Вы тут

Лукашэнка: Не трэба ніякай панікі, трэба проста працаваць. Асабліва зараз, на вёсцы…


Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 16 сакавіка разгледзеў кадравыя пытанні.


Адміністрацыя разгледзела і падрыхтавала для ўзгаднення 19 кандыдатаў на пасады кіраўнікоў мясцовых органаў улады, уключаных у кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы.

«Такое прадстаўніцтва мясцовых органаў улады — асноўнага нашага звяна вертыкалі — сёння звязана з тым, што мы неапраўдана ў Адміністрацыі Прэзідэнта зацягнулі вывучэнне і прызначэнне вас, перш за ўсё. Калі б гэта было своечасова, канешне, столькі людзей тут бы не сабралася. Гэта, напэўна, упершыню за маё прэзідэнцкае доўгае жыццё», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Большасць з новых кіраўнікоў будуць працаваць у раёнах. Таму першы пункт сённяшняга парадку дня — пасяўная, якая ўжо пачалася.

«У сувязі з тым, што неардынарная была зіма — неблагая была зіма, дай бог, каб сакавік пражылі спакойна, без моцных маразоў. І той, хто разгарнецца, будзе з ураджаем. Практычна ўсе вобласці, пачалі пасяўную кампанію ранніх зерневых культур. Глебу трэба рыхтаваць, разумна рыхтаваць — не трэба па балотах лазіць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Па яго словах, недахоп снегу не паменшыў колькасці вільгасці ў глебе, бо ўсю зіму ішлі дажджы. Сельская гаспадарка ў раёнах сёння патрабуе неадкладнай увагі — менавіта таму трэба было аператыўна прымаць кадравыя рашэнні, бо арганізаваць работу без кіраўніка немагчыма.

«Ну і выклікаў вельмі шмат. Вы бачыце: свет з глузду з’ехаў ад каранавіруса ці, мабыць, на падставе гэтых усіх разважанняў па каранавірусе. Але для нас не гэта галоўнае і страшнае. Мы раней вірусы перажывалі, перажывем і гэты. Мы адэкватна рэагуем і вельмі даўно рэагуем — кропкава», — у чарговы раз пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго перакананні, сёння самая вялікая адказнасць — эканоміка, на якой таксама рэзка адлюстраваўся ўздым захворвання. Асабліва абурыўся Прэзідэнт фактам закрыцця межаў з Беларуссю Расіяй. 

Закране актуальная праблема і зноў прызначаных службовых асоб: менавіта ім давядзецца на месцах працаваць з людзьмі. У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў павышаны попыт, якім некаторы час таму карысталіся медыцынскія маскі. Прадпрыемствы лёгкай прамысловасці былі пераарыентаваныя на іх вытворчасць, нашылі зашмат — і зараз няма куды іх дзяваць. Дайшло да спрэчак з сістэмай аховы здароўя, якой столькі і непатрэбна, акрэсліў сітуацыю кіраўнік дзяржавы.

«Праўда, я сказаў, што трэба разгортвацца, у Германіі не хапае спецвопраткі, масак. Трэба прадаць ім, калі ёсць попыт. Мне пастаянна дакладвае міністр аховы здароўя, што ў нас, у Беларусі, эпідэміялагічная сітуацыя пакуль — пакуль — лепшая, чым у іншыя, звычайныя, «непраблемныя» гады», — разважае Аляксандр Лукашэнка.

«Не трэба ніякай панікі, трэба проста працаваць. Асабліва зараз, на вёсцы… Людзі на трактары працуюць, ніхто не кажа пра вірусы. Там трактар вылячыць усе вірусы. Поле ўсіх лечыць. Таму глядзіце за эканомікай і глядзіце за людзьмі. Не трэба думаць, што людзі ў нас дрэнныя. Людзі такія, як мы. Ці мы такія, як нашы людзі. Іншых не будзе. Такія яны ёсць, з імі трэба працаваць. І я скажу, што не самыя благія ў нас людзі — разумныя, талковыя, з адэкватнай рэакцыяй на сітуацыю», — звярнуўся да чыноўнікаў лідар дзяржавы.

Ён нагадаў, што тэхналагічную і ўвогуле працоўную дысцыпліну ніхто не адмяняў. Гэта самыя важныя элементы ў любой эканоміцы — і планавай, і рынкавай, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Ён перасцярог аб небяспецы «загуляцца» з рынкам у спадзяванні, што той усё «адрэгулюе». Такі падыход тоіць магчымасць упусціць сітуацыю.

