Вы тут

Лукашэнка: Настаў час канчаткова прыняць той факт, што ў энергетычных пытаннях трэба разлічваць толькі на сябе


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях забеспячэння эфектыўнай работы нафтаперапрацоўчага комплексу краіны ў 2020 годзе і на перспектыву.


«Мы чарговы раз сабраліся для таго, каб абмеркаваць актуальныя аспекты работы ў сферы паставак і перапрацоўкі нафты, — сказаў лідар краіны ва ўступным слове на нарадзе. — Цягам апошняга стагоддзя вуглевадароды былі і застаюцца адным з ключавых фактараў у сусветных эканамічных і палітычных адносінах. Асобныя дзяржавы зразумелі, што пры дапамозе вентылю на нафтавай трубе выгадныя ім пытанні вырашаюцца значна лягчэй».

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым удакладніў, што размова не пра адну нейкую краіну, але пра многія, у якіх маюцца дастатковыя радовішчы нафты.

На жаль, нягледзячы ні на якія ўзаемныя абавязацельствы, такая практыка стала выкарыстоўвацца і ў адносінах да Беларусі, адзначыў Прэзідэнт. Умовы пастаўкі нафты ва ўльтыматыўнай форме ўвязваюцца з іншымі праблемамі, якія жадае вырашыць краіна-пастаўшчык. І адбываецца гэта без аглядкі на дзеючую дагаворную базу і прынцыпы пабудовы нашых адносін, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«У выніку ў цяперашні момант мы недаатрымоўваем каля мільёна тон сыравіны штомесяц, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Мы самі вінаваты, што не дыверсіфікавалі ў свой час пастаўкі нафты, а манапалізм заўсёды прыводзіць да падобных вынікаў. Але, на жаль, на гэты прадукт завязаныя не толькі патрэбы ўнутранага рынку паліва, але і стабільная работа хімічных і іншых прадпрыемстваў рэспублікі».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, нематываваныя дзеянні ў сферы паставак нафты негатыўна ўплываюць на валавы ўнутраны прадукт і даходы бюджэту, хоць задача дыверсіфікацыі крыніц эканамічнага росту стаіць перад урадам ужо не адзін год.

«Разлічваю, што ў праграме на чарговую пяцігодку будзе сфарміраваны канкрэтны план, як знізіць значнасць умоў паставак нафты для фарміравання ВУП», — запатрабаваў Прэзідэнт.

З іншага боку, сітуацыя, якая склалася, аказалася нават у нечым карысная, заўважыў Аляксандр Лукашэнка: «Мы неабгрунтавана зацыкліліся на некалькіх пастаўшчыках і не маем доўгатэрміновых альтэрнатыўных крыніц сыравіны. Нафта — не манапольны тавар, і жадаючых працаваць з намі дастаткова нават у самой Расіі. Пастаўшчыкоў трэба знаходзіць, з імі трэба дамаўляцца. І гэта задача нумар адзін».

Прэзідэнт паведаміў, што, па інфармацыі саміх расіян, пастаўкі нафты ў Кітай у іх скараціліся на траціну. «Не толькі ў Кітай. Нафта сёння імгненна таннее, — дадаў Прэзідэнт. — І ў гэтай сітуацыі гэта іграе нам на карысць і падштурхоўвае нас на тое, каб мы маглі дамовіцца з пастаўшчыкамі, і не толькі ў Расіі, але і ў альтэрнатыве. Пры гэтым мы не ставім пытанне так, што не будзем купляць расійскую нафту. Будзем, колькі б яна ні каштавала. Бо гэтая нафта і яе здабыча, у тым ліку транспарціроўка, стваралася ў тым ліку і рукамі беларусаў — тым пакаленнем ,за якім мы з вамі прыйшлі. І лагістыка тут самая зручная. Але, вядома, мы не будзем поўзаць на каленях 31 снежня ўвесь час, вымольваючы гэтую нафту».

Калі знікне манапалізм, лягчэй будез дамаўляцца па цэнах, слушна заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён папрасіў далажыць, якія вынікі ўжо дасягнутыя ў дадзеным кірунку і якія ўрад бачыць перспектывы.

Другое пытанне — лагістыка пастаўкі. Яго трэба распрацоўваць не менш інтэнсіўна, чым першае, указаў Прэзідэнт.

І аднымі толькі дагаворамі на транспарціроўку яго не вырашыць, — лічыць Аляксандр Лукашэнка: неабходны комплексныя і сістэмныя інфраструктурныя рашэнні, трэба прадумаць магчымасць рэалізацыі сумесных праектаў з замежнымі кампаніямі — уласнікамі сыравіны.

«Настаў час канчаткова прыняць той факт, што ў энергетычных пытаннях трэба разлічваць толькі на сябе, а ў крытычны момант нават найбліжэйшы партнёр будзе кіравацца толькі логікай уласных інтарэсаў», — канстатаваў лідар краіны.

Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі два буйныя,прасунутыя і нядрэнныя прадпрыемствы па перапрацоўцы нафты, мадэрнізацыя якіх завяршаецца сёлета.

«Закончыўшы мадэрнізацыю, мы будзем мець зусім новыя заводы па якасці, — сказаў ён. — Паўночны і паўднёвы завод, як я іх называю, — у Наваполацку і Мазыры».

З улікам іх размяшчэння кіраўнік дзяржавы прапанаваў дыверсіфікацыю паставак і магчымыя маршруты. На паўднёвым накірунку — праз Украіну па нафтаправодзе Адэса — Броды. Што тычыцца поўначы, можна працаваць з Эстоніяй, Латвіяй і Літвой і прадаваць нафтапрадукты паўночным суседзям, лічыць Прэзідэнт.

«Але патрэбна лагістыка. За апошнія месяцы мы многае прапрацавалі па пастаўках нафты, — паведаміў кіраўнік дзяржавы. — Я ўжо казаў, што каля 40–50 працэнтаў нафты мы па-ранейшаму будзем купляць у Расіі (калі Расія захоча), калі канчаткова дыверсіфікуемся. А па 30 працэнтаў мы можам купляць з партоў Балтыкі і з Адэсы. Гэта будзе тры крыніцы. Мы цалкам па пастаўках нафты можам дыверсіфікавацца».

Праблема пабудовы для гэтага трубаправода таксама вырашальная, перакананы Прэзідэнт.

«Вельмі сур’ёзныя былі заявы пра намеры з боку Злучаных Штатаў Амерыкі, дзяржсакратар пра гэта казаў, — дапамагчы нам з інфраструктурай па пастаўцы нафты, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Пампеа сам прапанаваў, па канкурэнтных цэнах (вы чулі) гэту нафту. На Мюнхенскай канферэнцыі была заява — яны выдзелілі мільярд долараў для пабудовы аб’ектаў лагістыкі, гэта значыць, для пастаўкі нафты. У тым ліку мы можам разлічваць, што атрымаем ад іх зусім танныя крэдыты на пабудову той жа няшчаснай трубы з Балтыкі».

Паўтара — два гады — абазначыў Прэзідэнт тэрмін для ўрада на пабудову перамычак у трубаправодзе (каб цалкам закальцаваць пастаўкі з паўднёвага і паўночнага заводаў) і назваў суму, якую краіна на гэта зможа знайсці з уласных рэсурсаў, — 120 мільёнаў долараў.

«Трэба проста варушыцца!» — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы.


Паводле інфармацыі прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, з канца снежня мінулага года беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы вымушаны працаваць ва ўмовах зніжанай загрузкі вытворчых магутнасцяў. «Аб’ём перапрацоўкі нафты ў студзені-лютым 2020 года склаў 1 мільён 850 тысяч тон нафты («Нафтан» — 892 тысячы тон, Мазырскі НПЗ — 962 тысячы тон). Дзякуючы пастаўкам нафты кампаніямі Гуцэрыева і рэзерву, які маецца ў рэспубліцы, а таксама пастаўкам альтэрнатыўнай нафты, забяспечана бесперапынная работа НПЗ», — адзначыў ён. Прэм’ер запэўніў, што «патрэба ўнутранага рынку цалкам забяспечана».


Старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў праінфармаваў, што асноўная задача, якую абазначыў кіраўнік дзяржавы, — працяг яшчэ большымі тэмпамі работы па пастаўцы нафты з альтэрнатыўных крыніц.

«У нас больш традыцыйна — вялікія пастаўшчыкі, і вы іх усе ведаеце. Зараз па даручэнні кіраўніка дзяржавы мы вядзем актыўную работу па прыцягненні на перапрацоўку нафты сорту „Юралс“ на нашы перапрацоўчыя заводы менавіта невялікіх расійскіх кампаній па здабычы. Ужо ў сакавіку ацэньваем першыя пастаўкі. Далей будзем пашыраць супрацоўніцтва. Гэта таксама створыць добрае канкурэнтнае асяроддзе як на рынках Беларусі, так і на рынку Расійскай Федэрацыі».

Што тычыцца вялікіх расійскіх кампаній, «супрацоўніцтва іх з Беларуссю не закрытае», удакладніў Андрэй Рыбакоў.

«Пакуль няма тых дамоўленасцяў, на якія мы разлічваем. Паралельна і актыўна вядзем работу па іншых кірунках, — патлумачыў ён. — Як па самым шырокім расійскім вектары, так і па знешнім перыметры па пастаўках іншых сартоў нафты».

Па меркаванні кіраўніка «Белнафтахіма», планы перад канцэрнам стаяць грандыёзныя. Ён выказаў надзею, што выйсце з сітуацыі будзе годным.


Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.