Вы тут

Непаўторнасць гучання роднага слова


Міжнародны дзень роднай мовы сёлета адзначаецца 20-ы раз. Для кожнага народа ён асаблівы. З больш чым шасці тысяч моў палова — пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання рашэннем ЮНЕСКА было абвешчана свята 21 лютага.


Падчас прэзентацыі электроннага выдання (DVD-ROM) «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…»

Беларусам у спадчыну засталася ўнікальная мова — жывая, мілагучная, паэтычная. І толькі сучаснікі вольныя вырашаць: развівацца ёй ці згаснуць, якія сцяжыны прайсці і якой беларускую мову пабачаць праз шмат дзесяцігоддзяў. Ці варта нагадваць, што мова жывая, пакуль на ёй гавораць?

Да Дня роднай мовы ў Беларусі рыхтуюцца шмат: круглыя сталы, прэзентацыі, канцэрты... Сёння лічыцца, што беларуская мова пранікла ва ўсе сучасныя сферы ўжытку. Але многія прыкмячаюць нешырокае выкарыстанне ў паўсядзённасці. Імпрэзы, што ладзяцца на працягу гэтага тыдня, дапамагаюць змяніць стаўленне да беларускай мовы як да мовы пэўнага кола людзей.

«Засекі» жывой мовы

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа (філіял Дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі) сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі правёў сустрэчу, прысвечаную развіццю і багаццю беларускіх народных гаворак. Перш-наперш размова вялася пра пазамоўныя фактары, якія паўплывалі на асаблівасці функцыянавання сучасных народных гаворак. Сярод іх — і вузкая сфера ўжывання, і разбурэнне традыцыйнага інстытута сельскай сям’і, і міграцыйны рух моладзі ў горад. Калі, напрыклад, у 1976 годзе працэнтныя суадносіны гарадскога і сельскага насельніцтва былі амаль аднолькавыя (51,2 % і 48,8 % адпаведна), то ў 2019 годзе гэтыя лічбы выглядаюць як 78,4 % і 21,6 % адпаведна. Але асаблівы фактар — інтэнсіўнае змяншэнне кола носьбітаў, бо сёння традыцыйная мясцовая гаворка выступае пераважна як сродак камунікацыі старэйшага пакалення ў сферы побыту. Знікае пераемнасць у натуральным засваенні гаворак.

Гэта даволі важная тэма не толькі для развіцця мовы ўвогуле, але і для пісьменнікаў у прыватнасці. Кандрат Крапіва пісаў: «З’яўляецца агульнапрызнаным, што дыялекты не маюць перспектывы на тое, каб развіцца ў самастойную мову, калі ёсць агульнанародная мова. Ясна, што пісьменніку няма ніякага сэнсу падтрымліваць тое, што павінна знікнуць, і культываваць дыялект як такі. Але ў асобных выпадках, калі слова пашырана на значнай тэрыторыі, калі яго не хапае ў літаратурнай мове для абазначэння пэўнага паняцця або таго ці іншага адцення, можна ўзяць адпаведнае мясцовае і пусціць яго ў літаратурны ўжытак» («Аб некаторых пытаннях беларускай мовы», 1952. 1976, т. 5, 164). У супрацьвагу гэтаму — выказванне Алеся Адамовіча наконт дыялектызмаў: «…раней неабходна прыслухацца, як слова гучыць, удумацца, наколькі яно трапнае і зразумелае. У любым, самым маленькім “засеку” жывой народнай мовы можна часам знайсці буйныя зярняты народнай мудрасці і дасціпнасці. Вядома, развітая літаратурная мова не можа быць такой жа, як гутарковая. Але літаратурная мова павінна непасрэдна вырастаць з жывой народнай мовы  — вось найважнейшы прынцып, якога заўсёды прытрымліваліся нашы пісьменнікі» («Культура творчасці», 1959, 176).

«Чый жа ўнёсак у развіццё мовы большы — пісьменнікаў ці мовазнаўцаў?» — узняў пытанне падчас сустрэчы дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў. Вядома, мова народа, з чым пагаджаецца пераважная большасць сучасных пісьменнікаў. Дарэчы, менавіта ў Інстытуце мовазнаўства пабачылі свет найбольш грунтоўныя навуковыя выданні, прысвечаныя беларускай мове: «Беларуская граматыка» (зараз ідзе завяршэнне падрыхтоўкі новай «Граматыкі»), «Граматычны слоўнік назоўніка» (а таксама іншых часцін мовы), «Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы», «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (таксама рыхтуецца новае выданне), «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы», «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» і іншыя.

