Вы тут

Агляд чытацкай пошты


Памяць жыве на нашай зямлі

У лютым на Расоншчыне праходзяць традыцыйныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да чарговай гадавіны з дня нараджэння Пятра Міронавіча Машэрава. Адпаведная экспазіцыя адкрыта ў школе мастацтваў, супрацоўнікі музея баявой садружнасці ладзяць для насельніцтва выязныя экспазіцыі.

Сяр­гей Са­лаў­ёў дэ­ман­струе вяс­коў­цам руч­ку Пят­ра Мі­ро­на­ві­ча.

Адна з іх адбылася ў Янкавіцкім сельскім Доме культуры. Старшы навуковы супрацоўнік музея Хрысціна Ляшкова і галоўны захавальнік фондаў Сяргей САЛАЎЁЎ зрабілі цікавы экскурс у саракавыя гады мінулага стагоддзя, калі Пётр Міронавіч вучыўся ў Дварышчанскай школе, а потым, пасля заканчэння педагагічнага інстытута, настаўнічаў у Расонскай...

Калі пачалася вайна, ён стаў адным з першых арганізатараў падпольнага руху, а потым і партызанскай барацьбы. Тут, на Расоншчыне, была закатавана і расстраляна яго маці — Дар'я Пятроўна. На месцы гібелі — яе ды іншых падпольшчыкаў — усталяваны помнік, да якога Машэраў часта прыязджаў, каб ускласці кветкі і аддаць даніну пашаны.

Ён памятаў сваю Расоншчыну, а Расоншчына помніць яго.

А. Матошка, в. Янкавічы, Расонскі р-н


Напісанае застанецца

Не так даўно выйшла ў свет кніжка нашых землякоў Настассі і Сяргея Кулакевічаў «Птушкі ляцяць на Палессе». Выданне гэта прымеркавана да 95-годдзя ўтварэння Жыткавіцкага раёна і пачынаецца з рэтраспектыўнага погляду аўтараў на гісторыю роднай Жыткаўшчыны, яе геаграфічнае становішча, эканоміку, культуру...

Прамысловасць, адукацыя, выхаванне, народныя традыцыі і абрады — усё гэта цікавіла аўтараў і знайшло сваё адлюстраванне на старонках кнігі, значнае месца ў якой адведзена людзям. Сярод іх — кіраўнікі, педагогі, работнікі культуры, лясной і сельскай гаспадаркі, прамысловасці, простыя людзі... Апавядаючы пра іх, аўтары апісваюць, як жыў, развіваўся і раён у цэлым, і яго асобныя паселішчы, як рос дабрабыт людзей, павышаўся адукацыйны і культурны ўзровень, будаваліся новыя прадпрыемствы.

У кнізе знайшлося месца і ўспамінам, фотаздымкам, замалёўкам, вершам. Таму выданне, як падаецца, будзе цікавым не толькі для жыхароў раёна і горада.

В. Нікановіч, г. Жыткавічы

 


У адным салоне

Аўтобус Мінск—Глыбокае спыніўся ў Докшыцах. Прыпынак, што называецца, планавы, хвілін на 20. Мы, пасажыры, сядзім, чакаем, пакуль яны пройдуць, ды міжволі назіраем за прыгожай парачкай — маладым таткам і яго дачушкай.

Малой гадкі тры, відаць. Вяртлявае дзіця: то з'едзе з татавых каленяў, то ўскараскаецца назад, шчабеча, усміхаецца... З твару бацькі не знікае замілаваная ўсмешка. Ён, што называецца, вачэй не зводзіць з дачушкі: то цалуе-абдымае, туліць да грудзей, то папраўляе валасы ды банцікі на косках... За імі ў радасць назіраць.

А вось слухаць даводзіцца зусім іншае: побач дзве жанчыны сядзяць. Аб чым гавораць? Пакуль ехалі, гэтага не разабраць было. Калі ж аўтобус спыніўся...

Адна з жанчын, відаць, расказвала пра сваё жыццё-быццё: пра ўнукаў-выдатнікаў, пра дзяцей, якім так хочацца дапамагчы пабудаваць кватэру ў Мінску. Для гэтага, маўляў, яна трымае ў вёсцы кароўку, свінаматку, гадуе індыкоў... Каб потым амаль усё — і грошы, і прадукты — аддаваць дзецям...

— Ну і дурная, — абрывае яе суседка па сядзенні. — Сваё, можа, апошняе здароўе на іх кладзеш... Я так ніколі б не рабіла!

— А ў вас, прабачце, дзеці ёсць? — пытаецца ў яе той малады тата.

— Не... Няма, — чамусьці з форсам адказвае жанчына. — І ніколі не было!

— Яно і відаць... Бо калі былі б, дык апошнюю кашулю аддалі б...

