Вы тут

Што хаваецца за нетыповымі паводзінамі дзяцей


Агрэсія — з'ява непрыемная, больш за тое — яна палохае і бянтэжыць, асабліва калі яе праявы мы бачым у дзецях. Бацькі з гэтай праблемай сутыкаюцца на розных этапах, і адна справа, калі гэта адбываецца дома, а іншая, калі ў дзіцячым калектыве. Дзе тут мяжа паміж нормай і небяспекай і як перажыць перыяды эмацыянальных усплёскаў?


Крык аб дапамозе

Не заўважыць дзіця, у паводзінах якога праяўляецца агрэсія, даволі складана: малое можа грубіяніць, біць бацькоў альбо іншых дзяцей, кідаць і ламаць свае цацкі, крычаць. Такія паводзіны дзіцяці — праблема як для бацькоў, так і для выхавацеляў, настаўнікаў, дзіцячага калектыву, які яно наведвае. Таму спачатку варта разабрацца ў прычынах сітуацыі, а потым ужо выпрацоўваць алгарытм дзеянняў па яе вырашэнні.

— Памятаю той перыяд, калі сын пачаў наведваць дзіцячы садок: усё б нічога, але перыядычна на эмоцыях ён падыходзіў і імкнуўся ўдарыць мяне то па галаве, то па назе. Альбо раскідваў свае машынкі і вопратку па ўсім пакоі, калі я клікала яго мыць рукі і вячэраць, — дзялілася са мной сяброўка. — Я спісвала ўсё на стомленасць і адаптацыю, але разумела, што, магчыма, яму варта папіць нейкія вітаміны для супакаення нервовай сістэмы і трапіць на кансультацыю да спецыяліста.

Па меркаваннях псіхолагаў, часта агрэсіўныя паводзіны дзіцяці сведчаць пра імкненне «сказаць» бацькам, што яму патрэбныя разуменне, пяшчота і любоў. Праз агрэсію ваш сын ці дачка могуць паказваць свой унутраны дыскамфорт, дзе ёсць такія адчуванні, быццам цябе адрынулі ці забыліся пра тваё існаванне. Каб звярнуць на сябе ўвагу таты ці мамы, сваіх сяброў, дзіця гатовае зрабіць што заўгодна, нават паводзіць сябе агрэсіўна. Пры гэтым дзеці не заўсёды разумеюць і ўмеюць ацэньваць свае эмоцыі і іх наступствы.

Варта адзначыць, што агрэсія мае розныя праявы: вербальная (як правіла, гэта размова на павышаных танах, крык, пагрозы), фізічная (калі мае месца фізічнае ўздзеянне на іншага — укусы, біццё, прычыненне шкоды чужой маёмасці), прамая (накіравана на нейкі канкрэтны аб'ект) і ўскосная (дзе дзіця паводзіць сябе правакацыйна, насміхаецца), а таксама аўтаагрэсія (праяўляецца праз прычыненне шкоды самому сабе — дзіця выдзірае валасы, вейкі, грызе пазногці і іншае).

Давайце разбяромся, на якія моманты бацькам варта звяртаць увагу, каб сітуацыя не мела непажаданых наступстваў: дзіця не можа кантраляваць свае словы, дзеянні, эмоцыі; мэтанакіравана ўступае ў спрэчкі з аднагодкамі і дарослымі, сварыцца; псуе цацкі ці нейкія іншыя рэчы — як свае, так і іншых дзяцей; парушае правілы і не рэагуе на заўвагі; не забывае крыўды і імкнецца адпомсціць у адказ; не імкнецца прызнаваць свае памылкі, а перакладае віну на іншых, апраўдваючы сябе. Але нельга меркаваць толькі па праяўленні агрэсіўнасці ў паводзінах, неабходна разглядаць сітуацыю комплексна. Варта ўлічваць і такі момант, як узрост дзіцяці, таму што ў залежнасці ад гэтага мяняюцца і прычыны.

Напрыклад, для малых дашкольнага ўзросту характэрная непаслухмянасць. І калі іх несправядліва караюць альбо абражаюць, то злавацца ў адказ альбо агрэсіўна сябе паводзіць — цалкам заканамерная рэакцыя. Аднак, калі сітуацыя доўжыцца працяглы час, варта прымаць меры.

Школьнікі могуць праяўляць агрэсію з мэтай абараніць свае інтарэсы. Часцей за ўсё тут прысутнічае вербальная форма (абразы, лаянка). У падлеткавым узросце такія паводзіны з'яўляюцца свайго роду паведамленнем для навакольнага свету: «Я дарослы і магу сабе гэта дазволіць». Такая мадэль часцей за ўсё характэрна для лідараў альбо аўтсайдараў, бо агрэсія ў дадзены перыяд мае цесную сувязь з наладжваннем кантактаў з аднагодкамі.

Дзейнічаем на апярэджанне

Сярод прычын, якія прыводзяць да агрэсіўнай рэакцыі дзіцяці, могуць быць наступныя.

