Вы тут

Гармонія сусвету Казіміра Сваяка


Казімір Сваяк — адзін з пачынальнікаў духоўна-ірацыянальнай плыні ў заходнебеларускай паэзіі. Яго творчасць вызначалі асаблівасці містычнага, інтуітыўна-экстатычнага ўспрымання свету. Грамадскаэстэтычны ідэал паэта фарміраваўся на аснове рэлігійных поглядаў, глыбокага ўсведамлення хрысціянскіх маральнафіласофскіх каштоўнасцей. Каталіцкі святар, ён сцвярджаў духоўную сутнасць быцця як аснову дабра, ісціны і красы ў сусвеце.


Нядаўна споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, філосафа, драматурга, публіцыста, каталіцкага святара Казіміра Сваяка.

Нарадзіўся К. Сваяк (сапр. — Канстанцін Мацвеевіч Стаповіч) 19 лютага 1890 г. у вёсцы Барані Свянцянскага павета Віленскай губерні (цяпер Астравецкі раён Гродзенскай вобласці) у шматдзетнай сялянскай сям’і. Вялікі ўплыў на станаўленне і развіццё творчых здольнасцей таленавітага хлопчыка аказала сямейнае асяроддзе, якое культывавала ўвагу і любоў да беларускіх нацыянальных традыцый і каштоўнасцей, вуснай народнай творчасці.

Будучы паэт закончыў спачатку пачатковую школу ў вёсцы Барані, затым гарадскую ў Свянцянах (1906). У 1908— 1914 гг. вучыўся ў Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі, сумяшчаючы вучобу з лячэннем зімою ад сухотаў на курорце ў Закапанэ.

У 1915 г. у Пецярбургу К. Сваяк быў пасвечаны ў ксяндзы. Служыў вікарыем спачатку ў парафіі Камаі, затым Клюшчаны Свянцянскага павета. У  1916 г. пераведзены на пасаду вікарыя ў вёску Карыціна на Беласточчыне. З ліпеня 1918 г. — у вёсцы Лапеніца пад Ваўкавыскам, з канца 1920 г. — пробашч у вёсцы Засвір. На ўсіх месцах службы К. Сваяк займаўся рэлігійнай, грамадска-культурнай і літаратурнай дзейнасцю. Напрыклад, у Клюшчанах не толькі вёў набажэнствы па-беларуску, але і арганізаваў пры касцёле працу беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў, заснаваў беларускі хор.

Беларускія казанні К. Сваяка ў касцёле, сцвярджэнне ім ідэй беларускага адраджэнскага руху выклікалі незадаволенасць і супрацьдзеянне польскіх духоўных улад, якія пераводзілі беларускага святара з аднаго месца службы на другое, суправаджалі яго працу атмасферай падазронасці і недаверу, пагроз і забарон. У 1922 г. яму нават давялося пабыць пад хатнім арыштам. Усё гэта падрывала і без таго слабае здароўе паэта. Пачынаючы з 1912 г. кожную зіму ён праводзіў на лячэнні ў Закапанэ.

Свой першы верш «На імяніны майго пробашча» К. Сваяк напісаў у 1912 г., рэгулярна друкавацца пачаў з 1919 г. Апублікаваў зборнік вершаў «Мая ліра» (1924).

Яго пяру належаць брашура «Алкаголь» (1913), цікавыя апавяданні, нарысы, публіцыстычныя і літаратурнакрытычныя артыкулы, нататкі, эцюды, імпрэсіі, гумарэскі.

Аўтар шэрагу драматычных твораў, сярод якіх асабліва вылучаюцца п’еса «Янка Канцавы» (1924) і містэрыя «Купалле» (1930), а таксама філасофскага дзённіка «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі» (1932).

Невылечная хвароба забрала К. Сваяка 6 мая 1926 г. у Вільні. Пахаваны на могілках Роса.

Яго мастацкае мысленне абумоўлівалася імкненнем да пераадолення зямнога і прыроднага пачаткаў, таго, што прынята разумець пад паняццем «фізічнага эгаізму», жывілася дабратворнай энергіяй любові, верай у  сілу і несмяротнасць духу, маральнае ўдасканаленне чалавека і гармонію сусвету. Шырокай грамадскай няпраўдзе, сацыяльнай несправядлівасці і нацыянальнаму ўціску, бедам і няшчасцям народнага асяроддзя паэт супрацьпастаўляў станоўчы рэлігійна-хрысціянскі ідэал, перастварэнне жыцця ў любові і веры ў Царства Божае, высокую Божую праўду і свабодную згоду і адзінства.

