Вы тут

Прагноз надвор'я на выхадныя


У суботу і нядзелю ў нас паўсюдна ўсталюецца снежнае покрыва. Нязначнае, але ўсё ж...

У мінулыя тры месяцы мы і марозу не бачылі. Прыйшла вясна і прынесла ў найбліжэйшыя выхадныя пахаладанне і ў многіх раёнах краіны ападкі ў выглядзе снегу, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


У суботу чакаецца перамяшчэнне праз тэрыторыю краіны халоднага франтальнага падзелу. Замест цяпла ён прынясе снег і мароз, а надвор'е вернецца ў сваю кліматычную сакавіцкую норму. Моцны парывісты паўднёва-заходні вецер зменіцца на паўночны, а тэмпература паветра на працягу сутак чакаецца ў асноўным ад мінус 3 градусаў да плюс 4 градусаў, толькі па паўднёвым усходзе будзе на пару градусаў цяплей. У многіх раёнах пройдуць ападкі, у асноўным мокры снег, таму ўсталюецца нязначнае снежнае покрыва. На асобных участках дарог прагназуецца галалёдзіца.

У ноч на нядзелю адаб'ецца ўплыў няўстойлівай паветранай масы. А ўдзень надвор'е будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халодным паветры. Таму чакаецца воблачна з праясненнямі. Уначы месцамі, у асноўным па паўднёва-ўсходняй палове краіны, пройдзе кароткачасовы снег — такі, якога мы чакалі зімой.

Удзень будзе суха. На асобных участках дарог — галалёдзіца. Па ўсходзе Беларусі захаваецца парывісты паўночна-заходні вецер, на астатняй тэрыторыі вецер пачне павольна сціхаць. Тэмпература паветра ўначы будзе ад мінус 4 да мінус 9 градусаў, у дзённыя гадзіны — ад мінус 1 градуса да 5 цяпла, па захадзе — да плюс 7 градусаў.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных спецыялістаў, у панядзелак надвор'е працягне вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халодным паветры, толькі ў дзённыя гадзіны ў паўднёва-заходніх раёнах адаб'ецца ўплыў франтальнага падзелу. Чакаецца пераменная воблачнасць, пераважна без ападкаў, толькі ўдзень па паўночным захадзе краіны магчымы кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы і раніцай на асобных участках дарог будзе галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы — ад нуля да мінус 7 градусаў, пры праясненнях — да мінус 8—10 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да плюс 3—10 градусаў, па Брэсцкай вобласці — да плюс 12 градусаў.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв'ю: kr-gazeta.ru

Загаловак у газеце: Мінус 10 — амаль зіма?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?