Вы тут

Лукашэнка: Уся эканамічная сістэма краіны павінна быць нацэлена на безумоўнае забеспячэнне інтарэсаў людзей


Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў, дзе абмяркоўваецца чарговы пакет нарматыўных актаў, пад якімі павінен стаяць подпіс кіраўніка дзяржавы.


 

Гэта ўстаноўленая лідарам краіны практыка: дакументы, якія закранаюць шырокі спектр пытанняў і пранізваюць важныя сферы жыцця грамадства, абмяркоўваюцца з усімі зацікаўленымі бакамі, каб упэўніцца ў тым, што іх пазіцыі ўзгодненыя, прапановы — абгрунтаваныя, а наступствы рэалізацыі прынятых рашэнняў — дасканала пралічаныя. 

«Асаблівы акцэнт хацеў бы зрабіць на пытаннях, нявырашанасць якіх людзі непасрэдна адчуваюць на сабе, — сказаў Прэзідэнт. — Перш за ўсё гэта датычыцца гарантый правоў работнікаў на прадпрыемствах-банкрутах. Тут ніякіх кампрамісаў быць не можа, і ўся эканамічная сістэма краіны павінна быць нацэлена на безумоўнае забеспячэнне інтарэсаў людзей».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ніякага папулізму тут няма: «Хачу яшчэ раз паўтарыць тое, што казаў ад першага дня свайго прэзідэнцтва: уся сістэма і дзяржава ў цэлым маюць тады толькі сэнс, калі яны на дабро людзям. Усё астатняе сэнсу не мае».

«З адходамі трэба навучыцца працаваць»

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, спазненне з вырашэннем шэрагу пытанняў стрымлівае развіццё грамадства. Так адбываецца са стварэннем стымулаў і інфраструктуры для збору, перапрацоўкі, утылізацыі тары і ўпакоўкі тавараў. Урад прапануе ўкараніць дэпазітную сістэму абарачэння спажывецкай тары з-пад вады і напояў.

«Калісьці я не ў першы раз паўтарыў сваё патрабаванне да ўсіх, перш за ўсё да вертыкалі выканаўчай улады: з адходамі трэба навучыцца працаваць. Пачынаючы ад бою шкла, поліэтылену асабліва, і іншымі, — нагадаў Прэзідэнт. — Я прыводзіў прыклад Швейцарыі, дзе з 90 працэнтаў адходаў маюць нармальны прадукт. А нам што замінае? Мы што, у кампактнай краіне не можам сабраць адходы і іх перапрацаваць? Тое ж шкло атрымаць традыцыйным чынам значна даражэй. А тут гатовае шкло пераплавіў — атрымаў зноў бутэльку альбо яшчэ нешта. Гэтак жа і з іншым. Не, мы чакаем чагосьці. Потым будзем гераічна шукаць альтэрнатыву, дамаўляцца і гэтак далей. Грошы пад нагамі, а ўзяць не можам». 

Кіраўнік дзяржавы абурыўся тэрмінам, які ўрад прапануе для вырашэння гэтага пытання — 2022 год, і тым, што эксперты, уключаючы яго Адміністрацыю і Камітэт дзяржкантролю, з гэтым пагадзіліся.

Электраэнергія для аўтамабіляў павінна стаць танней за кошт бензіну і дызельнага паліва

 

«He атрымлівае належнага імпульсу і тэма развіцця электратранспарту ў краіне, — працягнуў кіраўнік дзяржавы. — Няўпэўненасць з цаной на нафту і, адпаведна, на паліва даказвае, што электратранспарт валодае каласальным патэнцыялам. І справа тут нават не ў нафце. Справа ў тым, што гэта — перспектыва. І ўсе краіны, такія як мы — экспартаарыентаваныя, якія не маюць пад зямлёй вялізных запасаў, — даўно пераарыентаваліся на электратранспарт. Але нам і бог загадаў».

Аляксандр Лукашэнка ўказаў на тое, што хутка Беларусь увядзе два блокі атамнай электрастанцыі. 

