Вы тут

Як даведацца, цi ёсць у вас камп'ютарная залежнасць, i пазбавiцца ад яе


Вучоныя прыйшлi да высновы, што iнтэрнэт-залежнасць распаўсюджана значна больш, чым меркавалася раней. Па афiцыйных звестках, да яе схiльныя прыкладна 10 % карыстальнiкаў. На жаль, такое распаўсюджанне iнтэрнэт-залежнасцi мало каго непакоiць. Яе прынята лiчыць «несур'ёзным захворваннем», хоць «лёгкай залежнасцi», як i «лёгкiх наркотыкаў», не бывае. Ужо вядома, што ў людзей, залежных ад iнтэрнэту, часцей развiваюцца i iншыя псiхiчныя расстройствы, у прыватнасцi, дэпрэсiя. Асаблiва безабаронныя перад iнтэрнэтам дзецi. Вядома, што чым меншае дзiця, тым хутчэй у яго фармiруецца залежнасць. А карэктуецца з вялiкай цяжкасцю i патрабуе вялiкiх намаганняў псiхатэрапеўтаў. Як не патрапiць у залежнасць ад камп'ютарных гульняў, сацсетак, кантактавання ў месенджарах, расказала ўрач-псiхатэрапеўт Мiнскага гарадскога клiнiчнага псiхiятрычнага дыспансера Вольга Тарыкава.


Фота: renessans-astana.kz

— Вольга Iванаўна, для якога ўзросту характэрна камп'ютарная залежнасць? Ад яе пакутуюць толькi падлеткi i маладыя людзi?

— Для людзей сярэдняга ўзросту яна таксама характэрна. Але калi ўлiчыць, як развiваюцца сучасныя камп'ютарныя тэхналогii i гаджэты, то вiдавочна, што больш да яе схiльныя дзецi i падлеткi, а таксама маладыя людзi 20–25 гадоў. Бо i школа, i ўсё наша жыццё камп'ютарызуецца, планшэты замяняюць падручнiкi, а многiя рэчы з'яўляюцца ў электронным выглядзе.

— Ад чаго часцей узнiкае камп'ютарная залежнасць? Ад камп'ютарных гульняў?

— Ад гульняў, а таксама ад кантактавання ў сацсетках. Туды сыходзяць многiя, бо не хапае эмацыянальнага i сацыяльнага кантактавання ў жыццi. I сённяшнiя дзецi, на жаль, гэтаму не вучацца. Куды прасцей выказваць сваё меркаванне, калi цябе не бачаць. Калi ўступiць у кантакт у сацсетках, не варта прыкладаць намаганнi, каб бачыць эмоцыi iншага чалавека, разумець, што ён адчувае, як рэагуе, i адаптавацца. Гульнi — гэта, хутчэй, спосаб пазбегнуць рэалiй i нечаканых сiтуацый, дзе не вельмi прыемна знаходзiцца i цяжка прымаць рашэннi. Прасцей сысцi ў нерэальны свет, там праводзiць час i часткова пражываць сваё жыццё такiм iлюзорным спосабам.

— Цi можа быць камп'ютарная залежнасць ад чытання навiн, або гэта проста спосаб адкладваць работу цi справы?

— Акрамя чытання навiн, магчымы яшчэ i сёрфiнг, калi чалавек пастаянна пераходзiць па спасылках, перамяшчаючы сваю цiкавасць з аднаго прачытанага тэксту цi артыкула на наступны. Часткова гэта праява пракрастынацыi (схiльнасць да пастаяннага адкладвання важных i тэрмiновых спраў. — «Зв.») — ад таго, што я не хачу штосьцi рабiць цi эмацыянальна не магу. I тады гэтыя адчуваннi такiм чынам замяшчаюцца. Яшчэ гэта можа быць прыкметай абсэсiўна-кампульсiўных расстройстваў, калi трэба зрабiць шмат нейкiх дзеянняў, каб пазбавiцца ад трывогi.

