Вы тут

«Дойлiды» з Полацку распавялі пра вопыт у будаўнічых студатрадах


У студатрадаўскiм руху адным з самых папулярных кiрункаў лiчыцца будаўнiчы. Найлепшым у гэтай намiнацыi па вынiках леташняга Усебеларускага з'езда студэнцкiх атрадаў «Час руху!» сталi «Дойлiды» з Полацкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Таксама найлепшымi былi прызнаныя камандзiр i камiсар гэтага атрада — Уладзiслаў Шынкевiч i Валянцiн Бараноўскi. Мы пагаварылi з iмi i iншымi байцамi пра атрыманы вопыт работы. Што галоўнае яны набылi падчас трэцяга працоўнага семестра?


Байцы з атрада «Дойлiды».

— У студэнцкiм актыве я з першых курсаў вучобы. Тады ж дазнаўся пра будаўнiчыя атрады i вырашыў паспрабаваць, — апавядае студэнт-чацвёртакурснiк iнжынерна-будаўнiчага факультэта Уладiслаў ШЫНКЕВIЧ. — Упершыню паехаў у Астравец у 2018 годзе байцом. Наша каманда з 18 чалавек працавала ў горадзе падсобнымi рабочымi ў брыгадзе вопытных майстроў. На другi год я ўжо меў пасаду камандзiра, разам з iншымi хлопцамi мы шчыравалi дарожнымi рабочымi на аб'екце атамнай электрастанцыi.

Трэцi працоўны семестр у «Дойлiдаў» звычайна доўжыцца з пачатку лiпеня да канца жнiўня. Хлопец кажа, што падчас яго днi праходзяць насычана i разам з тым напружана. На сон застаецца не больш за чатыры—пяць гадзiн.

— Бывала, што некаторыя тэлефанавалi бацькам i скардзiлiся, наколькi iм цяжка на будоўлi. Iх зразумець можна, бо такая праца не для ўсiх: у каго няма стрэсаўстойлiвасцi, таму складаней. Дапамагала «разрадка» ў выглядзе розных актыўнасцяў: спартыўных гульняў, канцэртаў, конкурсаў i спаборнiцтваў. Творчы складнiк нашай дзейнасцi вельмi важны, мне гэта блiзка. Калi трэба, магу праспяваць, станцаваць, падтрымаць у любым вiдзе спорту. Таму летась i каманду збiраў адпаведную: энергiчных i iнiцыятыўных.

Уладзiслаў прызнаецца, што дзякуючы рабоце ў «Дойлiдах» ён навучыўся ўзаемадзейнiчаць у дарослым калектыве, а таксама прымаць крытыку. «Шчыра кажучы, быць камандзiрам падабаецца мне нашмат больш, чым байцом. Хоць i лiчу, што вылучацца на пасаду трэба праз некалькi гадоў пасля таго, як атрымаеш першы вопыт работы, бо толькi так будзе зразумела, на што ты здатны i якiя маеш перспектывы. Сёлета хачу паспрабаваць сябе ў больш адказнай i высокай ролi — камандзiра будоўлi, калi каманда падтрымае».

Леташнi камiсар «Дойлiдаў» Валянцiн БАРАНОЎСКI, якi цяпер вучыцца на пятым курсе iнжынерна-будаўнiчага факультэта, канстатуе, што ва ўнiверсiтэце рух студэнцкiх атрадаў у кожнага на слыху. Таму нядзiўна, што ўжо два гады хлопец выбiрае замест летняга адпачынку працу.

— Такi вопыт — гэта выдатны спосаб праверыць сябе на трываласць. Акрамя таго, неблагая магчымасць зарабiць i зарадзiцца добрымi эмоцыямi. Як камiсар я адказваў за культурныя мерапрыемствы, але асноўным штодзённым абавязкам былi дарожныя рамонтныя работы. Каб можна было паспрабаваць свае сiлы ў розных справах, дазвалялася мяняцца зонай адказнасцi са сваiмi калегамi. Дзяўчат у нашым атрадзе пакуль што няма, але мы працуем над тым, каб гэта змянiць, — дзелiцца Валянцiн.

Суразмоўнiк расказаў, што падчас трэцяга семестра ў Астраўцы ён набыў новыя навыкi, якія вельмi дапамагаюць яму цяпер у паўсядзённым жыццi.

— Раней не ўмеў нiчога рабiць у графiчных рэдактарах кшталту фоташопа, але так выйшла, што для падрыхтоўкi да аднаго конкурсу гэтыя веды спатрэбiлiся. Хутка навучыўся, i мне спадабалася. Таксама зразумеў, што нiхто, акрамя мяне, не вырашыць мае праблемы: з'явiлiся — вырашай.

