Вы тут

Аленіны дэбюты. Маналог актрысы, якая ведае хуткі спосаб пазбаўлення ад нуды


Калі Алена Хрысціч упершыню з’явілася ў двары Тэатра юнага гледача, акцёры, якія адпачывалі на сонейку паміж рэпетыцыямі, захоплена прысвіснулі: божачкі, якія пастэльныя фарбы і адценні…


І яны не памыліліся ў сваім вызначэнні, схапілі, што называецца, сутнасць дзяўчыны. Потым пра яе як актрысу ў ТЮГу гаварылі: актрыса пастэльных адценняў. А у мяне Алена з пачатку нашага сяброўства асацыюецца з французкай актрысай Адры Тату, якая праславілася пасля фільма «Амелі». Было ў манеры і стылі паводзін коратка стрыжанай Алены нешта «французкае». Гэта і жаноцкасць, і вытанчанасць, і элегантнасць, і дружалюбнасць… І нават лёгкая разняволенасць, якая часам нагадвала характар хлапчука-свавольніка. Мусіць, менавіта тую «родную» еўрапейскую рысу і ўгледзеў у Алене «заезджы» французкі рэжысёр Андрэ Фарнье, калі ставіў у Мінску спектакль «Круцельствы Скапэна» паводле п’есы Жана-Баціста Мальера. У ім Алена грала ролю карміцелькі Нярыны, тэмпераментную, у сабе ўпэненую, якая ведала толк і ў жыцці, і ў каханні. Менавіта яе і яшчэ двух актрыс выбраў Андрэ Фарнье з усяго жаночага саставу тэатра. З гэтай пастаноўкай Маладзёжны тэатр, дарэчы, пабываў на гастролях у Ліёне. У ёй Алена выходзіла на сцэну роднага тэатра і напярэдадні 2000‑га ў дзень свайго нараджэння. Потым было і мноства другіх цікавых роляў, і дзён нараджэння. І ўсе, як гаворыць Алена, любімыя. Урэшце, як і апошняя роля Мерчуткінай у спектаклі па п’есе Антона Чэхава «Юбілей», які рыхтаваўся як бенефіс Алены Хрысціч з нагоды яе юбілею.

У той вечар у Маладзёжным было святочна. Пасля спектакля па добрай старой тэатральнай традыцыі калегі Алены наладзілі капуснік, у якім галоўнай гераіняй была яна.

Творчасць гэтай запамінальнай характарнай актрысы ў Беларусі заўважана. Яна — вядучы майстра сцены Маладзежнага тэатра, лаўрэат медаля Францыска Скарыны. Ім актрысу ўзнагародзілі за вялікія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны ўнёсак у развіццё і прымнажэнне духоўнага патэнцыялу, культурнай спадчыні беларускага народа. Таксама Алена Хрысціч адзначана нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўнёсак у развіццё культуры Беларусі».

А вось што яна гаворыць сама.

✓ Калі параўноўваю сваё жыццё з вялікім шляхам, то прыгадваецца такі момант. Ён, як той запамінальны яскравы прыпынак, дзе я, трохгадовая дзяўчынка быццам села ў машыну часу і пачала рухацца па жыцці, усведамляючы сябе. Добра памятаю, як мой тата Мікалай Іванавіч, а ён быў чыгуначнікам, прыйшоў пасля работы дадому і сказаў нам пра тое, што яго ўзнагародзілі Ордэнам Леніна. Мама Лізавета Цімафееўна, светлая ім абодвум памяць, кінула мыць падлогу, заойкала, узрадвалася, пачала распытваць… Той ордэн на маёй маленькай далоньцы і дагэтуль перад вачыма. Памятаю, і як вельмі ганарылася таткам, бо яму тую прыгожую «цацку» далі за выдатную работу на чыгунцы.

✓ Нас было пяцера дзяцей. Старэйшыя дзве сястры і двое братоў мяне, малодшую, вельмі любілі. Я для іх была накшталт жывой лялькі, якая адказвала ім сваім захапленнем. Можа таму так рана я навучылася і чытаць, і пісаць. А яшчэ, гэтага мне ніколі не забыць, я ўсё танцавала. Толькі ў Баранавічах, дзе і нарадзілася, магчымасці вучыцца на балерыну, не было. А ў Мінску пры харэаграфічным вучылішчы таксама не было інтэрната для іншагародніх. Таму бацькі і не хацелі, каб я змалку жыла ў чужых людзей. Вось таму я і хадзіла ва ўсялякія танцавальныя баранавіцкія гурткі. А па вечарах дэманстравала свае здольнасці перад роднымі. Яшчэ і спортам займалася, як і многія мае жвавыя равесніцы. Потым, у старэйшых класах пачала выступаць на сцэне Баранавіцкага народнага тэатра.

