Вы тут

Распавядаем, як пад Маларытай былыя наркаманы, алкаголiкi, судзiмыя мяняюць светапогляд


Як былыя наркаманы, алкаголiкi, судзiмыя мяняюць светапогляд i паводзiны ў цэнтры рэабiлiтацыi пад Маларытай

Колькi ўжо сказана, напiсана пра цяперашнюю навалу — наркотыкi, але кожная асобная гiсторыя ўражвае па-новаму. Вось уявiце сабе: жыла ў Пiнску звычайная, працавiтая, добрая сям'я. Муж з жонкай гадавалi дваiх дзяцей, сын з дачкой дэманстравалi здольнасцi да вучобы, прыносiлi выдатныя адзнакi, а мацi з бацькам марылi пра апошнi званок, працяг адукацыi, перспектыўныя спецыяльнасцi дзяцей, шчаслiвыя iх сем'i, унукаў. I тут 15-гадовы нашчадак здуру спрабуе наркотыкi, хутка трапляе ў калонiю, i жыццё сям'i ператвараецца ў кашмар: усё цямнее, бурыцца, патухае, нiбы па дарозе ў прорву.


Два шляхi

...Калi сёння сустрэць на вулiцы Дзмiтрыя Марцiноўскага, высокага, стройнага, з адкрытай усмешкай, можна прыняць яго за маладога чыноўнiка, паспяховага бiзнесмена, квалiфiкаванага рабочага, чалавека творчай прафесii — ды за каго хочаш, толькi не былога наркамана з крымiнальнымi радкамi ў бiяграфii.

А гэта ён, той самы пiнчук Дзiма, што займаўся спортам, рос на радасць бацькам, вучыўся пасля дзевяцi класаў у iндустрыяльна-педагагiчным тэхнiкуме, але скончыць яго не паспеў з названай вышэй прычыны. Тая злашчасная доза атруты, на якую ўпершыню спакусiўся падлеткам, стала мяжой у яго жыццi, якую пераадолець было вельмi цяжка. Пасля аднаго зняволення адбылося другое, як ён скажа пазней: «Калонii мянялiся, не мяняўся светапогляд. Вось уявiце сабе. Выйшаў з турмы, прыехаў дадому. Ранкам выглядваеш у акно: людзi спяшаюцца на работу, некаторыя вядуць дзяцей у садок, праводзяць большых у школу. Ва ўсiх неадкладныя справы, распiсаны час. А табе нiкуды не трэба! I вось гэта, мусiць, самае страшнае. У нейкi момант разумееш, што ёсць два шляхi. Першы з iх прывядзе назад у звыклы крымiнальны асяродак. Другi — гэта пастарацца змянiць сваё жыццё. Апошнi шлях нашмат цяжэйшы, прыступкi на iм крохкiя, могуць развальвацца i лiтаральна раставаць пад кожным тваiм крокам. Тут галоўнае, каб былi побач людзi, якiя могуць падказаць, накiраваць, дапамагчы».

Такiх людзей Дзмiтрый сустрэў у цэнтры рэабiлiтацыi дабрачыннай рэлiгiйнай мiсii ў Мiнску ў раёне Чыжоўкi. Гэты цэнтр толькi адкрываўся. Дзмiтрый быў у iм чацвёртым студэнтам. Менавiта так называюць тут рэабiлiтантаў — не пацыентамi, напрыклад, а студэнтамi, падкрэслiваючы, што людзi вучацца жыць па-новаму, спасцiгаюць новае жыццё.

Зноў стаць сынам

— Вось прыехаў туды, — працягвае суразмоўца, — без зубоў, цяпер яны ўстаўныя, з мноствам дыягназаў, сам такi, што, здаецца, у пакет можна запхнуць, бо пасля спажывання наркотыкаў ад чалавека, можна сказаць, палова застаецца. Мне адразу даходлiва растлумачылi, што правiлы знаходжання жорсткiя, усе свае ранейшыя звычкi трэба пакiнуць за парогам i паспрабаваць навучыцца жыць па-новаму з iншымi каштоўнасцямi i прыярытэтамi. I тут узнiкла яшчэ адна праблема. На момант паступлення ў цэнтр на мяне быў складзены пратакол за правапарушэнне i заведзена крымiнальная справа. Для звычайнага чалавека гэта можа скончыцца прафiлактычнай гутаркай, ушчуваннем, а для таго, хто ўжо мае судзiмасць, як у маiм выпадку, магло б абярнуцца новым тэрмiнам зняволення. Усё вiсела на валаску, але цэнтр пахадайнiчаў за мяне i ў мiлiцыi пайшлi насустрач. Усё жыццё буду ўдзячны тым людзям у пагонах, якiя паверылi, далi апошнi шанс. Але найперш удзячны Богу, што так распарадзiўся, бо калi б я адтуль пайшоў зноў за краты, наўрад цi што было б добрага ў маiм жыццi наогул.

