Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.


1. Аліна Гарнасько стала пераможцай у мнагабор'і на турніры серыі Гран-пры па мастацкай гімнастыцы ў чэшскім Брно. Акрамя беларускі на п'едэстал трапілі Хрысціна Пагранічная з Украіны і балгарская спартсменка Барана Калейн.

Пасля перамогі ў мнагабор'і беларуская спартсменка выйграла яшчэ два медалі ў фіналах асобных відаў. Яна не ведала сабе роўных у кампазіцыі з абручом, а ў практыкаванні са стужкай заваявала «бронзу».

У стартах юніёрак беларускі Паліна Сланчэўская, Дзіна Агішава і Лізавета Зоркіна ўпэўнена перамаглі ў камандным турніры. На другім месцы зборная Украіны, трэція — амерыканкі. У асабістым мнагабор'і роўных не было Дзіне Агішавай.

Спаборніцтвы, якія праходзілі ў Брно 6—8 сакавіка, сабралі спартсменак з 16 краін.

2. Канькабежка Марына Зуева заняла другое месца на этапе Кубка свету, які завяршыўся ў Херэнвене. Вынік, які Зуева паказала ў жаночым мас-старце, — 8 хвілін 12, 540 секунды. Пераможцай у гэтым відзе праграмы стала нідэрландская спартсменка Меліса Вейф'е — 8 хвілін 11,740 секунды. Замкнула тройку наймацнейшых Ірэн Схаўтэн (Нідэрланды) — 8 хвілін 30,630 секунды.

У агульным заліку Кубка свету ў гэтай дысцыпліне першынствавала канадка Івані Блондэн, якая набрала 548 ачкоў. У актыве Марыны Зуевай 282 набраныя ачкі і 13-е месца.

3. Тэнісісты зборнай Беларусі саступілі ў Дзюсельдорфе ў кваліфікацыйным матчы Кубка Дэвіса камандзе Германіі з лікам 1:4. У апошняй суботняй гульні, якая ўжо не мела прынцыповага турнірнага значэння, дэбютант беларускай дружыны Даніла Астапенка прайграў у дзвюх партыях немцу Дамініку Кепферу — 0:6, 2:6. А вырашальным у матчы стаў паядынак лідараў каманд, у якім Ян-Ленард Штруф перайграў Ягора Герасімава, — 6:3, 6:2. Акрамя таго, у парнай сустрэчы беларусы Андрэй Васілеўскі і Ілья Івашка прайгралі ў двух сэтах нямецкаму дуэту Кевін Кравіц/Андрэас Міс — 4:6, 6:7. У першы гульнявы дзень матча 6 сакавіка Ілья Івашка саступіў Яну-Ленарду Штруфу (4:6, 4:6), а Ягор Герасімаў перамог Філіпа Кольшрайбера (4:6, 7:5, 7:6).

Акрамя каманды Германіі перамогі ў кваліфікацыйных сустрэчах атрымалі тэнісісты Аўстраліі, Казахстана, Італіі, Швецыі, Венгрыі, Аўстрыі, Чэхіі, Калумбіі, ЗША, Харватыі і Эквадора.

Без удзелу ў кваліфікацыі ў фінале каманднага чэмпіянату планеты згуляюць тэнісісты Іспаніі, Вялікабрытаніі, Канады, Францыі, Сербіі і Расіі. Фінальны этап Кубка Дэвіса адбудзецца 23—29 лістапада ў Мадрыдзе.

4. Зборная Беларусі па спартыўнай акрабатыцы выйграла тры медалі рознай вартасці на этапе Кубка свету, які завяршыўся ў партугальскай Майі. Найбольшы поспех на турніры спадарожнічаў беларусам у спаборніцтвах мужчынскіх дуэтаў. «Серабро» забяспечылі сабе Максім Маркевіч і Алег Міхалевіч. Бронзавыя медалі выйгралі Арцём Яшчанка і Аляксей Заяц. Перамаглі ў гэтым відзе брытанцы. Яшчэ адзін медальны поспех адзначылі беларусы ў фінале турніру змешаных пар. «Серабро» заваявалі Ганна Касьян і Канстанцін Еўстафееў.

Наперадзе ў зборнай Беларусі па спартыўнай акрабатыцы выступленне на балгарскім этапе Кубка свету, які пройдзе ў Сафіі ў пачатку красавіка.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Медальны россып у грацый

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».