— Цi можа быць залежнасць ад розных месенджараў — «Вайбера», «Тэлеграма» i iншых?

— Так — ад чытання розных праграм, паведамленняў, якiя ў месенджарах прыходзяць. Як правiла, тут надыходзiць залежнасць, бо ў кожнага чалавека ёсць патрэба ў адабрэннi, прыняццi, важна адчуваць сябе для некага значным. I такiя адчуваннi часткова з'яўляюцца, калi нам прыходзяць паведамленнi — як быццам ты камусьцi патрэбны. I калi чалавек не можа атрымаць гэтыя адчуваннi ў рэальным свеце, ён будзе iх атрымлiваць такiм спосабам. Тэлефон увесь час з намi, паведамленнi мы чытаем пастаянна, хвалюемся, калi iх доўга няма, калi забылi тэлефон дома. Такая залежнасць у той цi iншай ступенi iснуе цяпер, напэўна, ва ўсiх нас. I справа ў тым, наколькi яна нас абмяжоўвае i перашкаджае.

— Як уплывае на нас пастаяннае знаходжанне на сувязi дзякуючы месенджарам, у тым лiку i па рабочых пытаннях?

— З аднаго боку, у гэтым ёсць пэўнага кшталту спрашчэнне: раней, каб камусьцi нешта перадаць, трэба было патэлефанаваць цi прыйсцi асабiста. Гэта развiвала камунiкатыўныя навыкi, але патрабавала больш часу. Цяпер усё прасцей: адправiў паведамленне i ўсё. З другога боку, ад гэтага людзi пэўныя рэчы страчваюць, у прыватнасцi, жывога кантактавання стала менш.

Сапраўды, ёсць людзi, якiя не могуць адключыцца нi ў рабочы, нi ў выхадны дзень. Але гэта асабiсты выбар кожнага. Калi чалавек псiхалагiчна ўстойлівы i здольны спраўляцца з такiмi сiтуацыямi, ён можа прыняць рашэнне: у мяне цяпер выхадны, гэта мой вольны час, не прызначаны для работы, — i пакiнуць на гэты момант толькi кантакты з тымi людзьмi, з якiмi хочацца камунiкаваць.

— Як правiльна ў гэтай сiтуацыi расставiць прыярытэты?

— Зразумела, што цалкам адасобiцца ад рабочых паведамленняў нельга, бо, як бы там нi было, нам хочацца быць у курсе таго, што адбываецца. Але межы памiж работай, асабiстым жыццём, адпачынкам усё ж трэба ўсталёўваць. Бо ў адваротным выпадку гэта прывядзе да эмацыянальнага спусташэння i прафесiйнага выгарання. Так, ёсць тыя, хто нават у адпачынку не можа адключыцца ад рабочага кантактавання. Ёсць арганiзацыi, якiя патрабуюць пастаяннага знаходжання чалавека на сувязi. Але тут трэба вызначыцца: наколькi я гатовы жыць у такiм рэжыме, навошта мне гэта трэба i чаму я выбраў такую работу. Агульныя рэкамендацыi такiя: межы павiнны быць. Ёсць работа, а ёсць асабiстае жыццё. I ёсць месцы, дзе яны не перакрыжоўваюцца.

— Якiя людзi схiльныя да залежнасцi?

— Часта гэта тыя, хто вырас у неўладкаваных сем'ях, дзе не было нармальнага кантакту, дзе былi вельмi цяжкiя пачуццi: бацькi сварылiся, i дзiця не магло ў такой абстаноўцы знаходзiцца, яму даводзiлася кудысьцi збягаць. Таксама гэта людзi з пэўнымi асабiстымi рысамi, у прыватнасцi, тыя, хто не ўмее спраўляцца з эмоцыямi, не ведае, як правiльна iх пражываць. Тады яны анестэзiруюцца ў сваёй залежнасцi, змяншаюць iнтэнсiўнасць эмоцый такiм чынам. Альбо людзi, якiм складана будаваць кантакты, iнтраверты, паглыбленыя ва ўнутраныя працэсы, тыя, у каго не складваюцца адносiны з равеснiкамi, хто не навучыўся ўсталёўваць кантакты. Акрамя гэтага, людзi недастаткова мэтанакiраваныя, якiя штосьцi спрабуюць i кiдаюць, калi не атрымлiваецца.

