Вы тут

Хто знаёміць нас з паэтамі?


Экспазітар — як мастак-пастаноўшчык або рэжысёр. Замест акцёраў — экспанаты


Фрагмент першай экспазіцыі. Фота з сайта museums.by

Тое, якімі перад намі паўстаюць пісьменнікі, — насамрэч праца вялікай колькасці людзей: біёграфаў, даследчыкаў творчасці, збіральнікаў спадчыны і — роля, якую мы ўсведамляем даволі рэдка, — стваральнікаў экспазіцыі музея. Гэтая праца вельмі складаная і тонкая. Пра лёс пісьменніка распавядзе экскурсавод — але, каб інфармацыя запомнілася, сама прастора, атмасфера музея павінна ўздзейнічаць на наведвальніка эмацыянальна. Стварыць такую прастору — справа мастака, экспазітара. І калі мастацкі музей — гэта канцэпцыя, то музей пісьменніка — лёс. Не кожны зможа ўвасобіць яго ў рэчах.

Эдуард Канстанцінавіч Агуновіч  — легендарная асоба ў беларускай музейнай справе. Ён працаваў над стварэннем экспазіцый у філіялах музеяў Купалы, Коласа і самай першай экспазіцыі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, якая існавала з адкрыцця музея ў 1991 годзе да рэстаўрацыі ў 2012-м. Калі ў 2016 годзе ў рэстаўраваным музеі аднаўлялі экспазіцыю, то абапіраліся на тую, якую стварыў Эдуард Агуновіч. Падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі мастак завітаў у музей Багдановіча і распавёў пра свой творчы шлях і падыход да працы.

Эдуард Агуновіч пачынаў як кніжны графік. Пасля заканчэння Віцебскага мастацка-графічнага вучылішча ён выкладаў начартальную геаметрыю ў  школе. Па яго словах, начартальная геаметрыя спалучылася з шуканнем таго, што такое Беларусь. Так з’явіліся яго ілюстрацыі і вокладкі да беларускіх кніг. За сваё жыццё ён аздобіў каля 100 выданняў. Эдуард Агуновіч скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут у 1966 годзе, яго дыпломнай працай сталі ілюстрацыі да паэмы «Тарас на Парнасе». За сваё жыццё Эдуард Канстанцінавіч наведаў каля сарака краін свету, але як пра надзвычайны мастацкі вопыт распавядае пра Рым і Ватыкан. Хто знаёміць нас з паэтамі? Экспазітар — як мастак-пастаноўшчык або рэжысёр.

Творчая біяграфія мастака такая  ж разнастайная, як і геаграфія яго вандровак. Эдуард Агуновіч займаўся афармленнем Дома-музея І з’езда РСДРП, музея Ф. Дзяржынскага ў  мястэчку Івянец, які з 2006 года працуе як Івянецкі музей традыцыйнай культуры, стварыў капліцу Ефрасінні Полацкай у роднай Рэчыцы. Але асаблівае месца ў  яго працы займаюць музеі, прысвечаныя беларускім пісьменнікам. У  1972 годзе — юбілейным для Янкі Купалы — Эдуард Агуновіч паўдзельнічаў у  стварэнні філіяла музея паэта ў  Вязынцы. Менавіта яму належыць ідэя змяшчэння ў цэнтры экспазіцыі калыскі паэта з ручніком. У  кожнай экспазіцыі павінна быць дамінанта, лічыць мастак. Працу экспазітара ён называе падобнай да працы мастака ў тэатры або рэжысёра. Толькі замест акцёраў ролі выконваюць экспанаты. Падчас сустрэчы ў музеі Багдановіча мастак згадваў шмат гісторый са свайго творчага вопыту.

