Вы тут

Выдадзены «Летапіс жыцця і творчасці Івана Пятровіча Шамякіна»


Такія кнігі з'яўляюцца нячаста. І чытач у іх не самы масавы. Але гэта ні ў якім разе не адпрэчвае выключнае гісторыка-літаратурнае, асветніцкае значэнне падобных выданняў.


«Летапіс жыцця і творчасці Івана Пятровіча Шамякіна» (Мінск, «Беларуская навука», 2020 год) — вялікая падзея не толькі ў беларускім літаратуразнаўстве. Гэтая ёмістая кніга, якую сабраў, напісаў член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук доктар філалагічных навук Міхась Іосіфавіч Мушынскі, з'яўляецца своеасаблівым дакументам часу. Дзень за днём, выкарыстоўваючы мноства розных крыніц, даследчык узнаўляе жыццё чалавека, які пакінуў пасля сябе вялікую творчую спадчыну, здолеў спалучыць у сабе шмат якасцяў і творчай асобы, і сапраўды актыўнага грамадскага і палітычнага дзеяча. Мастацкая літаратура, відавочна, была для яго праявай злучанасці чалавека, нераўнадушнага грамадзяніна, сацыяльна неабыякавага да навакольнага жыцця, з лёсам Беларусі, сваёй Айчыны, ды той савецкай краіны, якая выпеставала яго высокі талент. Дзясяткі раманаў, аповесцяў Івана Шамякіна, а следам і спектакляў, кінафільмаў, зробленых, пастаўленых па яго творах, — і сёння на слыху ў чытача, гледача. Яшчэ жыве пакаленне ўдзячных чытачоў, тых людзей, якіх вынайдзеныя пісьменнікам сюжэты, вобразы, сімвалы хвалявалі, прымушалі думаць, разважаць над жыццём. Гэтым і цікавы летапіс яго пісьменніцкага і чалавечага лёсу, гэтым і цікавая праца Міхася Мушынскага, што старонкі кнігі паказваюць веліч, маштаб Асобы.

У многіх сваіх днях Іван Шамякін судакранаўся са «Звяздою» — партыйнай, урадавай і парламенцкай газетай, якая не толькі пісала пра яго ў рэцэнзіях і артыкулах, але і яго завостранаму публіцыстычнаму слову давала месца.

Дарэчы, якраз зусім «звяздоўскім» здаецца і адзін з раманаў І. Шамякіна. Цытуем па «Летапісе...» згадку пра лета 1976 года: «Падчас прагулкі па парку сустракае рэдактара газеты «Звязда» А. Тоўсціка, які распавёў пісьменніку драматычную гісторыю паліцая, асуджанага на дваццаць пяць гадоў сібірскіх лагераў за злачынствы, учыненыя ў гады фашысцкай акупацыі. Адбыўшы суровае пакаранне, вясковец атрымаў правы грамадзянства, уладкаваўся на працу лесарубам. Але неўзабаве яго знайшлі ў лесе павешаным. Афіцыйная версія гэты выпадак палічыла самагубствам, вяскоўцы — пакараннем былых партызанаў і дзяцей тых, хто загінуў па даносе паліцая. Так нарадзіўся сюжэт рамана.

З мэтаю заглыблення ў жыццёвы матэрыял пісьменнік едзе ў творчую камандзіроўку ў калгас імя Урыцкага Гомельскага раёна...» Размова — пра раман «Вазьму твой боль», які Іван Шамякін закончыў пісаць 24 мая 1978 года.

У адным з некралогаў, які прыведзены напрыканцы «Летапіса», ёсць такія словы: «Па сваёй прыродзе Іван Пятровіч Шамякін быў знакавай нацыянальнай асобай, надзвычай плённым і таленавітым творцам...» І яшчэ — з таго самага некралога: «Ягоныя героі, як атланты і карыятыды з аднайменнага рамана, гожа, надзейна, вечна трымаюць храм нашай духоўнасці на сваіх волатных плячах».

Крыху меней чым праз год будзе вялікая дата — стагоддзе з нараджэння пісьменніка. «Летапіс жыцця і творчасці...» — добры напамін, каб не забыліся пра будучы юбілей. Не забыліся дзяржава, многія інстытуты ўлады, грамадскія арганізацыі, беларускі народ. Нагадаем, што ў 2010—2014 гадах у «Мастацкай літаратуры» пабачыў свет збор твораў Івана Шамякіна ў 23 тамах. Івана Шамякіна, аўтара «Трывожнага шчасця», раманаў «Сэрца на далоні», «Крыніцы», «Снежныя зімы», іншых твораў, якія і праз многія дзесяцігоддзі застануцца мастацкімі дакументамі часу, чытачы не забудуць.

Кастусь Ладуцька

Прэв'ю: rg.ru

Загаловак у газеце: Маштаб асобы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.