Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Прыехаў муж з камандзіроўкі

nikmedia.com.ua

У мінулыя выхадныя мы з дарослай дачкой перабралі дзіцячыя рэчы. Заўважылі, што нашы хлопчыкі (яе сыны, а мае ўнукі) зноў павырасталі з куртачак і штонікаў. Трэба, значыць, спраўляць ім новыя... Калі дакладней — дык не зусім, бо ў апошні час мы вельмі шмат што купляем у крамах сэканд-хэнд. У перакладзе з англійскай гэта «другія рукі». Мо здараецца, недзе і трэція, але ж з дзіцячым адзеннем яны вельмі выручаюць! Настолькі, што дачка спытала: як гэта мы жылі без іх, гэтых крам, як некалі гадавалі малых?

Прыйшлося расказаць, што дзіцячыя рэчы тады проста перадаваліся ад старэйшых да малодшых у вёсках, у пад'ездах, у сем'ях... (Казалі, напрыклад, што брацікі-сястрычкі — нават стрыечныя, — вырасшы ў адных кашульках ды штоніках, дружней потым жывуць). А для дарослых існавалі так званыя камісіёнкі. Туды можна было нешта здаваць, там можна было нешта купіць. Апроч таго, існавала практыка абменаў...

Нас, вельмі блізкіх, яшчэ школьных сябровак, было, напрыклад, чатыры. Сустракаліся мы не сказаць каб часта — разы два-тры на год, але ж адна з сустрэч (як правіла, вясной) абавязкова прысвячалася бартару. Гэта значыць, што кожная з нас выцягвала са сваёй шафы тое, што ўжо не насіла (стала замалое, завялікае, збрыдзела ці проста не падабаецца), складвала ў сумку і ехала на сустрэчу. Найчасцей мы збіраліся ў нашай Любачкі, бо ў яе і рэчаў было найболей, і кватэра амаль што ў цэнтры.

Дык вось наш чарговы збор. Нехта з сябровак зрабіў селядца пад футрам, нехта «Мімозу» і «Аліўе»... Мне даручылі купіць віно і торцік — у пятніцу вечарам мы ў Любы.

Тут трэба сказаць, што кватэра ў яе была не проста ў цэнтры, але і досыць цікавая па сваёй планіроўцы. Адразу на ўваходзе — прасторная вітальня (злева люстэрка на ўсю сцяну, справа — шырокія дзверы ў спальню з балконам). Далей, адпаведна, дзіцячы пакой і санвузел, а нарэшце — зала і кухня.

Стол мы накрылі якраз там, досыць доўга пасядзелі, павячэралі, пагаварылі, потым успомнілі-такі, чаго сабраліся, і са сваімі кофтачкамі, спадніцамі, шортамі ды сарафанамі выйшлі ў вітальню. А далей кожная з нас (памер ва ўсіх 46—48, рост 160—165) стала прыкідваць нейкія з рэчаў, пад музыку, у руху, дэманстраваць іх у спальні ды калідоры, вырашаць, што каму пасуе, хто што забірае і будзе насіць.

Такім чынам мы раздзяваліся, у нешта адзяваліся, круціліся перад люстэркам і ледзь не да слёз рагаталі, бо да Марыніных сукенак Любка дастала з шафы каўнер з чарнабуркі, да маіх цёмных доўгіх спадніц — мужаў капялюш. У ход пайшлі ўсе Любіны туфлі і басаножкі, сумачкі, шалікі, пацеркі, дзяжкі, стужкі... Прычым рэчы не проста падбіраліся, яны яшчэ і падганяліся: адна з нашых сябровак, Марына, трохі ўмела шыць, а таму адразу прымярала, дзе ўкараціць рукавы, дзе застрачыць (альбо наадварот — распусціць) вытачкі... Карацей, атрымалася цэлае прадстаўленне.

У выніку ў Любкі мы тады затрымаліся: па дамах сталі раз'язджацца позна, але ж шчаслівыя-шчаслівыя!

