Вы тут

Цi трэба «скакаць» вакол турыстаў?


Здавалася б, беларускi агратурызм актыўна развiваецца: калi ў 2006 годзе было зарэгiстравана ўсяго 34 сядзiбы, гатовых прыняць турыстаў, дык сёння гэта лiчба вырасла да 2760. Летась паслугамi аграсядзiб скарысталася больш за паўмiльёна чалавек. Беларусь прызналi адной з найлепшых у свеце ў галiне вясковага турызму i сюды нават пачалi прыязджаць па iдэi эксперты з iншых краiн. Напрыклад, айчынны вопыт зацiкавiў iтальянцаў — у жнiўнi калi, дасць бог, каранавiрус ужо не будзе пагрозай, на Валожыншчыне чакаюць дэлегацыю з Сардынii (замежнiкаў хвалюе, чым можа завабiць глыбiнка, бо ў iх на тэрыторыях, якiя знаходзяцца больш чым за 40 кiламетраў ад мора, турыстаў амаль не сустрэць). У маi ў Мiнску плануецца правесцi мiжнародны форум, прысвечаны аграэкатурызму, на якiм чакаюцца сотнi ўдзельнiкаў з розных краiн (зноў жа, калi не перашкодзiць каранавiрус).

Але гаспадары дамкоў на вёсцы звяртаюць увагу на пэўныя «трывожныя званочкi» ў сваёй сферы. Дык цi так у нас усё добра?


vetliva.by

Пра колькасць i якасць

Гаспадар аграэкасядзiбы «Ёдзішкi» Андрэй Абрамаў заўважае, што калi ў 2014—2015 гадах назiраўся ўсплёск цiкавасцi да адпачынку ў беларускай вёсцы, то цяпер актыўнасць, напрыклад, у тых жа расiйскiх турыстаў пачала падаць. Ён лiчыць, што адна з прычын у тым, што ў некаторых месцах надта ўжо хочуць дагадзiць гасцям, а фальш i бутафорыя адпужваюць турыстаў. Да таго ж асобныя гаспадары падманваюць сваiх гасцей, выдаюць прадукты з сеткавага гандлю за хатнiя. Андрэй Мiхайлавiч прыводзiць лiчбы: з 200 сядзiб, зарэгiстраваных на Браслаўшчыне, актыўна працуе ўсяго каля двух дзесяткаў. «Ва ўсiх чамусьцi стэрэатып, што грошы можна зарабiць на агратурызме, толькi калi сустракаць вялiкую колькасць людзей. Я больш за дзве сям'i не прымаю, а маю выручку ў разы большую, чым у сядзiбе, якая проста здае ложкi ў арэнду цi прымае вялiкiя групы,
якiя яшчэ могуць нешта i зламаць», — кажа ён.

Вялiкага сакрэту поспеху сядзiбы Абрамава няма — большасць прыбытку прыносiць ферма, 70 працэнтаў выдаткаў турыста тут прыпадае на ежу. Часта сюды прыязджаюць гараджане на кулiнарныя майстар-класы — напрыклад, па прыгатаваннi стэйка. Тут можна цалкам паглыбiцца ў побыт, пазнаёмiцца з тэхналогiяй вытворчасцi сапраўдных вясковых прадуктаў.

Ёсць i iншыя аграсядзiбы, якiя гатовы забяспечыць сваiх пастаяльцаў уласнымi, так сёння запатрабаванымi экапрадуктамi. Асобныя гаспадары спрабуюць прывабiць турыстаў крэатыўнасцю, рыхтуюць цiкавыя праграмы, бяруцца за арганiзацыю свят, адраджаюць традыцыi, збiраюць экспанаты для ўласных мiнi-музеяў. Але калi ў нас так хутка i моцна вырасла колькасць сядзiб, дзе гарантыя, што турыст даедзе менавiта да крэатыўных i ўважлiвых гаспадароў, а не натрапiць на ўласнiка, якi папросту здае жыллё на вёсцы? А льготы ўсе атрымлiваюць аднолькавыя.

Мiж iншым, некаторыя «плюшкi» ў будучым могуць адмянiць. У прыватнасцi, крэдытная падтрымка сёння не такая ўжо i патрэбная. Усё менш гаспадароў звяртаюцца па яе ў банк. Галiна дастаткова развiлася, людзi ўжо ўкладаюць уласна заробленыя грошы, знаходзяць донараў, якiя гатовы фiнансаваць пэўныя праекты, звязаныя з развiццём вясковых тэрыторый. «Калi ў 2014 годзе мы заключылi 49 крэдытных дагавораў, у 2015 — 42, то апошнiя два гады па 16. Гэта сведчыць, хутчэй за ўсё, пра тое, што бiзнес сфармiраваўся, i засталiся тыя, хто можа на гэтым рынку працаваць», — заўважае дырэктар дэпартамента карпаратыўнага бiзнесу ААТ «Белаграпрамбанк» Андрэй Джункоў.

Наогул з усiх на дадзены момант зарэгiстраваных сядзiб толькi 500 актыўна займаюцца агратурызмам. Для некаторых гаспадароў дамок на вёсцы — гэта ўсяго толькi магчымасць дадаткова падзарабiць, i здаецца ён толькi ў цёплы сезон года.

Шумны бiзнес?