Калі ў 1981 годзе з’явіўся помнік Максіму Багдановічу перад тэатрам оперы і балета, тады ж прыспеў час і для стварэння музея. З Максімам Багдановічам і, адпаведна, яго музеем у Эдуарда Агуновіча асаблівыя «стасункі». Калі б не было Купалы, Коласа, Багдановіча, не было б Беларусі, лічыць мастак. Але Багдановіч, па яго меркаванні, моцна адрозніваецца ад іншых. «Гэта эмацыянальна іншы майстар. Ён усведамляў, што мы толькі падарожнікі на гэтай зямлі, і больш цэльна зірнуў на агульначала вечыя праблемы», — дзеліцца ўражаннямі Эдуард Канстанцінавіч . Праца з майстрам чыстай, нематэрыяльнай паэзіі вымагала асаблівага падыходу. «Я зразумеў, што павінен быць алтар», — распавядае аўтар, і цэнтрам аднаго з залаў музея стаў слуцкі пояс і асобнік статута ВКЛ. Натхніўшыся Сіксцінскай мадоннай, Эдуард Канстанцінавіч стварыў залу Мадонны, кампазіцыйная дамінанта якога — фотаздымак Ганны Какуевай, каханай Багдановіча, і геліягравюра фрагмента знакамітай карціны Рафаэля. Фотаздымак Ганны значна меншы па памеры і не каляровы, але не губляецца на фоне Сіксцінскай мадонны.

Эдуард Агуновіч уручае літаграфію «Запавет Максіма» дырэктару музея Багдановіча Міхаілу Бараноўскаму. Фота прадастаўлена супрацоўнікамі музея Багдановіча.

 Дом, дзе цяпер працуе музей, — не той, у якім нарадзіўся паэт. Эдуард Агуновіч сумаваў з гэтай нагоды. Па яго меркаванні, асоба Багдановіча непарыўна звязаная са Свіслаччу. Экспазіцыя ў музеі Багдановіча займае пяць залаў, кожная з якіх адлюстроўвае пэўны перыяд у жыцці паэта і пэўныя тэмы яго творчасці, і з гэтай прычыны перагукаецца з раздзеламі зборніка «Вянок». Кожная зала мае элементы, вакол якіх выбудоўваецца ўся кампазіцыя, сімвалы. Акрамя ўжо згаданых, гэтую ролю выконваюць ручнік, вышыты маці паэта, арыгінальны асобнік кнігі «Вянок». За стварэнне гэтай мастацкай канцэпцыі Эдуард Агуновіч быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь у 1993 годзе. Падчас творчай сустрэчы аўтар падарыў свайму «малодшаму» музею літаграфію «Запавет Максіма», створаную ў 1981 годзе да выстаўкі, прымеркаванай да юбілею Багдановіча. Літаграфія адлюстроўвае фальварак Ракуцёўшчыну, які аказаў асаблівы ўплыў на творчы шлях Багдановіча і дзе цяпер працуе адзін з філіялаў музея. У гэтай літаграфіі, па словах аўтара, увасобіліся пошукі мадэрну, пошукі той высокай творчай адказнасці, якія Эдуард Агуновіч адчувае ў творчасці паэта.

Па меркаванні Агуновіча, адзін з найбольш важных бакоў працы мастака — ведаць матэрыял, з якім працуеш. Але пры гэтым мастак — не рамеснік. «Калі ў тым, што ты робіш, няма душы, то навошта яно робіцца», — кажа Эдуард Канстанцінавіч. Натхненне для творчасці мастаку, як і раней, прыносяць вандроўкі, асабліва па Беларусі. «Пастаяць каля сцен Сынкавіцкай царквы, каля сцен Каложы — гэта дае запал. Гэта культура, якая здзіўляе», — дзеліцца мастак.

На самай справе вялікая культура, якая тоіць шмат нагод для здзіўлення, складаецца з двух элементаў — з  тых, хто пакідае сляды ў гісторыі, і тых, хто замацоўвае гэтыя сляды, інтэрпрэтуе і тлумачыць іх, выклікае цікавасць грамадства да чыёйсьці творчай спадчыны, пры дапамозе мастацкіх вобразаў раскрывае яе сутнасць для шырокай аўдыторыі. Без мастацкага таленту Эдуарда Агуновіча, магчыма, сённяшнія аматары культуры зусім па-іншаму ведалі  б Максіма Багдановіча, бо музейная экспазіцыя  — гэта тое, што замацоўвае ў свядомасці наведвальніка пэўныя асацыяцыі з  асобай творцы, расстаўляе акцэнты. Мастак-экспазітар — чалавек, які знаёміць творцу з яго аўдыторыяй праз гады.

Слуцкі пояс — цэнтральны элемент кампазіцыі адной з залаў музея. Фота з сайта museums.by

І захаваць яго дух, перадаць непаўторнасць яго творчай працы і чалавечага лёсу здольны толькі вялікі майстар.

Дар'я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.