«Дык чаму мы не робім сёння, з запасам у часе ўхіл на электратранспарт? — звярнуўся ён да ўдзельнікаў нарады. — І не толькі на электратранспарт, але на большае выкарыстанне электраэнергіі? Гэта замена вуглевадародаў».

Кіраўнік дзяржавы патлумачыў, што публічнае тэставанне ім электрамабіля рабілася для таго, каб падштурхнуць урад і ўсё грамадства на гэты арыенцір. Даручэнне стварыць уласны электрамабіль атрымала Нацыянальная акадэмія навук, якая летась паведамляла, што ён практычна гатовы. 

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што гэта не проста даніна модзе ці імкненне не адстаць ад перадавых краін. 

«Гэта надзённая неабходнасць ўжо сёння, — сказаў ён. — Ці адпавядаюць унесеныя ініцыятывы, задачы (якая выцякае ўвогуле з будаўніцтва атамнай электрастанцыі) зрабіць так, каб электрычная энергія для аўтамабіляў была таннейшай за кошт сённяшніх бензіну і дызельнага паліва? Тады людзі будуць з задавальненнем купляць аўтамабілі на электрычнай цязе».

«Не ўнасіце прапановы па павелічэнні колькасці кантралёраў»

На нарадзе ў Прэзідэнта было разгледжана пытанне ўдасканалення сістэмы дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам трактароў, прычэпаў, самаходных машын і абсталявання. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, бяспека людзей і тэхніка, якая набываецца за дзяржаўны кошт, мусіць быць пад поўным кантролем. «Вось дзве прычыны: зразумела, па бяспецы, але калі найдаражэйшую энерганасычаную тэхніку, якая адпрацавала ў гаспадарцы два гады, кідаюць пад плот як металалом, — гэта злачынства. І з гэтым трэба змагацца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым пытанні Прэзідэнт лічыць, што «не трэба апраўдвацца нейкімі рынкавымі разважаннямі». «Там, дзе рынак спрацаваў, у прыватніка, яго правяраць не трэба. Дастаткова кантролю тэхнічнага стану тэхнікі на дарогах у плане бяспекі, — адзначыў Лукашэнка. — А ісці і глядзець на захоўванне, як ён там паставіў тэхніку, як ён даглядае яе, не трэба. Гэта яго прыватная ўласнасць. Ён ведае, як з ёй абыходзіцца. Але колькі ў нас такіх гаспадароў? Менш за працэнт, напэўна. Астатнія будуць хадзіць з працягнутай рукой і прасіць: дайце грошай, каб купіць трактар, таму што пасеяць няма чым. А гэта ўпіраецца ў харчовую бяспеку нашай дзяржавы і велізарныя аб’ёмы экспарту — да пяці мільярдаў па харчаванні. Вось і рабіце высновы, трэба гэта кантраляваць ці не трэба», — звярнуўся да ўдзельнікаў нарады Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка перасцярог ад павелічэння колькасці чыноўнікаў у адпаведнай сферы.

«Калі вы ўнясеце мне прапанову з нагоды таго, што мы «ўдарым» па безгаспадарчасці новымі структурамі і сотнямі і тысячамі новых чыноўнікаў, то лепш і не ўнасіце такія прапановы. У нас дастаткова кантралёраў на месцах, пачынаючы ад старшыні райвыканкама і заканчваючы начальнікам міліцыі. Я ўжо не кажу аб тых, хто непасрэдна мусіць гэтым займацца, — кіраўнікі і спецыялісты канкрэтных гаспадарак», — папярэдзіў лідар краіны.

Прэзідэнт патрабуе максімальнай асцярожнасці ў рэгуляванні ўзаемадзеяння дзяржавы і грамадзяніна

На нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў Беларусі лідару дзяржавы прадстаўлены праекты прававых актаў, накіраваныя на ўдасканаленне натарыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рэгуляванне сфер, у якіх дзяржава ўзаемадзейнічае з грамадзянінам, павінна адбывацца «максімальна асцярожна».

