Вы тут

Карэспандэнт «МС» праінспектавала ў складзе камісіі тых, хто «забывае» плаціць за камуналку


У Магілёве сталі актыўна практыкаваць вельмі эфектыўны спосаб барацьбы з неплацельшчыкамі за камунальныя паслугі. Штомесяц супрацоўнікі разлікова-касавых цэнтраў (РКЦ) разам з прадстаўнікамі камунальных службаў ходзяць па адрасах даўжнікоў і нагадваюць пра адказнасць. Рэйды праводзяцца на працягу апошняй дэкады месяца. Карэспандэнт «МС» мела магчымасць паназіраць, як праходзіць гэты працэс перавыхавання.


Тац­ця­на скла­дае акт, што элект­рыч­насць ад­клю­ча­на за ня­ўпла­ту.

Прынцып работы камісіі такі: Магілёўскі абласны цэнтр інфармацыйных сістэм складае графік па кожным ЖЭУ і даводзіць яго да РКЦ. Уся тэрыторыя размяркоўваецца паміж спецыялістамі цэнтраў, і яны працуюць з даўжнікамі ў межах сваіх участкаў.

Таццяна Каксялава, спецыяліст па камунальных разліках РКЦ № 2, дзяўчына зусім яшчэ маладая, але вопыт уздзеяння на неплацельшчыкаў мае вялікі. Яна ўзначальвае нашу групу. Менавіта за ёй замацаваны жылы фонд гэтага і часткова дваццатага ЖЭУ. Бывае, што дзяўчына ходзіць па адрасах адна, але сёння запланавана работа камісіі, у складзе якой ёсць прадстаўнікі «Гарвадаканала», «Цеплаэнергетыкі», а таксама ЖЭУ № 15. Таццяна дэманструе спіс, дзе пазначана восем адрасоў, і мы адпраўляемся да даўжнікоў.

— Наглядна я ведаю ўсіх, хто плаціць з перабоямі, і нават у курсе, дзе кожны з іх працуе, — кажа яна. — Хутчэй за ўсё, на нашы візіты рэагуюць тыя, хто мае кароткатэрміновыя даўгі — за апошнія два месяцы. Стараемся ўручаць папярэджанні пад подпіс, як павестку, каб потым не казалі, што не бачылі. Калі не заплацілі на працягу пяці дзён, пішам лісты на работу, каб там утрымлівалі даўгі з зарплаты. Складаней з тымі, у каго запазычанасць за чатыры і болей месяцаў. Гэта, як правіла, пітушчыя, маламаёмасныя або нідзе не працуючыя людзі. Але і на іх існуюць спосабы ўздзеяння. Калі жыллё дзяржаўнае або камерцыйнае, неплацельшчыка высяляюць, а калі прыватнае, робіцца прадпісанне да адчужэння жылля, і яно выстаўляецца на таргі.

Дарэчы, хаджэнне па кватэрах звычайна адбываецца па вечарах, калі жыльцы вяртаюцца з работы і ёсць магчымасць паразмаўляць з імі. А для Таццяны Балаш, старшага кантралёра аддзела вадазбыту прадпрыемства «Магілёўаблвада», гэта яшчэ і нагода паглядзець прыбор уліку.

— Бывае, што людзі не паведамляюць у РКЦ паказанні, і ідзе запазычанасць выключна за ваду, — адзначае Таццяна. — Аднойчы запазычыліся болей чым за 300 кубоў. Як потым высветлілася, бабуля пэўны час адсутнічала, а сантэхніка была зламаная і вада лілася бескантрольна. На шчасце, такіх выпадкаў няшмат.

Даўжнікі не вельмі рады кантралёрам і не спяшаюцца адчыняць дзверы. Адзін такі кандыдат «на прапрацоўку» зняў дамафонную трубку, паслухаў, хто прыйшоў, крыху пасоп і асцярожна павесіў яе назад. Дзверы адчынілі іншыя жыхары. Але ў патрэбную кватэру мы ўсё роўна не трапілі. Патапталіся каля зачыненых дзвярэй, павесілі на іх налепку, што даўжнік у спісе на адключэнне, усунулі ў шчыліну прадпісанне і пайшлі.

Тац­ця­на Как­ся­ла­ва  ве­дае сва­іх даў­жні­коў у твар.

У наступным доме дзверы пад'езда адчыніла суседка даўжніка. Сказала, што кватэра здаецца маладой сям'і, а сам гаспадар, напэўна, забыў пракантраляваць своечасовую аплату камуналкі. Давялося таксама пакінуць у дзвярах папярэджанне.

