Вы тут

Прэзідэнт: Дзякуй за ўсё, што вы робіце для краіны і народа


Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды і генеральскія пагоны.


Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што цырымонію, якая традыцыйна праходзіць напярэдадні Дня жанчын, заўсёды вылучае адметная атмасфера ўрачыстасці і душэўнасці. 

«Яе ствараеце вы, жанчыны, сваімі ўсмешкамі, сваёй прыгажосцю, абаяннем. А бляск і цудоўны выгляд Палацу Незалежнасці надаюць парадныя мундзіры нашых ваенных. Сёння мы адначасова ўшаноўваем эліту арміі і сілавых структур — абаронцаў Айчыны, чыё свята мы нядаўна адзначалі, а таксама шматдзетных мам і жанчын, якія дасягнулі вялікіх прафесійных вышынь», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

І такі гендарны баланс — гэта не імітаванне заходніх трэндаў. Высокі статус людзей у пагонах у нашай краіне і паважлівае, беражлівае стаўленне да жанчыны — базавыя каштоўнасці беларускага грамадства. Такую перакананасць Прэзідэнт абвяшчае заўсёды.

«Міру не бывае без тых, хто служыць народу і ўмее яго абараняць. Мы добра памятаем, хто захаваў нам свабоду 75 гадоў таму. Беларусы ўдзячныя ветэранам за іх подзвіг і ўшаноўваюць гераічнае пакаленне нашых дзядоў і бацькоў. Дзеці і ўнукі салдат-пераможцаў вартыя іх», — з упэўненасцю сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прыкладаў таму шмат, але Аляксандр Лукашэнка прывёў адзін. Сёння ў Палац Незалежнасці запрошаны і чалавек, які разам з таварышамі, рызыкуючы жыццём, прадухіліў няшчасце. 

Калі на чыгунцы з рэек сышло некалькі цыстэрнаў з выбухованебяспечным газам, супрацоўнік упраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях капітан унутранай службы Алег Бойнічаў, праявіўшы адвагу, здолеў ліквідаваць уцечку, якая пагражала катастрафічным выбухам. 

«Такія мужныя і смелыя людзі сёння берагуць мір і спакой беларусаў. Гонар ім і слава!» — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Асаблівыя словы ўдзячнасці ён адрасаваў шматдзетным мамам, якія выбралі для сябе цяжкую, але надзвычай важную і патрэбную для краіны місію. Жанчыны клапоцяцца не толькі пра сваіх дзяцей, але даюць жыццё новым пакаленням, дораць надзею на паспяховую будучыню і росквіт усёй нацыі. 

Большасць з сённяшніх гераінь не толькі шчаслівыя ў сям’і, але і здзейсніліся як спецыялісты на прафесійным полі дзейнасці. І гэта, мяркуе Аляксандр Лукашэнка, удвая выдатна. 

Сёння ўшанавалі і жанчын, якія ўдастоены ўзнагарод і ганаровых званняў за высокія дасягненні ў галіне культуры, мастацтва, навукі і педагогікі і чый унёсак ў выхаванне моладзі, захаванне духоўнай спадчыны і маральных каштоўнасцяў Прэзідэнт высока ацаніў.

Віталі ў Палацы Незалежнасці і нашых спартсменак, якім за бліскучыя перамогі на чэмпіянатах свету і Еўропы прысвоена высокае званне «Заслужаны майстар спорту». 

«Дазвольце мне ад усёй душы павіншаваць вас з заслужанымі ўзнагародамі. Дзякуй за ўсё, што вы робіце для краіны і нашага народа. Напярэдадні цудоўнага вясновага свята самыя цёплыя віншаванні хачу адрасаваць жанчынам нашай Беларусі. Прыміце мае шчырыя пажаданні здароўя, шчасця і дабрабыту. Жадаю ўсім галоўнага: міру і дабра», — звярнуўся да гасцей Аляксандр Лукашэнка, распачынаючы, як ён сам адзначыў, самую прыемную прэзідэнцкую місію — уручэнне ўзнагарод і пагонаў вышэйшага афіцэрскага і начальніцкага складу.

