Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


Жыццё: рэальнасць і містыка

Самы аб’ёмны празаічны твор у лютаўскім нумары «Полымя» — містычная аповесць Віктара Кунцэвіча (паводле вызначэння аўтара) з  інтрыгоўнай назвай «Спадчына генеральшы Лемешавай». Пачынаецца з апісання заводскіх будняў электразваршчыка Сяргея Кузько. Галоўны герой — звычайны малады чалавек, хіба што рамантык (з-за ўзросту), а больш нічым не вылучаецца ў сваім асяродку. Ён, нібыта падпарадкаваны чужой волі, уцягваецца ў шэраг небяспечных падзей… Сюжэт аповесці нетрывіяльны, закручаны. І  каб яго разблытаць, аўтар і скарыстоўвае так званую містыку: атрымаўшы моцны ўдар па галаве, Сяргей пачынае бачыць галюцынацыі, якія насамрэч мелі месца ў жыцці тых, з кім ён узаемадзейнічае… Чым далей у лес, тым болей дроў — аказваецца, што такія ж рэальныя галюцынацыі здольны бачыць і іншы герой, у чыёй спартыўнай кар’еры мела месца траўма галавы. А дзяўчына, каханая Сяргея, без аніякага траўміравання размаўляе з прывідам у люстэрку… З гісторыі вядома, што часам невытлумачальныя здарэнні адбываюцца і ў палацах магутных уладароў, і ў жыцці простых людзей. Што да аповесці, дык ці не завялікая частотнасць гэткай містычнасці на невялікую колькасць дзеючых асоб? На сярэдзіне твора пачынаеш лавіць сябе на тым, што аўтару папросту не верыш… Інакш і ў жыцці, як і ў творы, кожны, аднойчы траўміраваны, мог бы быць экстрасэнсам ці прадказальнікам. На маю думку, лепей было б зрабіць аповесць дэтэктывам: інтрыга, калізіі, сюжэт, логіка — усё для гэтага ёсць.

Цалкам рэалістычнае апавяданне Наталлі Туміловіч «Дарога дадому», у цэнтры якога — гісторыя вясковай сям’і з праблемамі, што ў той ці іншай ступені маюць месца ў жыцці многіх: цяжкая праца, неабходнасць штодзённых высілкаў для таго, каб выжыць… Як узнагароду лёсу ў канцы расповеду аўтар дае сваёй гераіні надзею на простае чалавечае шчасце: прайшоўшы праз страты, боль, гады выпрабаванняў, Марыя сустракае роўнага сабе, вартага сябе чалавека…

Найбольшую асалоду чытання даюць навелы Уладзіміра Сцяпана пад агульнай назвай «Малінавы кампот» (якая выглядае сімвалічнай). Кароткія гісторыі без аніякай містыкі ілюструюць глыбіню, невычарпальнасць, разнастайнасць і неспасцігальнасць жыцця, чалавека, лёсу… Вельмі псіхалагічныя і пры гэтым нешматслоўныя, яны падобныя на графічныя шэдэўры: аўтар выкарыстоўвае некалькі сказаў для трапнай характарыстыкі героя — а ты цалкам «адчуваеш» вобраз, бачыш як жывога чалавека з усімі яго супярэчнасцямі. Гэта і старыя, якім пашчасціла злавіць у Свіслачы сазана, але яны вырашылі адпусціць рыбіну ў раку (і адразу паўстаюць сімвалічныя аналогіі: стары сазан — гэта яны самі, а рака — жыццё) («Вялікая рыба»), і жанчына, якая вяртаецца з курорта да сям’і, перажыўшы ці не найярчэйшы за ўсю яе гісторыю раман, але аддае перавагу звыкламу, знаёмаму, простаму (і тут забытыя на балконе атэля ракавіны — сімвал невядомага, нязведанага: вабіць адчыніць дзверы, але ты не ўяўляеш, што за імі) («Рапаны»). Навела, якая дала назву цыклу, запрашае да роздуму, прымушае зазірнуць у  прадонне душы чалавека і… жахнуцца. Але не ад пачварын, якіх там бачыш, а ад адчування болю за чалавека, за яго няўтульнасць, неўладкаванасць, немагчымасць суіснаваць самому з сабой, з «адкрытым космасам», які навокал, сярод блізкага і знаёмага, ва ўласнай сям’і…