— Як вызначыць залежнасць ад гаджэтаў?

— На познiх стадыях гэта вельмi прыкметна: чалавек перастае сачыць за сном, ахвяруе харчаваннем, бо перавага аддаецца хуткiм перакусам, забываецца на гiгiенiчныя працэдуры, на кантактаванне з блiзкiмi i сябрамi. А пачатковая — гэта калi нельга выйсцi з дому без тэлефона. Калi так здарылася, то чалавек моцна трывожыцца. Гэта першыя прыкметы.

— Цi можна з гэтым справiцца самастойна?

— З тымi фiнальнымi сiмптомамi, якiя я назвала, наўрад цi чалавек звернецца да ўрача сам. Пры любой спробе выцягнуць яго з гаджэтаў ён раздражняецца i злуецца. Часам, калi да яго звяртаюцца, ён настолькi паглыблены, што нават не чуе. У такiх выпадках трэба iсцi да спецыялiста. Ёсць розныя прычыны, чаму чалавек паглыбляецца ў гаджэты. Некаторыя iх выкарыстоўваюць, калi самi не могуць арганiзаваць свой вольны час i напоўнiць жыццё цiкавымi заняткамi. Тады гэты час «забiваюць» тым, што трапiцца пад руку: гартаюць стужку навiн, дзе праз пяць хвiлiн не памятаюць, пра што чыталi, размалёўваюць карцiнкi i iншае. Тут важна разабрацца: якiя ўнутраныя прычыны прывялi да таго, што я запаўняю сваё жыццё менавiта такiм чынам? Альбо: як так адбылося, што я настолькi трывожуся, што не магу не адказваць на званкi i паведамленнi? Заўсёды гэта можна зразумець самастойна. Але куды больш якасна i хутка — пры дапамозе спецыялiста.

— Самае важнае — зразумець, што ёсць залежнасць, i мець жаданне з ёй справiцца?

— Так. Калi я не прызнаю, што ў мяне ёсць залежнасць, то i не разумею, навошта мне iсцi да псiхатэрапеўта. А калi я прызнаю, што я алкаголiк або залежу ад камп'ютарных гульняў, ад тэлефона, i мне не ўсё роўна, бо ад гэтага расстройваюцца адносiны, не атрымлiваецца з работай цi вучобай, тады я буду звяртацца па дапамогу. Важна гэта асэнсаваць, каб з'явiлася матывацыя.

— Але калi чалавеку камфортна ў вiртуальнай рэальнасцi, цi трэба яго адтуль вызваляць? Як увогуле гэта зрабiць — прыбраць усе гаджэты?

— Адразу прыбраць усе гаджэты з жыцця не атрымаецца. Вызначаецца дапушчальны час, якi можна на iх патрацiць. Важна знайсцi вiды дзейнасцi, якiя будуць не менш цiкавыя, чым сядзенне за камп'ютарам. У дачыненнi да дзяцей i падлеткаў гэта задача бацькоў — дапамагчы арганiзаваць час, навучыць атрымлiваць задавальненне ад рэальнага жыцця. Зразумела, што ад рэальнага жыцця складаней атрымаць эмоцыi, дасягаць нейкiх мэт, бо трэба прыкласцi намаганнi, у адрозненне ад гульняў. З дзiцем цi падлеткам гэта зона бацькоўскай адказнасцi. З дарослым таксама важна прапаноўваць дапамогу i паказваць, што жыццё можа быць рэальным, але тут выбар застаецца за самiм чалавекам.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Мой небяспечны «сябар»...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?