✓ Толькі праз год пасля заканчэння школы паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на курс да цудоўнага педагога Аляксандра Бутакова. Ён, у адрозненне ад Уладзіміра Маланкіна, які адразу пасля школы мяне да сябе не ўзяў, так бы мовіць, зусім юная, наадварот: набраў юнакоў і дзяўчат, якія толькі што закончылі школу. Атрымалася, што я была сярод іх нават на год старэйшая. Гады вучобы праляцелі так хутка, што я нават не зразумела на дыпломным спектакле, як тое так здарылася. А гэта ж пять гадоў! Наогул, з часам у мяне надзвычай цікавыя стасункі. Але пра гэта крыху пазней.

✓ Пасля інстытута па размеркаванні я апынулася ў Тэатры драмы і камедыі імя Вінцента Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Адпрацавала там тры гады. Роляў было многа. І ўсе любімыя. Як можна не любіць маю Мэлю з польскай п’есы «Мараль пані Дульскай» Габрыэлі Запольскай? Урэшце і ўсе астатнія. Я іграла і маладых гераінь, і інжэню. Мне даводзілася набываць акцерскі досвед і падчас шматлікіх гастроляў па вялікай краіне — былым Савецім Саюзе. Той час — незабыўны. Мы аб’ездзілі ўсю Украіну, гастралявалі ў Прыбалтыцы…

✓ У Тэатр юнага гледача мяне запрасіў Рыгор Баравік. Ён тады ставіў там спектаклі. Мая блізкая сяброўка і сакурсніца Галіна Кухальская ўжо працавала ў гэтым тэатры: яна рана выйшла замуж за мінчаніна. Так мы ў адной грымёрнай і апынуліся. І ў адных спектаклях былі занятыя. Каго я толькі там не іграла на працягу дзесяці гадоў! І Аленіху, і Малпачку, і Кветку, і Хлапчука, і Школьніцу. Іграла Прынцэсу і Цюленіху Сафі — галоўную ролю ў спектакле «Як выкралі Сафі». Незабыўны і спектакль па п’есе Аляксандра Хмеліка «Гуманоід у небе імчыцца», у якім я з задавальненнем выконвала центральную ролю школьніцы Малахавай.

✓ У маім сцэнічным жыцці было шмат вясёлых момантаў, забаўных сітуацый. Гэта тое закуліссе, якое не бачнае гледачам з глядзельнай залы. Гэта было звязана і з беларускай мовай, і нават з сабакамі, якія па п’есе былі маімі партнёрамі. Так-так, мне даводзілася і смяяцца, і плакаць ад таго, як чацвёраногія нашы браты зменьвалі «малюнак ролі». Быў такі сабачка Пушок у спекатаклі «Гуманоід…». Ен бегаў вакол мяне, звонка гаўкаў… Тое вельмі падабалася гледачам. А аднойчы Пушок выляцеў на сцэну, моўчкі прысеў і зрабіў «міну». Школьнікі ў зале былі ў захапленні. А мы, акцёры, душыліся ад смеху. Толькі ўявіце, як было складана не разрагатацца і далей іграць, як быццам нічога не здарылася. Цішыня ў зале была такая, што чулася дыханне гледачоў. Яны пільна сачылі за тым, ці наступяць акцёры на «міну». Дзякуй Богу, ніхто на яе не наступіў, усё абышлося. Праўда, потым, калі мы адкланяліся, калі апусцілася заслона, смяяліса за кулісамі да слёз, да ікоты. А вось у Валгаградзе на гастролях спектакль з‑за Пушка давялося нават перапыніць. Толькі гэта быў не мінскі Пушок, а мясцовы вялізны сенбернар. Ён быў калматы, прыгожы, міралюбны і выклікаў давер. Ды і рэкамендацыі пра яго выхаванасць былі найлепшымі. Калі яго выпусцілі на сцэну і далі каманду — бегаць, сенбернар чамусьці спалохаўся, стаў насіцца па сцэне з хрыплым гаўканнем. Потым пабег з яе, уляцеў у кулісу, там заблытаўся, куліса абвалілася… Я была на мяжы непрытомнасці. І толькі паўтарала: «Божа мой, што будзе?..» А ў зале стаяў рогат і ўсеагульнае захапленне. А надалей давялося іграць гэты спектакль без «сабачага» партнера.