  • Сям'я. Калі маці і бацька вельмі бурна, эмацыянальна вырашаюць праблемы ва ўласных узаемаадносінах. Тады дзіця, назіраючы пастаянна альбо перыядычна такі сцэнарый, і само пачынае паўтараць яго ў адносінах з бацькамі, з іншымі дзецьмі.
  • Парушэнне асабістых межаў дзіцяці і непавага да яго. Калі дарослыя, асабліва бацькі, дазваляюць сабе абражаць, прыніжаць малога, гэта таксама можа мець сур'ёзныя наступствы ў выглядзе закамплексаванасці і агрэсіўнасці з боку дзіцяці.
  • Нізкая самаацэнка. З дапамогай агрэсіі малое нібы кампенсуе сваю няўпэўненасць у сабе, абараняючыся ад «магчымай небяспекі», што можа ўзнікнуць з боку аднагодак, бацькоў ці іншых дарослых.
  • Гіперапека альбо адсутнасць кантролю ў выхаванні. Гэта таксама можа стаць падставай для ўзнікнення агрэсіўнасці ў паводзінах. Бо празмерны кантроль дзіцяці альбо ўвогуле адсутнасць рамак дазволенага выклікаюць у яго трывогу, страх, а ў выніку пратэст супраць такога стану рэчаў, які і праяўляецца ў агрэсіўнай форме.
  • Быць лепшым ці быць як усе. Часта жаданне быць лепшым сярод аднагодак падштурхоўвае да праяўлення агрэсіі. Тым больш што ёсць безліч сучасных мультфільмаў, камп'ютарных гульняў, дзе героі, незалежна ад таго, станоўчыя яны ці адмоўныя, практыкуюць сілавое ўмяшанне дзеля дасягнення сваіх мэт. І калі дарослы чалавек здольны разгледзець тут «крайнія меры», то дзіця можа проста капіраваць «метад», каб потым скарыстацца ім пры вырашэнні любога пытання. А там не выключана, што і ў сваёй кампаніі такім чынам здабудзеш бонусныя балы. Альбо адваротная сітуацыя, калі, каб не быць «белай варонай», дзеці прымаюць пазіцыю і пераймаюць стыль паводзін лідараў, класа. Аднак бывае, што прычыны агрэсіўных нотак у паводзінах дзетак «ляжаць» зусім на паверхні — яны стаміліся, а можа нават пераелі шакаладу ці ім дыскамфортна ад тэмпературы паветра, узроўню шуму і іншага.

Калі патрэбны спецыяліст

— Варта размяжоўваць агрэсію і агрэсіўнасць. Агрэсія — гэта разавая рэакцыя на нешта, а вось агрэсіўнасць ужо хутчэй рыса характару. Аднак часта дадзеныя паняцці блытаюць, а паглыбляцца пачынаюць толькі тады, калі не могуць вырашыць праблему самастойна, — адзначае псіхолаг Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей Вольга Варанько. — Паводзіць дзіця сябе агрэсіўна альбо не — вельмі індывідуальная сітуацыя. Калі мы гаворым пра паталогію, то частата эпізодаў агрэсіўных паводзін можа быць і некалькі разоў на дзень. Варта аналізаваць канкрэтныя праявы і сітуацыі, бо перш за ўсё важна знайсці прычыну такіх паводзін.

Дарэчы, наяўнасць агрэсіі ў паводзінах дзяцей можа быць абумоўлена і, напрыклад, складанай цяжарнасцю і родамі. Калі такія моманты мелі месца ў гісторыі канкрэтнага пацыента, то іх псіхолаг на кансультацыі таксама ўлічвае. Бо такі досвед можа аказваць уплыў на развіццё эмацыянальнай сферы дзіцяці. І тут самае важнае, каб малое расло ў камфортных і спрыяльных умовах.

Спецыяліст адзначае, што ў пошуку адказу на пытанне — калі трэба звяртацца да псіхолага — важна абапірацца на свае адчуванні і сваіх дзяцей: наколькі камфортна ці дыскамфортна вам у дадзеных абставінах. Калі бацькам удаецца патлумачыць дзіцяці, што адбываецца з ім і як сябе варта паводзіць, калі самі мама і тата ўмеюць «экалагічна» выказваць уласныя эмоцыі, то вялікая верагоднасць перажыць такія перыяды без умяшання іншых. Але часам не будзе лішнім звярнуць увагу на сітуацыю з дзіцем, толькі рабіць гэта трэба вельмі далікатна.

Увогуле, паход да псіхолага — гэта размова не пра лячэнне, а пра магчымасць нармалізаваць эмацыянальны стан дзіцяці, дапамагчы яму і сабе атрымаць падтрымку ў складаны перыяд. Калі ж хапае сіл спраўляцца з сітуацыяй самастойна, то ў нашым арсенале заўсёды ёсць шэраг прыёмаў. Па-першае, нішто не спрацуе лепш, чым уласны прыклад, як спраўляцца з эмоцыямі. Па-другое, імкніцеся мінімізаваць усе тыя фактары, якія правакуюць праявы агрэсіі (канфлікты, тэлевізар, камп'ютарныя гульні і іншае). Па-трэцяе, знайдзіце камфортны для ўсіх спосаб выказваць негатыўныя эмоцыі (праз гульні, розныя віды арттэрапіі — маляванне ці лепку, можна, напрыклад, рваць паперу). Галоўнае, заўсёды заставайцеся на баку свайго дзіцяці і праяўляйце павагу і любоў, якімі б ні былі абставіны.

Алена ДРАПКО

Фота ў прэв'ю носіць ілюстрацыйны характар

Загаловак у газеце: Малыя ды... агрэсіўныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.