Вы тут

У Беларусі высветлілі, што шкодзіць жанчынам. Як клапаціцца пра сябе?


У Беларусі правялі даследаванне па пытаннях здароўя жанчын, каб высветліць самыя розныя яго аспекты — ад анкалагічных да псіхіятрычных. У апытанні ўзялі ўдзел 800 жанчын ва ўзросце ад 25 да 60 гадоў, якія жывуць у гарадах. Па якіх прычынах жанчыны не звяртаюцца да ўрачоў, як стрэс уплывае на здароўе і што палохае прыгожую палову чалавецтва, расказалі спецыялісты.


Забываюць пра сябе з-за занятасці на працы і клопату пра дзяцей

— Для даследавання мы выбралі здароўе жанчын, бо яны сутыкаюцца з вялікай колькасцю эмацыянальных стрэсавых фактараў, якія ў выніку ўплываюць на арганізм, — тлумачыць Аляксандр Паліўка, дырэктар медыцынскага цэнтра «Медавеню». — І чым буйнейшы горад, тым мацней дзейнічае стрэсавы фактар (ад забруджанасці паветра да складанасцяў у пабудове кар'еры). Каля 30 % жанчын звяртаецца да ўрача, калі ўжо занадта позна, у 20 % захворванні пераходзяць у хранічную форму.

Згодна з вынікамі даследавання, найбольш інфармаванымі па тэме здароўя з'яўляюцца жыхаркі Мінска і абласных цэнтраў. Інфармацыю аб яго стане яны атрымліваюць найперш ад урачоў, а таксама з іншых крыніц. У жанчын з рэгіёнаў тут на першым месцы інтэрнэт і сродкі масавай інфармацыі, бо сваю даступнасць да ўрачоў яны ацэньваюць ніжэй.

У мінчанак і прадстаўніц абласных цэнтраў асноўнай прычынай, па якой яны не звяртаюцца да ўрача, з'яўляецца занятасць на працы. У рэгіёнах гэта тлумачаць клопатам пра дзяцей, адсутнасцю патрэбных спецыялістаў і метадаў дыягностыкі. Разам з гэтым жыхаркі сталіцы і абласных цэнтраў у якасці клопату аб здароўі назвалі здаровы
спосаб жыцця і наведванне медыцынскіх спецыялістаў. У рэгіёнах важным лічаць прагляд СМІ і атрыманне інфармацыі.

У якасці прычын смерці жанчын з буйных гарадоў найбольш непакояць сардэчна-сасудзістыя захворванні, а вось у рэгіёнах — анкалагічныя. Прычым палохае раптоўнасць раку і адсутнасць дакладнай інфармацыі пра яго. Адметна, што мінімальны страх анкалагічных праблем у жыхарак Гомельскай вобласці, і яны радзей за астатніх наведваюць анколага. Цікавасць да раку малочнай залозы, які знаходзіцца на першым месцы па анкалагічнай захваральнасці ў жанчын, узнікае з узростам. Аднак яны ўсё роўна не праводзяць самаабследаванне.

Інфармацыя пра кардыялагічныя захворванні таксама пачынае больш цікавіць з узростам. Веды пра тое, што лечыць эндакрынолаг, у большасці жанчын абмяжоўваліся адказамі «эндакрынную сістэму» і «залозы», і вельмі рэдка называлі цукровы дыябет.

Большасць ведае розніцу ў рабоце псіхолага і псіхатэрапеўта. Аднак пайшлі б да такіх спецыялістаў хутчэй жанчыны з буйных гарадоў. Асноўныя прычыны, па якіх не хочацца звяртацца, — недастатковая інфармацыя пра дапамогу, якую яны могуць аказаць, і недавер у магчымасць атрымаць ад іх дапамогу.

— Сярод асноўных вывадаў, якія мы зрабілі, — мінчанкі па сваіх паводзінах не адрозніваюцца ад жыхарак іншых гарадоў. Вялікіх адрозненняў у розных узроставых групах таксама няма. Хіба што жанчыны ў групе 55—59 гадоў больш часу прысвячаюць пошуку і прагляду інфармацыі, якая датычыцца здароўя.

Не хапае матывацыі

— Нашы жанчыны сталі больш інфармаванымі, чым 10, 20 гадоў таму, — кажа ўрач-анколаг, хірург першай катэгорыі Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Святлана Раманоўская. — Разам з тым, інфармаванасць па некаторых пытаннях не лепшая. Сярод найбольш папулярных метадаў дыягностыкі для выключэння раку малочнай залозы жанчыны назвалі мамаграфію. Але сюды варта аднесці і УГД, і лабараторныя тэсты. Бо мамаграфія выкарыстоўваецца пераважна пасля 45 гадоў. Хацелася б і лепшай матываванасці пацыентак. Варта памятаць, што кожная жанчына раз у паўгода павінна абследавацца ў гінеколага. Інтэрнэт, на жаль, не паставіць вам дакладны дыягназ. З-за гэтага здараюцца сітуацыі, калі жанчыне ўжо нельга дапамагчы.

Святлана Раманоўская расказала, што на першым месцы сярод анкалагічных хвароб у жанчын рак малочнай залозы, на другім — рак цела маткі, на трэцім — рак яечнікаў і шыйкі маткі.

— Захваральнасць на рак будзе расці. І прычыны гэтаму — павелічэнне працягласці жыцця і ўрбанізацыя, а як следства — змяненне нашага спосабу жыцця. Таму актуальнай задачай з'яўляецца выяўленне раку на ранніх стадыях, калі ён лягчэй паддаецца лячэнню, — падкрэсліла анколаг.

Бясплоднасць як следства

— Здароўе жанчыны закладваецца з дзяцінства. Трэба адзначыць, што сёння ў дзяцей узнікаюць такія праблемы, як атлусценне, недастатковая вага, стрэсы, нездаровы спосаб жыцця, калі яны недасыпаюць і шмат сядзяць за камп'ютарамі, мала рухаюцца, — расказвае дацэнт кафедры эндакрыналогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ірына Бурко. — І гэта адбіваецца на функцыянаванні палавых залоз жанчыны да моманту рашэння рэпрадуктыўных задач. Цяпер адзначаецца значны рост парушэнняў менструальнага цыклу, авуляцый — і як следства, бясплоднасць, якая ў 30 % выпадкаў звязана з эндакрыналагічнымі прычынамі.

Эндакрынолаг заўважыла, што сёння ў многіх жанчын менапаўза пачынаецца раней. Сярэдні ўзрост яе наступлення — 50 гадоў, але ў некаторых з-за высокіх нагрузак яна пачынаецца ў 40-45 гадоў. І тое, што пагражае жанчыне падчас фізіялагічнай менапаўзы, пачынаецца ў яе ў 40. Пацыентка больш схільная да метабалічнага сіндрому, цукровага дыябету, артэрыяльнай гіпертэнзіі, і ў будучым гэта можа прыводзіць да сардэчна-сасудзістых хвароб.

Каб пазбегнуць такіх праблем, варта прытрымлівацца правільнага харчавання, высыпацца і займацца фізкультурай.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.