў Гродзенскім тэхнікуме фізічнай культуры. Сустрэча праз 45 гадоў.

— Спаборнічаюць на іх скакуны: у вышыню і даўжыню, прадстаўлены трайны скачок і скачкі з шастом. Адкрыты турнір праходзіць кожны год у Мінску, у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. У ім прымалі ўдзел не толькі спартсмены-пачаткоўцы, але й вядомыя. Удзельнічаў у турнірах Павел Сельвестраў (уласны рэкорд 232 см), Андрэй Скабелка (229 см) ды іншыя. А вось, глядзім па пратаколах, вынік Карыны Таранды (яна выйшла замуж і ўжо Дзямідзік), адной з лепшых скакух у Беларусі: 200 сантыметраў (рэкорд Беларусі — 201 см).

— Хто ўвойдзе ў склад каманды беларускіх лёгкаатлетаў, якая выязджае на Алімпіяду?

— Як звычайна, акрамя спартсменаў, паедуць іх трэнеры, лекары. Ужо ёсць ліцэнзіі ў 16 спартсменаў. У іх лік уваходзіць знакамітая марафонка Вольга Мазуронак — яна, дарэчы, таксама ў Мінскай абласной федэрацыі. Максім Недасекаў — ён з Віцебска, паказаў цудоўны вынік у скачках у вышыню: 235 см. Эльвіра Герман — 100 метраў з бар’ерамі — прабегла за 12, 63 секунды. Вялікія надзеі ў нас звязаны з эфектным выступам Аліны Талай (таксама бег з бар’ерамі) ды іншымі спартсменамі, якія даказалі сваё высокае спартыўнае майстэрства.

— Якія вашы прагнозы па выступе беларускіх лёгкаатлетаў на Алімпіядзе?

— У спорце не прынята весці загадзя лік медалям. У адным упэўнены: кожны алімпіец зробіць усё, каб узысці на п’едэстал. Хочацца, каб фартуна павярнулася тварам да беларускіх атлетаў. Цяпер, акрамя індывідуальных практык па падрыхтоўцы спартсменаў да адказных стартаў, мне здаецца, варта не менш увагі надаць пытанням псіхалогіі. Бывае ж як: атлет фізічна й тэхнічна гатовы паказаць высокі вынік. Але ў часе адказных стартаў не кожнаму ўдаецца справіцца з хваляваннем. Спартсмен перажывае, яму хочацца як лепш выступіць — ідзе нярвовае перанапружанне, што, у рэшце рэшт, уплывае не лепшым чынам на вынік выступлення.

— Псіхолагі ж працуюць з нашымі спартоўцамі?

— Так, працуюць… Аднак у большасці выпадкаў у ролі псіхолага выступае трэнер. Па сутнасці, 90 адсоткаў, скажам так, псіхалогія нашага спартоўца — гэта трэнерская псіхалогія. Псіхалагічныя ўстаноўкі яго трэнера. З аднаго боку, гэта й правільна. І ў той жа час, упэўнены, павінны са спартсменамі й трэнерамі высокага ўзроўню індывідуальна працаваць і прафесійныя псіхолагі. Прычым не толькі на фазе падрыхтоўкі да Алімпіяды, а пастаянна, калі спартовец падае надзеі. Звычайна яго ўвесь час трэба суправаджаць, псіхалагічна ўзводзіць на высокі вынік. Пастаянна! А не так, як цяпер: праз паўгода Алімпіяда — вось мы ім псіхолагаў дамо. Так можна й нашкодзіць. Псіхолаг жа мусіць звыкацца са спартсменам, глыбока ведаць усе тонкасці яго душы.

— Гэта значыць псіхалогія — важны складнік высокіх спартыўных вынікаў?