— Магу сказаць, — працягвае Дзмiтрый, — што з цэнтра рэабiлiтацыi я выйшаў не проста iншым, я выйшаў зусiм другiм чалавекам. Нiбы той ранейшы недзе там застаўся, а новы прыйшоў у гэты свет. Не скажу, што гэта было лёгка. Некаму можа здацца, што ў адзiн дзень цi адно iмгненне прасвятлела ў мазгах i ты стаў iншы. Не, так не бывае. Гэта даецца вялiкай працай, душэўнай, фiзiчнай, вялiкiмi высiлкамi над сабой. Трэба вучыцца пакорлiвасцi, разуменню, вучыцца думаць, вучыцца выказваць свае думкi. Усё гэта — складаная навука.

Аднойчы ў цэнтры за слова «ў натуры» я атрымаў дзве гадзiны штрафных работ. Гэта ж не брыдкае, не абразлiвае слова, але сутнасць заключалася ў тым, каб адвыкнуць, выкiнуць з ужытку турэмны жаргон наогул. Памятаю, як тыя дзве гадзiны палоў часнок, аж слёзы на вачах выступалi. Цяпер разумею, што так вучыўся пакорлiвасцi. Бо раней жа як было: табе сказалi слова, а ты — пятнаццаць у адказ, ды якiх! Усё гэта трэба было прайсцi, каб прыйсцi да Бога. Бо без веры, паводле майго пераканання, сам з такiм грузам не справiшся, — разважае Дзмiтрый Марцiноўскi.

Дырэктар Алег Ляховiч дэманструе гiпсавую плiтку ў майстэрнi.

Два гады таму ён ажанiўся. Жыццё яго пiнскай сям'i, вядома, стала iншае. «Я зразумеў, што для сваiх бацькоў нiбы наноў стаў сынам, — кажа дарослы чалавек. — Калi мы збiраемся ўсе, бацькi радуюцца, мы разам адзначаем сямейныя падзеi, святы. Прыязджае сястра з сям'ёй, яна выкладае замежную мову ў школе, у яе добры муж, дзецi. I я цяпер прыязджаю з жонкай. Усё ў нас як мае быць, i гэта найвялiкшае шчасце для бацькоў».

Зараз Дзмiтрый працуе намеснiкам дырэктара цэнтра рэабiлiтацыi, якi размешчаны ў вёсцы Велiкарыта, падпрацоўвае на будоўлi ў Брэсце.

Дом у Велiкарыце

Цэнтр — адна з устаноў дабрачыннай мiсii «Вяртанне» Саюза хрысцiян веры евангельскай у Беларусi. Цэнтр пад назвай «Краiна жывых» з'явiўся ў Велiкарыце сем гадоў таму. Усе валанцёры i супрацоўнiкi цэнтра самi раней праходзiлi рэабiлiтацыю, мелi праблемы з наркотыкамi, алкаголем альбо былi асуджаныя. Кожны з iх такiм чынам служыць жывым прыкладам для цяперашнiх насельнiкаў.

— Пачыналi з таго, што купiлi вясковую хату ў Велiкарыце, — расказвае дырэктар цэнтра Алег ЛЯХОВIЧ. — Яна, толькi адрамантаваная i крыху добраўпарадкаваная, i цяпер служыць жыллём для тых, што праходзiць трэцi этап праграмы рэабiлiтацыi. А для асноўных студэнтаў мы пабудавалi новы корпус. Тут мужчыны жывуць чатыры месяцы, на другiя восем месяцаў яны накiроўваюцца ў iншы цэнтр. А да нас прыбываюць на астатнiя шэсць месяцаў адаптацыi тыя з iх, хто не захацеў пакiнуць установу, а выказаў намер памяняць сваё жыццё i дасягнуў пэўных поспехаў. Вядома, тут бываюць i выпадковыя людзi. Некаму проста трэба перазiмаваць, калi больш няма куды пайсцi. Iншыя не вытрымлiваюць дысцыплiны i патрабаванняў, бо першапачаткова былi настроены на вольнае пражыванне накшталт iнтэрната.