✓ Здараліся казусы і з мовай. Я па паходжанню руская, маю сербскія карані (прадзед прыехаў з Македоніі). Інстытутскай практыкі было недастаткова, таму засвойвала беларускую мову ў ролях, як кажуць, на хаду. Магла перайначыць словы так, что тое таксама выклікала смех. «І калі ты пачнеш гаварыць па-беларуску?», — казаў не аднойчы мне Аляксей Дудараў. У той час ён працаваў у тэатры акцёрам, і гэтую працу сумяшчаў з абавязкамі загадчыка літаратурнай часткі. І, натуральна, вельмі патрабавальна ставіўся да чысціні мовы. А для мяне на той час гэта было не надта лёгка. Да прыкладу, слова «грыбы» я магла вымавіць як «грабы», калі ў ролі Прынцэсы падавала Кату ў ботах патэльню з грыбамі. Акцёры, канешне ж, ледзь стрымлівалі смех. Самой цяпер таксама смешна, але і крыху ніякавата. Праўда, адно магу дадаць, усе заўвагі маіх партнёраў па сцэне выказваліся ў дабразычлівай, не крыўднай форме, а іх смех над маімі «перламі» быў дружалюбным.

✓ Мая любоў і захапленне тэатрам бясспрэчныя. Я не сыграла ні воднай ролі, якая б мне не падабаліся. Кожная — гэта жыццё. Самастойнае, цікавае, хоць і віртуальнае. У яго паглыбляешся, над ім раздумваеш, яго напаўняеш уласнымі пошукамі, сэнсам.

✓ У мяне, як актрысы і чалавека, не бывае часу на тое, каб нудзіцца. Наогул, здзіўляюся, калі некаторыя людзі гавораць, што іх напаткала нуда. Калі такое чую, так і хочацца сказаць: рукі-ногі цэлыя, ты — жывы, здаровы, што яшчэ трэба?.. У такіх выпадках раю чалавеку ўявіць сабе, што яго няма на свеце. Асабіста для мяне кожны момант жыцця — вялікі цуд. Колькі ў ім цікавага, дзівоснага! Толькі б паспець і тое зрабіць, і туды паехаць, і з сябрамі сустрэцца… Такое адчуванне, што жыццё імчыцца як хуткі цягнік. Здаецца, вось нядаўна быў адзін мой юбілей, які адзначаўся ў Маладзежным тэатры, куды я прыйшла пасля ТЮГа. Цяпер — другі. У Маладзежным тэатры, дзе я дагэтуль працую вось ужо як 35 гадоў, прайшла палова майго творчага жыцця. Ізноў жа сюды мяне паклікаў Рыгор Баравік. Ён быў першым галоўным рэжысёрам Маладзежнага тэатра. У нас тады не было свайго будынку, нават па начах рэпеціравалі, працавалі на энтузіязме.

✓ Я не тужу ад таго, што гады ляцяць. Бо займаюся любімай прафесіяй. Гэта дазваляе мне быць у добрай форме. Але я была б не шчырай, калі б сказала, што маршчынкі на твары мяне радуюць. Яны з’явіліся неяк нечакана, раптам. Спачатку гэта быў шок. Увесь час маладая, самая-самая сярод аднагодак. І тут табе — на! Але я і не тужу па маладой скуры, не раблю ботакс-ліфцінг і іншыя амалажальныя хітрыкі для твару. Калі гляджуся ў люстэрка, кажу сабе: прыйшоў і твой час, гэта дадзенасць жыцця, старэнне — працэс натуральны. І ўсміхаюся…

✓ І яшчэ крыху падрабязнасцяў пра ўзрост. Доўгі, вельмі доўгі час у мяне на твары не было ніякіх слядоў старэння. Мае сяброўкі здзіўляліся, казалі: «Ленка, нешта ты такое з сабой робіш, што маршчын не маеш». Ды я й сама здзіўлялася. Але калі глядзела на маму, то разумела: гэта проста гены. Такой і я ўрадзілася. З‑за маёй знешнасці таксама здараліся недарэчныя, сказала б, нават смешныя выпадкі, калі мне скідвалі гадоў 15, а то і 20. Аднойчы мы з сяброўкай пайшлі ў краму, каб дакупіць на святочны стол тое-сеё: быў дзень нараджэння яе мужа. Захапілі і шампанскае. Ідзем праз касу. А касірка і кажа, звяртаючыся да мяне: дзяўчынка, шампанскае табе нельга… І забірае тую пляшку. Я смяюся: такія выпадкі са мной ужо здараліся, калі пашпарт патрабавалі, які б засведчыў мой узрост. Ох, памятаю, як сяброўка мая моцна раззлавалася, пачала даказваць, што ёй і мне амаль 40. А касірка і гаворыць: вам можа і сорак, а вось дзяўчынка няхай пашпарт пакажа… Пашпарта ў мяне не было. Так мы тады і не купілі шампанскае.

