Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Каб не той «хлапец»...

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Было гэта ў тыя даўнія гады, калі я скончыла школу, калі перада мной паўстала пытанне аб выбары прафесіі.

З маленства, як толькі навучылася чытаць, я марыла стаць пісьменніцай. Але ж марыць — гэта адно, а вось для таго, каб стаць, трэба, як той казаў, вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца.

У нашым Віцебскім педінстытуце ні філфака, ні журфака тады не было. Адправіць мяне на вучобу ў іншы горад мама не магла (проста не мела за што, бацька загінуў на фронце). Значыць, я мусіла заставацца дома, паступаць на нейкі іншы факультэт, напрыклад — на хіміка-біялагічны, хоць конкурс там быў — мама не гаруй: 11 чалавек на месца!

І вось экзамены. Тры першыя я ўжо здала, прычым паспяхова. Перад апошнім — хіміяй — спынілася, помню, у вестыбюлі, ля дошкі аб'яў, нешта прачытала там, а заадно падслухала, як дзяўчына (мая равесніца) супакойвае хлопца: кажа, што ён абавязкова паступіць, калі, вядома ж, не будзе хвалявацца, панікаваць.

Я таксама захацела падбадзёрыць таго юнака: сказала, што баяцца яму няма чаго, што хлопцаў у настаўнікі наогул бяруць без конкурсу...

Гэтыя мае словы зацікавілі, відаць, яшчэ аднаго кандыдата ў студэнты, праўда, трохі старэйшага. Ён спыніўся побач — уважліва прыслухоўваўся, ва ўсе вочы глядзеў...

— Што — таксама хвалюешся? — загаварыла з ім я. — Таксама душа ў пяткі зайшла?

— З чаго б гэта? — не зразумеў хлопец.

Але я, не заўважыўшы гэтага, гнула сваё:

— Не трэба хвалявацца. Здасі ты экзамен, паступіш! Павер мне! — запэўніла хлопца і, паляпаўшы яго па плячы, выйшла на вуліцу.

Той юнак (я азірнулася) прайшоў трохі следам і спыніўся на ганку — паглядзеў мне ўслед. «Ну і няхай, не ты ў гэтым першы, не ты і апошні», — падумала я.

...І вось назаўтра экзамен. На пытанні білета я адказваю добра — падводзіць задача. Ды як? Сорамна прызнацца: ад 14 я адняла 2 і, расхваляваўшыся, атрымала тыя ж... 14! А перад жанчынай, што прымала экзамен, ляжыць правільны адказ — 12. Яна, што называецца, бачыць розніцу і...

І тут адчыняюцца дзверы — на парозе з'яўляецца той самы... «хлопец», што ўчора глядзеў мне ўслед.

— Алена Паўлаўна, — звяртаецца ён да маёй экзаменатаркі, — вы яшчэ не закончылі? А я сваю групу ўжо адпусціў. Правяраў рашэнні задач — па іх адразу відаць, хто чаго варты.

— Ваша праўда, Яўген Віктаравіч! І якраз жа дарэчы, — згадзілася з ім каляжанка. — Вось паглядзіце: гэта дзяўчына (выкладчыца паказала на мяне) выдатна адказала на пытанні, а ў задачы зрабіла памылку. Не ведаю, як і быць. Можа, параіце?

Яўген Віктаравіч уважліва паглядзеў на мяне. Засмяяўся (а мне хоць пад стол спаўзай ад страху і сораму!), узяў з маіх рук паперку з рашэннем задачы, паглядзеў і ціха сказаў:

— Э-э, ды тут «вышэйшая матэматыка»... 14 мінус 2 колькі будзе?

— 12, — нейкім незнаёмым голасам прамовіла я.

— А ў вас? 14! Вам у школу трэба ісці, у першы клас...

— Не, — кажу ледзь чутна, — мне ў інстытут трэба.

— Ну тады давайце прадоўжым экзамен, — прапануе Яўген Віктаравіч. — Напішыце мне формулу суперфасфату.

Я хуценька пішу.

— Гляньце, ведае! — са смехам здзіўляецца выкладчык. І ўжо на адрас каляжанкі дадае. — Вось бачыце, Алена Паўлаўна, задачу дзяўчына рашыла правільна, на пытанні — вы казалі — таксама выдатна адказала, значыць і паставіць ёй трэба «выдатна»!

...Карацей, праз дзень на дошцы аб'яў вісеў спіс першакурснікаў. У групе № 12 я знайшла сваё прозвішча. Насупраць яго нейчай рукой было пазначана красамоўнае: «Стараста».

Праляцелі гады вучобы... І нават дзесяцігоддзі працы ў школе.

Неяк выпускнікі зрабілі мне сюрпрыз — праз часопіс павіншавалі з днём народзінаў і падпісаліся: «Вашы вучні — розныя, шматлікія, але ўсе, без выключэння, удзячныя!»

І тады я каторы ўжо раз падумала: «А цікава, што было б, калі б Яўген Віктаравіч не прыйшоў тады на экзамен?»

З. Максімава, Глыбоцкі раён


Хай сонейка спіць!

Фота sm-news.ru

...У дзяцінстве мне больш за ўсё хацелася выспацца.

