Вы тут

Першыя выпрабаванні айчыннай ракеты паспяхова прайшлі ў Беларусі


У Беларусі паспяхова завяршыўся першы этап выпрабаванняў айчыннай зенітнай кіраванай ракеты 9М318 да зенітна-ракетнага комплексу «Бук-МБ». Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Раман Галоўчанка: «Усе задачы, якія ставіліся, выкананы. Цяпер мы атрымалі неабходны матэрыял, на падставе якога канструктары будуць дапрацоўваць ракету, каб выйсці на наступны этап выпрабаванняў».


Стварэнне беларускай зенітнай кіраванай ракеты — важны этап на шляху рэалізацыі рашэння кіраўніка дзяржавы аб развіцці ракетнага ўзбраення. Першым крокам было стварэнне рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Паланэз», другім — беларускага зенітна-ракетнага комплексу «Бук» і ракеты да яго. Што датычыцца ЗРК, то ён быў створаны досыць даўно і ўжо пастаўляецца на экспарт. Але з ракетамі расійскай вытворчасці.

Распрацоўкай беларускай ракеты займалася навукова-вытворчае прадпрыемства «ОКБ ТСП». Доўгі час ішло канструяванне, рабіліся разнастайныя наземныя выпрабаванні. Аднак галоўная праверка працаздольнасці ракеты — гэта калі боепрыпас упершыню падымаецца ў паветра. Такія лётныя выпрабаванні прайшлі на ўчастку ў межах Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, Жыткавіцкага і Лельчыцкага раёнаў Гомельскай вобласці — на тэрыторыі былога авіяцыйнага палігона. Яны сталі чарговым важным крокам у развіцці беларускага ракетабудавання.

На першым этапе лётных выпрабаванняў правяралася, як ракета сыходзіць са стэнда. Таксама было вывучана ўздзеянне полымя на суседнюю ракету на стэндзе і ўздзеянне факела на сам стэнд. Былі пацверджаны цягавыя характарыстыкі, апаратура і бартавыя прылады ракеты працавалі ў штатным рэжыме. Самае галоўнае, што было спраўджана на першым этапе, — гэта самаліквідацыя ракеты. Падчас наступнага этапу лётных выпрабаванняў ракету наводзілі на беспілотны лятальны апарат, цэль захоплівалася, а пасля ажыццяўляўся пуск. Ракета тады сышла са стэнда ў штатным рэжыме і праляцела каля 20 км. Пры гэтым сістэмы старту, кіравання, навядзення, захопу і самаліквідацыі працавалі ў штатным рэжыме.

Ракета запускалася без баявой часткі. Аднак прымаліся вельмі сур'ёзныя меры бяспекі — праз тое, што ў Беларусі палігона для прымянення ракет такой далёкасці не існуе. Менавіта таму для выпрабаванняў абралі бязлюдны ўчастак мясцовасці, які раней быў палігонам. Былі спланаваны ўсе неабходныя мерапрыемствы — забяспечаны радыёлакацыйны кантроль, закрытая паветраная прастора, выкананыя нормы пажарнай бяспекі. Усюды было выстаўлена ачапленне, ажыццяўляліся аблёты мясцовасці. Зонай бяспекі быў вызначаны паралелепіпед са старонамі асновы 35 км на 10 км і вышынёй 6 км. Быў усталяваны часовы рэжым выкарыстання паветранай прасторы з поўнай забаронай палётаў у раёне выпрабаванняў. Для страхоўкі былі разгорнутыя зенітна-ракетныя сродкі «Тор-М2», якія ў выпадку малаверагоднай няштатнай сітуацыі павінны былі б уступіць у справу. Сама ракета была абсталявана некалькімі дублюючымі сістэмамі самаліквідацыі. Адзначаецца, што пры правядзенні пускаў ракеты з баявой часткай забеспячэнне бяспекі будзе яшчэ больш жорсткае.

