Вы тут

ЮНЕСКА ўключыла ў каляндар памятных дат 2020-га 150-годдзе з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца


150-годдзе з дня нараджэння вядомага беларускага мастака Фердынанда Рушчыца — ЮНЕСКА ўключыла ў каляндар памятных дат 2020-га. А днямі старт года жывапісца ўрачыста далі ў Нацыянальным мастацкім музеі.


Карціна «Каля касцёла» захоўваецца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Фота: аrtmusеum.bу.

Ураджэнец сяла Багданава пад Валожынам праславіў родныя краявіды далёка за межамі нашай радзімы. Маючы за плячыма мінскую гімназію, ён паступіў у Вышэйшую мастацкую вучэльню пры Імператарскай Акадэміі мастацтваў Санкт-Пецярбурга. Тут трапіў у жывапісную майстэрню да галоўнага перадзвіжніка Івана Шышкіна, які навучыў асновам — «арыфметыцы і працы на натуры», а вось «алгебру», канструкцыю спасцігаў ужо разам з Архіпам Куінджы. Але не стаў прадаўжальнікам ні таго, ні другога — шукаў свой адметны стыль. Дыпломную работу Рушчыца «Вясна», у вартасцях якой сам мастак доўга сумняваўся, калекцыянер Павел Траццякоў набыў адразу ж на праглядзе работ студэнтаў Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу ў 1897 годзе. Пазней Фердынанд Рушчыц правёў персанальную выстаўку ў Вільні, дзе супрацоўнічаў з тэатрам і атрымаў званне ганаровага прафесара Універсітэта Стэфана Баторыя, шмат працаваў у Кракаве, дзе ўжо сам выкладаў жывапіс і стаў рэктарам Акадэміі вытанчаных мастацтваў, зладзіў першую выстаўку польскіх мастакоў у Парыжы, набыў вядомасць у Еўропе не толькі як жывапісец, але і як тэатральны дэкаратар, кніжны графік, педагог... Але ў беларускія фонды спадчына Фердынанда Рушчыца трапіла толькі ў 1957-м — карціну «Ля касцёла» набыла ў 1957-м першы дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Алена Аладава.

Не дзіўна, што сваім яго лічаць і ў Беларусі, і ў Польшчы, а таму заяўку на ўключэнне ў каляндар ЮНЕСКА падавалі сумесна. І гэтак жа разам зладзяць напрыканцы года міжнародны вернісаж Фердынанда Рушчыца, да ўдзелу ў якім запрошаныя таксама музеі Літвы і Украіны. Дарэчы, на сёння ў Беларусі знаходзяцца ўжо восем работ майстра сімвалічнага пейзажа, прычым тры з іх былі перададзеныя ў дар мастацкаму музею толькі летась дзякуючы пасольству Беларусі ў Швейцарыі і асабіста консулу Андрэю Нажэскіну — карціны выкупілі ва ўнука, мастацтвазнаўцы і экс-дырэктара Нацыянальнага музея Польшчы, поўнага цёзкі знакамітага дзеда Фердынанда Рушчыца.

Наогул у межах юбілейнага года запланавана мноства мерапрыемстваў — гэта і новае выданне маляўнічага альбома ў «Беларускай энцыклапедыі», і выпуск памятнай манеты і паштовай маркі, і тэматычная «Ноч музеяў», і мастацкія пленэры (адзін з іх адбыўся нядаўна на Валожыншчыне і сабраў творцаў з Беларусі, Расіі і Малдовы), і навуковыя канферэнцыі і семінары, і турыстычныя маршруты да родавай сядзібы і магілы мастака ў Багданаве... Працы і натхнення хопіць на ўсіх ахвотных.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Год Фердынанда Рушчыца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».