Вы тут

Дзе шукаць мінскіх прывідаў?


За савецкім часам, калі пачалася барацьба з рэлігіяй, дасталася і «нячысцікам»: як верыць, так і распавядаць пра іх стала не модна. А пасля Другой сусветнай паміралі многія з тых, хто мог яшчэ памятаць тыя ці іншыя паданні. І тым не менш у сталіцы яшчэ засталіся месцы, дзе быццам жылі чароўныя істоты. На Гандлёвай вуліцы стаіць дом з прывідамі, а па Свіслачы плавае русалка. Быў у Мінску і свой Вадзянік. Юбілейная плошча раней нездарма называлася Змеевай гарой. З Залатой Горкай наогул звязана некалькі незвычайных гісторый. Пра касцёл Святога Роха захавалася паданне пра выратаванне ў ХІХ стагоддзі жыхароў горада ад эпідэміі халеры.


Пагаворваюць, быццам у адбудаваную наноў ратушу вярнуўся прывід. Некаторыя вераць, што многа сакрэтаў яшчэ схавана ў мінскіх падзямеллях, а можа, менавіта там варта пашукаць старыя скарбы? На Кальварыйскіх могілках раней сустракалі Белую панну (здань, у якую ператварылася маладзенькая прыгажуня, — яе пахавалі, калі яна ўпала ў летаргічны сон). Яшчэ адна няшчасная Белая панна блукае па Лошыцкім парку. Гэта ўжо прывід Ядвігі Любанскай, якая з-за няшчаснага кахання ў мінскага губернатара Мусіна-Пушкіна ўтапілася ў рацэ. А ў вясновых туманах над ракой тут бачаць белага каня. На руінах млына быццам бы жывуць ведзьмы, якія наведвальнікаў парка «водзяць за нос» — прымушаюць хадзіць кругамі. А яшчэ зусім нядаўна моладзь прыходзіла сюды са сваімі жаданнямі да заручальнага дуба, пакуль дрэва не пацярпела ў час навальніцы...

Чароўных гісторый, звязаных з Мінскам, набярэцца не адзін дзясятак! Пра многія з іх можна даведацца з новай кнігі краязнаўца Уладзіміра Валожынскага «Мінск у легендах, міфах і паданнях», у якой ён пастараўся аб'яднаць гісторыі, сабраныя з розных крыніц: кніг, часопісаў, газет, публікацый у інтэрнэце, лістоў чытачоў сайта «Мінск стары і новы», таксама даследчык запісваў сведчанні розных людзей.

Падчас прэзентацыі аўтар заўважыў, што з многімі старымі назвамі (прадмесцяў, сядзіб, ваколіц) былі звязаны пэўныя паданні, і гэта толькі адна з прычын, чаму варта больш увагі ўдзяляць беларускай міфалогіі. Не ўсе гістарычныя звесткі маглі патрапіць у летапісы, хронікі, мемуары, — часам пра страчаны кавалак мінулага можна даведацца з паданняў, што перадаваліся з вуснаў у вусны. Міфы могуць даць уяўленне і пра светапогляд нашых продкаў, іх фантазію. Многія з іх падказваюць, як жыць у згодзе з блізкімі, з прыродай.

За мяжой чароўныя істоты дапамагаюць зарабляць грошы: у розных краінах дзейнічаюць музеі міфалогіі, у замку Дракулы не пераводзяцца турысты, на аснове паданняў ствараюцца папулярныя кнігі, фільмы, карціны і музычныя творы.

Чароўныя гісторыі Мінска таксама маглі б паслужыць літаратарам, рэжысёрам, мастакам. Ужо сёння яны запатрабаваныя ў турыстычнай сферы, прычым попыт на прывідаў і русалак ёсць як у саміх беларусаў, так і ў замежных гасцей.

У кнізе пададзены розныя легенды — і старажытныя, і тыя, што ўзніклі за савецкім часам. Прыемны бонус — знаёмства з сучаснай вулічнай тапанімікай. Напрыклад, можна даведацца, які кавалак сталічнага праспекта Незалежнасці ў 50-60-я гады зваўся Брадвеем. Якія будынкі мясцовыя жыхары назвалі «бігудзі», «караблік», «каза», «кукурузнікі», «долар». Дзе знаходзяцца «Поле цудаў», «курлы-мурлы», «Пентагон», «гарбаты мост» і «пуп зямлі». І куды ісці, калі ў Мінску вам прызначылі сустрэчу ля «чупа-чупса», «на трубе» ці «на Панікоўцы».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.