«Таму працуйце так, як вы працавалі дагэтуль на прадпрыемствах. Зараз у вас сфера адказнасці паболей, але прынцыпы засталіся ранейшымі што ў Мінску, што ў раённых цэнтрах. Таму вяртайцеся, часцей мыйце рукі, своечасова снедайце, абедайце і вячэрайце», — пракаментаваў Прэзідэнт.

Ён папярэдзіў, што новым службовым асобам давядзецца працаваць на своеасаблівай «перадавой». Прэзідэнт наказаў, што людзям побач трэба даваць шанец, а калі не атрымліваецца працаваць нароўні — прасіць прабачэння і развітвацца.

«І не забывайце — палітычны год. Мы здаем экзамены. Не толькі я. Я ў першую чаргу. Але і вы таксама. Без вас ніякага экзамена ніхто не здасць, і мне будзе вельмі складана. Я жадаю вам поспехаў», — звярнуўся да чыноўнікаў Аляксандр Лукашэнка.


Новым міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання стаў Іван Крупко, які дагэтуль узначальваў Мінскі райвыканкам. Папярэдні міністр Анатоль Хацько вызвалены ад пасады ў сувязі з пераходам на іншую працу.

Памочнікам Прэзідэнта Беларусі — інспектарам па Магілёўскай вобласці назначаны Аляксандр Субоцін. Са жніўня 2018 да першага лютага 2020 года ён займаў пасаду Члена Калегіі (Міністра) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама назначаны Дзмітрый Гарадзецкі, які дагэтуль быў начальнікам галоўнага фінансавага ўпраўлення выканкама. Першым намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама — старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні выканкама Сяргей Ляўковіч, намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама — старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве выканкама Аляксандр Кручанаў.

Намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама назначаны кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна Мінска Юрый Трушчанка, старшынёй Баранавіцкага райвыканкама — першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Баранавіцкага райвыканкама Міхаіл Палуян, старшынёй Маларыцкага райвыканкама — старшыня камітэта эканомікі Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Бацэнка.

Старшынёй Бешанковіцкага райвыканкама стала старшыня Глубоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, Докшыцкага райвыканкама — начальнік Полацкага філіяла Віцебскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры Алег Кавалёнак. Сенненскі райвыканкам узначаліў Ігар Мароз, дагэтуль першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Лепельскага райвыканкама.

Старшынёй Дзятлаўскага райвыканкама стаў дырэктар ААТ «Прынёманскі» Навагрудскага раёна Андрэй Садоўскі, старшынёй Свіслацкага райвыканкама — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, старшынёй Мінскага райвыканкама — першы намеснік старшыні Уладзімір Юргевіч.

Смалявіцкі райвыканкам узначаліў дырэктар ААТ «Новае жыццё» Нясвіжскага раёна Андрэй Ратамскі, Бабруйскі райвыканкам — першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Кіраўскага райвыканкама Аляксандр Сухадольскі, Краснапольскі райвыканкам — начальнік аддзела землеўпарадкавання Клімавіцкага райвыканкама Аляксандр Трушкін.

Старшынёй Хоцімскага райвыканкама стаў першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Шклоўскага райвыканкама Міхаіл Куксенкаў, Чэрыкаўскага — першы намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Аляксандра Міхеенка. Кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска стаў першы намеснік кіраўніка Дзмітрый Шашок, Савецкага раёна — дырэктар КВУП «Мінскрэклама» Сяргей Хільман.

На пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Малдове прызначаны Анатоль Калінін, у 2010-2018 гадах намеснік прэм’ер-міністра Беларусі.

На пасаду генеральнага дырэктара ВГРУП «Белмедтэхніка» — галоўны ўрач Рэспубліканскай клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі Дзмітрый Страздзін.

Узгоднены прызначэнні на пасаду намесніка міністра аховы здароўя Алена Богдан (дагэтуль узначальвала галоўнае ўпраўленне арганізацыі медыцынскай дапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб Міністэрства аховы здароўя), намесніка міністра культуры — Валерый Грамада (дагэтуль галоўны саветнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага упраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі). Кандыдатура першага намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці Уладзіміра Гадзяцкага ўзгоднена на пасаду старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці.

Начальнік упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці Аляксандр Мельнікаў — на пасаду члена Гомельскага аблвыканкама, старшыня Мінскага гарадскога аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Аляксандр Шчаковіч — на пасаду члена Мінскага гарвыканкама.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».