Таму Прэзідэнту хацелася пачуць меркаванні як распрацоўшчыка (Міністэрства юстыцыі), так і Вярхоўнага Суда аб тым, якія дадатковыя дзеянні прапануецца зрабіць для павышэння эфектыўнасці працы натарыусаў.

«Чаго там яшчэ не хапае? Ці патрэбны нам гэтыя новаўвядзенні? Ці, можа быць, яшчэ не выйшла з ужытку дзеючая старая сістэма працы?» — задаў пытанні Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў Прэзідэнту першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Дзмітрый Крутой, мэта першага ўказа на сённяшнім разглядзе — аб дадатковым стымуляванні мясцовых органаў улады — разняволіць ініцыятыву і за добры вынік прэміраваць кіраўніцтва і працаўнікоў гарадскіх выканаўчых камітэтаў.

«Я думаю, гэта добрая прапанова — падтрымаць дзяржслужачых нашага першаснага звяна, якія, як справядліва кажа Прэзідэнт, знаходзяцца на перадавой і ад іх працы, у прынцыпе, залежыць поспех эканамічнага развіцця краіны ў цэлым», — адзначыў Дзмітрый Крутой.

Пры гэтым, адзначыў першы віцэ-прэм’ер, указ не прадугледжвае разбурэнне ўсталяванай сістэмы аплаты працы ў дзяржапараце — сёння ў цэлым яна паспяхова функцыянуе і працягне працаваць надалей. Пытанне ў дапаўненні гэтай сістэмы магчымасцю прастымуляваць за пэўныя добрыя вынікі. Менавіта такую задачу ў свой час і ставіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна цікавіўся дзейнай мадэллю з пункту гледжання таго, што перашкаджае дзяржслужачым эфектыўна працаваць. Урад прапаноўваў падтрымаць кіраўнікоў і супрацоўнікаў мясцовых выканкамаў у першую чаргу за фінансавыя і эканамічныя вынікі, хоць у мностве поглядаў і дыскусій шэраг дзяржорганаў схіляўся і да частковага вяртання пэўных валавых паказчыкаў (напрыклад у сельскай гаспадарцы).

«Прэзідэнтам па выніках нарады зроблены адназначны вывад аб недапушчальнасці такога падыходу і аб неабходнасці арыентаваць мясцовую вертыкаль улады ў першую чаргу на фінансавы вынік. Як Прэзідэнт сказаў, грошы перш за ўсё», — расказаў журналістам першы віцэ-прэм’ер, удакладніўшы, што гаворка ідзе пра напаўненне мясцовага бюджэту, дадатковых даходах і прыросту, няважна, малы гэта бізнес ці буйное прадпрыемства.


Зыходзячы з дасягнутага прыросту, калі ён будзе перавышаць сярэднеабласныя паказчыкі, магчыма ўвядзенне новай сістэмы прэміравання кіраўніка раёна і непасрэдна працаўнікоў выканкама, якія адзначацца найбольш высокімі вынікамі, растлумачыў Дзмітрый Крутой.

Прэзідэнт таксама выслухаў ініцыятывы ўрада, якія датычацца дадатковай абароны супрацоўнікаў прадпрыемстваў-банкрутаў. Па словах першага віцэ-прэм’ера, адпаведны закон, які быў прыняты яшчэ 2012 годзе і з таго часу не мяняўся, сёння мае патрэбу ў комплекснай перапрацоўцы. 

«Прэзідэнт асобна адзначыў дырэктыву Еўрасаюза, якая была прынятая летась і з’яўляецца на сёння найбольш прапрацаваным нарматыўным дакументам міжнароднага ўзроўню. Яе цягам трох гадоў будуць імплементаваць у сваё заканадаўства ўсе краіны ЕС, называецца яна «Аб механізмах прэвентыўнай рэструктурызацыі на ранняй стадыі разбурэння бізнесу, прадастаўленні «другога шанцу», павышэнні эфектыўнасці працэдур рэструктурызацыі, неплацежаздольнасці, банкруцтве».

