Вы тут

Заснавальнік Belarus Fashіon Week Яніна Ганчарова: Брыльянтам патрэбна агранка


Вясна заўсёды выклікае асацыяцыі з абнаўленнем, надзеяй, любоўю і прыгажосцю. Рознакаляровыя цюльпаны і мімозы, якія з'явіліся амаль паўсюдна, міжволі нагадваюць нашым мужчынам пра тое, што побач з імі жывуць цудоўныя і прыгожыя жанчыны: каханыя, дачкі, жонкі, маці, бабулі... Ды што казаць, і самім жанчынам пачатак вясны нагадвае пра тое, што яны і ёсць прыгожая палова чалавецтва. Але ці лёгка жывецца прыгожым жанчынам? Сваю гісторыю расказала кіраўнік рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларуская палата моды», рэжысёр, заснавальнік і кіраўнік праекта Belarus Fashіon Week ды ўвогуле проста прыгожая жанчына Яніна Ганчарова.


— Яніна, я ведаю, што вы раней працавалі мадэллю і ўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе прыгажосці «Міс Беларусь». Ці дапамагала вам прыгажосць дасягаць сваіх мэт?

— Калі я была яшчэ зусім дзяўчынкай, мне здавалася, што жанчыны, якія займаюць кіруючыя пасады, абавязкова павінны быць прыгожыя. Я любавалася імі. І мне здавалася, што прыродная прыгажосць будзе толькі дапамагаць. Але мой уласны досвед паказаў іншае. Першы раз я сутыкнулася з непрыняццем ва ўніверсітэце. Сама я па натуры была такі піянер, вельмі актыўная дзяўчына і, натуральна, добра вучылася. Я паступіла ў Гомельскі ўніверсітэт на факультэт біялогіі. Тады яшчэ не было спецыяльнасці «ландшафтны дызайнер», але мне хацелася атрымаць менавіта гэту прафесію. Справа ў тым, што мае бацькі займаліся раслінаводствам. Я ў гэтым таксама разбіралася і пісала заявы на імя рэктара, каб мне дазволілі атрымаць такую спецыяльнасць. Мне не быў патрэбны дыплом як «паперка» — хацелася, каб прафесія «ландшафтны дызайнер» была адзначана ў дыпломе. І я дамаглася свайго. Мне сапраўды зацвердзілі гэтую спецыялізацыю, а я паабяцала падарыць універсітэту эксперыментальны ўчастак. Канешне, я прасіла аб дапамозе сваіх бацькоў... Я вучылася выдатна, са мной лічыліся і паважалі. Пакуль не вырашыла паўдзельнічаць у конкурсе «Міс Беларусь»... Там я не атрымала тытул, але стаўленне да мяне вельмі змянілася. Было вельмі крыўдна. Памятаю, выклікала да дошкі мяне адна выкладчыца: «Хто ў нас тут будзе зараз адказваць? Прыгажуня наша наваспечаная!» У адзін момант з разумнай і добрай дзяўчынкі я стала «прыгажуняй», толькі са знакам мінус, бо прамаўлялі гэта грэбліва і зневажальна. Крыўдна, што і студэнты падхоплівалі, але ўсё ж з імі было прасцей, чым з выкладчыкамі. Неўзабаве я прыняла рашэнне сысці вучыцца завочна. Але справа ў тым, што ў конкурсах прыгажосці ёсць і велізарны плюс: там можна завесці добрыя і патрэбныя кантакты. З'яўляецца шмат новых знаёмых у розных сферах. Я ў той час працавала мадэллю ў Вячаслава Зайцава, але мне хацелася большага. Я разважала так, маўляў, у Мінску ёсць Нацыянальная школа прыгажосці, дык чаму б не стварыць нешта ў маім любімым горадзе? Проста загарэлася гэтай ідэяй! Пайшла ва ўпраўленне культуры Гомельскага аблвыканкама, расказала ім аб сваіх планах і папрасіла падтрымкі. Ідэя там спадабалася. Мне хацелася, каб у Гомелі было не горш, чым у Мінску. І вось дзякуючы такой ініцыятыве і, натуральна, падтрымцы дзяржавы мы стварылі Гомельскі абласны цэнтр моды і прыгажосці «Хрустальная німфа». Гэта была дзяржаўная арганізацыя, а не мая асабістая, але як толькі я стала ўвасабляць задумкі, па горадзе папаўзлі чуткі і плёткі. Нават мая мама магла іх пачуць. Мне і самой часта кідалі ў спіну недарэчныя пытанні: «А чаму грошы выдзелілі менавіта пад гэтую ідэю?» і «Чаму ёй?»

Ды таму, што іншы ніхто не прапаноўваў! Ды і што я дрэннага зрабіла? Новыя рабочыя месцы ў родным горадзе стварыла? Але ўсе паўтаралі, што гэта «несумленна».