Як паведамiў намеснiк дырэктара дэпартамента па турызме Мiнiстэрства спорту i турызму Вiталь Грыцэвiч, у найблiжэйшы час будуць збiрацца i абмяркоўвацца прапановы, якiя датычацца агратурыстычнага заканадаўства. Бясспрэчна, закон, якi дзейнiчае цяпер, паспрыяў развiццю вясковага турызму, але i дадаў пэўныя праблемы. «Калi ў тэксце ўказа прапiсалi магчымасць правядзення карпаратываў, банкетаў i другiх урачыстых мерапрыемстваў, мы адкрылi маленькую скрыню Пандоры. Нават у дэпартаменце колькасць скаргаў на шум ад людзей, што жывуць побач з сядзiбамi, значна вырасла. Я баюся падумаць, што робiцца на месцах. Таму мы i хочам параiцца з гаспадарамi сядзiб, мясцовымi ўладамi, не зможам абысцiся без меркавання органаў унутраных спраў, якiя атрымлiваюць падобныя скаргi, каб ведаць, што рабiць далей», — заўважыў Вiталь Валер'евiч.

Бясспрэчна, яшчэ давядзецца паламаць галаву над тым, як, змагаючыся з «шумным бiзнесам», а хутчэй з уладальнiкамi, якiя проста ўручаюць ключы ад сядзiб клiентам, не нашкодзiць тым аграсядзiбам, якiя сапраўды працуюць на iмiдж краiны. Тое ж вяселле цi карпаратыў — гэта не ўсюды стыхiйная шумная п'янка, гэта можа быць i сапраўднае свята для вёскi, калi гаспадары сядзiб вывучаюць i стараюцца адрадзiць старыя традыцыi, спевы, кухню, запрашаюць мясцовыя фальклорныя калектывы.

Разам — прасцей?

Сёння тыя, хто хоча прасоўваць свае тэрыторыi, вучацца ўзаемадзейнiчаць. Аграсядзiбы, рамеснiкi, работнiкi культуры, школы, музеi аб'ядноўваюцца ў кластары i ствараюць адзiныя насычаныя рознымi забавамi турпрадукты. Так, кааперацыя «Валожынскiя гасцiнцы» ўжо прапаноўвае каля дзясятка разнастайных маршрутаў. Паступова развiваюцца такiя зялёныя маршруты, як «Муховэцька кумора», «Велесаў шлях», «Заходняя скарбонка». Ужо заявiў пра сябе кластар «Церам забаў» у Шчучынскiм раёне.

Як паведамiў гаспадар сядзiб «У Барысавiча» i «Вусцье LIFE» Юрый Жарко, энтузiясты працуюць над стварэннем новага турпрадукту «Браслаўская кругасветка». Да праекта ўжо далучылiся крама сувенiраў ручной работы, музей катоў, кавярня з беларускай кухняй, аграсядзiбы, якiя прапануюць экаежу, экскурсiю па цяплiцах, кантактныя заапаркi, квэсты, водныя i конныя маршруты.

Iншае стала стаўленне да зялёных маршрутаў: сёння яны павiнны быць iнтэрактыўнымi. Адзiн з такiх пiлотных праектаў — «Славянская гiсторыя Мсцiслава». Маршрут разлiчаны амаль на пяць гадзiн, падчас яго турысты даведваюцца пра культуру, гiсторыю раёна, традыцыйныя рамёствы, кухню i сучаснае жыццё раёна. Новы маршрут ужо зацiкавiў суседзяў — падпiсана пяць пагадненняў з расiйскiмi тураператарамi. З наступнага года плануецца актыўна развiваць турызм у раёнах, што пацярпелi ад аварыi на ЧАЭС. Сёння ўжо адкрыты доступ для арганiзаваных груп у Палескi радыяцыйны запаведнiк, але турыстам патрэбна iнфраструктура — i асобы, якiя пажадаюць адкрываць аграсядзiбы вакол запаведнiка, змогуць разлiчваць на фiнансавую падтрымку.

Менавiта дзякуючы намаганням гаспадароў такiх аграсядзiб расце цiкавасць да Беларусi ў замежных турыстаў. Летась у нашых вёсках адпачывала амаль 60 тысяч замежнiкаў з 78 дзяржаў, да нас даехалi госцi нават з Бахрэйна, Фiлiпiн, Мазамбiка, Сенегала. Натуральна, пакуль самiм гаспадарам сядзiб складана самастойна выходзiць на такiя далёкiя рынкi, i iм на дапамогу прыйшлi тураператары. Напрыклад, дзве трацiны канадцаў трапiла ў беларускiя аграсядзiбы дзякуючы аператарам, а з Фiнляндыi — ажно 80 працэнтаў. Прычым такое супрацоўнiцтва становiцца больш зладжанае. Усё менш робiцца адмоў ад прыёму арганiзаваных груп турыстаў толькi таму, што сядзiба забранiравана на карпаратыў. I наогул большае ўласнiкаў, якiя нацэлены хутчэй на прыём гасцей, чым на правядзенне ўрачыстасцяў.

Старшыня праўлення грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Клiцунова ўпэўнена, што ў законе па агратурызме нiчога мяняць не варта, бо лепшага дакумента, якi спрыяў бы развiццю вясковых тэрыторый, не прыдумаеш. I сёння мы бачым цудоўныя вынiкi. На вёсках ствараюцца новыя рабочыя месцы, у некаторых сядзiбах працуюць па тры сям'i, да справы бацькоў далучаюцца iх дзецi i нават унукi. Да таго ж многiя гаспадары разумеюць, што гасцей трэба нечым кармiць, i спрабуюць сябе ў фермерскай справе. Не трэба забывацца, што калi гаспадаркi пашыраюцца, яны ствараюць пэўную iнфраструктуру, аздабляюць тэрыторыю, а значыць, набываюць для гэтага матэрыялы ў Беларусi i даюць магчымасць зарабiць iншым.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.