А вось па наступным адрасе нам пашчасціла. Гаспадыня адкрыла дзверы і запрасіла зайсці. Па кватэры адразу ж было відаць, што жывуць тут не вельмі багатыя людзі. Так яно і аказалася. Жанчына адна выхоўвае двух дзяцей, адзін з якіх інвалід. Муж прапісаны па гэтым адрасе, але ўдзелу ў фінансаванні камунальных паслуг не прымае. І перабоі з аплатай здараюцца перыядычна. Зараз доўг за тры месяцы склаў 119 рублёў.

— Я ж у мінулым месяцы плаціла, — спрабуе апраўдацца жанчына.

— Вось паглядзіце, гэта ведамасць бягучай запазычанасці, — Таццяна дэманструе ёй афіцыйны дакумент. — Мы ўсёй камісіяй нагадваем, што вы павінны заплаціць 119 рублёў на працягу пяці дзён. А калі праігнаруеце, адключым паслугі. Вось распішыцеся, калі ласка, што вы папярэджаны.

Жанчына абяцае частку сумы ўнесці ўжо заўтра, але цалкам разлічыцца адразу не можа. Кажа, што аванс не такі вялікі, зарплата 400 рублёў.

— Я ж не алкашка якая, проста фінансавыя складанасці, — на вачах жанчыны выступаюць слёзы. — Надзеі на дапамогу з боку ніякай. З мужа нават аліменты спагнаць немагчыма.

У чар­зе на вы­ся­лен­не.

Таццяна Каксялава бярэ ў жанчыны нумар мабільнага тэлефона, каб звязацца, калі абмяркуе сітуацыю са сваім кіраўніцтвам. Такіх людзей заўсёды шкада, і ім спрабуюць ісці насустрач.

Неабходна шукаць кампрамісы — калі атрымліваецца дамовіцца, праблема вырашаецца. Калі не, даводзіцца ісці на непапулярныя меры.

Чарговы выпадак якраз з гэтай оперы. За жыльцом усяго 63 рублі доўгу, але кантралёры бяруць у разлік тое, што ён ужо тры месяцы не плаціць. Пяць дзён таму чалавек атрымаў прадпісанне заплаціць за паслугі, але праігнараваў яго. Наш візіт — яго апошні шанц. Таццяна націскае кнопку званка, але за дзвярыма цішыня. Электрык ЖЭУ Дзмітрый Кандрацьеў падыходзіць да размеркавальнага электрашчыта і абясточвае кватэру. Прызнаецца, што за апошні час гэта ўжо чацвёртая кватэра, якую адключае за даўгі. Некаторыя рэагуюць на гэта і хутка разлічваюцца, а ёсць такія, хто самавольна падключаецца, бывае, нават да суседзяў. Але падобныя спробы хутка спыняюцца.

— Тэхнічны паверх, падвал, пад'езд — за ацяпленне і асвятленне ўсяго гэтага таксама трэба плаціць, але не ўсе прытрымліваюцца гэтых правіл, — абураецца Таццяна Мінакова, лабарант хімводаачысткі прадпрыемства «Цеплаэнергетыкі». — Страты назапашваюцца, і гэта кладзецца цяжкім грузам на эканоміку. Ад яго церпяць усе, у тым ліку і добрасумленныя плацельшчыкі.

Тут жа пад зачыненымі дзвярыма Таццяна складае акт, куды ўносіць прозвішча членаў камісіі, і кожны пакідае ў ім свой подпіс. Вось яшчэ на аднаго кандыдата на высяленне стала болей. Бо наступны этап — гэта крайняя мера. Дарэчы, за апошні год толькі па лініі абласнога Цэнтра інфармацыйных сістэм адбылося 62 высяленні. На першага студзеня, па звестках гэтай жа службы, па Магілёве пратэрмінаванай запазычанасці агульная сума склала 1,3 мільёна рублёў.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Даўжнікоў ведаем у твар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псiхолаг тлумачыць, чаму паўза пасля заканчэння школы — не трагедыя

Псiхолаг тлумачыць, чаму паўза пасля заканчэння школы — не трагедыя

Педагогi, як i бацькi, павiнны быць уважлiвыя да любой праявы адоранасцi.

Эканоміка

Як вылечыць эканомiку ад каранакрызiсу?

Як вылечыць эканомiку ад каранакрызiсу?

Нягледзячы на тое што сучасны свет перажываў досыць шмат эканамiчных крызiсаў, той, што разгортваецца ў 2020 годзе, — унiкальны. 

Грамадства

Маладая актрыса Iрына Якавец: Нецiкавых роляў не iснуе

Маладая актрыса Iрына Якавец: Нецiкавых роляў не iснуе

Першым спектаклем, у якiм я ўзяла ўдзел, быў «Вясёлы Роджэр».

Грамадства

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Ад таго, наколькі беражліва людзі ставяцца да прыроды, залежыць якасць іх жыцця, здароўе і нават дабрабыт.