Вы тут

Аркадзь Берын. Падзяліцца святам


Для вядомага дырыжора Аркадзя Берына 2020 год юбілейны. 13 студзеня яму споўнілася 75. Адзначыў свой юбілей маэстра на Радзіме, у Беларусі. 6 лютага ў зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі ён даў канцэрт з удзелам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. У якасці саліста выступіў cкрыпач Максім Вянгераў, якога называюць «Паганіні новага часу».


Фота з асабістага архіва А. Берына.

У праграму юбілейнага канцэрта ўвайшлі сачыненні Ёганэса Брамса — Сімфонія № 4, Канцэрт для скрыпкі з сімфанічным аркестрам і Венгерскія танцы. А. Берын выбраў гэтую музыку, бо яму імпануе кампазітарскі стыль, ідэі, мысленне і яркая эмацыянальнасць І. Брамса. Сімфонія № 4 — вяршыня яго творчасці. У ёй увасаблены асноўны прынцып Брамса — спалучэнне традыцый розных музычных эпох — барока, рамантызму і класіцызму. Яна нібы падводзіць вынік XIX стагоддзя.

А. Берын і артысты Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, выконваючы гэтую сімфонію, віртуозна раскрылі ідэі аўтара, драматургію сачынення і характар кожнай яго часткі. Ад рамантычнага пачатку першай часткі, афарбаванага ў лірычныя тоны, праз імкненне музыкі да суровых, рэзка акцэнтаваных, выкананых на fortissimo эпізодаў, якія паказваюць адчай і загадзя абвяшчаюць трагічны фінал, да другой часткі — шматаблічнай, якая спалучае розныя жанравыя вытокі — баладныя, песенныя, гімнічныя, з нечаканым з’яўленнем цудоўнага венскага вальса. Ярка была выканана трэцяя частка  — карціна шумнага, звонкага народнага гуляння. І, нарэшце, унікальны поліфанічны фінал звязаны, як і дзве першыя часткі, з музыкай барока. У  заканчэнні сімфоніі, яе кульмінацыі — страшнае душэўнае ўзрушэнне, што малюе вобраз няўмольнага лёсу, які бязлітасна цягне да згубы асобу або нават цэлы народ.

Публіка ацаніла майстэрства дырыжора і аркестрантаў, якія паспяхова раскрылі складаную палітру настрояў сімфоніі і ярка, эмацыянальна данеслі гэта да слухачоў, за што былі ўзнагароджаны бурнымі апладысментамі. Маэстра А. Берын стала супрацоўнічае з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь і не хавае, што працаваць з гэтым калектывам яму падабаецца. Ён адзначае высокі прафесійны ўзровень артыстаў, якія заўсёды разумеюць яго, прымаюць ідэі і з поўнай спагадлівасцю адказваюць на ўсе яго трактоўкі музычных твораў.

Скрыпічны канцэрт І. Брамса — поўная супрацьлегласць музыцы яго чацвёртай сімфоніі, адзін з самых віртуозных твораў у гэтым жанры. Ён адрозніваецца атмасферай светлай урачыстасці. Чаргуючы драматычныя і  лірычныя вобразы, кампазітар акунае ў стыхію венгерскіх народных напеваў і танцаў. Наогул, гучанне скрыпкі для І. Брамса заўсёды было звязана з экспрэсіяй і запалам венгерскай музыкі.

Канцэрт Брамса прагучаў у выдатным выкананні скрыпача-віртуоза Максіма Вянгерава. Беларуская публіка прыйшла ў захапленне ад яго майстэрства, яна змагла пачуць боскае гучанне скрыпкі Антоніа Страдывары, на якой іграе музыкант, а таксама Падзяліцца святам ацаніць яго віртуознае валоданне гэтым інструментам. Аркестр натхнёна акампаніраваў салісту, што было заўважна па тварах музыкантаў. Ужо на першай частцы паўстала абсалютнае адзінства саліста, дырыжора і  аркестра. Маэстра А. Берын вельмі далікатна суправаджаў М. Вянгерава ў  другой павольнай частцы з трапяткім piano, а ў танцавальнай трэцяй падкрэсліваў востры рытм. Як адзначыў скрыпач пасля канцэрта, ён выступаў з А. Берыным упершыню, рэпеціравалі перад канцэртам усяго толькі адзін дзень, але не пакідала адчуванне, быццам знаёмы з ім шмат гадоў і неаднаразова іграў на канцэртах.

