Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Тэлеканал «Беларусь 3» з наступнага тыдня запрашае на кінамарафон і прапануе прагляд навінкі айчыннай дакументалістыкі вытворчасці «Беларусьфільма». Усяго гледачоў чакае 10 кінастужак, знятых у 2019 годзе па замове Міністэрства культуры.


Пачынаючы з 16 сакавіка па буднях у ранішнім эфіры з паўторамі ўвечары прыхільнікі дакументальнага кіно змогуць пазнаёміцца з работамі дасціпных і маладых майстроў жанру. Распачне марафон паэтычнае кінаэсэ «Месцы памяці. Іўе» (Ігара Чышчэні), прысвечанае аднаму з самабытных гарадоў нашай краіны. Менавіта тут сотні гадоў мірна суіснуюць людзі розных этнасаў і канфесій. Мячэць, касцёл, царква, сінагога даўно сталі неад'емнай часткай пейзажаў гэтай мясцовасці. Горад перажыў дзве сусветныя вайны, Халакост, эміграцыю сваіх жыхароў у пошуках лепшага лёсу... А памяць аб мінулых днях захавалася ў пісьмах, на старых фотакартках, у помніках і ва ўспамінах сведкаў. У кампаніі аўтараў кінастужкі мы зможам разгледзець вобраз горада як месца памяці, духоўнага і матэрыяльнага адзінства, якое з часам і па волі людзей стала сімвалічным элементам нацыянальнай спадчыны, мінулага і сучаснага.

Фільм «Дні на вадзе» (Дзмітрыя Махамета) — аповед пра ўнікальную школу-інтэрнат па веславанні, дзе дзеці з малазабяспечаных сем'яў вёсак Мастоўскага раёна маюць магчымасць загартавацца ў спорце і атрымаць перспектыву прафесійнага росту. А вось кінаальманах «На сувязі» (рэжысёры Максім Швед, Ксенія Галубовіч, Алесь Лапо, Вераніка Бандаровіч) з'яўляецца «спробай пяра» маладых кінадакументалістаў, якія разважаюць над тэмай сацыяльнай ролі інтэрнэту ў жыцці кожнага. Навелы «У чатырох сценах», «Чаму маўчыш?», «Усе мерапрыемствы па плане» і «Патрэбныя людзі» дадуць глебу для роздумаў гледачу.

Тым, хто шукае адказ, што важнейшае сям'я ці «справа жыцця» будзе карысна паглядзець карціну «Вядо» (Галіны Адамовіч). У ёй сцэнарыст і рэжысёр знаёмяць з гісторыяй пісьменніка і краязнаўцы Веніяміна Бычкоўскага, які ў 2016 годзе вырашыў пабудаваць тут капліцу на памяць пра жыхароў вёскі Вядо, што была спалена ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Але намер зрабіць добрую справу разбурыў сям'ю мужчыны...

Зрабіць экскурс у гісторыю і ўспомніць, як фарміравалася аблічча краіны, як адраджаліся нашы святыні і будаваліся знакавыя аб'екты культуры Беларусі, можна будзе падчас прагляду іміджавай кінастужкі «Спадчына» рэжысёра Людмілы Клінцовай. Карціна наглядна дэманструе, як беларусам удалося аднавіць цэлыя пласты нацыянальнай культуры, дзякуючы якой нашу краіну цяпер ведаюць ва ўсім свеце.

Фільмы «Доктар Шуба» (рэжысёр Анатоль Алай) і «Надзея» (рэжысёр Аляксандра Маркава) — гісторыі пра людзей, якія жывуць і змагаюцца з абставінамі жыцця нягледзячы ні на што. Тут героі вельмі дакладна раскрываюцца ў сваіх учынках і дзеяннях, хоць у адным выпадку гэта лёс вядомага беларускага хірурга, а ў другім — пераадоленне і прыняцце страшных дыягназаў маладой жанчынай, мамай. У сваю чаргу, у кінакарціне «Адна сям'я» Наталля Жамойдзік звяртае ўвагу гледачоў на праблему ўсынаўлення. Двое братоў і сястра аказваюцца ў трох розных сем'ях, і няхай цяпер у кожнага свая мама, але дзеці памятаюць, што яны родныя... Як складваюцца адносіны ўсіх удзельнікаў гісторыі?..

...Паглядзець на жыццё беларусаў і ацаніць уплыў на яго народнай творчасці дасць магчымасць фільм «Фальклор і жыццё» (рэжысёр Юрый Цімафееў). Праз аўтарскае вобразнае бачанне мы дакранаемся да ўнікальных народных традыцый і абрадаў у розныя паравіны года, прычыняемся да эратычных момантаў абрадавай дзеі... Не прапусціце вандроўку на Палессе, каб даведацца падрабязнасці. А ў кінастужцы «Насця і ваўкі» Вольга Дашук раскажа гісторыю Анастасіі Кузьмянковай, якая за каханым мужам з'язджае з горада ў вёску, на хутар, і будуе там сваё жыццё. Паколькі яна па прафесіі біёлаг-арнітолаг, то ўсё складваецца вельмі гарманічна... Магчыма, убачанае натхніць і некага з нас адважыцца на перамены.

Алена ДРАПКО

Фота з сайта belarusfіlm.by

Загаловак у газеце: Люстэрка нашых дзён. Дакументальнае

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.