Вы тут

Пытанне ад чытачкі: Ці праўда, што на стары Месяц не варта пачынаць нічога новага?


Г. П. Няпэўная з Чэрвеньскага раёна пацікавілася: «Ці праўда, што на стары Месяц не варта пачынаць нічога новага?»


Трэцюю квадру Месяца, якую ў народзе называлі старык, збыта, на сходні, ветах, веташка, лічылі самай неспрыяльнай для правядзення сельскагаспадарчых і дамашніх работ, а таксама для перспектыў будучага жыцця. У некаторых мясцінах пачатак (першыя дні) апошняй квадры Месяца называюць яшчэ рушанне (г. зн. зрушыцца з месца, разваліцца).

Як казалі на Гарадзеншчыне: «Трэцяя квадра і маладзік лічацца часам, неспрыяльным для вывазу гною і іншых палявых прац... не толькі беларус, але і жмудзін не пачне ні араць, ні вазіць гной, ні сеяць». У «Матэрыялах для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраных афіцэрамі генеральнага штаба ў Смаленскай губерні, 1862 г.» знаходзім: «Белоруссы строго наблюдают новолуніе, полнолуніе и ущерб месяца; во время ущерба они не начинают посева хлеба». А народная мудрасць безапеляцыйна абвяшчае: «Пасеяўшы на сходу, не дажыдай плоду».

Нашы далёкія продкі ведалі аб існаванні вялікага касмічнага закона, які цалкам падпарадкоўваўся цыклічнасці фаз Месяца. З надыходам маладзіка ў прыродзе ўсё быццам ажывала і набывала дынаміку імклівага напаўнення сокамі зямлі. І наадварот, калі Месяц паварочваў на збыта, быццам нечая вялікая рука стамлялася і на нейкі час апускалася ўніз для кароткага адпачынку. Следам за ёй уніз, да каранёў, кіраваліся і энергетычныя патокі. У гэты час раілі саджаць тыя культуры, якія фарміравалі свае плады ніжэй за гарызонт зямлі: бульбу, буракі, цыбулю, часнок.

Сімволіка збыта — знішчэння, памяншэння — абумоўлівала характар працы: у гэты час займаліся праполкай, пасынкаваннем, выкарчоўвалі кустарнікі, падстрыгалі дрэвы. Лічылася, што на збыта барацьба са шкоднікамі садоў і агародаў будзе асабліва паспяховай. Для пярыны стараліся браць пяро, якое было нарыхтавана адразу ж пасля поўні, тады яно лажылася гладка. Калі ж пяро апрацоўвалася ў іншы час, то пярына «будзе быццам заўсёды вільготная».

Неабходна адзначыць, што вызначанае стаўленне да фаз Месяца і свядомае разуменне сэнсу прыродна-касмічных працэсаў і рытмаў адпаведна праецыравалася і на час нараджэння чалавека, і на час яго смерці. Лічылася, што доўга жыць будуць тыя дзеці, якія нарадзіліся ў першую чвэрць, шчаслівыя і багатыя з'яўляюцца на свет у другую чвэрць. У сувязі з гэтым народная традыцыя выпрацавала правілы, з дапамогай якіх можна было пэўным чынам уздзейнічаць на лёс дзіцяці (падкарэктаваць адмоўныя фактары), якое нарадзілася на збыта ці на межы — калі месяца зусім няма на небе: напрыклад, пахрысціць яго на маладзік.

Ад В. А. Астаповіча ў вёсцы Данілевічы Лельчыцкага раёна мы таксама пачулі наступнае меркаванне: «Гаварылі, калі чалавек памёр на збыта, то праз некаторы час і гаспадарка яго ўся сыдзе».

Можа, таму на збыта, асабліва ў самыя апошнія дні трэцяй чвэрці Месяца, пазбягалі ладзіць вяселлі, улазіны, пачынаць перспектыўныя, доўгачасовыя справы, адпраўляцца ў вандраванне, кіруючыся мудрымі словамі: «Калі пойдзе месяц на збыт, дык павыплывае ўсякае няшчасце на світ».

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый ды абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Прэв'ю: natworld.info

Загаловак у газеце: Чаго не рабілі на збыта?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».