Вы тут

Уладзімір Каранік: Небяспека каранавіруса зніжаецца


Сітуацыя з каранавірусам у Беларусі па-ранейшаму ацэньваецца як стабільная і кантралюемая, адзначыў сёння на прэс-канферэнцыі міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Пры гэтым у Віцебску падазраюць тры новыя выпадкі заражэння сярод раней шпіталізаваных кантактных асоб захварэлых, якія вярнуліся з Італіі.


У іранскага студэнта, які першым быў шпіталізаваны ў Мінскую інфекцыйную бальніцу, ужо атрыманы ўсе адмоўныя тэсты, і яго можна аднесці да тых, хто паправіўся. Што да астатніх шпіталізаваных пацыентаў з групы кантактаў першага ўзроўню, якія заразіліся, то іх кантралююць цягам 14 дзён да атрымання двух адмоўных тэстаў на РНК каранавіруса. Усе яны адчуваюць сябе здавальняюча, прыкмет хваробы ў іх няма, і частка іх тэстаў таксама дала адмоўныя вынікі.

– Мяркую, што на гэтым тыдні мы атрымаем ў іх усе адмоўныя тэсты, і будзе вырашацца пытанне аб выпісцы з інфекцыйнага стацыянара, – заявіў Уладзімір Каранік. – Што тычыцца аднагрупнікаў гэтага студэнта і членаў сям’і (яго дзяўчыны – “Зв”.), якія не захварэлі, то на сёння тэсты таксама даюць адмоўны вынік.

Міністр паведаміў, што некаторыя кантакты першага ўзроўню, у прыватнасці, пасажыры самалёта, якія ляцелі разам з іранскім студэнтам, ужо выпісаны. Цягам 14 дзён лабараторная дыягностыка не пацвердзіла ў іх наяўнасць COVID-19. Чакаецца, што апошнія кантакты першага ўзроўню будуць выпісаны ў сераду.

А вось у Віцебску сярод кантактных асоб першага ўзроўню тых грамадзян, якія вярнуліся з Італіі, падазраюць яшчэ тры новыя выпадкі заражэння. Усе яны сярод раней шпіталізаваных асоб.

– У нядзелю прыйшлі тры станоўчыя тэсты з ліку кантактаў першага ўзроўню. Прыкмет інфекцыі ў іх няма. Зараз праводзіцца ўдакладняльная дыягностыка, і стаіць пытанне аб наяўнасці віруса ў іх арганізме. Пры пацвержанні аналізу з разраду кантактаў першага ўзроўню яны пяройдуць у разрад інфікаваных. Улічваючы іх стан, гэта або характар носьбіцтва віруса, або захворванне пройдзе ў лёгкай форме. А тое, што яны своечасова былі ізаляваны, дазваляе казаць пра зніжэнне рызыкі распаўсюджання інфекцыі, – пракаментаваў Уладзімір Каранік.

Вірулентнасць і агрэсіўнасць каранавіруса паступова зніжаецца

– Большая частка загінулых прыйшлася на Кітай. Агрэсіўны вірус знішчае свайго гаспадара і дзякуючы санітарна-эпідэміялагічным мерам не распаўсюджваецца далей. Цягам часу вірус муціруе. Распаўсюджванне атрымліваюць тыя штамы, якія выклікаюць больш лёгкае або бессімптомнае цячэнне хваробы. Кітай меў справу з самым агрэсіўным штамам. Небяспека гэтага віруса зніжаецца ў параўнанні з тым, якім ён быў месяц таму.

Уладзімір Каранік пракаментаваў і сітуацыю з актыўным распаўсюджваннем віруса ў Італіі.

– Мы пакуль не маем канчатковых дадзеных аб асаблівасцях успышкі каранавіруса ў Італіі. Але вядома, што інфекцыя першапачаткова атрымала распаўсюджанне сярод найбольш уразлівых груп насельніцтва. Першым захварэў сталы чалавек, ён кантактаваў са сваімі равеснікамі, да таго ж яго шпіталізавалі ў звычайную бальніцу, дзе таксама знаходзілася шмат сталых людзей.

У сувязі з гэтым ён нагадаў, што зараз у Беларусі назіраецца сезонны пад’ём захваральнасці на грып і іншыя вострыя рэспіраторныя інфекцыі. І парэкамендаваў абмежаваць наведванне пажылых бацькоў, асабліва калі ў вас маюцца сімптомы захворвання.  А таксама папярэдзіць іх не наведваць месцы збірання людзей без асаблівай патрэбы. Бо грып, рынавірусная, адэнавірусная інфекцыя ўяўляюць у сталым узросце не меншую небяспеку, чым каранавірус.

У Беларусі ўсе выпадкі цяжкіх пнеўманій тыпіруюцца на каранавірус

– Мы кантралюем сітуацыю з пнеўманіямі: іх колькасць зараз на ўзроўні мінулага года, 64 выпадкі можна аднесці да цяжкіх. З іх 34 пацыентам патрабуецца штучная вентыляцыя лёгкіх (летась іх было 42). Усе цяжкія пнеўманіі тыпіруюцца на каранавірус, пакуль ніводнага выпадку не выяўлена.

Ён паведаміў, што ва ўсіх стацыянарах краіны маецца 2 177 рэанімацыйных ложкаў, 2 049 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, 1,5 тысячы наркозных апаратаў, якія таксама могуць выкарыстоўвацца для штучнай вентыляцыі.

– Парк гэтага абсталявання ў нас дастатковы, і ўлічваючы меры, якія прымаюцца для нераспаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, ён наўрад ці спатрэбіцца. Але мы забяспечаны лепш, чым многія іншыя краіны.

Пры гэтым ён нагадаў, што ў сувязі з сезонным пад’ёмам захваральнасці на грып і іншыя вострыя рэспіраторныя інфекцыі планавыя шпіталізацыі часова адкладзены. Зараз у стацыянары па прычыне перапрафіліравання ложаў, якое адбываецца штогод у сезон пад’ёма захваральнасці, шпіталізуюцца толькі пацыенты з экстраннымі і неадкладнымі выпадкамі.

Пад лабараторным назіраннем знаходзіцца 1200-1300 чалавек, частка з іх – у стацыянары, астатнія – амбулаторна

У Мінску пры РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі ў кругласутачным рэжыме працуе тры лабараторыі. У суткі яны выконваюць да тысячы тэстаў. Усе аналізы робяцца сучасным метадам ПЦР-дыягностыкі ў рэжыме рэальнага часу. У кожным рэгіёне маюцца свае лабараторыі (іх сем), і ў выпадку неабходнасці усе яны будуць задзейнічаны.

Міністр адзначыў, што сёння на лабараторны кантроль бяруць грамадзян, якія вяртаюцца з Італіі, Ірану, Паўднёвай Карэі, Кітая. Тыя, хто вяртаецца з краін, дзе няма некантралюемага распаўсюджання COVID-19, а маюцца спарадычныя выпадкі, правяраюцца з дапамогай цеплавізійнага абсталявання ў момант перасячэння граніцы. Ім рэкамендуецца абмежаваць свае кантакты цягам 14 дзён пасля вяртання, а пры першых сімптомах хваробы звяртацца па медыцынскую дапамогу. Сітуацыя ў іншых краінах адсочваецца штодзень, але пакуль уводзіць дадатковыя абмежавальныя меры не плануецца. Не збіраецца Беларусь пакуль і істотна змяншаць экспарт дэзінфекцыйных сродкаў. У краіне маецца некалькі іх вытворцаў, а сённяшні запас здольны забяспечыць 4-11 месяцаў работы.

Алена КРАВЕЦ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?