— У нас багатая спадчына, — лічыць Ігар Капылоў. — Аднак нам не пашанцавала: у Беларусі засталося мала — недзе каля 1000 — пісьмовых і друкаваных помнікаў. У асноўным найкаштоўнейшыя арыгіналы захоўваюцца ў архівах Львова, Кіева, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Вільнюса, Варшавы. Гэта асобная праблема.

Але падчас гутаркі найбольш ўвагі надалі сучаснаму жыццю баларускай мовы. Так, нядаўнія статыстычныя звесткі паведамляюць, што ў дзіцячых садках толькі 9,1 % усіх дзяцей дашкольнага ўзросту навучаюцца на беларускай мове. Найбольшая колькасць беларускамоўных дзяцей у Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Між тым у некаторыя беларускамоўныя навучальныя ўстановы ўзнікаюць сапраўдныя чэргі. Сучасная моўная прастора ў Беларусі знаходзіцца ў стане білінгвізму. Гэта выклікае шмат пытанняў найперш у побытавай сферы, калі гаварыць пра пераклады назваў вуліц (як перакласці на беларускую мову рускамоўную назву «Алейная»?). Ці варта здзіўляцца гэтай з’яве, калі нават той ці іншы населены пункт вельмі часта сустракаецца пад рознымі назвамі, у тым ліку на дарожных знаках (дагэтуль выклікаюць спрэчкі варыянты назвы Мёрскага раёна)? І навукоўцы, і пісьменнікі пагаджаюцца: правільны той варыянт, які ўжываецца ў канкрэтнай мясцовасці.

Паслухаць і адчуць

Напярэдадні свята гледачы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета мелі магчымасць паслухаць вершы і прозу ў выкананні беларускіх паэтаў, акцёраў сталічных тэатраў, кіно, тэлебачання. Народная артыстка Беларусі, зорка Вялікага тэатра Настасся Масквіна, спявачка Вялікага тэатра Ірына Кучынская, актрыса, тэлевядучая Святлана Бароўская, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, карэспандэнт тэлеканала АНТ Аляксандр Мацяс, актрыса, лідар гурта NAKA Анастасія Шпакоўская, тэлевядучая, аўтар праграм, прысвечаных тэатру, Наталля Бібікава прачыталі (і праспявалі) радкі з твораў сваіх любімых беларускіх аўтараў — Максіма Багдановіча, Адама Міцкевіча і іншых. Прагучалі вершы беларускіх паэтаў і з вуснаў маленькіх чытальнікаў — удзельнікаў і пераможцаў конкурсу Вялікага тэатра «Чытаем разам» Алены Шавялевіч, Пелагеі Атаманавай і Нічыпара Альховіка. Такая сустрэча — сапраўдны падарунак для тых, хто набыў квіткі на оперу Дзмітрыя Смольскага «Сівая легенда», лібрэта да якой напісаў Уладзімір Караткевіч. У пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ галоўныя партыі выканалі зоркі беларускай оперы: народная артыстка Настасся Масквіна (Ірына), заслужаныя артысты рэспублікі Аксана Якушэвіч (Любка), Уладзімір Громаў (Кізгайла), Алег Мельнікаў (Найміт), лаўрэат міжнароднага конкурсу Аляксей Мікуцель (Раман). За дырыжорскім пультам — Алег Лясун.

Узаемнасць перакладаў

У тыдзень роднай мовы Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Пасольства Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь зладзілі прэзентацыю выданняў беларуска-карэйскага праекта ўзаемных перакладаў «Яшчэ прыйдзе вясна» і «Шаўковы туман». Кніга «Шаўковы туман» была выдадзена пры падтрымцы Карэйскага інстытута літаратурных перакладаў выдавецтвам «Мастацкая літаратура» ў 2019 годзе. Пад адной вокладкай змешчаны на беларускай мове творы трох карэйскіх паэтаў з трагічным лёсам, чыя творчасць стала асновай для фарміравання сучаснай карэйскай паэзіі. Гэта майстар пейзажнай лірыкі Кім Саволь, аўтар лірычных вершаў Юн Данджу, якога лічаць адным з самых папулярных паэтаў сярод моладзі, і яркі прадстаўнік мадэрнісцкага руху ў Карэі паэт, журналіст, прафесар Чон Джыён. Перакладалі з  карэйскай мовы Юлія Алейчанка і Таццяна Залеская.

