Вы тут

«Людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць перавярнуць свет»


Так растлумачыла свой удзел у дабрачынным руху магілёўская дзевяцікласніца Ксенія Карпянкова.

Усяго ў крэатоне «Першыя ідэі: інклюзія», які адбыўся ў Магілёве, узяло ўдзел 130 старшакласнікаў! Яны праявілі вялікую актыўнасць у абмеркаванні важнай для Беларусі сацыяльнай праблемы. Моладзь прапаноўвала шмат ідэй, як зрабіць жыццё лепшым, і спосабаў іх рэалізаваць. Найбольш цікавыя думкі былі ўзятыя арганізатарамі на заметку.


Дзяўчаты і хлопцы выказвалі пажаданні абвясціць у Беларусі год інклюзіі, распрацаваць спецыяльныя бранзалеты для людзей з пэўнымі відамі алергічных захворванняў, увесці ў школьную праграму асновы жэставай мовы, адкрыць у горадзе спецыялізаваную кавярню, дзе нават меню мела б варыянт, набраны шрыфтам Брайля. Галоўны сэнс усіх гэтых прапаноў у тым, што чалавек ужо з дзяцінства павінен ведаць: ён жыве ў грамадстве, дзе створана камфортнае асяроддзе для ўсіх людзей, незалежна ад стану іх здароўя.

Нехта падумае, што ўсё гэта несур'ёзна, што ў галаве моладзі яшчэ вецер і ў яе вельмі павярхоўнае стаўленне да нечых праблем. Але гэта памылковае меркаванне. Тая ж Ксенія Карпянкова, напрыклад, ужо падала заяўку на ўдзел у сацыяльна-адукацыйным праекце «Першыя», які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMіnsk. На крэатоне ў Магілёве яна прапанавала часцей расказваць пра людзей з рознымі звычкамі, патрэбамі, асаблівасцямі здароўя. Маўляў, чым больш яны будуць з'яўляцца ў эфіры, тым прасцей будзе пераадолець бар'ер непаразумення. Людзі пераканаюцца ў тым, што важна прымаць чалавека такім, які ён ёсць, і паважаць адно аднаго. Удзел у мерапрыемстве падштурхнуў дзяўчыну дзейнічаць далей. У заяўцы на рэспубліканскі конкурс Ксенія напісала, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі больш чулыя і мэтанакіраваныя, у іх больш лідарскіх якасцяў і ўпартасці, яны больш самаахвярныя і справядлівыя. І шмат хто з іх перакананы, што жыццё ў інвалідным крэсле толькі пачынаецца, бо іспыты загартоўваюць характар.

— Дзве маміны стрыечныя сястры — калясачніцы, але яны ніколі не застаюцца ўбаку ад актыўнага жыцця, — паведаміла дзяўчына. — У жыцці гэта жыццярадасныя і цікавыя жанчыны. І я добра ведаю, з якімі цяжкасцямі ім даводзіцца сутыкацца ў паўсядзённасці. Калі наша настаўніца сказала, што ў горадзе праводзіцца мерапрыемства, дзе можна агучыць свае думкі наконт інклюзіі, я адразу ж вырашыла наведаць яго. Веру, што такія сустрэчы дапамогуць змяніць свет, зрабіць яго больш зручным для людзей. Бо праблемы ёсць не толькі ў адносінах да інвалідаў, але і да тых жа старых людзей. Калі бачыш, як бабулька з цяжкасцю караскаецца цераз высокі бардзюр, сэрца сціскаецца.

Дзевяцікласніца Хрысціна Кузмянкова вельмі любіць чытаць. Яна лічыць, што ў нас не хапае менавіта дзіцячых кніг, дзе б расказвалася пра тое, як важна стварыць у грамадстве ўтульную для ўсіх інклюзіўную прастору. Яна ўпэўнена, што вельмі важна з дзяцінства папулярызаваць інклюзіўную форму стасункаў, каб кожны разумеў гэтую праблему.

Адзінаццацікласніца Уладзіслава Апакоўская заклікае хоць бы раз на год праводзіць такі дзень, калі здаровы чалавек пражывае яго так, быццам ён інвалід, каб адчуць тыя праблемы, якія, на першы погляд, яго не датычацца.

Дзевяцікласніца Віялета Кавалёва прапануе стварыць для невідушчых людзей інтэрактыўныя карты і размясціць іх у розных частках горада. Такім людзям будзе прасцей разабрацца, дзе яны знаходзяцца і як рухацца далей.

— Усе гэтыя ідэі будуць прапрацоўвацца, некаторыя з іх, несумненна, будуць рэалізаваны ў жыцці. Вельмі прыемна, што тэма інклюзіі знайшла ў сэрцах маладых магіляўчан такі гарачы водгук. Гэта першыя спробы нешта змяніць у свядомасці людзей. І ёсць усе спадзяванні на тое, што паступова навакольны свет зменіцца, стане больш гуманны і справядлівы, — адзначылі арганізатары крэатона «Першыя ідэі: інклюзія».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота дадзена аргкамітэтам крэатона для старшакласнікаў «Першыя ідэі»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.