Слухачы доўга апладзіравалі музыкантам. На біс былі выкананы любімыя публікай «Венгерскія танцы» І. Брамса. І напрыканцы нечакана прагучала мелодыя вядомай бразільскай песні «Ціка Ціка», якая ўзарвала залу бурай апладысментаў і крыкамі «брава».

У М. Вянгерава выдатная школа: ён вучыўся ў Новасібірскай кансерваторыі ў славутага скрыпача і педагога З. Брона. Скрыпач супрацоўнічаў з вялікімі музыкантамі мінулых гадоў — М. Растраповічам, І. Мянухіным, К. Джуліні і неаднаразова выступаў з найлепшымі аркестрамі пад кіраўніцтвам праслаўленых дырыжораў на самых прэстыжных сусветных пляцоўках.

М. Вянгераў атрымаў цэлы шэраг узнагарод, уключаючы дзве Grammy, чатыры Gramophone Award UK, чатыры Edison Award, два Echo Klassik Award і іншыя. За дасягненні ў выканальніцкім мастацтве Вянгераў быў уганараваны прэміяй GLORIA, заснаванай М. Растраповічам, і прэміяй імя Д. Шастаковіча, якая ўручаецца дабрачынным фондам Ю. Башмета.

Скрыпач супрацоўнічае з сімфанічнымі аркестрамі Таронта, Манрэаля, Осла, Тампэрэ, Саарбрукена, Гданьска, Баку (у якасці галоўнага запрошанага дырыжора), Кракава, Бухарэста, Бялграда, Бергена, Стамбула, Іерусаліма. Ён таксама з’яўляецца выкладчыкам у  Каралеўскім каледжы музыкі ў Лондане. З верасня 2018 года інтарэсы артыста ў Расіі, краінах Балтыі і СНД эксклюзіўна прадстаўляе еўрапейскі канцэртны холдынг Berin Iglesias Art.

Імя А. Берына добра вядома ў Беларусі. З 1968 года ён выкладаў у кансерваторыі ў Мінску, тут жа ўзначальваў кафедру оперна-сімфанічнага дырыжыравання. За трыццаць гадоў падрыхтаваў больш чым 70 дырыжораў, многія з якіх працуюць у музычных калектывах і навучальных установах па ўсім свеце. Ён таксама кіраваў студэнцкім духавым аркестрам «Фанфары Беларусі», які ў 1998 годзе стаў уладальнікам Гран-пры на міжнародным конкурсе ў Люксембургу. Аркестр «Фанфары Беларусі» 9 мая 1989 года прыняў удзел у святочным канцэрце «1000 труб» у Мінску на плошчы каля Вялікага тэатра. Знамянальным было таксама выступленне музыкантаў у  канцэрце, прысвечаным пятнаццатай гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Вялікім дасягненнем А. Берына стала стварэнне першага ў Беларусі дзяржаўнага духавога аркестра «Няміга». У 1991 годзе лонданскай фірмай «Алімпія» быў выдадзены дыск гэтага аркестра «O Sole Mio».

Шмат гадоў дырыжор жыве ў Германіі. У 2003 годзе ён арганізаваў «International Symphony Orchestra of Germany», мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам якога з’яўляецца і  ў цяперашні час. Сярод шматлікіх праектаў, звязаных з працай гэтага аркестра, варта вылучыць яго ўдзел у канцэрце «60 гадоў Вялікай Перамогі», які праходзіў у 2005 годзе ў Берлінскім Konzerthaus. Значнай падзеяй для нямецкай публікі стаў фестываль Ю.  Башмета. Ідэя правесці яго ў Дортмундзе з’явілася ў А. Берына ў 2003 годзе. На працягу 6 гадоў ён быў арганізатарам і прэзідэнтам гэтага фестывалю.

