Вы тут

Прэзідэнт: Тых, хто жадае падарваць нас знутры, менш не становіцца


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў з дакладам міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева.


«Мы з вамі калісьці дамаўляліся, што калі вы ўвойдзеце ў курс справы, асвоіцеся, вы даложыце пра сітуацыю і скажаце, што неабходна. Думаю, што пры аналізе мінулага года вы можаце зрабіць адпаведныя вынікі і сказаць, што нам яшчэ трэба зрабіць у органах унутраных спраў для таго, каб міліцыя працавала больш эфектыўна», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да суразмоўцы. 

Недахопаў хватае ва ўсіх органах улады, у тым ліку і ў міліцыі, але без апошняй, па словах Аляксандра Лукашэнкі, нікуды.

«Бо ўчастковы міліцыянер — ён там з людзьмі, ды і міністр сёння не адарваны ад грамадства, ад зямлі, — лічыць Прэзідэнт. — Без міліцыі не зможам гарантаваць стабільнасць у нашай дзяржаве. Нам трэба быць пільнымі. Тых, хто жадае падарваць нас знутры, не становіцца менш».

Кіраўнік дзяржавы ў забеспячэнні стабільнасці ў грамадстве адводзіць вялікае месца менавіта міліцыі. Гэта тычыцца і сённяшніх санітарна-эпідэміялагічных захадаў, якія прымаюцца ў краіне ў сувязі з аб’яўленай СААЗ пандэміяй новага віду каранавіруса. 

Дарэчы, менавіта гэтую тэму Прэзідэнт закрануў у пачатку размовы з міністрам.

«Гучалі заявы, што наш міністр унутраных спраў падазраецца ў тым, што ў яго каранавірус, — засмяяўся Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе, што гэта сустрэча двойчы пераносілася. — Я проста не прыхільнік паддавацца паніцы. Самае галоўнае, каб мы вельмі адказна ставіліся да такіх рэчаў».

Юрый Караеў адказаў, што яго сын, які навучаецца ў КНР у ваенным універсітэце і вывучае кітайскую мову па міжнароднай праграме, прыляцеў з Кітая якраз у той дзень, калі свет даведаўся пра каранавірус. 

«Натуральна, я таксама насцярожыўся, але нічога. Ён ужо больш за месяц тут, вярнуцца назад пакуль не можа», — падзяліўся міністр.

«Кітайцы — малайцы. Зыходзячы з іх досведу, мы заўважылі, што засцерагацца якраз трэба людзям са слабым імунітэтам і старым, — заўважыў Прэзідэнт. — Любы вірус для чалавека з аслабленым імунітэтам небяспечны. Тым больш гэты, невядомы».

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што кожную вясну колькасць вірусных інфекцый ў краіне ўзрастае, але, дзякуючы існай сістэме аховы здароўя, Беларусі ўдаецца супрацьстаяць распаўсюду інфекцыі. 

«Але ні ў якім выпадку расслабляцца нельга, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Не трэба нікога напружваць, проста неабходна раіць людзям, асабліва старым, недзе дапамагчы, недзе падказаць. Калі трэба, і хлеб ці малако ў краме набыць і аднесці. Няхай яны лепш пабудуць дома. Дзякаваць Богу, у дзяцей гэта хвароба працякае лёгка, але ў старых — цяжка. Гэта дадзеныя Кітайскай Народнай Рэспублікі».

У КНР ужо справіліся з эпідэміяй, разбіраюць часовыя бальніцы і высвятляюць тое, адкуль хвароба прыйшла, расказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Таму трэба спакойна да гэтага падыходзіць, — падсумаваў тэму Прэзідэнт. — Паніка толькі пагаршае сітуацыю. Тое, што ў нас гэтага зла менш зараз — гэта дзякуючы таму, што мы працуем на самым блізкім контуры, нават не пры выяўленні віруса. Мы працуем пры самым малым падазрэнні. Калі недзе там чалавек быў, мы яго правяраем. Толькі таму, што ён быў за мяжой. І ўсіх навакольных, з кім ён быў у кантакце, таксама правяраем. Гэтага не рабілася, скажам, у Італіі. Гэта дадзеныя СААЗ. Італія не працавала на першым і другім узроўнях (распаўсюджвання інфекцыі. — «Звязда»). Толькі калі чалавек захварэў, меў цяжкія клінічныя праявы, яго пачыналі лячыць. Адсюль, вядома, і больш смерцяў, і іншае». 

