Вы тут

«Звязда» пацікавілася ў вядучых, што яны думаюць пра выхад у эфір у святочны дзень


Увесну разам з прыродай пачынаюць квітнець і людзі. Адбываецца гэта 8 Сакавіка, калі адзначаецца Міжнародны дзень жанчын. Усмешкі, віншаванні і прызнанні ў каханні, кампліменты і словы ўдзячнасці — вось што чуюць на свой адрас дзяўчаты, матулі, бабулі ад блізкіх людзей у такі дзень. Аднак бывае і так, што свята застае жанчын на рабоце. Напярэдадні важнай даты «Звязда» пацікавілася ў вядучых беларускіх тэлеканалаў, каму выпадала праводзіць святочны дзень у эфіры, што яны думаюць пра такое супадзенне.


Вольга Макей, палітычны аглядальнік, вядучая праграмы «Галоўны эфір» на «Беларусь 1», намеснік дырэктара АТН:

— Мы, тэлевізійнікі, даўно прызвычаіліся працаваць, калі ўся краіна адпачывае! Часта менавіта мы і ствараем свята для ўсіх, хто ў такія дні знаходзіцца дома са сваімі блізкімі і ўключае тэлевізар. А калі работа ў цябе любімая, то ў святочны дзень быць там — двайное задавальненне. Сёлета 8 Сакавіка выпадае на нядзелю, я буду весці выніковую праграму «Галоўны эфір» разам са сваім мужам Сяргеем Гусачэнкам. Так супала, што мы разам працавалі ў эфіры і 23 лютага, калі ўсе святкавалі Дзень абаронцаў Айчыны, таму ніхто ў нас не пакрыўдзіўся. (Смяецца.) Зноў разам павіншуем усю краіну!

І ўвогуле, 8 Сакавіка — цудоўнае свята вясны. Таму ў гэты дзень абавязкова ўдзяліце ўвагу сваім родным і блізкім жанчынам: патэлефануйце маме, бабулі, сяброўкам. А яшчэ лепш — зрабіце сюрпрыз. Бо святы для таго і існуюць, каб мы дарылі адно аднаму радасць!

Кацярына Круталевіч, вядучая навін тэлеканала АНТ:

— На мой погляд, працаваць 8 Сакавіка — вельмі добрая ідэя. Глядзіце: я прыгожа адзетая, з макіяжам, выходжу на вуліцу ў добрым настроі. А там усе з кветкамі, віншуюць адно аднаго. Зразумела, калі некаму больш даспадобы застацца дома, прымаючы віншаванні, то гэта таксама цудоўна. Галоўнае — тваё стаўленне да свята. Дзе б і ў якіх абставінах ты ні апынулася, тваё 8 Сакавіка — гэта стан душы. У мяне быў эпізод, калі на гэтае свята я працавала на выездзе. Мы са здымачнай групай цэлы дзень правялі ў пагоні за старшынёй сельскага Савета, лавілі яго ў прамым сэнсе на машыне ў полі. Вярнуліся амаль апоўначы на тэлеканал... А там мяне на рабочым стале чакаў цюльпан, які распусціўся аккурат перад маім прыходам. Калегі пастараліся. І вось гэты момант і яго прыгажосць — яны проста перакрылі ўсё напружанне і мітусню мінулага дня. Я тую кветку не забуду ніколі.

Увогуле, лічу, што такія даты, як 23 лютага і 8 Сакавіка, трэба святкаваць усім. Таму што ў такія дні мякчэюць самыя суровыя мужчыны, а жанчыны пачынаюць квітнець. Не варта тое ж 8 Сакавіка лічыць фармальнасцю. Трэба ведаць і памятаць, што гэты дзень вясны з'яўляецца святам прыгожых жанчын. А нашы беларускі ўсе такія без выключэння. Я на месцы мужчын проста купляла б кветкі і дарыла іх усім, хто мне падабаецца. Бо ў адказ жанчыны дораць неверагодныя эмоцыі... Я ўпэўнена, што нашы жанчыны самыя прыгожыя, і напярэдадні 8 Сакавіка хочацца пажадаць усім згадаць пра гэта і помніць увесь год! І нічога не гатаваць у гэты дзень!

Вольга Шарснёва, вядучая праграмы «Міншчына» на тэлеканале СТБ:

 

— Мне даводзілася сустракаць на рабоце розныя святы, у тым ліку і 8 Сакавіка. І ў такіх выпадках, мне здаецца, галоўнае — любіць сваю справу. Я заўсёды прыходжу на работу ў добрым настроі, таму і святочныя дні з задавальненнем праводжу сярод калег, бо яны для мяне як другая сям'я... Рабочы дзень у святы, на шчасце, заўсёды праходзіць без прыгод і нечаканасцяў. На 8 Сакавіка заўсёды шмат увагі і віншаванняў атрымліваеш на свой адрас. І любыя знакі ўвагі — пірожныя, паштоўкі, кветкі — гэта заўсёды прыемна. Няхай нават нехта палічыць тое банальным. Я, напрыклад, зберагаю ўсе паштоўкі ад калег у асобнай скрыначцы. Яны выклікаюць прыемныя ўспаміны і грэюць душу. Для мяне 8 Сакавіка — гэта такое сямейна-жаночае свята, у гэты дзень мы з мамай і дачкой абавязкова збяромся разам за вячэрай. А напярэдадні свята мне хочацца ўсім жанчынам, дзяўчатам пажадаць, каб яны заўсёды імкнуліся развівацца і быць лепшай версіяй саміх сябе. Няхай у такі дзень яны адчуваюць увагу і каханне з боку сваіх мужчын, дзяцей. Няхай жыццё заўсёды радуе і ва ўсіх нас будуць магчымасці для рэалізацыі сваіх мэт і жаданняў!

Алена ДРАПКО

Фота з асабістых архіваў вядучых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Валанцёры супраць каранавіруса: адзін дзень з жыцця мінскага хаба ByCovid19

Валанцёры супраць каранавіруса: адзін дзень з жыцця мінскага хаба ByCovid19

Запушчаная кампанія па дапамозе медыкам ByCovid19 перарасла ў буйны «антыкаранавірусны» рух.

Культура

Кіназнаўца Мiкалай Iзволаў: На маёй памяцi адкрыццё такога маштабу здарылася ўпершыню

Кіназнаўца Мiкалай Iзволаў: На маёй памяцi адкрыццё такога маштабу здарылася ўпершыню

Гэта была сенсацыя: у 2018 годзе быў паказаны страчаны фiльм Дзiгi Вертава.

Грамадства

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.