Вы тут

Спецыялісты Мінсельгасхарча распрацавалі комплекс мер па развіцці рыбаводства


Як расказала намеснік начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі Мінсельгасхарча Вольга Барэйша, у нашай краіне працягвае актыўна развівацца сажалкавае рыбаводства. Летась у сажалках нагадавалі больш за 14 тысяч тон рыбы. Больш за 618 тон з іх — каштоўныя віды. Да таго ж за год у Беларусі вылавілі 1106 тон азёрнай і рачной рыбы. Ці шмат гэта для краіны? Зусім не. Астатняе купляем.


Імпарт рыбы і прадуктаў з яе ў Беларусь за год склаў 168,7 тысячы тон. Акрамя таго, нашы спецыялісты выкарыстоўвалі квоты, выдзеленыя Расійскай Федэрацыяй у Баранцавым і Балтыйскім морах. За год, у прыватнасці, вылаўлена 3,6 тысячы тон траскі (97,4 працэнта ад квоты), 621 тона пікшы (92 працэнты ад квоты) у Баранцавым моры.

А зараз добрая навіна для гурманаў. Сёлета ўпершыню нашай краіне далі квоту на вылаў 500 тон паўночнай крэветкі ў Баранцавым моры, у выключнай эканамічнай зоне Расіі. Няхай няшмат, але ўсё ж.

Так, няма ў нас выхаду да мора. Значыць, трэба больш здабываць або вырошчваць. Таму Мінсельгасхарч сумесна з зацікаўленымі ведамствамі распрацаваў комплекс мер па развіцці рыбаводства да 2025 года. Упор робіцца на вытворчасць каштоўных відаў рыб, у прыватнасці стронгі.

Прадугледжваецца будаўніцтва трох комплексаў у Магілёўскай вобласці, кожны з якіх мае магутнасць адну тысячу тон, а таксама будаўніцтва асятровай гаспадаркі ў Мінскай вобласці. У цэлым да 2025 года запланавана наладзіць вытворчасць 4,5 тысячы тон рыб каштоўных парод у год. «Да таго часу магутнасць вытворчасці каштоўнай рыбы павялічыцца як мінімум у пяць разоў, — адзначыла Вольга Барэйша. — У першую чаргу гэта стронга і асетр, а таксама сямейства сомавых».

Шчупака — у Польшчу, рыбныя кансервы — у Кітай

А ўсё ж такі ўмеем мы рабіць з нашай рыбкі ўсякія прысмакі. Начальнік аддзела маркетынгу і продажаў ДА «Белводгас» Ірына Галабокава адзначыла, што рыбгасы аб'яднання за год рэалізавалі 6587,9 тоны рыбы і прадуктаў яе перапрацоўкі, што на 9 працэнтаў больш за ўзровень 2018 года.

Летась сума экспарту прадукцыі ААТ «Рыбгас «Сялец» склала 562 тысячы долараў. Больш за 62 тоны жывога карпа адправілі ў Літву, тры тоны шчупака звычайнага — упершыню — у Польшчу. На экспарт таксама паступалі такія каштоўныя віды рыб, як таўсталобік, белы амур, бялуга. У Расію экспартавалі дзве тоны сцерлядзі і асятра, 242 тоны карпа. А яшчэ стронгавая гаспадарка «Лохва» прадала замежнаму кліенту 27 тон малькоў стронгі.

«Мы рэалізоўваем рыбу як у жывым, так і ў перапрацаваным выглядзе. За 2019 год перапрацавана больш за 1,7 тысячы тон. У нас ёсць шырокі асартымент вэнджанай, вэнджана-вяленай прадукцыі, розныя віды разбірання рыбы. На рыбакамбінаце «Любань» уведзена кансервавая вытворчасць магутнасцю 10 млн бляшанак у год. Ужо асвоена 20 новых відаў кансерваў, хутка яны з'явяцца і ў Мінску», — удакладніла прадстаўнік Белводгаса.

Яна патлумачыла, што нядаўна на адну з кітайскіх выставачных пляцовак былі адпраўлены першыя ўзоры любанскіх кансерваў. Праўда, пасля ўвядзення каранціну магчымасці яе экспанаваць пакуль няма. «Пасля яго зняцця кансервы паступяць на выстаўку, каб спажывец мог іх паглядзець, звярнуць на іх увагу, — удакладніла Ірына Галабокава. — У прадпрыемстваў нашага аб'яднання, на жаль, пакуль няма дазволу на пастаўкі. Мы будзем праходзіць сертыфікацыю, цяпер актыўна займаемся гэтым пытаннем».