Помню, у пятым класе неяк дацягнуў да нядзелі, да свайго адзінага выхаднога. Ну, думаю, зараз адарвуся — пасплю. Але ж дзе там! Мая бабуля заўсёды (нават у святы) уставала з пеўнямі, каб не проста напячы гару сваіх фірмавых блінцоў, але і падняць на ногі ўсю нашу сям'ю — пакарміць гарачымі, бо ў халодных, казала, ужо ніякага смаку!

Мы (тата з мамай і я) з гэтым згаджаліся, мы любілі нашу галоўную гаспадыню і, вядома ж, не хацелі яе пакрыўдзіць, бо яна старалася, але...

У тую нядзелю бабуля ўжо тройчы падыходзіла да майго ложка, тройчы прамаўляла сваё: «Артусю, сонейка, уставай, прыходзь на кухню! Блінкі амаль гатовыя!.. Паеш...»

«Ну якая яда?! — праз сон думалася мне. — Якія бліны, калі я сплю яшчэ, вочы не магу прадраць, не тое, што ўстаць і некуды ісці...»

Аднак бабуля клікала. І надзей на тое, што яна пакіне мяне ў спакоі, перастане чакаць на свае бліны, больш не заставалася.

І тады... Пачакаўшы, пакуль бабуля пасля чарговай спробы падняць мяне сыдзе на кухню, я падхапіўся з ложка, на прасціну паклаў сваю скамечаную адзежу, а на падушку... футбольны мяч, усё гэта накрыў коўдрай, каб зверху выглядала, што я па-ранейшаму сплю, а сам «нырнуў» у блізкую шафу...

Бабулю доўга чакаць не давялося. Яна зноў падышла да ложка, нахілілася над маёй «галавой», завяла сваё: «Артусік, сонца маё...», акуратна адхінула краёчак коўдры і аж ускрыкнула...

Я вельмі любіў і шкадаваў сваю бабулю, але смеху стрымаць не змог!

Да яго, такога нечаканага зранку, амаль тут жа далучыліся мае бацькі, а потым і бабуля... Нарагатаўшыся, мы нарэшце селі за стол. Бліны былі вельмі ўдалыя!

...Што цікава, пасля гэтага сняданку па нядзелях мяне больш не будзілі — давалі паспаць.

Артур Грэчка, г. Віцебск


Народ для распусты сабраўся...

Фота pixabay.com

Чым даўжэй на свеце жывеш, тым болей маеш знаёмых, прычым самых розных. Сярод маіх — быў, напрыклад, досыць модны сталічны скульптар. Ён ніколі не скардзіўся на адсутнасць заказаў. Што мяне дык трохі здзіўляла, бо тварыў ён лёгка, хутка, нібы гуляючы. І, трэба разумець, нядрэнна зарабляў?

Дык вось неяк святочным днём сустракаю я гэтага творцу ў нашым горадзе. Мы вітаемся, рукаемся... Ён, бачу, рады мне — прапануе дзе-небудзь культурна пасядзець.

Ну чаму б і не? Мы з ім займаем столік. Я — гаспадар — купляю гарэлкі, шашлыкоў. Мы хораша сядзім... Госць мой, праўда, хмялее: патрабуе прадоўжыць банкет. Пытае:

— А ў вас ёсць тут прыстойны рэстаран?

Ну і далей усё як у фільме Шукшына «Каліна красная»: ці можна там зладзіць «забег ушыркі», а то ён, маўляў, дужа нервуецца: грошы ў ляжку пякуць. Іх трэба ўскалахмаціць!

Кажа вось так і пачкам купюр, як шабляй, шась у адзін бок, шась у другі...

Хоць мог бы і не размахваць, бо я ж не супраць, нават думаю, як пашчасціла: сама сталічная славутасць, пры званнях, пры грашах, запрашае мяне ў рэстаран...

Такім чынам, прыходзім мы, садзімся за столік, афіцыянт прыносіць меню. Госць мне шырокім жэстам:

— Заказвай усё што хочаш! Я — плачу.

Ні галоднымі, ні цвярозымі мы з ім ужо не былі, але ж замовілі нейкіх салатаў, мяса ў гаршчэчках, каньяку.

Потым скульптару адна жанчына спадабалася, ён бутэльку шампанскага ёй за столік папрасіў перадаць...

Карацей, мы добра пасядзелі, адпачылі так, што ўжо і стаміліся. Паклікалі афіцыянта з рахункам. Той ад слова прынёс. Скульптар тут жа выцягнуў свой пачак грошай, які так хацеў «ускалахмаціць», і мы разам з ім убачылі: там — ніводнай вялікай купюры, адна драбяза, нават за спіртное разлічыцца не хопіць!

...І гэта за шчасце яшчэ, што сядзелі мы не ў сталіцы, а ў нашым не вельмі вялікім горадзе, што ў мяне ў ім былі знаёмыя, якія таксама зайшлі ў рэстаран.

Мне, вядома ж, давялося пахадзіць ад століка да століка, з некім пашаптацца, але ж патрэбную суму я сабраў.

— Не бяры да галавы, — па дарозе на вуліцу супакойваў мяне скульптар. — Грошы табе я вярну... Ці задарма помнік зраблю.

Як і варта было чакаць, на доўг, на грошы, мой госць забыўся. А вось пра помнік, можа, і помніць яшчэ?

Віталь Жураўскі, г. Жодзіна

Рубрыку вядзе  Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».