«Фактычна гэта былі першыя пускі, як іх у нас яшчэ называюць, канструктарскія. Канструктар правярае характарыстыкі, закладзеныя разліковым метадам. Гэта досыць важны этап, таму што яму папярэднічала сур'ёзная работа на зямлі — на выпрабавальных стэндах, пры мадэляванні, разліках. Гэтая, ужо эксперыментальная, праверка вынікаў разлікаў прайшла паспяхова. У развіцці беларускага ракетабудавання гэта вельмі сур'ёзны крок, другая важная падзея пасля ўсім вядомага РСЗА «Паланэз». Але тут ракета на парадак больш складаная», — падкрэсліў кіраўнік Дзяржкамваенпрама, перадае БелТА. Раман Галоўчанка адзначыў: у ракету закладзены ўнікальныя характарыстыкі, «пры дасягненні якіх магчымасці ЗРК «Бук» наблізяцца да комплексу С-300 альбо «Пэтрыёт» як па далёкасці выяўлення цэляў (самалёта-знішчальніка на адлегласці 120—130 км), так і па эфектыўным агнявым паражэнні на далёкасці да 70 км». «Яны амаль у два разы пераўзыходзяць тыя, якія ёсць у дзеючых ракетах да гэтага комплексу. Тут і далёкасць сур'ёзна павялічана — да 70 км. Ракета абсталявана актыўнай галоўкай саманавядзення, якая дазваляе, па-першае, вызваляць мэтавыя каналы, а па-другое, дзейнічаць за гарызонтам радыёлакацыі. Гэта робіць комплекс больш манеўраным, дае магчымасць быць больш устойлівымі да масіраваных ракетна-артылерыйскіх удараў саперніка, абстрэльваць большую колькасць цэляў. Ракета вытрымлівае вялікія перагрузкі — гэта закладзена ў яе канструкцыю распрацоўшчыкам», — адзначыў Раман Галоўчанка.

Яна можа паражаць розныя мэты: ад цяжкіх самалётаў, у тым ліку тых, што выкарыстоўваюць тэхналогію «стэлс», да невялікіх дронаў. Пры гэтым плануецца дапрацоўваць механізм навядзення, каб дамагчыся ўсіх характарыстык, якія закладзены ў тэхнічнае заданне. Пускі беларускай зенітнай кіраванай ракеты 9М318 з баявой часткай запланаваны на канец гэтага года. «Цыкл досыць доўгі, але мы і распрацоўшчыкі стараемся як мага хутчэй гэта зрабіць — каб хутчэй выйсці на этап выпрабаванняў з паражэннем практычных цэляў, — заўважыў Раман Галоўчанка. — Пакуль разлічваем на канец 2020 года, але гэта будзе залежаць ад вынікаў апрацоўкі даных, якія атрыманы ў ходзе першых лётных выпрабаванняў, — іх досыць вялікая колькасць. Трэба ўсё прааналізаваць, палічыць, паглядзець, як працуюць усе бартавыя сістэмы, унесці праўкі. Зыходзячы з гэтага могуць карэктавацца і тэрміны завяршэння ўсёй распрацоўкі. Але, натуральна, мы зацікаўлены зрабіць усё як мага хутчэй».

Дзякуючы радыёлакацыйнай станцыі РЛС-150, якая выкарыстоўваецца ў комплексе, і новай ракеце характарыстыкі ЗРК сярэдняй далёкасці набліжаюцца да комплексаў вялікай далёкасці. З такой радыёлакацыйнай станцыяй беларускі «Бук» будзе здольны на адлегласці каля 130 км выяўляць паветраныя цэлі. «З завяршэннем распрацоўкі беларускай ракеты, поўнай лакалізацыі гэта будзе комплекс, які зможа вырашаць практычна ўвесь спектр задач па абароне паветранай прасторы нашай краіны», — сказаў Раман Галоўчанка. Ён дадаў, што пры ўсіх плюсах экспарту ўсё-такі прыярытэт — бяспека нашай краіны, не толькі ваенная, але і тэхналагічная. «Гэта таксама важны элемент. У выпадку абвастрэння любой абстаноўкі вельмі мала будзе ахвотных пастаўляць нейкія элементы, узбраенне. Таму апора на ўласныя сілы — гэта ключ да нашай бяспекі», — падкрэсліў кіраўнік Дзяржкамваенпрама.

Загаловак у газеце: Ключ да бяспекі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.