Для кітайскага рынку рыбныя кансервы — прадукт незвычайны. Таму разам з прадукцыяй будуць прадстаўлены поўнае тэхналагічнае апісанне вытворчасці і рэцэпты страў.

Замест антыбіётыкаў — прабіётыкі

Навукоўцы перш за ўсё накіраваны на рэсурсазберажэнне і павышэнне эканамічнай эфектыўнасці рыбаводства ў нашай краіне, кажа намеснік дырэктара па навуковай рабоце РУП «Інстытут рыбнай гаспадаркі НАН Беларусі» Уладзімір Каставусаў.

Асноўныя распрацоўкі накіраваны на зніжэнне выдаткаў пры вырошчванні рыбы ў сажалках, на кармленне, а таксама на павышэнне выжывальнасці і жыццястойкасці, прадухіленне захворванняў. За год зацверджана пяць тэхнічных умоў для такіх ноу-хау.

Частка з іх накіравана на фарміраванне натуральнай кармавой базы, частка на зніжэнне выдаткаў на корм дзякуючы замене дарагіх імпартных кампанентаў збожжам і рыбнымі крупамі. Напрыклад, камбікорм з прабіётыкамі створаны для прадухілення захворванняў, найбольш небяспечных пры вырошчванні рыбы. Распрацаваны таксама прэпарат для барацьбы з гельмінтамі. Уладзімір Каставусаў падкрэсліў, што навукоўцы імкнуцца сысці ад выкарыстання антыбіётыкаў да прабіятычных прэпаратаў з аналагічнымі эфектамі.

Дарэчы, на набыццё камбікармоў для рыбгасаў з дзяржбюджэту летась было выдзелена сем мільёнаў рублёў. Акрамя таго, сродкі даваліся на лячэбна-прафілактычныя мерапрыемствы і вапнаванне вадаёмаў.

Яшчэ адзін важны аспект якасці рыбных паўфабрыкатаў — якасць самой рыбы. Калі палачкі, біточкі і іншыя катлеты вырабляюць непадалёк ад месца вылаву, гэта, вядома, добра. Але ж Беларусь знаходзіцца далёка ад мора.

Прыблізна 70 % марской прадукцыі, — якая завозіцца ў нашу краіну, гэта рыба глыбокай замарозкі, кажа Уладзімір Каставусаў. Вядома ж, яна саступае свежаму ўлову. Пры гэтым на практыцы нярэдка здараецца так, што тэхналогія замарозкі не выконваецца і ўлоў дамарожваецца ў працэсе захоўвання або транспарціроўкі. Гэта, мякка кажучы, не вельмі добра, бо пры мінус 18 градусах толькі 90 % звязанай вады ў рыбе крышталізуецца. У астатніх 10 % працягваецца раскладанне тлушчаў і дэнатурацыя бялкоў. Чым даўжэй гэты працэс доўжыцца, тым ніжэйшая якасць прадукцыі. Вывад адзін: больш трэба есці мясцовай рыбы.

Вясновае зарыбленне — на месяц раней

Сёлета лёд так і не скаваў большасць вадаёмаў. Галоўны спецыяліст упраўлення па аквакультуры і рыбалоўнай гаспадарцы ДА «Белводгас» Анатоль Новік назваў і станоўчыя, і адмоўныя вынікі такой анамаліі надвор'я.

Калі павышаецца тэмпература, рыба актыўней рухаецца ў закрытым вадасховішчы і губляе вагу. Гэта рыбаводам нявыгадна. Аднак больш ранняя вясна дазволіць раней пачаць падкормліваць насельнікаў сажалак, і гэта часткова кампенсуе страты.

Дырэктар ААТ «Рыбгас» Волма»  Аляксандр Кулікоўскі нагадаў, што некалькі дзесяцігоддзяў таму было прынята рэалізоўваць рыбу толькі восенню, у лістападзе. У сучасных умовах яе ловяць і прывозяць у гандлёвыя пункты круглы год. У сувязі з гэтым зімой звычайна рыбгасы вымушаныя забяспечваць праточнасць зімавальных сажалак і дадатковую аэрацыю. Каб вылавіць рыбу ў мароз, трэба выпілоўваць палонку, гэта патрабуе дадатковых працоўных і эканамічных выдаткаў. А няма лёду — значыць сэканомілі.

Сёлета, як чакаецца, тэмпературны рэжым дазволіць правесці зарыбленне раней і разгрузіць зімавальныя сажалкі. Плануецца, што яго пачнуць ужо ў сакавіку, хоць звычайна гэта адбываецца не раней за красавік.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Будзем мець сваіх крэветак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.