Вы тут

Карыстанне соткамі, шумныя суседзі і жаданне жыць разам з сям'ёй


Якія пытанні прагучалі падчас прамой лініі, што правёў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец

У суботу, 7 сакавіка, старшыня профільнай камісіі прымаў тэлефонныя званкі падчас тэматычнай прамой лініі. За дзве гадзіны да сенатара звярнуліся 15 заяўнікаў. Што іх хвалявала? «МС» высветліла падрабязнасці.


Аднолькавая плата — гэта справядліва?

Адразу тры заяўнікі выказалі незадаволенасць нормай заканадаўства, згодна з якой члены садаводчага таварыства плацяць аднолькавыя членскія ўзносы, незалежна ад памераў сваіх зямельных надзелаў. Атрымліваецца, што тыя, у каго зямлі больш ці наогул некалькі ўчасткаў у адным таварыстве, і ўладальнікі аднаго невялічкага лапіка зямлі павінны плаціць аднолькавыя сумы. «Ці ж гэта справядліва?» — абураюцца людзі.

Дарэчы, такая норма яшчэ ў 2015 годзе была замацавана ў адным з пунктаў Палажэння аб садаводчым таварыстве, зацверджаным адпаведным указам Прэзідэнта, у тым ліку па прапановах асобных грамадзян. Аднак, як бачым на практыцы, гэта паспрыяла незадаволенасці маламаёмасных садаводаў.

Пастаянная камісія вывучыла праблему дэталёва. Па інфармацыі Міністэрства эканомікі (а менавіта гэты орган курыруе ва ўрадзе гэтую сферу адносін. — Аўт.), тыя, хто звярнуўся на прамую лінію, — не адзіныя, каго хвалюе гэтае пытанне. Нязгоду з існуючым падыходам выказваюць многія. Больш за тое, на практыцы, каб пазбегнуць канфлікту паміж членамі таварыства, гэтая норма нярэдка не выконваецца.

І чым бліжэйшы надыход дачнага сезона, тым больш узнікае пытанняў у дачыненні да налічэння членскіх узносаў.

— Праблема вядомая, таму ў Мінэканоміцы ўжо падрыхтавалі праект указа, які прадугледжвае змены ў гэтай норме. Канкрэтная рэдакцыя яшчэ абмяркоўваецца. Магчыма, будзе прапанавана вярнуцца да правіла, якое дзейнічала раней: таварыства самастойна вызначае, як фарміраваць памер членскіх узносаў, на агульным сходзе. Пры гэтым крытэрыямі могуць выступаць якраз плошча і (ці) колькасць зямельных надзелаў, якія знаходзяцца ў карыстанні, — растлумачыў Сяргей Сівец.

Цяпер над гэтым працуе рабочая міжведамасная група, якая была створана ў профільным міністэрстве дзеля ўдасканалення заканадаўства аб дзейнасці садаводчых таварыстваў. У яе, дарэчы, уключаны парламентарыі, прадстаўнікі міністэрстваў, абласных выканаўчых камітэтаў, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.

Ці можна цішэй?!

Лідчанін выказаў занепакоенасць тым, што ў прыватным сектары не заўсёды забяспечваецца цішыня. На яго думку, у заканадаўстве існуе прабел: з аднаго боку, нельга ноччу шумець у жылых памяшканнях. На гэта накіравана адпаведная забарона ў заканадаўстве. А з другога, што рабіць, калі суседзі высвятляюць адносіны на прыдамавой тэрыторыі ў раёнах прысядзібнай забудовы? Ці можна паўплываць на іх у такім выпадку? І хто гэта павінен зрабіць?

— Між іншым, праблема парушэння грамадскага спакою ў прыватным сектары хвалюе многіх. Пра гэта сведчаць шматлікія нараканні жыхароў краіны, якія выказваліся імі падчас збору прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях і адміністрацыйным працэсе, што праводзілі дзяржаўныя органы ў пачатку года, — адзначыў суразмоўнік.

Ён паведаміў, што Пастаянная камісія зоймецца агучанай праблемай у межах работы адпаведнай міжведамаснай экспертнай камісіі, створанай па даручэнні Прэзідэнта нашай краіны дзеля ўдасканалення заканадаўства ў гэтай сферы.

У цэнтры ўвагі — сям'я

Падчас прамой лініі былі і тэлефанаванні ад грамадзян, якія ініцыявалі прыняцце дадатковых заканадаўчых мер па прадухіленні гвалту ў сям'і, выказвалі занепакоенасць праблемай захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Шэраг зваротаў датычыліся садзейнічанні ў вырашэнні канкрэтных жыццёвых сітуацый, у прыватнасці, урэгулявання наступстваў самавольнага будаўніцтва на землях агульнага карыстання, а таксама засялення членаў сям'і ў інтэрнат. Аб апошнім — больш падрабязна.

Малады чалавек папрасіў сенатара дапамагчы ў выдзяленні яму сумесна з членамі яго сям'і месца ў ведамасным інтэрнаце, што знаходзіцца ў Мінску па вуліцы Бялінскага.

Справа ў тым, што хлопец працуе па размеркаванні ў адной са сталічных устаноў культуры. Сам ён атрымаў месца ў інтэрнаце, а вось для яго жонкі і дзіцяці месца не знайшлося. З аднаго боку, інтэрнат несямейны — для адзінокіх грамадзян. Але, па словах заяўніка, некаторыя ўсё ж такі жывуць тут разам са сваімі сем'ямі.

Дарэчы, заканадаўства гэтага не выключае. Так, згодна з Палажэннем аб інтэрнатах, зацверджаным Саветам Міністраў у 2013 годзе, у інтэрнатах, прызначаных для пражывання адзінокіх грамадзян, пры неабходнасці са згоды мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў можна выдзяляць ізаляваныя жылыя памяшканні для пражывання сем'яў. Гэтыя памяшканні павінны знаходзіцца на асобных паверхах ці размяшчацца ў асобных секцыях.

Як паведамілі «МС», Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве ўзяла пытанне на кантроль, і цяпер пытанне абгрунтаванасці адмовы ў выдзяленні жылплошчы сям'і маладога чалавека прапрацоўваецца сумесна з зацікаўленымі бакамі.

Вольга АНУФРЫЕВА

Прэв'ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.