— Яшчэ якая важная! У сусветнай практыцы падрыхтоўкі спартсменаў, якія дасягаюць вышэйшых вынікаў, гэта ўжо, як той казаў, штодзённасць. Аксіёма, якая не патрабуе доказаў. Трэба дапамагчы чалавеку ў поўнай меры раскрыць свае здольнасці, наладзіць яго на максімальны ўзровень дасягнення. У трэнера задача — дапамагчы спартсмену падысці да адказных спаборніцтваў у лепшай фізічнай форме, тэхніку адпрацоўваць. А псіхолаг павінен дапамагчы яму трымаць, што называецца, баявы дух — і ў той жа час не перагарэць, захоўваць эмацыйную раўнавагу. Бо спартсмены — гэта, як правіла, маладыя людзі, у якіх і гармоны гуляюць, і адрэналіну хапае. Ім са сваімі эмоцыямі спраўляцца вельмі няпроста.

— Вялікае жаданне перамагчы можа перашкодзіць гэта ажыццявіць?

Андрэй Скабейка і Максім Недасекаў, скакуны ў вышыню, радуюць прыхільнікаў «каралевы спорту»

Ірына Жук, рэкардсменка Беларусі па скачках у вышыню з шастом

— А менавіта так часта бывае, і не толькі ў спорце. Вось, напрыклад, гаспадыні часам вельмі хочацца суп добра зварыць, дарагіх гасцей чакаючы. Але вось на адно імгненне яна чымсьці адцягнулася — і солі перасыпала. І ўсе старанні не даюць чаканы вынік: ужо нясмачна. У спартоўца псіхалагічная падрыхтоўка павінна быць важнай часткай агульнага працэсу трэніровак. Гэта ж як «Ойча наш», як кажуць. Я на сваёй скуры не раз адчуваў тую псіхалагічную ломку. Быццам бы гатовы фізічна. Размяўся, расцягнуўся. А вось вельмі хочаш вышыню ўзяць — і ў галаве пачынаеш мудраваць. А тады не аўтаматызм у руху ўжо атрымліваецца: жаданне скручваецца з думкамі, тое не заўсёды на карысць. А бывае, што да старту ставішся больш спакойна, усё робіш на аўтаматызме — і ў канчатковым выніку скачаш свабодна й лёгка. Прама становішся пушынкай! У мяне, помню, нарастанне выніку ішло паэтапна. Спачатку ў школьныя гады паказаў вынік 161 сантыметр, потым у арміі — 175, далей некаторы застой, потым — 195, і яшчэ трохі — ужо 205. Усе гэтыя нюансы важна ведаць, быць псіхалагічна гатовым і да рыўка, і да часовага застою. Пераадолець два метры псіхалагічна было цяжка. Так што псіхалагічная падрыхтоўка — гэта вельмі важны складнік поспеху.

— Ці ведаеце вы прыклады пралікаў у псіхалагічнай падрыхтоўцы нашых спартоўцаў?

— Вядома, ведаю. Вось, скажам, у адной дасведчанай штурхальніцы ядра трэнерам з’яўляецца мой сябар Рыгор Сініцын. Я з ім часта ў маладыя гады ездзіў на спаборніцтвы, калі Рыгор і сам выступаў. Ён, дарэчы, падрыхтаваў Алімпійскую чэмпіёнку ХХVII гульняў у Сіднэі Яніну Карольчык. Сініцын — моцны трэнер, мае сваю методыку падрыхтоўкі, многія нюансы адладжаны. Але вось шматвопытная штурхальніца ядра, хоць і гатовая была фізічна да высокага выніку, на чэмпіянаце Еўропы (2019) нават у прызёры не патрапіла. Значыць, нешта на псіхалагічным узроўні было не дапрацаванае. Псіхолаг добры быў бы там вельмі дарэчы.

