Вы тут

Дэпутаты Магілёўскай вобласці дапамаглі стварыць экамузей


Дэпутаты Магілёўскай вобласці падвялі вынікі за мінулы год і прадэманстравалі на практыцы, што маюць сярод напрацовак

Сёння ў экамузей «Пчалінае царства» Галіны і Аляксея Ермаковых, што ў вёсцы Ржаўка Слаўгарадскага раёна, наведвальнікі прыязджаюць групамі. У сужэнцаў ёсць выразны план развіцця, па якім яны ўдасканальваюць сваю дзейнасць і прапануюць новыя формы паслуг. Гэта той выпадак, калі хобі стала справай жыцця. І дапамаглі жыхарам вёскі ў гэтым дэпутаты.


— Аднойчы ў рамках праекта «Ад вытокаў да развіцця» быў аб'яўлены конкурс сярод мясцовых ініцыятыў, — згадвае пачатак маштабнай дзейнасці гаспадыня сядзібы «Пчалінае царства» Галіна Ермакова. — Мы напісалі ініцыятыву, якую падтрымаў раённы Савет дэпутатаў, і атрымалі бязвыплатную дапамогу. На гэтыя грошы купілі мультымедыйную сістэму і аформілі кіназалу. Робім там свае прэзентацыі, знаё-мім наведвальнікаў з асаблівасцямі пчол. Кожны год у нас з'яўляецца нешта новае і цікавае. Да нас прыязджаюць школьнікі і дарослыя з усёй краіны. Нам падабаецца дзяліцца ведамі, вучыць людзей збіраць мёд.

Не менш паспяховы аказаўся праект са слаўгарадскімі сыраварамі, якія сёння маюць нават свой фестываль.

— Падтрымка мясцовых ініцыятыў з'яўляецца асноўным кірункам сацыяльна-эканамічнага развіцця, — лічыць Святлана Язерская, старшыня Слаўгарадскага райсавета дэпутатаў. — На выстаўцы мы прадставілі ініцыятывы, якія ўжо рэалізаваліся і працягваюць існаваць, і тыя, якія толькі з'явіліся. Тое ж сыраварства кожны год атрымлівае новыя імпульсы. Сёння, напрыклад, ствараецца рэгіянальны кластар, які будзе пашыраны і на іншыя раёны. Праектная дзейнасць — гэта перш за ўсё той інструмент, які дапамагае знайсці грошы, каб здзейсніць пажаданае. Сеткавае ўзаемадзеянне паміж пяццю раёнамі дапамагло нам прыцягнуць вялікія фінансы, што пойдуць на падтрымку ініцыятыў нашых жыхароў. Наогул у нас рэалізуецца шмат ідэй, якія ахопліваюць адразу некалькі раёнаў. Гэта яскравае сведчанне таго, што чалавек жадае і можа працаваць, яго толькі трэба падтрымаць. І ў гэтым сутнасць нашай місіі.

Пра грамадскую актыўнасць і ініцыятыўнасць было што расказаць і астатнім удзельнікам выстаўкі. Вопытам грамадскай дзейнасці дзяліліся актывісты магілёўскай школы № 45, лідары маладзёжнага парламента пры Магілёўскім гарадскім Савеце дэпутатаў, прадстаўнікі абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Яны генеруюць новыя ідэі і натхняюць іншых на пошукі свайго прызначэння ў жыцці. І гэты працэс бесперапынны, ахоплівае ўсё большую колькасць насельніцтва.

Сёння мала нешта зрабіць, трэба гэты вопыт замацаваць і распаўсюдзіць. І дэпутатам тут актыўна дапамагаюць сродкі масавай інфармацыі. Сярод тых, каго запрасілі ўзяць удзел у выстаўцы, было і наша выданне. Папулярнасць «МС» прыкметна набірае абароты, да нядаўняга часу яно было выключна ўкладкай «Звязды», а цяпер стала асобным штотыднёвікам. Пра супрацоўніцтва з дэпутатамі расказалі таксама прадстаўнікі тэлерадыёкампаніі «Магілёў» і інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці».

З кожным годам усё больш павышаецца патрабавальнасць да дзеянняў органаў улады на месцах, а значыць, і да дэпутатаў. І каб годна прадстаўляць і абараняць інтарэсы выбаршчыкаў, народным абраннікам трэба весці актыўную работу з людзьмі. Сумеснымі дзеяннямі на месцах вырашаецца шэраг вельмі важных сацыяльна-эканамічных пытанняў. Пры падвядзенні вынікаў рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці за мінулы год і работы прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў неаднаразова падкрэслівалася важнасць ролі мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў устойлівага развіцця тэрыторый, забеспячэння годнага ўзроўню жыцця людзей, работы з насельніцтвам і павышэння яе эфектыўнасці.

Намеснік старшыні Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Ірына РАІНЧЫК звярнула ўвагу на тое, што летась праводзілася шмат пашыраных пасяджэнняў, на якіх прысутнічалі спецыялісты аблвыканкама, гарвыканкама, арганізацый вобласці. Была ўведзена практыка выступлення на сесіях, пасяджэннях прэзідыума і камісіях дэпутатаў аблсавета, гарадскіх і раённых Саветаў са справаздачамі аб рабоце.

— Сёлета для больш дэталёвага разгляду пытанняў як пастаяннай камісіяй, так і прэзідыумаў неабходна праводзіць больш выязных пасяджэнняў, — заўважыла Ірына Анатолеўна. — Гэта дазволіць прымаць рашэнні, абапіраючыся на практычны вопыт рэгіёна з улікам асаблівасцяў.

Дзейнасць мясцовых Саветаў дэпутатаў была звязана з вырашэннем сацыяльных пытанняў. Летась было разгледжана больш за 30 хадайніцтваў, накіраваных на вырашэнне праблем, і пытанняў, звязаных з рэалізацыяй ініцыятыў грамадзян і органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. На гэтыя мэты выдаткавана больш за 52 тысячы рублёў.

Вялікая работа праводзілася дэпутатамі ў выбарчых акругах. Адбылося больш за 500 прыёмаў грамадзян, частка пытанняў была вырашана, але для некаторых патрэбна доўгатэрміновая прапрацоўка, і яны знаходзяцца на кантролі.

Добрай практыкай сталі сумесныя з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў прыёмы грамадзян на базе грамадскага прыёмнага аб'яднання «Белая Русь», дзе абмяркоўваліся ў тым ліку і законапраекты па розных сферах.

Дэпутаты адзначылі станоўчыя вынікі дзейнасці органаў мясцовага самакіравання ў вырашэнні пытанняў устойлівага развіцця тэрыторый, забеспячэння годнага ўзроўню жыцця насельніцтва, стварэння новых рабочых месцаў, уцягвання ў гаспадарчы абарот пустуючай нерухомасці і той, якая неэфектыўна выкарыстоўвалася. Яны паставілі мэту і ў далейшым садзейнічаць вырашэнню пытанняў мясцовага значэння, актыўней весці тлумачальную работу з насельніцтвам.

— Гэта трэці год, які праходзіць пад знакам малой радзімы, — падкрэсліла Ірына Раінчык. — За два гады зроблена нямала, але наперадзе яшчэ шмат работы. І Саветам трэба яшчэ больш сканцэнтравацца на пытаннях навядзення парадку на зямлі. Трэба натхніць насельніцтва на стварэнне сучаснага аблічча населеных пунктаў. Гэта павысіць камфортнасць пражывання грамадзян.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фотааўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».