✓ Для актрысы ў любым узросце важна выглядаць добра. Сродкі для таго вядомыя: паўнацэнны сон, здаровае харчаванне, свежае паветра і радасны настрой. Што я імкнуся спавядаць штодзень. Калі прачынаюся, думаю: дзякуй Богу, я — жывая! У пэўным сэнсе кожны новы дзень для мяне — дэбют. Дэбют жыцця, якім я яго ўспрымаю. Гэта мая штодзённая прэм’ера. Як я сыграю сваю ролю чалавека, жанчыны, актрысы? І калі я вечарам прыходжу дадому ў добрым настроі, хоць крыху і стомленая, радуюся таму, што нікога не пакрыўдзіла, не раззлавалася па дробязях, удала сыграла спектакль. Апладзісменты гледачоў гучаць унутры, я прыгадваю іх усмешкі і ўдвая радуюся: спектакль прайшоў добра. А гэта такое вялікае шчасце!

✓ Я ніколі не зайздросціла «зорным» гераіням. Бо разумела, ну не могуць быць усе такімі, як на конкурсах прыгажосці. І ведала сабе цану з дзяцінства. Дзякуй за тое маёй мамачцы, тату, братам і сёстрам. Яны заўсёды мне казалі: такой, як ты, больш няма ў свеце. І я разумела, што і сапраўды — я гэта я. І мне трэба раскрываць сябе, а не «касіць» пад кагосьці іншага. Але ж я жывы чалавек. І калі ролі размяркоўваюцца, натуральна, рэагую. Даводзілася сябе і ў рукі браць, як кажуць. Так было з невялічкай узроставай роляй Марыі Васілеўны Вайніцкай, маці Дзядзькі Вані ў п’есе Антона Чэхава «Дзядзька Ваня». Спачатку, калі мне прапанавалі гэтую ролю, я, прызнаюся, крыху пакрыўдзілася, так бы мовіць, няўжо я такая старая, што іншага для мяне нічога не знайшлося… Але ўсё атрымалася як нельга лепш. Рэжысёр Віталій Катавіцкі настолькі далікатна вёў рэпетыцыі, што я неяк глыбока ўсвядоміла: сапраўды, няма роляў маленькіх, нязначных. Відаць, тая роля якраз і стала для мяне пераходнай, каб рэагаваць на тое, што табе прапануюць, з радасцю. Як жа я палюбіла сваю гераіню, і як жа мне было яе, жанчыну, якая жыла ў ілюзіях у дачыненні да свайго сына, шкада. І як я радавалася, што мне ўдалося трансфармаваць гэты вобраз на працягу сцэнічнага дзеяння. Калегі мне гаварылі, што ў мяне атрымалася сыграць жанчыну, якая на вачах быццам прачнулася. Калі я працавала над гэтай роляй, увесь час памятала словы Чэхава пра Вайніцкую: толькі б актрыса яе не сапсавала…

✓ Няпроста ў свой час мне даўся драматычны характар Любові ў спектаклі «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» паводле п’есы Святланы Алексіевіч. Праўда, прэса пісала, што і ў мяне атрымаўся мой маналог-споведзь. Гэтым спектаклем адкрыў, дарэчы, свой першы тэатральны сезон наш Маладзёжны, заявіў пра сябе як новы тэатральны калектыў. А складанасць была вялікая. Нас, памятаю, захапіла кніга Алексіевіч. Але тое, што захапіліся мы, не азначала, што захопіцца гледач. Я і мае партнёры — пакаленне пасляваеннае. Для нас жахі вайны — паняцце хутчэй абстрактнае. Першая цяжкасць была ў наступным: як суаднесці свой жыццёвы, маральны досвед з досведам жанчын ваеннага пакалення, з тымі ўнутранымі зрухамі, якія адбываліся з кожнай гераіняй. А другая цяжкасць была ў тым, што мы ігралі і маладых дзяўчат, якія пайшлі ваяваць пасля школы і адначасова сталых жанчын-ветэранак вайны. Можа ў нас не ўсё атрымалася, але нават Святлана Алексіевіч адзначала нашу шчырасць, непасрэднасць, узрушанасць. Больш таго, яе прывабіла, як у нашым спектаклі была вырашана тэма ўзаемаадносін моладзі са старэйшым пакаленнем.

✓ Роляў заўсёды не хапае. Калі ты актрыса, то хочаш быць увесь час занятай. Але, пэўна, у тым — што мы і занятыя, і не занятыя, ёсць здаровы сэнс. Перапынкі патрэбныя. Каб азірнуцца, падумаць, чаго ты варты ў гэтым жыцці. Ды і наогул, часам так добра проста спыніцца! І, паўтаруся, парадавацца жыццю: бо ў ім кожны дзень — дэбют. Вось я і імкнуся так жыць. З ўдзячнасцю за ўсё, што маю.

Гутарыла Валянціна Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».