— Дазвольце, Уладзіслаў Станіслававіч, паразважаць у тэму. Часам жа яшчэ вельмі важна мець нейкую аддушыну ў жыцці, як той казаў, каб трэніравальны працэс не станавіўся — асабліва для эмацыйна няўстойлівых атлетаў — цяжкай руцінай. Будучы ў Турцыі, мы пазнаёміліся з цікавымі людзьмі. Любоў і Дзмітрый Федуновы там выступаюць як артысты арыгінальнага жанру: ёга-шоу даюць у гатэлях для гасцей. Дык вось, досвед псіхалагічнай падрыхтоўкі ў іх вельмі каштоўны, у частцы пераадолення болю ў тым ліку. У Дзмітрыя ёсць цудоўныя нумары на трыманне балансу, раўнавагі, па валоданні целам — а яму ж пад 60. Акрамя таго, Дзмітрый даўно сканструяваў і дасканала асвоіў унікальны скейт: дзякуючы хвалепадобным рухам на дошцы можна развіваць прыстойную хуткасць, нават рухацца пад вуглом уверх. Пры тым, распавядаў нам Дзмітрый, актыўна працуе мазжачок. Ён цяпер робіць і скейт-шоу, з поспехам выступаў у тэлешоў «Удивительные люди» — відэаролік можна, дарэчы, паглядзець у інтэрнэце. Скейт Федунова дазваляе чалавеку, як кажуць, гуляючы развіваць, трэніраваць, рабіць гнуткім і рухомым, скаардынаваным усё цела, развіваць інтэлект, здымаць стрэс, ураўнаважваць эмацыйны стан. А вось калі б гэтыя людзі папрацавалі з нашымі спартоўцамі? Магчыма, нешта было б маладым людзям з іх досведу карысным. Люба — педагог па адукацыі, яны з Дзмітрыем гатовыя прыехаць у Беларусь: артысты ў савецкі час з цыркавой праграмай шмат у якіх гарадах нашых пабывалі, а калі Саюз распаўся — вымушаныя былі ў Турцыю з’ехаць.

— Вядома, было б цікава з імі бліжэй пазнаёміцца. Трэба падумаць. Бо не сакрэт: у спартсменаў сусветнага ўзроўню ёсць свае фішкі ў падрыхтоўцы, пра якія яны, вядома ж, не распавядаюць. Вялікі спорт — гэта пастаянны пошук: як дасягаць высокіх вынікаў — і вытрымліваць фізічныя, псіхічныя звышнагрузкі. Мы ж разумеем: адны мышцы, якія пастаянна працуюць, у часе цыклічных высілкаў «забіваюцца». Вычэрпваецца рэсурс нагрузак. А тыя мышцы, якія знаходзяцца ў спакойным стане, і не задзейнічаны: мы да іх не даходзім. Гэта глыбінныя мышцы. Магчыма, элемент гульні, чагосьці незвычайнага, нават экзатычнага, сапраўды будзе дарэчны ў трэніровачным працэсе, у паўсядзённым жыцці спартсменаў. Ёсць яшчэ і такая праблема ў нашых маладых спартсменаў, як «зорная хвароба». Вось малады талент дасягнуў высокага выніку, заганарыўся — і перастае расці. Усміхнулася ўдача — і чалавек перастаў напружваць сябе, творча працаваць. Зазнайства такое атрымліваецца, у аснове якога — таксама псіхалагічная няўстойлівасць. Мне проста шкада такіх талентаў, якія самі сябе губяць. Калі няма стабільнасці ў выніках — гэта ж відавочная прыкмета таго, што спартсмен сабой не здольны кіраваць.

