Вы тут

Закляты скарб, або Сага наканавання


«Naked and alone we came into exile. In her dark womb we did not know our mother's face; from the prison of her flesh have we come into the unspeakable and incommunicable prison of this earth…»

Thomas Wolfe «Look Homeward, Angel»


Шукаць свае карані, намацваць самасць, ідэнтычнасць — справа няпростая і адказная. Па-першае, трэба мець моцны характар: не заўсёды ў чалавека стае мужнасці, каб прыняць, прызнаць і тым больш распавесці ўсяму свету тыя ці іншыя факты пра сваю сям’ю. Па-другое, неабходны стымул  — вырашальны фактар, якім часцей за ўсё выступае спрадвечны экзістэнцыяльны запыт: «Хто я? Адкуль? Навошта тут, у  гэтым свеце?» Па-трэцяе, кожны з нас  — гэта звяно ў  ланцужку шматлікіх пакаленняў роду, вынік кахання, нянавісці, трывог, спадзяванняў нашых продкаў. І  без разумення, усведамлення гэтага мы асуджаны штораз вяртацца да выклятых пытанняў і не знаходзіць на іх адказу, прыпадабняючыся да бязмоўных, набрынялых жывёльнымі інстынктамі манкуртаў.

Мікола Адам, аўтар чарговай кнігі з серыі «Жаночыя лёсы», выдадзенай сёлета на пачатку года выдавецтвам «Чатыры чвэрці», плённа працуе ў  айчыннай літаратуры на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў. Творцу шматграннаму, яму падуладны і меладрама, і арт-хаус, і пераклад, і нават дзіцячая літаратура. Як амаль кожны празаік, ён пачынаў з  вершаў. Вучыўся на філолага ў БДУ, атрымаў спецыяльнасць кінадраматурга ў БДУКМ. Яму давялося ўсяго ў жыцці дасягаць самому, пераадольваючы як знешнія, так і ўнутраныя перашкоды. Пачатак дзевяностых, шматдзетная сям’я, бацькі — сціплыя вясковыя працаўнікі. Пераехаўшы з Казахстана ў Беларусь, яны вымушаны літаральна змагацца за месца пад сонцам. Юнацтва пісьменніка было азмрочана цяжкасцямі, якія нават і не сніліся большасці сучасных маладзёнаў: калі падчас вандровак па некалькі дзён даводзілася абыходзіцца без ежы, начаваць на вакзалах, прымаць удзел у  вулічных паядынках. «Дваровыя бойкі жорсткія, заўсёды не па правілах, крывавыя і часцей за ўсё кароткія…» — напіша ён пасля. Ад адчаю ратавалі кнігі  — чужыя і тыя, якія ён марыў стварыць. Мікола Адам нястомна шукаў сябе: спрабаваў і акцёрскую, і рэжысёрскую, і журналісцкую прафесіі. Былі моманты, калі расчароўваўся ў  літаратуры, але пакліканне штораз уваскрашала яго з небыцця, дазваляла зноў паверыць у сілу слова:

Калі сэрца тугой шчымела,

Бо яму святла не хапала, —

Да мяне заходзіў нясмела

Летуценнік Янка Купала.

Калі я, прыгнечаны нечым,

Забываўся на ўласны голас, —

Мне расправіць прыходзіў плечы

Па-бацькоўску

Якуб Колас.

Яго творы ранняга, «першацветаўскага» перыяду — квітэсэнцыя юнацкіх жаданняў, амбіцый, неўтаймоўнай пачуццёвасці. Сведчаннем гэтаму — «Вайна, прыдуманая мною» — ранняя паэма, у якой знайшлі адлюстраванне пошукі, памкненні, захапленні маладога творцы. Шмат у чым ён такім і застаўся: для многіх нязручным, «непрыручаным», тым, хто не ўпісваецца ў зададзеныя часам і грамадствам каноны, хто шмат на што мае свой, адрозны ад агульнапрынятага, погляд. Такая рыса хутчэй шкодзіла, чым дапамагала ў рэальным жыцці, дзе не любяць, калі рэчы называюць сваімі імёнамі, а людзей, якія насмельваюцца ісці супраць натоўпу, запісваюць у парыі і робяць ізгоямі.