Трэба прымаць меры пра самым малым падазрэнні, паўтарыў беларускі лідар. 

Міністр унутраных спраў паведаміў, што праінфармаваны пра кожны выпадак, калі медыкі вызначаюць трывожную сітуацыю. У гэтых выпадках падключаецца і міліцыя, якая сочыць за аховай грамадскага парадку ў такіх месцах. 

«Міліцыянераў таксама трэба паберагчы, — сказаў Прэзідэнт. — Рэспіратары, маскі, засцерагальная вопратка і іншае. Без усякіх залішніх рухаў. Бо заўсёды будзе ўзнікаць паніка. А паніка — гэта бяда».

Аляксандр Лукашэнка паўтарыў, што па-першае, улады Беларусі нічога не хаваюць, па другое, папярэджваюць людзей аб неабходнасці быць акуратнымі. Чалавек, які сам сябе западозрыў у верагоднасці захворвання на вірусную інфекцыю, павінен застацца дома і сам за сабой паназіраць, але, на жаль, такога стаўлення да сябе ў нашых людзей няма, лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Трэба ў гэтым кірунку рухацца і міліцыі, і ўрачам, і органам улады: людзям трэба раіць самаізаляцыю пры насцярозе ў адносінах да саміх сябе, каб не рызыкаваць не толькі сабой, але і навакольнымі. Вось галоўны метад барацьбы з гэтай заразай, калі яна такая, як падаюць сродкі масавай інфармацыі», — перакананы Аляксандр Лукашэнка. 

Пазіцыя беларускага лідара: падыходзіць да сітуацыі акуратна, але бесклапотнасці дапускаць нельга. 

Міністр коратка праніфармаваў Прэзідэнта пра асноўныя вынікі дзейнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС у мінулым годзе і пра асноўныя задачы ведамства на бягучы год. 

У цэлым крымінагенная сітуацыя ў краіне заставалася стабільнай. У краіне працягвае зніжацца колькасць заяў пра злачынствы, узровень рэцыдыўнай злачыннасці, колькасць загінулых і параненых у выніку крымінальных дзеянняў. 

Разам з тым, істотна (больш чым удвая) за мінулы год вырасла колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, зарэгістравана больш вымаганняў, махлярстваў і тайных крадзяжоў маёмасці. Упершыню за апошнія 10 гадоў павялічыўся ўзровень «п’янай» злачыннасці, а таксама колькасць смяротных выпадкаў у выніку атручання алкаголем альбо яго сурагатамі. 

Маладзёжная, падлеткавая крымінальная злачыннасць мае наступную асабліваць: у цэлым яна ўпала, але тая, што звязаная з уцягненнем моладзі ў спажыванне наркотыкаў, вырасла, патлумачыў гэты аспект міністр для журналістаў пасля сустрэчы з Прэзідэнтам. 

«З гэтага пункту гледжання мы з кіраўніком дзяржавы абмяркоўвалі пытанне змяшчэння сілавога вектару ў нашай антынаркатычнай дзейнасці са спажыўцоў (каб не было да іх такога жорсткага стаўлення, бо гэта ўжо хворыя людзі), на тых, хто збывае і распаўсюджвае, тым больш — арганізоўвае збыт наркотыкаў, інтэрнет-крамы і наркатрафік», — расказаў Юрый Караеў.

Журналісты пацікавіліся, як вырашаецца пастаўленая кіраўніком краіны задача аб недапушчальнасці арыентацыі на фармальныя статыстычныя паказчыкі ў рабоце органаў унутраных спраў. Юрый Караеў паведаміў, што МУС распрацавала ведамасны дакумент, які абазначыў крытэрый ацэнкі работы органаў унутарных спраў, і дзе зроблена спроба адысці ад параўнання паміж лічбамі. 