Назаўтра з раніцы я вырашыла на хвілінку заехаць да Любы, каб падзякаваць за абноўкі, якія з яе гардэробчыку «перабраліся» ў мой, і за проста цудоўны вечар!

— Мы даўно так не смяяліся! — сказала я сяброўцы.

— Было з чаго, — згадзілася яна, нешта яўна недагаворваючы і адводзячы вочы.

Мне трэба было ведаць, чаму?

Выпытваць давялося доўга, але ж я свайго дамаглася: Люба ўрэшце прызналася, што яе муж павінен быў прыехаць з камандзіроўкі на наступным тыдні ў аўторак, а прыехаў — на гэтым, і якраз у... пятніцу.

Чаму ён яе не папярэдзіў, чаму, прыехаўшы дамоў, не зайшоў у кухню, дзе мы так слаўна вячэралі, — Люба не ведала. Можа, трохі раўнаваў яе і хацеў паглядзець, што ж будзе далей, можа, вырашыў не перашкаджаць нам?

Факт, што падчас усіх нашых прымерак ён — нікім не заўважаны — быў... у спальні на балконе.

Чалавек ён, трэба сказаць, досыць інтэлігентны, не ў турме гадаваўся, а таму... Глядзеў ён на нашу мітусню ці не, я не ведаю. Можа, і не. Але асадак застаўся.

У Любы, відаць, таксама, бо яна больш ніколі не збірала нас на прымеркі. Тая была апошняя.

Вікторыя С., г. Мінск.


Любоў не блінцы...

kineshma.bezformata.com

Вучні нашай школы падчас летняй фальклорнай экспедыцыі запісалі безліч мясцовых жартаў ды праўдзівых гісторый! Яны сведчаць аб працавітасці і кемлівасці тутэйшых людзей, іх уменні пасмяяцца з сябе і пасмяшыць (а то і павучыць!) іншых. Ну вось мяркуйце самі.

Неяк у вёску прыехала працаваць маладая настаўніца, да адзінокай жанчыны ўладкавалася на кватэру.

Не так важна, колькі там пражыла, але ж, мусіць, спадабалася гаспадыні, бо аднойчы тая сказала:

— Трэба табе хлопца добрага знайсці. Мала іх тут, але ж ёсць адзін на прыкмеце — высокі, прыгожы. Дзяўчат, праўда, перабірае... Ды ажэніцца — перастане... Таму ты не варонь: калі ён часам зойдзе, тут жа венік бяры і падмятай падлогу, прычым не да парога мяці, а наадварот...

Пачула гэта настаўніца і толькі пасмяялася.

А прыгажун між тым час ад часу ля іх дома праходзіў. Неяк гаспадыня заўважыла, што пад вокнамі ўжо, — у шыбу тук-тук-тук, а сама — за фіранку...

Праз дзень хлопец пытае ў дзяўчыны:

— Гэта ты мне знак падавала, калі я на аўтобус ішоў?

— Не, — адказала тая.

Дзяцюк, вядома ж, не паверыў: падумаў, што яна пасаромелася прызнацца. Значыць, сціплая... Стаў да яе больш прыглядацца, дадому падводзіць, а ў хату на вячоркі неяк зайшоў — гаспадыня тут жа за венік: па чыстай падлозе (прычым ад парога!) ім водзіць ды шэпча пад нос: «Замятаю яго ў хату, каб нікуды не пайшоў», «Замятаю яго ў хату...»

Дзеўка, як убачыла гэта, як пачула, аж зайшлася ад рогату! Яна ж думала, што жанчына пажартавала...

Праз паўгода маладыя пажаніліся. Добра жывуць, дваіх дзетак гадуюць.

Тамара Марцэвіч, в. Ёдкі, Лідскі раён


Абяцанкі-цацанкі, а дурню... клопат

givemegift.ru

Гэту гісторыю я пачула ад сваёй сваячкі. Апавядаючы яе, Лідачка смяялася ледзь не да слёз. Хоць, як потым прызналася, у тыя «шалёныя 90-я», больш за 20 гадоў назад, ёй было зусім не да смеху.