— Мы нiкога не трымаем сiлай, — працягвае суразмоўнік. — Чалавек заўсёды можа сабраць свае рэчы i пайсцi. Гэта месца добраахвотнага знаходжання — апошняе служыць стымулам i галоўным стрымлiваючым фактарам. Кандыдат пры паступленнi знаёмiцца з правiламi пражывання, мы даём пералiк iх у пiсьмовым выглядзе. Потым, калi пагаджаецца i прымае рашэнне, накiроўваем прайсцi медыцынскую камiсiю. Важна, каб патэнцыйны студэнт зрабiў флюараграфiю, аналiзы крывi, прайшоў адпаведных спецыялiстаў. Пасля гэтага кандыдат падрабязна знаёмiцца з раскладам пражывання, правiламi, асаблiвасцямi. Напрыклад, пры паступленнi кожны праходзiць дагляд сябе i рэчаў, патэнцыяльны студэнт падпiсвае згоду на вобыск. Важна, каб ён не прынёс з сабой цыгарэты, алкаголь, нейкiя таблеткi. Гэта выключаецца катэгарычна. Iначай якая рэабiлiтацыя?!

Працоўная тэрапiя

Распарадак тут даволi строгi. Пад'ём у сем ранiцы, адбой у адзiнаццаць вечара. Мабiльныя тэлефоны забаронены, пагаварыць з роднымi можна раз на тыдзень, на тэлефонны званок адводзiцца 5-10 хвiлiн. Асноўны акцэнт робiцца на працатэрапiю. З ранку да абеду насельнiкi цэнтра працуюць ў падсобнай гаспадарцы, дапамагаюць мясцовым жыхарам. Лiтаральна на мiнулым тыднi вясковая бабулька папрасiла разабраць хлеў, а потым нiяк не магла ўцямiць, чаму гэта хлопцы адмаўляюцца грошы ўзяць за работу. Але ж ёй толькi пажадалi здароўя ды пайшлi да сябе — трэба было спяшацца на заняткi, якiя тут праходзяць у другой палове дня. Старшыня Велiкарыцкага сельскага Савета Вiктар Кiрычун расказаў, што сельскую бiблiятэку ў Пажэжыне валанцёры цэнтра адрамантавалi так, што зайсцi прыемна. Паводле слоў кiраўнiка мясцовай улады, яны заўсёды прыходзяць на дапамогу, варта толькi звярнуцца.

Пастаяльцы шмат працуюць на сваёй падсобнай гаспадарцы. У цяплiцы вырошчваюць агуркi, iншую агароднiну, у хляве ёсць свойская жывёла. Дарэчы, агуркi прадаюць у сезон насельнiцтву па цане, нiжэйшай за рыначную.

Побач з жылым узвялi яшчэ адзiн корпус. Пакуль у iм часова размясцiлi майстэрню, дзе вырабляецца плiтка з гiпсу. Далей, расказалi, ёсць планы пераабсталяваць будынак пад жылы i адкрыць цэнтр рэабiлiтацыi для жанчын. Такiх, што маюць у гэтым патрэбу, на жаль, у нашым грамадстве таксама нямала.

Работа над сабой

Нават павярхоўнага знаёмства з жыццём i побытам цэнтра дастаткова, каб разумець, як тут няпроста жыць i якое жаданне перабудаваць сябе павiнна кiраваць чалавекам, каб ён усвядомiў неабходнасць i вырашыў прайсцi гэты шлях. Для многiх заняткi па вывучэннi Святога Пiсання становяцца сапраўдным выпрабаваннем. Як i работа для iншых.