Дзякуючы праекту і кнізе «Яшчэ прыйдзе вясна», над якой працавалі перакладчыкі Таццяна Залеская і ганаровы прафесар універсітэта Ёнсе, член Акадэміі навук Рэспублікі Карэя Чо Чжу Гван, карэйскі чытач пазнаёміцца з выбітнымі творамі класікаў беларускай літаратуры: адчуе подых вясны і моц паэтычнай малітвы Янкі Купалы, зможа ўявіць срэбраводны Нёман і пачуць голас беларускай зямлі ў творах Якуба Коласа, даведацца пра нацыянальную каштоўнасць Беларусі — слуцкія паясы, прачытаўшы твор Максіма Багдановіча.

А што 21-га?

Падчас сустрэчы ў НАН Беларусі.

Да Міжнароднага дня роднай мовы Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы штогод ладзіць грамадска-культурую акцыю «Чытаем Купалу разам», удзельнікамі якой з 2012 года стала звыш 20 тысяч чалавек. Сярод іх — школьнікі, студэнты, акцёры, пісьменнікі, дзеячы навукі і культуры, дыпламаты. Сёлета музей абвясціў конкурс, па выніках якога пераможцы атрымаюць падарункі. Ва ўмовах конкурсу сказана, што жадаючыя павінны запісаць відэа, дзе будуць чытаць верш Янкі Купалы: ва ўтульнай хатняй атмасферы ці на свежым паветры, сам-насам альбо разам з сям’ёй ці з сябрамі, на памяць ці з ліста, цалкам альбо толькі ўрывак. Прымаюцца ўсе магчымыя варыянты. Варта не забыць адзначыць @kupalamuseum і дадаць #дзеньроднаймовыЯК і #люблюКупалу. Да 23 лютага можна публікаваць відэа на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках ці даслаць на пошту музея з пазнакай «Дзень роднай мовы». 25 лютага на афіцыйнай старонцы музея ў сацыяльных сетках падвядуць вынікі конкурсу.

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры пройдзе І  этап — чытанні — ІІ Вучнёўскай навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў!». У адпаведнасці з заяўленай тэмай канферэнцыя праходзіць па трох секцыях: мовазнаўчай, літаратуразнаўчай і краязнаўчай. Мэта — абудзіць цікавасць да беларускай мовы, літаратуры і краязнаўства, наладзіць партнёрскія адносіны паміж музеем як крыніцай навуковых даследаванняў і ўстановамі адукацыі. Прымуць удзел навучэнцы 6—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінска і Мінскай вобласці. Партнёры навукова-практычнай канферэнцыі — Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Саюз пісьменнікаў Беларусі, камітэт па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае далучыцца да музейнай акцыі «Дзясятка — за Коласа!». Гэта напісанне дыктоўкі па творах Якуба Коласа, падчас якога неабходна вызначыць, з якога твора ўзяты ўрывак для дыктоўкі. Удзельнікі, якія пішуць дыктоўку на дзесяць балаў і правільна называюць твор Якуба Коласа, атрымліваюць памятныя сувеніры ад музея. Запланавана ў музеі і інтэрактыўная гульня-віктарына «Жывы класік», а таксама акцыя «Маё беларускае слова» ў Instagram: пад хэштэгам #movakolas людзі змяшчаюць слова, якое выклікае ў іх усмешку замілавання, і фотаілюстрацыю да яго.

Адзначаюць свята і на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У праграме: дыскусія «Рэклама па-беларуску: погляд у будучыню», круглы стол «Нацыянальныя мовы ва ўмовах глабалізацыі», сустрэча прафесара Віктара Іўчанкава «Усё пачынаецца са слова» з вучнямі мінскай школы № 40, квіз «Скарбы вядзьмарскай гары», літаратурныя чытанні «Няхай гучыць беларускае слова…» ад прафесара Таццяны Дасаевай і іншыя імпрэзы.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».