Дэкан факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова Ірына Камарова, якой прысвоена званне «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», звярнулася да Прэзідэнта са словамі ўдзячнасці за высокую адзнаку сваёй працы.

«Гэтая ўзнагарода — заслуга і майго роднага калектыву, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, з гісторыяй якога звязанае ўсё маё свядомае жыццё ад студэнцкіх гадоў да сённяшняга дня, гісторыя некалькіх пакаленняў маёй сям’і», — падкрэсліла Ірына Камарова.

Яна нагадала афарызм «любоў да радзімы пачынаецца з сям’і» — асабліва актуальна гэта гучыць у Год малой радзімы. Заслужаны работнік адукацыі пажадала, каб дзеці былі шчаслівыя, радавалі поспехамі і дасягненнямі і раслі годнымі грамадзянамі Беларусі.

Узгадаў аб сямейных каштоўнасцях і начальнік універсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях палкоўнік унутранай службы Іван Палівода, узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ ступені.

«Галоўны сакрэт поспеху — упартая праца і падтрымка родных і калег, дзякуючы якой у няпростыя хвіліны мы захоўваем вернасць доўгу і абраным ідэалам. Любыя мэты дасягальныя, калі ў грамадстве пануюць мір, стабільнасць і парадак. Сёння ў гэтым зале прысутнічаюць унікальныя людзі. Галоўнае, што ўсіх іх аб’ядноўвае, — гэта імкненне штодня служыць галоўнай мэце дзяржаўнага будаўніцтва, рабіць нашу краіну мацнейшай, а жыццё нашых грамадзян — лепш і бяспечней», — упэўнены афіцэр.

«Яшчэ раз віншую вас з высокімі ўзнагародамі — мужыкоў, нашых цудоўных жанчын не толькі з узнагародамі, званнямі, але і з надыходзячым святам. Будзьце шчаслівыя! І хай дзеці, якіх вы нарадзілі не толькі для сябе, але і для нашай Беларусі, суверэннай, незалежнай, радуюць заўсёды вас і радуюць нашу краіну. Шчасця вам!» — звярнуўся да ўзнагароджаных Аляксандр Лукашэнка. 

  • Ордэнам Пашаны ўзнагароджаны кіраўнік вытворчай брыгадай ў раслінаводстве сельгаспрадпрыемства «Гіркі» Воранаўскага раёна Марыя Козіч.
  • За выхаванне пяці і больш дзяцей Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэны Маці. У ліку ўзнагароджаных мастак-грымёр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Вольга Арашова-Каменская і выхавальнік у Сароцкіх яслях-садзе Любанскага раёна Наталля Мамайка.
  • Сярод узнагароджаных — салістка балета Кацярына Алейнік, якой прысвоена званне «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь».
  • Ганаровыя званні таксама прысвоены супрацоўнікам Акадэміі МУС: заслужанага работніка адукацыі Беларусі — прафесару кафедры беларускай і замежных моў Святлане Дзянісавай, заслужанага супрацоўніка органаў унутраных спраў — начальніка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Вадзіму Паўлаву.
  • У ліку удастоеных ганаровага звання «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь» — спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды, міліцыянт атрада міліцыі асаблівага прызначэння галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама Таццяна Мацко і спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды, трэнер спартовай каманды МУС Святлана Цімашэнка.
  • Генеральскія пагоны Прэзідэнт уручыў намесніку камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Беларусі Ігару Дземідзенку, начальніку факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл — намесніку начальніка Ваеннай акадэміі Беларусі Сяргею Зайцаву, начальніку ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці Сяргею Гладышаву, начальніку ўпраўлення ваеннай контрвыведкі КДБ Канстанціну Кучынскаму, начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама Ігару Шчарбачэню.

Пасля самай урачыстай часткі мерапрыемства адбыўся прыём ад імя кіраўніка дзяржавы. 

Варвара МАРОЗАВА і па матэрыялах БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.