Паэзія, прадстаўленая на старонках часопіса, разнапланавая, разнастайная, шматтэмная. Усе аўтары вызначаюцца насычанай вобразнасцю: Мікола Мятліцкі з падборкай «Мост паміж стагоддзямі», Іна Фралова з вершамі пад назвай «Першароднае» і Юля Цімафеева з нізкай «Mother Tongue». У гэтага аўтара вобразы, бадай, самыя нечаканыя і незвычайныя:

у чырвонай гліне

свайго сэрца

я выкапала ямку

і пахавала ў ёй

сінюю костачку

яна прарасла

па той бок зямлі

на здароўе

ешце з яе

круглыя плады

майго болю

мае памерлыя

жывіце               

я ваша костачка

Рубрыка «Галасы свету» знаёміць з творчасцю сучаснага азербайджанскага пісьменніка Камрана Назірлі. Яго апавяданні, аб’яднаныя пад назвай «...Мяне ўжо там не было», перастварылі па-беларуску Дзмітрый Радзівончык і Людміла Кебіч.

Яна БУДОВІЧ


Незваротнае шчасце

Лютаўскі нумар «Нёмана» пачынаецца раманам «Пад купалам карнавалу» Веры Зелянко. Твор спадабаецца тым, хто любіць лёгкае чытанне: каханне, тайны, неспадзяванкі… Да таго  ж даволі мала разважанняў, але шмат дзеяння і эмоцый, што абумоўлена задумай аўтара  — расповедам пра падарожжа ў Рыадэ-Жанейра, які з кожнай старонкай усё больш нагадвае дэтэктыў. Героі (Захар, Тарас, Эрыка і  Макс ды Ліза — не ўсе тыповыя для Беларусі імёны) — былая школьная кампанія, усе ролі ў якой выразна акрэслены. Хтосьці безнадзейна закаханы, кімсьці кіруе рэўнасць, але для ўсіх гэтая вандроўка — шанец паставіць кропкі над сваімі «і». Нягледзячы на, здавалася б, блізкія стасункі, у іх адносінах адно да аднога не назіраецца далікатнасці і дабрыні. Знарок ці не, але аўтар адлюстравала персанажаў такімі, што вандраваць з імі амаль не хочацца. Магчыма, працяг будзе больш поўны яркімі падзеямі і раскрые цікавыя бакі герояў.

У ключавым вершы падборкі Аляксандра Лісняка, які і даў ёй назву «Адлюстраванае святло» («Отражённый свет»), увасоблена імкненне чалавека да ўсяго светлага, жывога, шчырага і  навокал, і ў сабе. Асабліва  — да кахання, якое на працягу верша згадваецца толькі аднойчы, але ўжо ў наступным творы — «Узросты кахання» — атрымлівае паўнавартаснае развіццё. Дарэчы, закранаецца і тэма позняга кахання, калі героя знаёмяць з жанчынай, якой «таксама шчасця хочацца». Вось толькі некаторыя параўнанні падаюцца дзіўнымі:

А нам любви с ней не отпущено,

У нас глаза прохладней проруби,

И губы в уголках опущены,

Как крылья раненого голубя.

Увогуле ж, настрой падборкі Аляксандра Лісняка непрыхавана песімістычны.

