Вы тут

Усім вірусам наперакор


Гэта мы сядзелі ў маленькай кавярні на своеасаблівым дзявочніку з нагоды будучага свята. Век бы туды не пайшлі, але ж яна каго хочаш куды хочаш выцягне. Прыехала на некалькі дзён наша былая таварышка па рабочым інтэрнаце, цяпер паспяховы работнік культуры — Аліна. Яна дзе толькі паяўляецца, зараз жа разгортвае актыўную дзейнасць. Калі хто на гэтым свеце знайшоў работу па прызванні, скажу вам, дык гэта яна. Спяваць, танцаваць, арганізоўваць мерапрыемствы — адным словам, паднімаць людзей з канапы — гэта яе.


Фота: yandex.com

Проста пасядзець і выпіць кавы пасля работы, як вы разумееце, у такой сітуацыі не атрымалася, бо Аліна з любой тусоўкі магла зрабіць мерапрыемства. На гэты раз яно прысвячалася жаночаму дню. Мы былі, у прынцыпе, не супраць. Тым больш што 8 Сакавіка хутка, і неяк размова зайшла сама сабой пра тое, якія з гэтых свят запомніліся ў розныя гады. Ад нашай актыўнай сяброўкі, што трэці раз замужам, мы чакалі неверагодных гісторый... Каб не вяртацца да гэтай тэмы, скажу, што трэці свой шлюб яна называе вельмі ўдалым, хоць пра астатнія гаворыць так: «Вельмі добра выказаўся Кабзон некалі: «Я тры разы быў жанаты і кожны раз шчаслівы», вось і я прыкладна так». Але папярэднія сямейныя саюзы распадаліся, бо мужы не хацелі мірыцца з яе канцэртна-гастрольным ладам жыцця. Яе ж хлебам не кармі, дай выступіць на сцэне. Дык вось цяперашні абраннік працуе разам з ёй і ўсё разумее, словам, наступіла поўная гармонія. Цяпер яна бяжыць па жыцці, і гады, здаецца, не даганяюць, ва ўсялякім разе, па ёй не скажаш.

...Аказалася, што ўсе яе святы адрозніваюцца толькі рознымі сцэнамі, рознымі выступленнямі, рознымі гарадамі. Гэта мы можам даўжэй паляжаць у выхадны дзень, абрадавацца падарункам ці пакрыўдзіцца на недахоп увагі, альбо зусім не заўважыць гэты дзень. Яны, работнікі культуры, выступаюць у парках і розных ДК, на адкрытых і закрытых пляцоўках, яны забаўляюць народ у свята. Дык вось ёй асабліва запомніўся адзін год, дакладней — 2013-ы. У версіі Аліны гэта прагучала прыкладна так: «Мы тады з маім Колем толькі пачыналі адно да аднаго прыглядацца. Я так многа чакала ад гэтага святочнага выступлення, пашыла новую канцэртную сукенку, ледзь не ўсю зарплату на гэта аддала. Ён павінен быў акампаніраваць. Я праграму складала, толькі лепшых артыстаў, лепшыя нумары падбірала, я ўжо на крылах лётала, на ўсялякі выпадак добрага шампанскага купіла... І тут раптам канцэрт адмяняюць. Уга Чавес памёр. Памятаеце, газеты чорныя выходзілі, многія мерапрыемствы адмянялі? Дзе Венесуэла і дзе наш, хай сабе і вялікі, райцэнтр, правінцыя, адным словам! Дырэктар ДК сваім рашэннем перакрэсліў канцэрт. Я заляцела і ўсё яму сказала, што думала. Потым толькі зразумела, што ён не столькі імкнуўся выслужыцца, колькі хацеў мне насаліць. Дырэктар — гэта ж мой былы муж. І хоць мы былі ўжо ў разводзе, чамусьці яго раздражняла наша ўзаемная цікавасць з Мікалаем, бачыў жа, як я гэты канцэрт рыхтавала, са скуры вылузвалася, каго здолела запрасіць да нас. А тут такі аблом! Ну перажыла неяк. Затое праз некалькі дзён нас паклікалі ў Мінск выступіць на мерапрыемстве, мабыць, гэта была «Жанчына года». Мы пагрузілі інструменты, касцюмы, кіроўца, праўда, паглядаючы на неба, не вельмі хацеў выпраўляцца ў дарогу, але мы настаялі. І прастаялі ледзь не суткі недзе пад Дзяржынскам, бо «Хаўер» аднекуль прынесла на нашы галовы. Такой завірухі і буры ў жыцці не бачыла, страшна было. Зноў канцэрт не адбыўся. Дык што ж вы хочаце сказаць, што цяпер з-за нейкага каранавіруса паганага можа сарвацца наша сёлетняе выступленне?! Мы ж новую праграму падрыхтавалі. А то яшчэ адмяняць масавыя мерапрыемствы. Не, я лічу што па бездарожжы трэба ўдараць аўтапрабегам і тым самым прымушаць гэта бездарожжа адступаць. Так і тут, дзейнічаць трэба ўсім навалам наперакор!»

Гэта я прывяла кароткі канспект яе аповеду, аздобленага самымі смелымі метафарамі і квяцістымі ацэнкамі падзей, ад якіх мы з Аленай проста жываты надрывалі. Алена — яшчэ адна сяброўка тых гадоў, і поўны антыпод энергічнай Аліне. Першая тады нагадвала тургенеўскую дзяўчыну, самая рамантычная і ціхмяная з нас. Цяпер яна, на першы погляд, самадастатковая, уладкаваная, але кранальна адзінокая. Праўда, яна заўсёды ўмела здзіўляць. І ў працяг нашай размовы сказала, што ёй запомніўся вельмі даўні сакавіцкі падарунак — ванна бярозавага соку. Пра асобу дарыльшчыка па сваёй звычайнай стрыманасці Алена асабліва распаўсюджвацца не стала, а вось пра адчуванні, калі ты купаешся ў такой незвычайнай ванне, расказала. Практычная Аліна адразу стала задаваць удакладняючыя пытанні накшталт таго, што сок халодны, як жа ў ім купацца. Даведаўшыся, што той, хто прывёз, спачатку падагрэў сок на пліце ў біклагах, ацаніла: «Гэта вам не банальны грузавік кветак, гэта цікавы паварот увагі».

Мы ўвайшлі, як той казаў, у смак і згадалі самыя розныя гісторыі, выпадкі, здарэнні. Мараллю тых баек кожны раз выходзіла, што заўсёды трэба жыць наперакор любым неспадзяваным навалам, прыкрым здарэнням, людскому глупству. Як напісаў некалі калега Сяргей Шаўцоў, якога, на жаль, ужо няма з намі: «Што б ні здарылася, трэба жыць далей».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».