— Наркаманы цэлы дзень вучылiся б, кнiжкi чыталi, — кажа Алег Ляховiч. — Алкаголiкi, наадварот, лепш бы зранку да вечара лапатай махалi. А тут трэба i адно, i другое. А калi распарадак некага не задавальняе i ён пачынае абурацца, бубнiць, мы можам сцярпець раз альбо другi. Пасля трэцяга разу чалавек збiрае свае рэчы i пакiдае ўстанову. Добраахвотнасць знаходжання i падпарадкаванне правiлам — залог i перадумова поспеху. Гэта ўсяляк тлумачым пры паступленнi.

Вынiкi такiх намаганняў сведчаць самi за сябе. Цёзка Дзмiтрыя Марцiноўскага — таксама Дзiма, таксама пiнчук, паспеў яшчэ скончыць банкаўскi каледж, а потым — дзесяць гадоў зняволення. Прайшоў праз цэнтр, цяпер супрацоўнiк брэсцкага гандлёвага цэнтра «Мацярык», там жа працуе яшчэ адзiн «выпускнiк» — Раман. Цэнтр, дарэчы, дапамагае працаўладкавацца тым, хто паспяхова праходзiць рэабiлiтацыю i дэманструе жаданне пачаць новае жыццё.

У кожнага тут у асабiстым архiве душы свая гiсторыя колаў пекла. Прайшлi рэабiлiтацыю, напрыклад, тры браты з агурочнай сталiцы Палесся — Альшан. Паводле слоў работнiкаў цэнтра, там наогул была цяжкая сiтуацыя. Хлопцы не ўмелi чытаць i пiсаць, шэраг сацыяльных навыкаў быў страчаны, нiбы ў джунглях выраслi. Але ж прайшлi навучанне, здолелi паглядзець на свет iншымi вачыма i цяпер маюць сем'i, вырошчваюць агуркi ў Альшанах, а ў сезон дапамагаюць цэнтру з насеннем. Дарэчы, многiя, хто прайшоў рэабiлiтацыю, прыязджаюць сюды ў выхадныя з сем'ямi на сваiх машынах, тым самым становяцца найлепшым вучэбным дапаможнiкам цяперашнiм студэнтам: маўляў, глядзiце, i ў вас можа быць нармальнае чалавечае жыццё з яго радасцямi, з пэўным дастаткам, з работай, сям'ёй.

Вядома, не ўсе выходзяць iншымi людзьмi, не ва ўсiх атрымлiваецца справiцца з сабой. Прыходзiлi ў цэнтр i мясцовыя алкаголiкi, i ўсё iшло добра пэўны час, пакуль яны не адпраўлялiся дадому. А там траплялi пад уплыў сабутэльнiкаў, i зноў усё вярталася на ранейшыя рэйкi. Некаторыя з'язджаюць пасля некалькiх тыдняў або нават месяцаў пражывання. Але ж калi сюды вяртаюцца на трэцi этап — такiх цяпер у Велiкарыце жыве чатыры чалавекi — гэта значыць, што рэабiлiтацыя прыносiць поспех. У цэлым жа, паводле статыстыкi, прыблiзна 70 працэнтаў тых, хто прайшоў рэабiлiтацыю, пачынаюць новае жыццё без алкаголю, наркотыкаў, тытуню.

Сёння ў цэнтры знаходзiцца 12 студэнтаў. Самаму маладому 26 гадоў, самаму старэйшаму — 53. Рэабiлiтацыйная праграма разлiчана на паўтара года. Першая частка крызiсная, самая цяжкая для студэнтаў, яна працягваецца чатыры месяцы. Потым настае васьмiмесячны перыяд рэабiлiтацыi, на гэты час пастаяльцы накiроўваюцца ў Баранавiчы. I апошнi этап лячэння — адаптацыя — паўгода, яе праходзяць тут, для гэтых насельнiкаў рэжым дня больш вольны. Адзiн з такiх жыхароў расказаў, што самы цяжкi, вядома, быў першы перыяд: «Некалькi разоў збiраў свае рэчы, каб сысцi адсюль. Але даходзiў да веснiц i вяртаўся, бо разумеў, што за тымi дзвярыма чакае ранейшае, якое ўжо ўмясцiла дзесяць судзiмасцяў. А жыць па-ранейшаму больш не хачу. Вiдаць, не для таго я нарадзiўся на свет, каб быць алкаголiкам i наркаманам. Хачу быць проста чалавекам».

Святлана ЯСКЕВIЧ

Маларыцкi раён

Загаловак у газеце: Вяртанне да жыцця

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».