Наступны твор за аўтарствам Вітаўта Чаропкі «Ваша імя. Нататкі на палях кніжыцы майго жыцця» (пераклад з беларускай мовы Канстанціна Шыдлоўскага) таксама разнапланавы і настраёва, і тэматычна, і ідэйна. Але агульнае ў ім — пастаянны зварот да любві і прыгажосці (у вобразах маладых дзяўчат-багінь), не сказаць, каб Незваротнае шчасце у чымсьці асаблівы для чытача, але для аўтара — дакладна. І сніцца герою, што яго зноў цалуе каханая, і памятае ён расставанне, і сумуе па страце. Але ў той жа час захоплены ці не зусім іншай музай: як пульсуе жылка на яе шыі, якая яна слабая і  крохкая, неапісальна прыгожая. Але і гэтая асоба застанецца з ім толькі на кароткі тэрмін і знікне назаўсёды.

Вершы паэтычнай падборкі Рыгора Трэстмана «Цемната мая  — тваё ўсёведанне» («Невежество моё — твоё всезнанье») супрацьлеглыя па светаадчуванні папярэдняму творцы. Паэта хвалююць тэмы поспеху, страху, веры, але адсылае ён чытача не да асабістага досведу і разваг, а да сусветнай гісторыі і культуры. Ён упэўнены ў сваіх меркаваннях і з лёгкасцю размаўляе з чытачом на даволі складаныя тэмы, як і ў «Лісце Кольку Захаранку»: «Мы с тобою не владеем снами — ну и  что: не Бог какая жалость! Смерть есть время, прожитое нами, а не то, которое осталось. Потому не упускай ни часа, и хоть в нашей жизни все некстати, неприкосновенного запаса нет у нас, но на сегодня хватит. Коль свело живот — беги к сортиру, коли силы есть — пройдись по бабам. Римлянин вещал от Рима к миру. Я помельче: от Нокдима — к Швабам».

Ніна Мацэвіла ва ўспамінах («Водсветы майго дзяцінства») адлюстравала сапраўдны зрэз часу: канец 30-х гадоў мінулага стагоддзя, Заходняя Беларусь, жыццё на хутары. Яна дзеліцца фрагментамі дзяцінства, распавядае пра родных, але гэта ўсё ж не больш, чым наўпрост успаміны. Героі абмаляваны толькі штрыхамі, бо асноўная ўвага — бытаапісанню. На гэта, па прызнанні аўтара, яна сама ледзь наважылася — «…занадта балюча было варушыць дарагое і незваротна страчанае…»

Ах, это я! Опять с печалью,

Опять, с раскосою, вдвойне!

Плохими люди нынче стали! —

Горюют бабки во дворе.

Так, «Нёман» завяршаецца трыма лірычнымі вершамі Дар’і Лёсавай «Але і мне ж дарыць пара!» (пераклад на рускую аўтара). Што ж... Ад падарункаў, як кажуць, не адмаўляюцца...

Яўгенія ШЫЦЬКА


Звышсучаснасць і буслы

У лютаўскай «Маладосці» працягваецца рубрыка «У бібліятэцы з Анхелай». Падыход Анхелы да кампазіцыі крыху змяніўся: цяпер творчы шлях аўтара (гэтым разам — Рэнэ Гасціннага, аўтара маленькіх апавяданняў і коміксаў) падаецца паралельна з жыццёвым шляхам. Але само пісьмо Анхелы цяпер больш эсэістычнае. З-за гэтага выключна лінгвістычны цікавы «постскрыптум», пасля якога ідзе ўрывак з апавядання, звяртае на сябе столькі ўвагі, колькі не звяртае ні адзін пасаж пра Гасціннага. Ужо другі раз чытачам прапаноўваюць пазнаёміцца з дзіцячым (пераважна) аўтарам, да таго ж сама Анхела зноў распавядае, як пазнаёмілася з Гасцінным у дзяцінстве праз бацькоўскую бібліятэку. Вельмі не хацелася б, каб рубрыка ператварылася ў дзіцячыя ўспаміны адпаведнай накіраванасці, тым больш што мэтавая аўдыторыя «Маладосці» не такая і маладая.