Нават сыходзячы з назвы, можна зразумець, што еўрапейская мадэль у гэтай сферы вельмі сур’ёзна змяняецца, і ўсё заканадаўства ўжо будзе нацэльвацца, у першую чаргу, на аднаўленне даўжнікоў, а не на прыярытэт крэдытораў, як было дагэтуль, — пракаментаваў гэтае пытанне парадку парады Дзмітрый Крутой. — У Еўропе толькі французы выкарыстоўвалі тую мадэль, якая ёсць у нашым заканадаўстве на сёння». 

Першы намеснік прэм’ер-міністра паведаміў, што кіраўнік дзяржавы пагадзіўся на ўнясенне праекта змененага закона ў ніжнюю палату, дзе да верасня ў камісіях будуць адпрацоўвацца ўсе прапановы, а на восеньскай сесіі законапраект можна будзе вынесці на галасаванне парламентарыяў.

Падрабязна на нарадзе абмяркоўвалася тэма развіцця электратранспарту ў нашай рэспубліцы. У прыватнасці, Прэзідэнта цікавіла, як спрацаваў адпаведны ўказ 2018 года. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што мы маем вынік у частцы развіцця інфраструктуры.

«У рэспубліцы ўжо з’явілася прыкладна 250 заправак, якія дазваляюць электрамабілям падзараджацца на адлегласць да ста кіламетраў. З улікам увядзення сёлета яшчэ 150 такіх заправачных пунктаў мы ў першасным набліжэнні гэтую інфраструктуру забяспечым», — паведаміў журналістам Дзмітрый Крутой.

А вось стымуляванне набыцця саміх электрамабіляў яшчэ застаецца пытаннем. Нацыянальная акадэмія навук распрацоўвае беларускую мадэль, але ў свеце самыя «прасунутыя» дзяржавы так ці інакш стымулююць набыццё такога віду транспарта — у першую чаргу ў частцы зніжэння падаткаў.

«Гэта ПДВ, інвестыцыйныя вылікі і іншае. І ўкараненне ўскосных стымулаў кшталту вызвалення ад падатку на ўдзел у дарожным руху, бясплатныя парковачныя месцы ці выкарыстанне вылучанай для гарадскога транспарту паласы», — растлумачыў першы віцэ-прэм’ер.

Прэзідэнт падтрымаў пералічаныя і шэраг іншых ініцыятыў. Дзмітрый Крутой упэўнены, што дакумент, дапрацаваны ў найбліжэйшы час, стане добрым стымулам для развіцця сферы электратранспарту.

Бутэлькі можна будзе здаць з карысцю

Далажылі кіраўніку дзяржавы і аб досведзе ўкаранення сістэмы дэпазітна-закладной тары, якой карыстаюцца краіны Еўрапейскага саюза. Прэзідэнт прымяненне такой канцэпцыі ў нас рамачна ўхваліў, але даручыў на працягу некалькіх месяцаў падрыхтаваць падрабязную даведку, чаго не хапае ў дзеючай сістэме. У прыватнасці, чаму так мала пунктаў збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, чаму яны не развіваюцца, што магчыма палепшыць у сённяшняй мадэлі, перш чым укараняць дэпазітна-закладную. Урад абазначыў тэрмін да 2021 года, але Аляксандр Лукашэнка з такой датай не згадзіўся.

«Прэзідэнт лічыць, што ў нас з часоў Савецкага Саюза ў адрозненне ад іншых краін яшчэ засталася мадэль зборачных пунктаў. Калі мы яе пашырым ці вылучым дадатковыя рэсурсы, павялічыўшы кошт другасных матэрыяльных рэсурсаў, нам можа не спатрэбіцца будаваць нешта новае. Трэба яшчэ дадаткова абмеркаваць тэхнічныя і эканамічныя аспекты», — растлумачыў першы віцэ-прэм’ер.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.