Лірычны герой зборніка К. Сваяка «Мая ліра» дарэшты прасякнуты памкненнем да Бога, пазнаннем Яго высокай зместаваўтваральнай сутнасці («Ледзь толькі блысьне на небе зарніца, Дух мой, о Божа, на Цябе чакае»), прагне Яго, «як дожджу травіца». Ён сумуе па Богу, шукае Яго ў «дарозе блуднай», «у сухой зямельцы бязводнай і труднай, залітай жагай палудняга сонца». «Шляхам цярністым жыцьцё агартаю, Руку цалую Твайго змілаваньня, — чытаем у вершы «Песьня на псальм 62», — Твой Огляд вечны гімнам апеваю І веру сёньня ў  духа змертвыхстаньне». Душу аўтара «ажыўляе Поўнасьць праствораў гвезднага космосу», яго голас шукае «Цуднай мэлёдыі», «каб запяяці гімн Творчаму Лёсу».

На думку К. Сваяка, усе зямныя і  нябесныя з’явы і прадметы знаходзяцца ў працэсе свабоднага руху, узаемадзеяння і ўзаемапранікнення, яны падпарадкаваны пэўнаму і выразнаму касмічнаму ўсёадзінству, універсальнаму сусветнаму сэнсу, увасабляюць існаванне непадзельнай сусветнай ідэі. Якраз пазнанне вялікай і вечнай таямніцы, сусветнай ідэі, як духоўнага адзінства і ўзаемазвязанасці ўсяго з усім, гэтак званай цэласнасці прыватнага, калі адно адлюстроўваецца, рэалізуе свой патэнцыял у другім, атрымлівае ў ім свой працяг і  развіццё, з’яўляецца галоўным прадметам чалавечага жыцця. Лірычны герой паэта імкнуўся да асэнсавання аб’ектыўна-матэрыяльных і  суб’ектыўна-ідэальных частак і элементаў сусветнага цэлага, да ўзаемапранікнення і свабоднага існавання з імі. Натуральна, ён адчуваў на сабе ўздзеянне гэтага сусветнага цэлага («Пульс жывога ўсесьвету, творчы шопат чую…») і  ў  той жа час, рэалізуючы яго, сам уплываў на шматлікія навакольныя з’явы і працэсы. Цікавую і незвычайную, як у  духоўным, гэтак і ў мастацкім плане, карціну назіраем, напрыклад, у вершы «Душа мая»:

Матыль пышнакрылы купаецца ў зорах

З праменьняў сатканых, купаецца ў морах

З вадою цудоўнай. У неба ўзлетае

Арлом сьветавідам — і ў пекла спадае.

Тут не толькі адно не выключае другога, а, наадварот, прадугледжвае яго. Адзінкавае і прыватнае існуюць на шырокай усеагульнай аснове, падпарадкоўваюцца высокай творчай сіле, прыроднай волі, касмічнаму розуму — Провіду Божаму. Верш прасякнуты адчуваннем адухоўленасці сусвету, напоўненасці яго цеплынёй і пяшчотаю, дабрынёй і любоўю. Ён сцвярджае ідэю вечнага духу, які знаходзіць сваю рэалізацыю ў  з’явах і прадметах матэрыяльнага свету, увасабляе прынцып «станоўчага ўсёадзінства», актыўнасць і дзейснасць гарманічнага цэлага. Мабыць, асаблівай зместавай насычанасці і пераканання аўтарская думка дасягае ў апошняй страфе твора:

Сьвет чароўны-цудоўны мяне ўзяў ў абоймы,

Напаіўшы адвечнай журбай ідэалу,

Твораў дзіўных усюды віджу цэлы плоймы

І чую над сабою ўсебыту навалу.