— Значыць, і ў гэтай частцы падрыхтоўкі патрэбныя зрухі…

— Як кажуць, штаб шукае рашэнне. Як дапамагчы моладзі, чым падтрымаць? Ветэраны спорту, дасведчаныя спецыялісты разам з трэнерскім складам адпрацоўваюць методыку падрыхтоўкі. Калі адпачынак, калі лёгкая лясная прабежка, калі лазня, трэніроўкі па іншых відах спорту па сутнасці — многае ўжываецца. Нават ва ўмовах высакагор’я трэніроўкі практыкуюцца. Каб пастаяннага напружання ў цягліцах і галаве не было. Рэжым харчавання й адпачынку таксама вельмі актуальны для стабільнага захавання высокага спартыўнага майстэрства. І поспехі ёсць. Скажам, малатабоец Іван Ціхан у 42 гады здзіўляе свет: ён серабро прывёз Беларусі з Алімпіяды ў Рыа-дэ Жанейра. Я Івана добра ведаю, ён таксама з Гродзеншчыны — са Слоніма, адкрыты, даступны, ураўнаважаны. Так, ён вельмі шмат працуе — але ўмее сабой кіраваць.

— У любой працы, у любой напрузе, кажуць псіхолагі, важна не рэфлексаваць, а трымаць унутраную раўнавагу — тады менш стамляешся і больш можаш зрабіць…

— З гадамі мы ўсе да такіх высноў прыходзім. А вось моладзі як такое растлумачыць? Наогул, самапазнанне — важная частка сучаснага жыцця, у тым ліку і ў спорце. Гэта ў кампутары націснуў кнопку — і ён табе выдасць патрэбны вынік. А чалавек — машына значна больш складаная. І паверце: у нас калі спартовец трапляе ў зборную Беларусі — да яго вельмі шмат увагі. У тым ліку й з боку дзяржавы, федэрацыі лёгкай атлетыкі. Шчыра скажу: пакуль я ў сіле — хочацца зрабіць для людзей нешта карыснае. Кажу гэта без лішняй пафаснасці. Проста мы за савецкім часам так выхаваны былі, гэта ў нас у крыві. Хоць, вядома, у мяне шмат спраў і на дачы, і ў творчасці — але ўсё роўна падключаюся ў самыя розныя праекты.

— Мы ведаем, у прыватнасці, што ў вас праходзяць фотавыставы на розных пляцоўках…

Эльвіра Герман і Аліна Талай пасля паспяховага выступлення на міжнароднай матчавай сустрэчы лёгкаатлетычных зборных Беларусі, Балканскіх краін, Прыбалтыкі і Украіны

 

— Так, гэта маё хобі па жыцці. Я фатаграфую, дарэчы, з 5 класа. Пачынаў са «Смены», «Вилии», потым былі фотаапараты «ФЭД», «Зоркий», «Зенит»… Цяпер Саnon 550: яшчэ не прафесійны. Ёсць куды расці. Яшчэ ў студэнцкія гады, у савецкую пару, быў грамадскім карэспандэнтам, і тое пасведчанне захавалася. Памятаю, такому асу-фатографу як Аркадзь Пераход — ён быў фотакарэспандэнтам «Гродзенскай праўды» — занёс здымак на спартыўную тэматыку (момант баскетбольнага матчу ўдала зняў). То яму вельмі спадабаўся. І майстар пачаў у мяне ўсё пра ўмовы здымак, асаблівасцях лабараторнай работы распытваць. Яно і зразумела: таленавіты чалавек ніколі ж не перастае вучыцца.

— Як жонка ваша ставіцца да захапленняў, якія адрываць вас ад сям’і, сямейных клопатаў?

Дзмітрый Карпук, чэмпіён Беларусі сярод юніёраў у штурханні ядра

— З разуменнем. Дзякуючы яе падтрымцы я па жыцці, верагодна, правільна іду (усміхаецца). Хто займаўся фота, той ведае: гэта вельмі выдатковае хобі. А тым больш любая фотавыстава патрабуе салідных фінансавых укладанняў. Правесці здымку, аддрукаваць фотаздымкі, аформіць іх, бензін для паездак і многае іншае. Мы, са сваімі аднадумцамі, калі ўжо нешта робім, то стараемся рабіць прыгожа, годна. З карысцю для людзей і для Бацькаўшчыны.

Гутарылі Іван і Валянціна Ждановічы.

Фота з асабістага архіва Уладзіслава Цыдзіка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».