Налета ў «Дойлiдаў» плануюцца некаторыя змяненнi ў пасадах. Цяпер камандзiрам будзе студэнт чацвёртага курса iнжынера-будаўнiчага факультэта Эдуард ЮРОЎСКI, а камiсарам — студэнт таго ж курса механiка-тэхналагiчнага факультэта Уладзiслаў КОНАХАЎ.

— Уступiў у будатрад на першым курсе, хацелася атрымаць новыя ўражаннi, — кажа Уладзiслаў. — Радавала тое, што гэта нiякiм чынам не перашкаджала вучобе, было лёгка сумяшчаць абедзве справы. Летась быў байцом, сёлета атрымаў статус камiсара — штогод такiя званнi выбiраюцца з дапамогай адкрытага галасавання каманды. Мне пашчасцiла папрацаваць як на Астравецкай АЭС, так i ў самiм горадзе. Галоўнай матывацыяй для сябе лiчыў жаданне не падвесцi iншых i стаць найлепшым, што ў нас i атрымалася.

Уладзiслаў прызнаецца: яго бацькi першапачаткова здзiвiлiся, што хлопец зацiкавiўся студэнцкiм рухам, думалi, што гэта не працягнецца доўга. «Але калi пераканалiся ў сур'ёзных намерах на гэты конт, парадавалiся. Сябры i знаёмыя таксама не разумелi, што там рабiць, аднак праз некаторы час самi з ахвотай уступалi ў розныя атрады».

— Пасля працоўных семестраў наша сяброўства з камандай не заканчваецца, мы збiраемся на выязных мерапрыемствах, наведваем дзiцячыя дамы з канцэртамi, ездзiм у прытулак для хатнiх жывёл. Аналiзуючы, што мне дае такая дзейнасць, разумею: тут з'яўляецца адказнасць перад сабою i iншымi. Таксама раскрываюцца здольнасцi i таленты. Сярод нашых байцоў першапачаткова нехта быў сарамлiвы, хтосьцi — некамунiкабельны, але падчас трэцяга семестра гэтыя рысы характару змянiлiся ў лепшы бок. Што датычыцца заробку, то такая магчымасць не была для мяне галоўнай мэтай, мы ехалi перш за ўсё па ўражаннi. I папрацавалi, i змаглi адпачыць, як бонус — з'явiлiся асабiстыя грошы, — успамiнае суразмоўнiк.

Эдуард Юроўскі дзейнасць у будатрадзе распачаў яшчэ першакурснiкам у якасцi байца. I вось цяпер праз тры гады хлопец быў абраны калегамi як камандзiр.

— Таму пытанне аб тым, цi падабаецца там працаваць, залiшняе (усмiхаецца). Менавiта для мяне, атрымлiваючы такi досвед, было важна развiць сябе творча, адчуць спаборнiцкi рух i папрацаваць з карысцю. Зразумела, напачатку было цяжкавата, пасля — значна лягчэй. Дапамагала падтрымка сваякоў i сяброў. Увогуле ўдзел у студатрадах можна параўнаць з дарослым жыццём. Бо i там, i там шмат выпрабаванняў i разам з тым прыемных падзей. А яшчэ, зразумела, новых знаёмстваў, — падзялiўся Эдуард. 

Мы ўзаемадзейнiчаем не толькi адно з адным у рамках свайго атрада, але i з iншымi. Напрыклад, нядаўна я ўзяў удзел у мiжнароднай акцыi «Снежны дэсант» у Омску, быў часткай каманды Мiжнароднага атрада снежнага дэсанту «Братэрства». Дарэчы, гэта быў першы раз, калi Беларусь удзельнiчала ў ёй. Дзесяць дзён без iнтэрнэту i сацыяльных сетак — толькi шчырыя эмоцыi i добрыя справы. Мы выязджалi i ў Казахстан. Прыходзiлi на дапамогу ветэранам: прыбiралi снег, дапамагалi па гаспадарцы, таксама ладзiлi канцэрты з мясцовымi жыхарамi. Кожны дзень — новае месца. Акрамя таго, штодзень праводзiлi лекцыi для школьнiкаў, на якiх знаёмiлi iх з Беларуссю. У кожнай са школ ладзiлi спартыўныя спаборнiцтвы. Дарэчы, ва ўсiх месцах, дзе нам удалося згуляць у валейбол, мы займалi першае месца.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: «Дойлiды» сваiх добрых эмоцый

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».