Новы твор — гэта, па сутнасці, справаздача за пэўны перыяд, падвядзенне вынікаў, своеасаблівы Рубікон, за мяжой якога можна задаць сабе пытанне: здолеў ці не? ці адшукаў карані і праз іх — сябе?

Кніга «…І прыдбаў гэты дом» невыпадкова мае прысвячэнне: «Маме Вользе Яўгенаўне і бацьку Міхаілу Іванавічу». Бацькі Міколы Адама і ёсць галоўныя героі «аўтабіяграфічнага» рамана. Такое азначэнне можа напачатку ўвесці чытача ў зман, бо неўзабаве высвятляецца, што аўтар — усяго толькі апавядальнік, і ў той час, калі разгортваюцца асноўныя падзеі рамана, яго яшчэ няма нават у  «праекце». Нягледзячы на гэта, пісьменнік віртуозна балансуе на мяжы non-fiction і белетрыстыкі, ствараючы аб’ёмную мастацкую рэальнасць, і ўжо справа чытача, ці верыць напісанаму. Аўтар пакрокава рэканструюе мінулае, напаўняе прастору твора фактамі, жывымі эмоцыямі, побытавымі і гістарычнымі падрабязнасцямі, дзякуючы чаму складваецца ўражанне, што чытаеш дакумент эпохі.

Аповед распачынаецца з сямейнага міфа, паводле якога родны дзед аўтара па матчынай лініі Іван з’явіўся на свет у выніку пазашлюбнага кахання ўкраінкі і немца. Гіпатэтычнае сваяцтва, абцяжаранае неславянскім прозвішчам, накладзе жорсткі адбітак на яго далейшы лёс, прымусіць узысці на сваю Галгофу, зазнаць пакутлівую адысею па сталінскіх лагерах. І толькі пасля развянчання культа асобы ён здолее вярнуцца да нармальнага жыцця — займець сям’ю, сталую працу.

Зусім іншы вобраз, шмат у  чым супрацьлеглы — у дзеда па матчынай лініі Яўгена Украдыгі, Героя Савецкага Саюза, які «меў безліч медалёў і ордэнаў, аднак ніколі імі не выхваляўся». Камандзір баявой дэсантна-штурмавой брыгады ВМФ, капітан другога рангу, неаднойчы паранены, ён не прызнаваў аўтарытэтаў: мог паслаць куды падалей нават самога маршала Жукава, што і здарылася ў пасляваенныя гады падчас службы ў Адэсе. Непакорліваму бунтару пасля гэтага інцыдэнту нічога больш не засталося, як разам з жонкай з’ехаць у Казахстан на цалінныя землі.

«Не нам судзіць нашых дзядоў… бо не мы трымалі з імі фронт і не паміралі бязвінныя разам з імі ў ГУЛАГах» — бадай, самы галоўны пасыл твора. Героямі не нараджаюцца, а  гісторыя ствараецца людзьмі звычайнымі, простымі, якія праяўляюць выключныя якасці найчасцей імпульсіўна, абараняючы ў першую чаргу блізкіх, і  толькі постфактум іх запісваюць у пасіянарыі.

Менавіта далёкі Казахстан  — адно з асноўных месцаў дзеяння рамана, тут сыходзяцца зоркі і сплятаюцца лёсы. У  пошуках лепшай долі, перажыўшы асабістую драму, а  найперш — збягаючы ад самога сябе, прыязджае Бацька ў  горад гарнякоў Шахцінск, дзе і знаходзіць каханне свайго жыцця. Просты вясковы хлопец, сучасны Апалон, гэткі беларускі Стэнлі Кавальскі, нават знешне падобны на Марлона Брандо са знакамітага фільма «Трамвай Жаданне», шчыры і непасрэдны, ён адразу трапляе ў крымінальную, рызыкоўную для жыцця, гісторыю з «мясцовымі», але годна выходзіць з яе дзякуючы прыроджанаму адчуванню справядлівасці і павагі да асобы, не зважаючы на нацыянальнасць і звычаі. Не дзіўна, што такі чалавек адразу заваёўвае сэрца Маці — інтэлігентнай, далікатнай дзяўчыны, выхаванай на высокіх ідэалах, якая таксама мела за плячыма няўдалы вопыт кахання да старэйшага за сябе настаўніка літаратуры. Бацька як ніхто іншы адпавядае яе ўяўленню пра тое, якім павінен быць сапраўдны мужчына. Цікава назіраць за разгортваннем падзей, за тым, як узнікае каханне з першага погляду. Адметны, запамінальны вобраз дзяўчынкі Танюхі, што дапамагае Бацьку, збірае пра яго абранніцу інфармацыю, дае парады нявопытнаму «ўхажору», выступаючы ў ролі своеасаблівага ахоўніка-купідона.