На «Старонцы аднаго верша»  — тэкст Ірыны Лісічкінай «Два буслы». Як і ў свой час з іншай дэбютанткай гэтай старонкі Вольгай Нікіценкай, не зусім зразумела, чаму друкуецца менавіта гэты твор, які не тое, што не маніфестуе аўтара як носьбіта індывідуальнага спалучэння паэтычных сродкаў  — выстаўляе яго штампы. Сутнасная беднасць лёгка акрэсліваецца аднымі толькі рыфмамі першай жа страфы — «неба — хлеба» і «вясны — буслы».

Ёсць на старонках часопіса і  сваё свята ў абліччы падборкі вершаў Паўла Дарохіна з назвай «Сілумінавыя начоўкі». На ўзроўні канструявання аповеду вершы моцна набліжаныя да паэтызаваных статутаў: праз цяперашні час дзеясловаў і інфінітывы, а таксама ўвогуле праз вялікую колькасць канструкцый сцвярджальнага характару («Ліпень то новы люты» ці «Вайна — гэта жорсткі сэкс») адбываецца фіксаванне быцця, дзе законы паэтычнай мовы выконваюць ролю законаў фізікі. На сінтаксічным узроўні кароткія сентэнцыі спалучаюцца з разгорнутымі: дзякуючы гэтаму механічная «статутнасць» зліваецца з натуральным маўленнем, што надае аўтарскаму светаадчуванню пэўную вагу і ўніверсальную легітымнасць. Для лексічнага ўзроўню характэрныя энцыклапедызм і  шматрэгістравасць, якія выконваюць цэлую прорву функцый: адлюстраванне «кліпавасці» сучаснага свету, усталяванне адначасова іранічнага, рамантычнага і прагматычнага стаўлення да жыцця, падкрэсліванне актуальнасці сваёй мовы і мыслення, легітымізацыя пост(ці нават постпост) мадэрнісцкага становішча паэзіі і наогул грамадства. Вершы Паўла Дарохіна — адпаведны паэтычны падручнік па звышсучасным успрыманні рэчаіснасці, які добра паказвае не толькі, што такое паэзія ў XXI стагоддзі, але і ў якіх катэгорыях сёння здзяйсняецца звычайны чалавек.

Тыповым, на мой погляд, для беларускай перыёдыкі стылёва-моўным анахранізмам (хаця і зробленым на пэўным узроўні) выглядаюць вершы Кацярыны Роўды. Зноў па радках пралятаюць буслы, зноў жыта і адзінокія хаціны, з якіх складаецца чарговы прыклад вяскова-маларадзімнай лірыкі. Ад пейзажных замалёвак аўтар рухаецца ў бок больш індывідуальных матываў, але нават асабістыя пачуцці аказваюцца ў палоне некалі прачытаных вершаў, іх сюжэтаў і паэтычных хадоў. Ёсць асобныя блізкія да ўдалых моманты кшталту іранічнага «Слёз няма. А на сэрцы — шклавата» і разгорнутага «Недаспелых пачуццяў зялёнае збожжа // Хлебам шчасця не стане на белым абрусе», але такім праявам крэатыву, лічу, не хапае выкарыстання на ўзроўні сюжэтаў і лексічных адзінак, за кошт якіх абраны Кацярынай Роўдай шлях выказвання збольшага і працуе.

Застаецца пажадаць «Маладосці» літаратараў, чые творы існавалі б не ў шматузроўневым вакууме, а ішлі б па лязе сучаснасці, стваралі б гэтую сучаснасць праз тэкст. Павел Дарохін, безумоўна, робіць свой унёсак у  фарміраванне рэальнасці, але ці ёсць у такім падыходзе да творчасці грамадскае запатрабаванне? Ці не лепей чарговы раз прыгадаць запаветных буслоў?..

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.