А. Берын шмат гастралюе як дырыжор. З канца 90-х гадоў выступаў з такімі сімфанічнымі аркестрамі, як Камерата Зальцбург, Deutsche Staatsphilharmonie RheinlandPfalz, The Duesseldorf Symphonic Orchestra, Berlin Philharmonic Chamber Orchestra, Leipzig Symphony Orchestra, Berlin Symphony Orchestra, Jerusalem Symphony Orchestra, Bochumer Symphoniker, Philharmonie Südwestfalen, а  таксама з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Расійскай Федэрацыі імя Святланава, Расійскім нацыянальным аркестрам, Маскоўскім сімфанічным аркестрам, Дзяржаўным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Татарстан і іншымі.

Яго канцэрты праходзілі на вядучых канцэртных пляцоўках Італіі, Германіі, Нідэрландаў, Англіі, Венгрыі, Польшчы, Бельгіі, Францыі, Турцыі, Аўстрыі, Люксембурга, Ліхтэнштэйна, Расіі. Ён таксама дырыжыраваў балетамі ў Мінску, Маскве і  СанктПецярбургу. Маэстра расказвае, што велізарную творчую асалоду прынесла яму сумесная праца з сусветнымі зоркамі Г. Нятрэбкай, Ю. Эйвазавым, Х. Герзмавай, У. Співаковым, Ю. Башметам, М. Майскім, Л. Казарноўскай, Х. Карэрасам, Г. Брэгавічам, Р. Аланья і іншымі.

Асобная старонка ў творчай біяграфіі А. Берына звязана з Маскоўскім сімфанічным аркестрам, які ён узначальваў у сезоне 2009—2010. Аркестр выступаў у Вялікай зале імя П. І. Чайкоўскага і ажыццявіў еўрапейскі тур па Германіі і розных краінах Еўропы. У маскоўскім фестывалі «Крамлёўскія зоркі», арганізатарам і мастацкім кіраўніком якога быў Н. Пятроў, дырыжор працаваў з аркестрам «Маскоўская Камерата».

 У апошнія гады А. Берын інтэнсіўна канцэртуе ў Мінску. Як адзначае дырыжор, беларуская публіка вызначаецца высокай культурай, эмацыянальнасцю і спагадлівасцю. Вядома, тут трэба адзначыць яго ўдзел у Міжнародным фестывалі «Уладзімір Співакоў запрашае». Цікавым быў музычны форум «Магія раяля», які праходзіў пад патранажам народнага артыста СССР Н. Пятрова і заслужанага артыста Расіі А. Гіндзіна. У гэтым фестывалі прымалі ўдзел студэнты кансерваторый Масквы, Санкт-Пецярбурга і Мінска. Быў таксама канцэрт з гуртом «Куатро» і камерным аркестрам «Рымская сімфаніета», маштабныя відовішчныя праекты «Фантаны, якія спяваюць», «Палацавы баль» у Нясвіжы і іншыя. Прыхільнікам маэстра запомніліся творчы вечар кампазітара М. Дунаеўскага і канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра сумесна з вясельна-пахавальным аркестрам Г. Брэгавіча.

Беларускія меламаны будуць з  нецярпеннем чакаць наступнай сустрэчы з А. Берыным. Яна адбудзецца 4 сакавіка ў зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Маэстра прыме ўдзел у VI Міжнародным фестывалі «Уладзімір Співакоў запрашае». Тут ён выступіць у монаспектаклі «Яўген Анегін» пры ўдзеле драматычнага акцёра Д. Дзюжава. Пажадаем юбіляру моцнага здароўя і паспяховай рэалізацыі ўсіх яго творчых праектаў!

Элеанора СКУРАТАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.