Нароўні з іншымі прысутнічае ў творы і «персанаж», які з’яўляецца стрыжнявым, лёсавызначальным для кожнага з дзеючых асоб рамана. Вёска  — асноўны антаганіст, рухавік аповеду, «бермудскі трохкутнік», які не толькі не дазваляе героям і іх нашчадкам пазбавіцца свайго мінулага, але нават і праграмуе будучыню. Тэма Вёскі як наканавання ўвогуле скразная ў беларускай літаратуры, і Мікола Адам недарэмна да яе звяртаецца услед за Іванам Мележам, Міхасём Стральцовым, Андрэем Федарэнкам. Бо так ці інакш усе мы родам адтуль — з тых пахіленых, занядбаных хацін, нас узгадавалі гэтыя палі, лугі і лясы, яны падаравалі нам натхненне і волю, і ў той жа час кожны з нас усяляк імкнецца пазбыцца гэтае спадчыны, нібыта заклятага скарба са старадаўняй легенды.

Герояў рамана Міколы Адама Вёска чакае: упэўнена і спакойна. Яна ведае, што блудныя дзеці нікуды ад яе не дзенуцца. І  сапраўды: настае час, калі Вёска паглынае, растварае ў  сабе галоўнага героя: «…Чым болей ён знаходзіўся тут, тым глыбей і шчыльней апаноўвала ім Вёска. Яна зрабіла яго ворагам уласных жонкі і сына…». І  ў  той жа час Бацька адчувае сваю адрынутасць, ён нібы чужаніца ў родных мясцінах, цалкам апраўдваючы бязлітасны досціп аднавяскоўцаў: «…Шалэйка — лішняя вось у драўляным коле і вулічная мянушка бацькавай сям’і». Аўтар не ідэалізуе сялянскі побыт — праз жорсткія, натуралістычныя сцэны ўсяляк паказвае, што вясковае жыццё  — гэта ў першую чаргу цяжкая, на мяжы чалавечых магчымасцей, штодзённая праца, скіраваная адно на выжыванне, і што за дзесяцігоддзі нічога ў  такім жыцці не змяняецца. Тут спрадвек пануюць зайздрасць, хцівасць, абыякавасць… Пісьменнік не шкадуе сваіх суайчыннікаў, ускрывае гнайнікі на целе людской супольнасці. І ў той жа час навідавоку — трапяткое аўтарскае стаўленне да кожнага з персанажаў, жаданне падкрэсліць уласцівыя ім пачуццё гумару, часта невытлумачальны альтруізм, аптымістычнае, хоць і на мяжы з эпікурэйствам, стаўленне да рэчаіснасці. Нездарма прататыпам Вёскі служыць Мікалаеўшчына — радзіма народнага песняра Якуба Коласа, а назва рамана перагукаецца з матывам пошукаў лепшага прыстанішча, абяцанай юдолі з паэмы «Новая зямля».

Асобна варта адзначыць стыль твора — сціслы, з  мінімумам дыялогаў, надзвычай кінематаграфічны, калі акцэнт робіцца на візуальных, рэчыўных дэталях, а паўсядзённыя, малазначныя на першы погляд эпізоды ствараюць яркую запамінальную карцінку, дзе суседнічаюць дакументалістыка і рамантыка, аздобленыя элементамі сямейнай сагі.

Шэраг важных маральных пытанняў, узнятых у рамане, падаецца вельмі актуальным менавіта сёння, калі ўсведамленне ідэнтычнасці і веданне свайго радаводу робіцца ці не адзіным сродкам духоўнага самазахавання для сучаснага чалавека. Мо і сапраўды: час пошукаў і  эксперыментаў, заснаваных на адмаўленні набыткаў папярэднікаў, мінае — у  тым ліку і  ў  літаратуры, вяртаючы чытачу магчымасць адчуць мастацкі вобраз у яго першароднай чысціні і некранутасці.

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.