Вы тут

Спецыялісты сацыяльнай службы Кармянскага раёна аказваюць псіхалагічную падтрымку жыхарам вёсак


Кожны адзінокі чалавек — пажылы, састарэлы, які апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі ці мае інваліднасць — валодае правам на поўную псіхалагічную падтрымку. У гэтым упэўнены спецыялісты сацыяльнай службы Кармянскага раёна Гомельшчыны. У аддаленых сельскіх населеных пунктах яны ўкараняюць такую форму работы. Дарэчы, і людзі зразумелі: выезд да іх псіхолага і спецыялістаў з раёна — гэта не разавая акцыя, а планамерная работа, якая мае станоўчы эфект.


— Нас ужо чакаюць у вёсках, — дзеліцца назіраннямі кармянскі псіхолаг Алена Тананава. — Ведаюць, што прыедзем з цікавай, карыснай інфармацыяй, з новымі заданнямі для іх, нават у псіхалагічныя гульні гуляем. Людзі становяцца больш адкрытыя, некаторыя адзінокія састарэлыя звяртаюцца па індывідуальную кансультацыю. У кагосьці павышаная трывожнасць, бяссонніца, абыякавасць ці адчай, што ён нікому не патрэбны. Мой асноўны кірунак работы — псіхалагічная дапамога грамадзянам у аддзяленні сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і суправаджальнага пражывання Кармянскага раёна. Новы від работы на вёсцы, які цяпер актыўна ўкараняецца, не менш важны.

Псіхолаг выязджае ў аддаленыя вёскі разам са спецыялістам аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту, працягвае Алена Іванаўна:

— Самая папулярная форма работы — навучанне камп'ютарнай грамаце. На сустрэчы ў сельскія Саветы прыходзяць нават тыя, у каго камп'ютара няма, але кажуць: «Нічога, набудзем ці ўнукі падзеляцца».

Спецыялісты сацыяльнай службы дапамагаюць стварыць электронны кабінет, каб запісацца на прыём да ўрача ў райцэнтры, аплаціць паслугі праз інтэрнэт ці проста навучыцца званіць, мець зносіны, глядзець фотаздымкі сваякоў у сацсетках.

Між тым, лічыць Алена Тананава, важна рознымі спосабамі ствараць спрыяльны псіхалагічны клімат для людзей — каб яны маглі адкрыта расказваць пра свае праблемы, дзяліцца вопытам з іншымі.

— Папулярныя псіхалагічныя заняткі: робім практыкаванні на трэніроўку памяці, абмяркоўваем дыеты для добрай работы мозга. Людзям гэта цікава, — кажа яна.

— Сёння асноўная задача сацыяльнай службы не ў тым, каб змясціць адзінокага пажылога чалавека ў стацыянарную ўстанову. Важна дапамагчы максімальна доўга заставацца ў родных мясцінах, дома, у сям'і, мець стасункі, — дзеліцца сваімі назіраннямі ў рабоце з насельніцтвам начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кармянскага райвыканкама Вольга ЗАХАРЭНКА:

— Назіраецца старэнне насельніцтва, і, адпаведна, адбываюцца змены ў жыцці пажылых людзей. Запытаў не толькі становіцца больш — змяняюцца чаканні карыстальнікаў нашых паслуг.

На ўліку ў Кармянскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва больш за 200 адзінокіх грамадзян пажылога ўзросту, каля 80 адзінокіх інвалідаў І і ІІ груп. Усяго сацыяльную падтрымку раённай службы атрымлівае больш за дзве тысячы грамадзян розных сацыяльных катэгорый.

— Акцэнт змяняецца ў бок сацыяльнай інтэграцыі, развіцця актыўнасці і індывідуальнага падыходу, — працягвае Вольга Захарэнка. — Працуем не толькі для тых, хто звярнуўся, а самі шукаем людзей, якія маюць патрэбу, каб спрацаваць на прафілактыку, прадухіліць крызіс. У гэтым кірунку дапамагае супрацоўніцтва са старшынямі сельвыканкамаў, якія добра ведаюць сваіх людзей.

Як каардынатар усёй дзейнасці сацыяльнай службы на тэрыторыі раёна, Вольга Анатолеўна расказвае пра такія формы работы, як паслугі сядзелкі і няні, дом сумеснага пражывання, дом часовага пражывання, гасцявая сям'я, прыёмная сям'я, патранатная сям'я. Усё робіцца для таго, каб найбольш поўна ахапіць сацыяльным абслугоўваннем састарэлых людзей.

Суразмоўніца ўзгадвае гісторыю 85-гадовай жыхаркі гарадскога пасёлка Карма Таццяны Паліцынай. Адзінокая жанчына, інвалід другой групы, нечакана атрымала новую сям'ю. У вёску яе запрасіла жыць разам Вольга Лябедзька.

— Бабуля адразу пагадзілася, бо ёй не давядзецца больш сядзець на «паверсе» і сустракаць старасць у адзіноце. У Вольгі Мікалаеўны свая сям'я і вялікае сэрца. Без малога 20 гадоў яна працавала кухарам у школе, цяпер — у ФАПе санітаркай. Для сваёй падапечнай жанчына падрыхтавала асобны пакой. Хоць гаспадыня агароджвае новага члена сям'і ад работы, бабулька хоча быць карыснай, імкнецца дапамагаць. Наконт бюджэту ў сям'і пытанняў не ўзнікае, — расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кармянскага райвыканкама.

Раён, дарэчы, адзін з нямногіх у Гомельскай вобласці і Беларусі, дзе ўкараняюць яшчэ адну новую форму работы. Тут прынялі рашэнне ўзяць у карыстанне кватэру з гарадскога жылфонду як дадатковае памяшканне для аказання неабходных сацыяльных паслуг насельніцтву:

— Гэтая двухпакаёвая кватэра знаходзіцца насупраць цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Мы зробім рамонт і потым туды зможам уладкоўваць пажылых людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Ці, напрыклад, здароўе ім не дазваляе зімаваць у аддаленай вёсцы, — тлумачыць Вольга Захарэнка.

Такая ініцыятыва сацыяльнай службы, з аднаго боку, зніжае нагрузку на бюджэт, палягчае працу сацыяльных работнікаў, якія прыходзяць адразу да некалькіх падапечных, а з другога — дазваляе палепшыць умовы пражывання адзінокіх пажылых людзей і стварыць больш спрыяльную эмацыянальную атмасферу.

У тэму

Установа «Кармянскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» — адна з пляцовак па рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Кармянскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дарослых». Варта адзначыць, што з моманту яго стварэння ў 2018 годзе дзякуючы сваёй мабільнасці цэнтр дае магчымасць набыцця камп'ютарнай адукаванасці пажылым грамадзянам не толькі ў гарадскім пасёлку Карма, але і ў аддаленых населеных пунктах раёна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ёсць кантакт!

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.