Вы тут

Жанчыны спалучаюць слабасць і моц і прадстаўляюць амаль усе слаі грамадства


Загадкавыя, непаўторныя, дзіўныя, эмацыянальныя, імпульсіўныя, непрадказальныя — на працягу многіх стагоддзяў мужчыны спрабавалі разгадаць таямніцу жанчыны. Чаго ж яна хоча на самай справе? Як прачытаць, што хаваецца за яе вабнай усмешкай? Якім чынам у прадстаўніц слабага полу атрымліваецца многае разумець і дараваць? Адказаць на гэтыя пытанні ўдаецца далёка не заўсёды. Мабыць, да канца ўсёй праўды пра сябе не ведаюць нават самі жанчыны. І гэта, напэўна, яшчэ больш інтрыгуе моцны пол. Між іншым, удзельніцы круглага стала «Слабая моцная жанчына», які адбыўся ў сталічным Доме прэсы напярэдадні вясновага свята, сышліся ў адным: жанчыны сёння гатовыя не толькі быць там, дзе патрэбныя іх мяккасць, міласэрнасць і спачуванне, але і скласці годную канкурэнцыю ў тых сферах, якія традыцыйна лічыліся мужчынскімі.


Так, у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі працуе 40 працэнтаў жанчын, а ў Савеце Рэспублікі — 25 працэнтаў. Жанчын можна сустрэць сярод міліцыянераў і ратавальнікаў. Усё больш жаночай становіцца прафесія журналіста. Так, сёння хлопцаў на факультэце журналістыкі БДУ ўсяго 20 %. І такая тэндэнцыя назіраецца на працягу ўжо 10 гадоў, паведаміла дэкан факультэта Вольга Самусевіч падчас круглага стала.

«Цяпер хлопцы хочуць быць праграмістамі, спецыялістамі ў сферы ІT-тэхналогій. Але сфера журналістыкі вельмі адказная, тут трэба быць спецыялістам не ў адной галіне. Неабходна пастаянна развівацца. Мне падаецца, гэта накладвае свой адбітак на тое, што ў нас вельмі шмат дзяўчат. Але я ўпэўнена, што не ад гэтага залежыць якасць. Галоўная рыса спецыяліста ў тым, наколькі ён аддаецца сваёй працы і наколькі разумее сваю місію», — лічыць Вольга Самусевіч.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія АНАНІЧ заўважыла, што ў парламенце шырока прадстаўлена жаночая частка беларускага грамадства.

«Жанчыны, якія ў парламенце прадстаўляюць розныя сферы, безумоўна, дасягнулі вынікаў як у прафесійнай дзейнасці, так і ў грамадскай, бо займаюць актыўныя пазіцыі ў жыцці сваіх калектываў і рэгіёнаў. Неабыякавыя, мэтанакіраваныя, дальнабачныя, яны хочуць, каб у нашай краіне было камфортна, панавала стваральная атмасфера. Каб мы былі не проста сацыяльна арыентаванай дзяржавай, а каб імкнуліся рабіць трошкі больш для сваёй сям'і, для сваёй мясцовасці, для сваёй краіны», — сказала яна.

Па словах дэпутата, парламенцкае вымярэнне — гэта тыя гарманічныя законы, якія адказваюць інтарэсам грамадства і дзяржавы, спалучаюць іх. Сёння ў жанчын-парламентарыяў, як і ў мужчын, ідзе вельмі актыўная работа па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Святлана ЛЮБЕЦКАЯ, разважаючы пра рэцэпты жаночага поспеху ў сучасным грамадстве, сказала пра тое, што маладым жанчынам нельга засяроджвацца толькі на сабе, што ў нас у Беларусі можа «зрабіць сябе» любая жанчына, бо ў краіне створаны ўсе ўмовы для мацярынства, прафесійнага росту, атрымання адукацыі. Конкурс «Жанчына года» паказвае, што жанчыны дасягаюць вяршынь ва ўсіх сферах, маюць актыўную пазіцыю.

Парламентарый заклікала жанчын ісці па жыцці смела, рабіць свет прыгажэй і спалучаць гэта са сваім прафесійным і асабістым ростам. Разам з тым, на думку парламентарыя, жанчыны павінны заставацца моцнымі, быць здольнымі прымаць самастойныя рашэнні і адказваць за іх, дапамагаць і быць апорай для іншых.

Загадчыца кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія» Надзея МАНКЕВІЧ расказала, што высокапрафесійны ўрач — заўсёды добры псіхолаг.

«Кожны пацыент — гэта гісторыя жыцця, а хвароба складаецца з ланцуга шматлікіх фактаў, якія ўплываюць на будучыню. Калі мы бачым, што можам падоўжыць жыццё, палепшыць яго якасць, — гэта дарагога каштуе», — падзялілася яна.

Падчас сустрэчы жанчыны згадалі Веру Ложачнік з Барысава, якая выхавала шасцярых сваіх і 27 прыёмных дзяцей. Гэта прыклад сапраўднага поспеху жанчыны, якая знайшла сваё прызванне ў любові да дзяцей.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Спалучаць слабасць і моц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».