Вы тут

Валянціна Мацвіенка: Сувязі Расіі і Беларусі — гэта асаблівыя сувязі


Беларусь наведвае парламенцкая дэлегацыя Савета Федэрацыі Расіі на чале з яго старшынёй Валянцінай Мацвіенка. Двухдзённы афіцыйны візіт расійскіх сенатараў пачаўся з цырымоніі ўскладання вянка да стэлы «Мінск — горад-герой» на праспекце Пераможцаў.


Ёсць свая логіка і сімволіка ў тым, што напярэдадні Міжнароднага свята 8 Сакавіка ў Мінску сустрэліся дзве з самых уплывовых жанчын на постсавецкай прасторы — старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава і старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Валянціна Мацвіенка. Фота БелТА.

Вядомы расійскі палітычны дзеяч і дыпламат Валянціна Мацвіенка неаднойчы наведвала нашу краіну, у тым ліку і ў якасці губернатара Санкт-Пецярбурга, кожны раз абавязкова сустракалася з палітычным кіраўніцтвам Беларусі. Вось і цяпер дзелавая частка яе візіту пачалася перамовамі са старшынёй Савета Рэспублікі Беларусі Наталляй Качанавай. Спачатку ў вузкім, а затым ў пашыраным фармаце.

Што абмяркоўвалі? Па словах Наталлі Качанавай, вельмі сімвалічна, што візіт дэлегацыі праходзіць у юбілейны год Вялікай Перамогі, бо памяць аб подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны свяшчэнная і высакародная. Падчас размовы акцэнт быў зроблены на далейшым развіцці ўзаемавыгадных двухбаковых сувязяў у сферах эканомікі, навукі, культуры, адукацыі.

Валянціна Мацвіенка падзякавала калегам з Савета Рэспублікі за запрашэнне, традыцыйную беларускую гасціннасць, магчымасць весці парламенцкі дыялог. Яна пагадзілася з думкай Наталлі Качанавай аб важнасці развіваць рабочыя стасункі — у розных фарматах.

Спікер верхняй палаты расійскага парламента таксама адзначыла, што сувязі Расіі і Беларусі — гэта асаблівыя сувязі. Захаваць усё тое, што звязвае абедзве краіны, абодва народы — задача сучасных палітыкаў. Яна звярнула ўвагу, што паміж прэзідэнтамі Расіі і Беларусі склаліся добрыя адносіны. Яны часта сустракаюцца, абмяркоўваюць актуальныя пытанні.

Адным з ключавых пунктаў праграмы візіту парламенцкай дэлегацыі стаў удзел высокіх гасцей у першым сумесным пасяджэнні арганізацыйных камітэтаў па падрыхтоўцы і правядзенні VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Ён, як вядома, адбудзецца восенню ў Мінску і Мінскай вобласці. У параўнанні з папярэднімі падобнымі форумамі рэгіёнаў, насычанымі пераважна гаспадарчымі па тэматыцы мерапрыемствамі, гэта сустрэча ў Беларусі будзе ў значнай ступені прысвечана гістарычнай спадчыне Вялікай Перамогі, як аснове развіцця сацыяльна-эканамічных і духоўных сувязяў народаў Беларусі і Расіі.

Гэтыя сувязі з кожным годам мацнеюць. Відаць, невыпадкова ў ходзе пасяджэння арганізацыйных камітэтаў Наталля Качанава адзначыла, што форум стаў добрай традыцыяй, важнай пляцоўкай для абмеркавання шырокага кола пытанняў беларуска-расійскага супрацоўніцтва, новых ідэй і ініцыятыў. Кожны год форум прырастае сумеснымі праектамі, новымі кантактамі рэгіёнаў, іх маладзёжных арганізацый, умацоўваюцца гуманітарныя сувязі.

Валянціна Мацвіенка падкрэсліла, што такія мерапрыемствы дазваляюць выбудоўваць доўгатэрміновыя эканамічныя сувязі паміж рэгіёнамі. Яна прывяла такія лічбы: за шэсць гадоў падчас форумаў было падпісана больш за 300 дзелавых пагадненняў прыкладна на два мільярды долараў. Аб палітычнай значнасці такіх фарматаў супрацоўніцтва можна меркаваць і па такім факце, што ў іх рабоце рэгулярна ўдзельнічаюць прэзідэнты абедзвюх краін.

У Мінску Валянціна Мацвіенка ўдзельнічала ў міжнароднай акцыі памяці «У гонар агульнай Перамогі!» у цырымоніі перадачы зямлі ў капсуле з месцаў пахавання савецкіх салдат пад Ржэвам Храму-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню нашай Айчыны.

У час знаходжання ў Савеце Рэспублікі Беларусі Валянціна Мацвіенка пакінула запіс у Кнізе ганаровых гасцей. У ёй кіраўнік парламенцкай дэлегацыі Савета Федэрацыі Расіі, у прыватнасці, выказала цёплыя і сардэчныя словы аб Беларусі.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Загаловак у газеце: Атмасфера даверу спрыяе парламенцкаму дыялогу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?