Ён, магчыма, сказаў бы нешта яшчэ, але ў салоне аўтобуса раптам... грымнулі апладысменты, загучала нейчае:

— Во... А мы сумняваліся ў нашай моладзі!..

— Гэта вы мяне так сустракаеце? — здзівіўся апладысментам шафёр, вярнуўшыся ў кабіну. — Так рады, што я з'явіўся?.. Прабачце, сябра сустрэў — крыху затрымаўся.

— Мы рады, што вы затрымаліся, — за ўсіх адказала я. І мы паехалі далей.

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён


Па прыкладзе маці...

Часам у канцы пражытага дня пачынаеш думаць, што ў ім добрага было, што не вельмі. Пашчасціла, напрыклад, нешта людскае зрабіць, і на душы — радасць, пазнаёміўся з цікавым чалавекам — свята.

...Продкі Варвары Уладзіміраўны Мірановіч з аддаленай вёсачкі Калюжыцы — з ліку адукаваных, інтэлігентных. Да рэвалюцыі яны жылі ў так званым папоўскім доме з багатай бібліятэкай, з вялікай гаспадаркай.

Пасля рэвалюцыі царкву закрылі, сям'ю, дзе расло шасцёра дзяцей, выгналі з папоўскага дома, дзядулю арыштавалі. Патрабавалі, каб ён публічна адмовіўся ад Бога, на што той адказаў: «Ад сану свайго — магу, ад веры — ніколі». За што і быў расстраляны. А следам...

Гаспадарку канфіскавалі, бібліятэку вывезлі, іконы спалілі. Сям'я тулялася па хатах вяскоўцаў, жыла без права голасу і амаль без шанцаў уладкавацца недзе на працу. Для «ворагаў народа» ды іхніх дзяцей работы папросту не было. Таму не дзіва, што бацька Варвары, у зямлянцы пакінуўшы маці з малымі, добраахвотнікам пайшоў на вайну з фашыстамі, каб (так і сказаў) «...расчысціць дарогу дзецям». Іншых спосабаў даказаць сваю лаяльнасць да ўлады і радзімы ён на той час не бачыў.

І такі даказаў! Аднак, на жаль, цаною жыцця, бо сям'я атрымала кароткае паведамленне: «Загінуў смерцю храбрых».

Што заставалася матулі? Нічога, апроч барацьбы за выжыванне — часам на мяжы адчаю і з розніцай хіба ў тым, што цяпер на дзяцей прызначылі пенсію, што мясцовыя ўлады дапамаглі пабудаваць хаціну, «вылезці» з зямлянкі, што сям'і, як іншым сем'ям загінулых, калі-нікалі выдзялялі гуманітарную дапамогу з Амерыкі.

...У школе Варвара вучылася на адны «пяцёркі», уступіла ў камсамол, была галоўным завадатарам усіх мерапрыемстваў. А далей — дыплом філолага, любоў да сваёй прафесіі і дзяцей, самаадданае служэнне справе і, як вынік, званне заслужанай настаўніцы...

Дзякаваць богу, у працы ў яе шмат было радасці ды поспехаў! Менш, на жаль, у асабістым жыцці. Ва ўзросце 45 гадоў не стала мужа, цяжка хварэе адна з дзвюх дачок... Аднак Варвара Уладзіміраўна ў свае 85 радуецца таму, што мае, мужна адольвае ўсе выпрабаванні — па прыкладзе сваёй маці і бабулі, якім прыйшлося ў жыцці куды цяжэй.

Ніна Бурко, Бярэзінскі раён


...І спорыцца тады любая справа

З перасяленцамі Міхаілам і Наталляй Барысенкамі з вёскі Дабрамыслі мы сустракаліся не так даўно, мінулым летам, таму на гэты раз гутарка была як у даўніх знаёмцаў.

— Мае родныя Просмычы стаялі там, дзе зліваюцца Дняпро і Прыпяць, у нейкіх 17 кіламетрах ад Чарнігаўскай вобласці. Дабіраліся туды ў асноўным па вадзе. Я з захапленнем глядзеў на хвалі, марыў стаць капітанам, — успамінаў Міхаіл Іванавіч. — Пасля школы скончыў гомельскае рачное вучылішча, затым школу каманднага саставу і пачаў вадзіць цеплаходы.

Аднойчы на пірсе Міхаіл сустрэў Наталлю. Яна вучылася тады на повара і праходзіла практыку на іншым судне. Пажаніўшыся, маладая пара пасялілася ў Брагіне, каб зручней было ездзіць і да адных бацькоў, і да другіх. Праўда, Міхаіл тады змяніў прафесію: уладкаваўся механікам у ПМК, затым перасеў на экскаватар. Працаваў старанна, партрэт яго не раз змяшчалі на раённай Дошцы гонару, ды і зарабляў ён добра. Сям'я, дзе гадавалася ўжо двое дзетак, чакала, што хутка атрымае чатырохпакаёвую кватэру, а пакуль жыла ў сямейным інтэрнаце...