— Ладзячы Belarus Fashіon Week, вы таксама сутыкнуліся з непрыняццем. Часам з вас адкрыта смяяліся і не верылі, што з задумы нешта атрымаецца...

— Так. Але ідэя стварэння ляжала на паверхні. Разумееце, я сама працавала мадэллю, але толькі за мяжой. Я была кіраўніком Цэнтра моды ў Гомелі, і маім мадэлям проста не было работы. Наогул, у нашай краіне тады беларускія мадэлі не маглі рэалізаваць сябе прафесійна. Толькі выязджаючы працаваць за мяжу, мадэль магла прайсці стажыроўку, абнавіць партфоліа. Ва ўсіх хоць трохі развітых краінах існаваў свой тыдзень моды. Чым мы горшыя? Belarus Fashіon Week — гэта не толькі пра адзенне. Хоць, канешне, мы дапамагаем убачыць новыя класныя якасныя рэчы. Але тут ёсць і важны сацыяльны момант. Мы дэманструем сучасны, разняволены погляд грамадства, якое не аспрэчвае неабходнасць прыгожых дзяўчат, цэніць эстэтычнае ўспрыманне дэманстрацыі адзення.

Але мой пераезд у Мінск ізноў вызваў шквал размоў, усе, каму не лянота, «перамывалі» мне костачкі. Па сённяшні дзень не разумею: што перашкаджае людзям самім прыдумаць праект і прадставіць на адным з рэспубліканскіх конкурсаў, што перашкаджае звярнуцца са сваімі ідэямі да зацікаўленых асоб? Але, на жаль, людзі часцей выбіраюць прасцейшы шлях — асуджаць ідэі і спробы іншых. Добра, што былі сябры, якія падтрымлівалі мяне, і мама, якая суцяшала, кажучы «Гэта ўсё пройдзе дачка... з узростам» (смяецца). Вы не падумайце, што такое здарылася толькі са мной. Паглядзіце, колькі ціску з боку грамадства вытрымала першая прыгажуня Беларусі Марыя Васілевіч. Яна і сапраўды паказала сябе як вытанчаная дзяўчына, стала «Міс Беларусь», а на конкурсе «Міс свету» ўвайшла ў топ-5. Цяпер, мне здаецца, ёй не трэба нікому нічога даказваць. Трэба засяродзіцца на тым шляху, які яна абрала, шмат працаваць і паказваць грамадству, на што яна здольная.

— На ваш погляд, што такое сапраўдная прыгажосць?

— Можна адказаць дэмакратычна і ўсіх задаволіць: маўляў, непрыгожых жанчын няма. Але ўсё ж мне здаецца, што крытэрыі прыгажосці існуюць. Сапраўдная прыгажосць жыццярадасная, з адкрытай, шчырай і добрай усмешкай, і, вядома, прыгажосць — гэта дагледжанасць. Цяжка ўявіць прыгожага чалавека неахайным, з нязграбнай фігурай, недагледжанымі валасамі і пазногцямі.

Нават уладальнікам прыроднай прыгажосці неабходна даглядаць сябе. Гэта як, напрыклад, з брыльянтам. Для таго каб ён стаў прыгожы, неабходна надаць яму агранку.

— Як на знешнасці адлюстроўваецца ўнутраны свет?

— Ой, мне здаецца, я зараз скажу вельмі прыземленыя рэчы. Але гэта праўда. Чалавек сапраўды прыгожы становіцца, калі гатовы дапамагаць іншаму. Людзі сёння не заўсёды ахвотна ідуць на гэты крок. Асабліва не любяць дзяліцца грашыма. А на мой погляд, гэта абавязкова трэба рабіць. Нават праз сілу і не на паказ. Ахвяраваць са свайго бюджэту хоць некалькі рублёў для тых, хто мае патрэбу. Людзі сёння лішняе ядуць, у многіх лішняе адзенне, рэчы... Навошта? Падзяліцеся з іншымі. Жанчына, якая любіць і міласэрная — самая прыгожая.

— У красавіку адкрываецца 20-ы юбілейны сезон Belarus Fashіon Week. Чаго чакаць аматарам моды?

— Мы вельмі трапятліва да яго рыхтуемся... Нас падтрымліваюць дызайнеры, якія ўдзельнічаюць у гэтым прэстыжным мерапрыемстве, а таксама партнёры — паспяховыя кампаніі ў розных сферах. Сёлета прыедзе каля 30 замежных гасцей — журналісты, блогеры, фатографы з Італіі, Францыі, ЗША, Германіі, Польшчы. Мы зробім акцэнт на культуры і гісторыі нашай краіны. Усе паказы будуць праходзіць у гістарычных лакацыях. Мы хочам, каб госці ўбачылі найлепшае, што ў нас ёсць. Спадзяюся, што яны потым напішуць пра нашу краіну і нашых людзей добрыя водгукі. Я ўпэўнена, што нам удасца ўразіць гасцей.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».