«Лозунг «статыстыка патрэбна для работы, а не работа для статыстыкі» мы ператвараем у жыццё. Перш за ўсё, глядзім, каб начальнікі ўсіх узроўняў не ацэньвалі сваіх падначаленых па лічбавых паказчыках, а каб паказчыкі служылі аналізу: чаму тых або іншых злачынстваў стала больш», — патлумачыў міністр.

Адно з пытанняў журналістаў да міністра датычылася спрашчэння доступу да работы ў органах МУС для людзей пасля 25 гадоў. 

«Над узростам прыёму ў міліцыю падумаць можна», — пагадзіўся кіраўнік ведамства. 

Міністэрства ўнутраных спраў прымае меры, каб служба ўчастковых міліцыянераў стала больш прэстыжнай, распавёў пра яшчэ адзін аспект работы МУС міністр. «Мы павысілі надбаўку ўчастковым за кошт вакантнага фонду ўсіх службаў, стварылі такім чынам умовы, каб людзі хацелі ісці туды і каб не хацелі адтуль сыходзіць. Ужо ёсць першыя вынікі. Асноўнае — прафілактыка злачынстваў, больш цесная работа ўчастковага з меншай колькасцю насельніцтва», — расказаў Юрый Караеў.

У каментарыях журналістам міністр унутраных спраў зноў вярнуўся да тэмы каранавіруса. 

«Кіраўніком дзяржавы абазначана ўвага да гэтай праблемы, — сказаў ён. — Без залішняй нярвовасці, без нейкіх рэзкіх рухаў. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў кругласутачна ахоўваюць грамадскі парадак у месцах, дзе ўтрымліваюцца на каранціне грамадзяне, якія прыбылі з краін, у якіх ёсць рызыка заражэння, дапамагаюць медыкам захоўваць каранцін». 

Акрамя таго, міліцыя выконвае асветніцкую функцыю, аказвае дапамогу людзям там, дзе яна патрэбна. 

«Кожны з нас, з дзяржаўных асоб, таксама павінен ставіцца да сябе ўважліва і адказна, — дадаў міністр. — Напрыклад я, як толькі прааналізаваў нейкія кантакты, патэлефанаваў міністру аховы здароўя, каб не мая ведамасная паліклініка або шпіталь (рабілі выснову. — «Звязда»), а для поўнай аб’ектыўнасці (пры ацэнцы сітуацыі. — «Звязда»). Прыбыў да мяне спецыяліст з Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і за пяць хвілін узяў аналізы на каранавірус, а заадно і на грып. Стараўся таксама абмежаваць свае кантакты з усімі. Каб некалькі дзён, два тыдні, паглядзець за сваім станам. Дзякаваць богу, нічога не адчуў, займаюся спортам, працай. Адзінае, абмяжоўваю кантакты там, дзе можна без іх абысціся».

Міністр патлумачыў, што нагодай для асцярожнасці стала нарада, на якой прысутнічаў чалавек, які кантактаваў з носьбітам каранавіруса. Меры перасцярогі, па словах міністра, выкарысталі цягам двух тыдняў усе ўдзельнікі той нарады. У выніку усе аказаліся здаровыя. «Чаго і вам жадаю», — рэзюмаваў міністр.</p>

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як захаваць сэрца i сасуды здаровымi

Як захаваць сэрца i сасуды здаровымi

Адным з самых распаўсюджаных захворванняў у свеце з'яўляецца артэрыяльная гiпертэнзiя.

Грамадства

Валанцёр праекта «Дапамога бяздомным»: Цяпло i падтрымка нават праз ежу перадаюцца

Валанцёр праекта «Дапамога бяздомным»: Цяпло i падтрымка нават праз ежу перадаюцца

Яны кормяць гарачымi абедамi больш за сто чалавек, якiя апынулiся на абочыне жыцця.

Грамадства

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

У распараджэннi, падпiсаным на мiнулым тыднi кiраўнiком дзяржавы, ёсць пункт, якi датычыцца капрамонту жыллёвага фонду.

Грамадства

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі?

Пасля праходжання юрыдычнай экспертызы на разгляд урада паступiць праект пастановы Савета Мiнiстраў «Аб пытаннях па абыходжаннi з жывёламi».