Што цікава, ужо тады ў абодвух сужэнцаў праявілася гаспадарчая жылка: Наталля купіла і прынесла дамоў маленькіх качанят, яе муж збудаваў невялічкі хлявок, дзе неўзабаве пасяліліся куры і нават два парсючкі. А потым...

— Вестка пра катастрофу на Чарнобыльскай АЭС дайшла да нас 28 красавіка, праз два дні, — успамінае Міхаіл Іванавіч. — Жонку з малымі я тут жа адправіў да брата ў Набярэжныя Чалны. Сам разам з іншымі мужчынамі з ПМК да жніўня працаваў у 30-кіламетровай зоне — праводзілі дэзактывацыю, капалі абводныя каналы.

Калі атрымалі дазвол на выезд, Міхаіл і яго таварышы-меліяратары сталі шукаць месца, дзе можна было б жыць і працаваць. Так апынуліся ў Дабрамыслях, забралі да сябе сем'і.

— Абжываліся тут з нуля, — уступае ў размову Наталля Анатолеўна. — Жылі спачатку ў будынку старога дзіцячага садка — кватэру атрымалі пазней... А бацькі мае з зоны пераехалі ў Арцёмава, набылі карову, каня, завялі гаспадарку. Мы штодня ездзілі дапамагаць ім.

Цяпер гаспадарка ўжо ў Дабрамыслях: з каровай (без яе Барысенкі, можна сказаць, не жылі), з ладнай цялушкай, «свінствам». Яно было ў іх розных парод. Спыніліся на вялікай беларускай белай, бо парасяты ад гэтых свіней досыць хутка растуць (а тым больш на адгоне і сыроватцы)... Сала ды мяса хапае потым надоўга — і сабе, і дарослым дзецям, якія жывуць у Віцебску, але з радасцю прыязджаюць да бацькоў... Старэйшая ўнучка Арына (ёй 15)
дык проста вырасла на вясковым сырадоі: кароўку з поля заўсёды сустракала з кубачкам у руках...

Лішкі малака Барысенкі прадавалі і прадаюць аднавяскоўцам, у тым ліку — падапечным Наталлі Анатолеўны, якая працуе сацыяльным работнікам.

А наогул ва ўмелых руках спорыцца любая справа. Неяк, напрыклад, гаспадар на сваім участку знайшоў чацвярых маленькіх зайчанят. У няволі яны рэдка выжываюць, а на гэтым падворку гадаваліся як звычайныя трусы. За лета «пацяжэлі» амаль да трох кілаграмаў... Хоць птушак, як прызнаецца гаспадыня, яна любіць больш. І сапраўды, на двары — апроч курэй і качак — ходзяць індыкі, прычым незвычайныя: свацця з Беразіна ўпадабала кросаў-веліканаў БІГ-6, купіла птушанят і для Барысенкаў.

— Клопату з імі болей, — прызнаецца Наталля Анатолеўна. — Цеплалюбівая парода. Мы з полікарбанату ім крыты загон пабудавалі, зімой трымаем у самым цёплым куце хлява, дзе суха і няма скразнякоў... А карміць іх не так і складана. Раніцай і днём даём мешанкі з кашы, мясных, малочных, рыбных рэшткаў, вечарам — сухое зерне (для іх найбольш карысны авёс). Улетку — шмат рознай зеляніны і гародніны, час ад часу купляем спецыяльны камбікорм, дзе ўсё збалансавана... Чытала, што гэтыя кросы вырастаюць да 25 кілаграмаў. Не дужа верыла, але ўсе мае індыкі заважылі нават болей, а самы вялікі быў два пуды! Так што птушка выгадная. Да таго ж індычына смачнейшая за кураціну і больш карысная. Парачку мы пакінулі на развод.

Іншымі словамі, на цяжкасці Барысенкі не скардзяцца: зямлі ў іх цэлы гектар, сена з трох укосаў, гародніны рознай шмат.

...На развітанне я зрабіла некалькі фотаздымкаў. На адным — парачка індыкоў ганарліва пахаджвае сярод іншай птушкі, штосьці абмяркоўвае на сваёй буркатлівай мове. Прыгожа...

Таццяна Ігнаценка, г. п. Лёзна

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.

Грамадства

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Ранейшы ўласнiк цяпер звярнуўся ў суд i патрабуе вярнуць будынак.

Культура

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар з'яўляецца аўтарам опер, сімфоній і кантат, яго музыка гучыць у розных кутках свету, а ў Беларусі з ім працуюць найлепшыя выканаўцы.

Культура

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Уладзiмiр Амельяновiч і Апанас Кляцко.