Вы тут

Стабільная эканоміка — гарантыя бяспекі. На Брэстчыне вызначаны задачы на 2020 год


На сумесным пасяджэнні сесіі Брэсцкага абласнога Савета і абласнога выканаўчага камітэта разгледжаны вынікі выканання прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці на 2019 год і агучаны планы на год 2020-ы. У пасяджэнні бралі ўдзел дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй РАЎКОЎ, старшыня праўлення Нацыянальнага банка краіны Павел КАЛАУР, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Анатоль МАРКЕВІЧ.


У сваім справаздачным дакладзе старшыня аблвыканкама Анатоль ЛІС паведаміў, што за мінулы год у эканоміцы вобласці атрымана 942 мільёны прыбытку — на траціну болей, чым у 2018 годзе. Аб'ём валавога рэгіянальнага прадукту склаў 12,5 мільярда рублёў з плюсам на 2,8 працэнта. І разам з тым было адзначана, што па гэтым паказчыку не дасягнутыя зададзеныя параметры. Тэмп росту склаў 102,8 працэнта пры прагнозе 104, прадукцыйнасць працы не дацягнула 0,7 працэнта да даведзенага на год паказчыка. Важным дасягненнем названа тое, што ўдалося забяспечыць паступальны рух усіх галін эканомікі. Атрыманы прырост па экспарце тавараў — 10,3 працэнты, што ўдвая больш за запланаваны. Рэгіён стабільна з'яўляецца лідарам па аб'ёме экспарту сельгаспрадукцыі і харчавання — за 2019 год гэты паказчык вырас на 10,9 працэнта.

На думку губернатара, важкі задзел для выканання пяцігадовай праграмы ёсць, але ж відавочна, што 2020 год будзе вельмі напружаны для вобласці. У першым квартале чакаецца станоўчая дынаміка, аднак, каб выканаць заданне па валавым рэгіянальным прадукце, тэмп росту ВРП сёлета павінен скласці не менш за 103,5 працэнта.

Кіраўнік вобласці звярнуў увагу на тое, што надвор'е дае магчымасць загадзя рыхтавацца да палявых работ, актыўна ўносіцца арганіка, вядзецца ворыва пад яравы клін. Аграрыі настроены асноўны ўпор зрабіць на кармавую базу, асабліва гэта датычыцца гаспадарак Ганцавіцкага, Лунінецкага, Івацэвіцкага, Драгічынскага, Маларыцкага раёнаў.

На пасяджэнні сесіі і выканкама таксама разгледжаныя пытанні сацыяльнага развіцця, занятасці насельніцтва. Адзначалася, што ў юбілейны для Брэста год абласны цэнтр прырос значнымі аб'ектамі інфраструктуры: шмат з'явілася іх у галінах адукацыі, аховы здароўя, фізкультуры і спорту. Разам з тым была засяроджана ўвага на развіцці турызму і паляпшэнні турыстычнай прывабнасці рэгіёна. Сёлета адным з прыярытэтаў стане развіццё сеткі турыстычна-інфармацыйных цэнтраў, што дасць магчымасць інфармаваць беларусаў і грамадзян іншых краін аб паслугах: экскурсіях, праектаванні тураў, пракаце, прапановах аб'ектаў харчавання. Усяго ў вобласці запланавана правесці каля 120 масавых турыстычных мерапрыемстваў. Міжнародны турыстычны форум чакаецца ў Брэсце ў красавіку.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?