Пачалося з таго, што ў вёсцы, і якраз каля іхняга дома (дарэчы, самага дыхтоўнага), спынілася досыць «крутая» іншамарка. З яе выйшаў мужчына, як кажуць, каўказскай нацыянальнасці, знайшоў у двары гаспадара (Лідачкі, як на тое ліха, дома не было) і стаў слёзна прасіць дапамагчы яму — выручыць з бяды. Маўляў, на дарозе, тут непадалёк, спыніла міліцыя, выпісала штраф, а заплаціць яго няма чым, ну хоць плач: грошы дома ляжаць... Дык ты ўжо, братка, зрабі мне ласку, пазыч 200 долараў. А я вінаваты не буду — аддзячу: сёння ж
вечарам прывязу табе і грошы, і скрыню каньяку, і цэлы мех цукру, і грэчкі (усё гэта было дэфіцытам)...

Прымаўку пра абяцанкі-цацанкі вясковец Саўка, вядома ж, чуў, але і чалавеку, які так шчыра прасіў, хацелася верыць! Тым больш што каўказец, апроч абяцанняў, пакідаў неслабы заклад — дзесяць новых скураных куртак ды пакет з беласнежным цюлем.

...З вось такім, як уяўлялася Саўку, вельмі багатым здабыткам ён і сустрэў з работы сваю Лідусю. Ледзь не з парога пачаў хваліцца проста рэдкай удачай! Маўляў, танцуй, дарагая, мы з табой і дагэтуль нядрэнна жылі, а ўжо ж зараз... Гасцінцаў будзе поўная хата!

«Я дзе стаяла, — расказвала Ліда, — дык там і села. Кажу: «Сава, цябе развялі, як апошняга дурня! Дубіна ты, хамут стары! Вось папомні маё слова: ніхто да нас не прыедзе — ні з грашыма, ні з каньяком, ні без...»

Як у ваду глядзела: застаўся Саўка з носам, дакладней — са «стосам» танных чорна-карычневых куртак са скуразамяняльніку. Той чалавек, відаць, не змог прадаць іх паштучна і сумленна, а таму не прыдумаў нічога лепшага, як знайсці дурня, каб загнаць яму праз падман і «оптам».

«Саўка не з такіх быў, ён не ўзяў бы тавар, хоць бы таму, што долараў у вёсцы тады ў вочы ніхто не бачыў, — казала Ліда. — Мы іх купілі першыя, бо якраз напярэдадні на сямейнай радзе вырашылі пакрысе збіраць на «Жыгулі» — на Саўкаву даўнюю мару. 250 долараў займелі — 200 Саўка таму незнаёмцу аддаў».

...Ну вядома ж, шкада іх было, але што зробіш? Сужэнцы пагаравалі крыху ды паехалі ў райцэнтр на рынак, каб прыцаніцца да куртак, паглядзець, за колькі іх можна збыць. У сваёй вёсцы прадаваць не хацелі, бо людзі спыталі б, адкуль. Падманваць — не выпадала, праўду казаць — таксама...

Але ж тут здарылася ўдача: у госці да іх прыехаў Лідзін брат. А жонка ў яго — жанчына яшчэ тая: што хочаш купіць і што хочаш прадасць!

Вось яны і ўзяліся за гэтую справу: на машыне праехаліся па вёсках у суседнім раёне. Як тыя цыганы, пахадзілі па хатах... І бензіну спалілі, і паўдня патрацілі, і стаміліся, і трохі няёмка было, але ж восем куртак прадалі.

Саўку ў выніку засталіся дзве. Дзякуй богу, знасіў. А вось цюль той у верандзе на вокнах і дагэтуль вісіць. Як напамін пра тое, што бясплатны сыр бывае хіба што ў пастцы.

Таццяна Маркава, г. Віцебск.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Прэв'ю: marcinkwiecinski.pl

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?