Вы тут

«Даследаванне кітайскай цывілізацыі»: Паркі і сады


У мінскім выдавецтве «Мастацкая літаратура» працягваецца рэалізацыя кніжнага праекта «Даследаванне кітайскай цывілізацыі». Новы том распавядае пра кітайскія паркі і сады.


Аўтар кнігі «Цэлы свет у адным парку. Кітайскія паркі і сады: Адкрываючы недаацэненыя прыродныя ландшафты ў эпоху сціплага і простага жылля» Ду Даомін. Перакладчыца — Марыя Аксючыц. Чытаем у выдавецкай анатацыі да багата аформленага выдання: «Чарговая кніга серыі прысвечана паркам і садам Кітая, гісторыі іх стварэння і разнастайнасцям — у залежнасці ад кліматычных і геаграфічных асаблівасцяў. Прыводзіцца таксама параўнальная характарыстыка прыродных ландшафтаў Кітая і Японіі, Захаду і ісламскіх краін». І далей: «Кніга будзе цікавая і карысная ўсім, хто непасрэдна звязаны з кітаістыкай, і аматарам кітайскай і сусветнай культуры ў цэлым».

Кітайскія паркі і сады можна падзяліць на тры асноўныя катэгорыі: імператарскія, прыватныя і храмавыя. Ёсць яшчэ паркі ў натуральным прыродным ландшафце, паркі пры маўзалеях, грамадскія паркі і іншыя. Імператарскія паркі і сады маюць самую доўгую гісторыю. У асноўным яны сканцэнтраваны на поўначы Кітая. Можна прывесці такія прыклады. Захаваўся да нашых дзён невялікі, але неверагодна прыгожы Юйхуаюнь (імператарскі сад) пры Імператарскім палацы Гугун. Захаваліся таксама і больш буйныя па памерах паркі і сады, такія як Іхэюань (Летні палац) і Бішушаньчжуан (летняя сядзіба кітайскіх імператараў дынастыі Цын). Прыватныя паркі, як правіла, належалі прадстаўнікам інтэлігенцыі і былі сканцэнтраваны ў раёне Цзяннань. Яны, безумоўна, не такія грандыёзныя, як імператарскія, але валодаюць сваім шармам, наводзяць людзей на разважанні, агортваюць успамінамі. Прагульваючыся па такіх парках, можна пісаць вершы, філасофстваваць, можна проста пабыць сам-насам са сваімі думкамі. Калі казаць пра храмавыя паркі, то іх можна ў вялікай колькасці знайсці у розных па вышыні і вядомасці гарах. Часцей за ўсё такія паркі інтэграваныя ў навакольны пейзаж. Хоць сустракаюцца выпадкі, калі на самой тэрыторыі храмаў разбітыя маленькія сады, каб імі маглі любавацца паломнікі ды наведнікі. Часам пад сад адведзена асобная тэрыторыя, якая прымацаваная да храма, — як гэта, напрыклад, зроблена ў храме Лунхуасы ў Шанхаі.

231 старонка па-сапраўднаму ўнікальнага выдання — магчымасць віртуальнага падарожжа да вытокаў найбагатай кітайскай цывілізацыі. Адкрыйце кнігу — і вы апынецеся ў парку Бэйхай у Пекіне, затрымаецеся каля ўваходу ў парк Гэюань у Янчжоу, прысядзеце на камяні каля вадаёма ў парку Ваншыюань у горадзе Сучжоу… Затрымаеце ўвагу каля вясновага насыпу для яблыні ў парку Чжочжэн'юань у горадзе Сучжоу.

Цікавым уяўляецца наступнае сведчанне аўтара кнігі: «У Старажытным Кітаі прыхільнікі канфуцыянскіх канцэпцый прытрымліваліся ідэі, што чалавек знаходзіцца вышэй за ўсё, а паданні пра мараль замяняюць любыя рэлігійныя догмы. Калі, кіруючыся гэтым, зірнуць на кітайскія храмавыя паркі, можна ў іх больш выразна ўбачыць увасобленую на практыцы рацыянальную ідэю перавагі чалавека, акрамя таго, у іх створана глыбокая, аптымістычная і нават святочная атмасфера. Адна з асноўных функцый храмавых паркаў у Кітаі — служыць месцам насалоды прыгожымі краявідамі, такім чынам, гэтая функцыя выходзіць за рэлігійныя рамкі…»

Праца, выкладзеная на стыку навуковага даследавання і дакументалістыкі, эсэістыкі, складаецца з наступных раздзелаў: «Убачыць вялікі свет у мініяцюры: агульнае апісанне кітайскіх паркаў і садоў»; «Барацьба за першынство: віды кітайскіх паркаў і садоў»; «Тонкае і вытанчанае майстэрства: чатыры асноўныя прыёмы ў працэсе стварэння паркаў і садоў»; «Адзінства прыроды і чалавека: адлюстраванне філасофскіх ідэй у кітайскіх парках і садах»; «Вытанчанасць і зачараванне: эстэтыка кітайскіх паркаў і садоў»; «Кожны валодае сваімі вартасцямі: параўнальная характарыстыка кітайскіх і замежных паркаў і садоў».

Кніга пра паркі і сады ў Кітаі, выдадзеная ў Мінску, — знамянальная падзея і ў развіцці беларуска-кітайскіх кніжных, выдавецкіх адносін.

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?