Імкненне і далучанасць чалавека да Бога абумоўліваюць якаснае перараджэнне і абнаўленне яго жыцця і сутнасці. Уздзеянне неўміручага і вечнага дару Божага вядзе да несмяротнасці. Духоўная любоў ператварае малое ў  вялікае, частковае — у поўнае, часовае — у вечнае, надзяляе ўсеагульным, бясконцым значэннем. Складваецца ўражанне, што душа лірычнага героя К. Сваяка мела неабмежаваныя магчымасці, усюдыісную прыроду, трансцэндэнтнае панаванне, валодала здольнасцю пераадольваць сумненні і  ваганні, уздымацца над матэрыяльнай будзённасцю, шматлікімі грамадска-сацыяльнымі праблемамі і супярэчнасцямі, падпарадкоўваць сабе ўсе з’явы і прадметы. Яна поўнілася высокаю боскаю сілаю, і таму ёй адкрываліся абсягі ўсяго сусвету, было падуладна зямное і нябеснае. Яна пачувала сябе вечнаю і бязмежнаю ў прасторы і часе, бо ў ёй увасобіліся дабро, ісціна і краса.

Сэнсатворны змест і значэнне любой з’явы К. Сваяк успрымаў і разумеў як яе ўнутраную звернутасць да сусветнай ідэі, абсалютнай ісціны. Ён адмаўляў прыватную адасобленасць і злосць, эгаізм і карысць у жыцці чалавека і грамадства, тым больш адкрытую барацьбу і супрацьстаянне. Паэт сумняваўся ў маральнай эфектыўнасці і дзейснасці радыкальна-рэвалюцыйных сродкаў і метадаў пераўтварэння Гармонія сусвету Казіміра Сваяка рэчаіснасці, адхіляў сілу і прымус як спосаб выратавання свету. «Ці варта змагацца з нядоляй крывавай? Ці варта вялічыць лік жэртваў зямлі?  — разважаў ён у вершы «Чаму мне маркотна». — Ці ж сьвет пераробім рукою нямравай? Ці тым там ня лепей, што ў гробе згнілі?»

Найвышэйшым сэнсам існавання К.  Сваяк лічыў духоўнае жыццё з увасобленымі ў ім красой і гармоніяй, маральнасцю і верай, што патэнцыяльна супрацьстаяць уладзе граху і  несправядлівасці, выступаюць у  якасці неабходнай умовы і  ідэальнага выніку развіцця грамадскіх адносін. Менавіта духоўнае жыццё з’яўляецца той субстанцыяй, якая надзелена абсалютным зместам. Усе праблемы і супярэчнасці рэчаіснасці ён прапаноўваў вырашаць і пераадольваць сілаю любові, усёдаравання і ўсёпрымірэння, імкненнем да духоўна-маральнага прасвятлення матэрыяльнага быцця і свету, насычэннем іх дабром, красой і ісцінай. К. Сваяк прапаведаваў аб’яднанне ўсіх і ўсяго на аснове імя і духа Хрыстова, сцвярджаў ідэю ўсеагульнага ўваскрэсення. Услед за многімі сваімі папярэднікамі і сучаснікамі паэт напаўняў гэтую ідэю ёмістым духоўна-сацыяльным зместам, звязваў яе з неабходнасцю абуджэння і актывізацыі грамадска-патрыятычнага руху, стваральнай дзейнасці шырокага працоўнага асяроддзя, з адраджэннем Беларусі. Лірычны герой яго верша «Ad te levavi…» звяртаўся да Бога з тым, каб Ён спаслаў змілаванне над беларусім людам, «што поўны нядолі, бо ўжо-ж ён просіць даўно змертвыхстаньня, каб выйсьці з крыўды, з грэху і няволі». «Чужынец люд Твой аддаў на пакусу, каб з яго сэрца выгнаць Цябе, Божа…» — чытаем у творы. Ён прасіў Бога «зорам сваей моцы» скрышыць «нячыстых працу рук паганых», збудзіць паднявольны, згараваны люд «на труд свабодны, на ласку спакою», благаславіць яго на дабро і шчасце.

Паэтызацыя хрысціянска-каталіцкіх духоўна-маральных каштоўнасцей спалучалася ў творчасці К. Сваяка з  выяўленнем актуальных грамадскасацыяльных праблем і супярэчнасцей, сцвярджэннем нацыянальна-патрыятычнай ідэі, адраджэння Беларусі. Ён славіў Бога і адначасова ўсхваляў «родную старонку», яе чары, цудадзейныя сілы і магчымасці. «Ты цярпеньне душы гоіш і зьнямогу цела, — чытаем, напрыклад, у вершы «Чары Айчыны». — Жыцьцё творыш, песьні роіш, вучыш жыць умела».

Мікола МІКУЛІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.