Вы тут

«Забраць каня. Прызначыць адказнага за чаргу». Як і чым партызаны дапамагалі мясцоваму насельніцтву


Агульнавядома, што ў перыяд нараджэння і станаўлення партызанскага руху ў тыле ворага асноўнай крыніцай паступлення зброі і боепрыпасаў станавілася для іх акупаваная тэрыторыя. Зброю збіралі на месцах баёў Чырвонай Арміі і захоплівалі ў праціўніка. Вялікую дапамогу партызанам у гэтым аказвала мясцовае насельніцтва. З пачатку вайны жыхары сельскіх вёсак збіралі зброю і рыштунак па палях, лясах, балотах, хавалі, а затым перадавалі партызанам.


Млын у пар­ты­зан­скім ла­ге­ры.

Забеспячэнне партызан харчаваннем, адзеннем, абуткам адбывалася таксама за кошт сялянскіх гаспадарак, якія знаходзіліся ў зоне дзеяння партызанскіх фарміраванняў. Мясцовае насельніцтва аказвала неацэнную дапамогу партызанам, забяспечваючы іх звесткамі аб ахове ваенных аб'ектаў ворага, чыгунак і праходжання па іх эшалонаў. Многія жыхары вёсак з'яўляліся праваднікамі, самі ўдзельнічалі ў чыгуначных дыверсіях. Тысячы савецкіх людзей з уласнай ініцыятывы і па заданні партызан выконвалі не менш небяспечную работу сувязных. На працягу ўсяго перыяду партызанскай барацьбы мясцовае насельніцтва стварала ўсе ўмовы для існавання і баявой дзейнасці вялізнай арміі народных мсціўцаў.

Значна менш вядома пра зваротную сувязь — менавіта пра канкрэтную дапамогу партызан насельніцтву вёсак. І ўсё ж такія звесткі ёсць.

У пачатку красавіка 1944 года ЦК КП(б)Б накіраваў дырэктыву падпольным партыйным органам аб правядзенні вясенняй сяўбы ў тыле ворага і аказанні дапамогі мясцоваму насельніцтву з боку партызан. Раённыя камітэты партыі, у сваю чаргу, разаслалі ўказанні камандаванню партызанскіх брыгад. Чэрвеньскі падпольны райкам, напрыклад, у мэтах аказання практычнай дапамогі насельніцтву ў правядзенні сяўбы замацаваў за партызанскімі брыгадамі населеныя пункты раёна. Так, за партызанскай брыгадай «Разгром» замацоўвалася 50 вёсак, за брыгадай «За Советскую Белоруссию» — 35, за брыгадай імя Шчорса — 59 населеных пунктаў.

Партызаны лічылі сваім абавязкам аддзячыць сялянам за іх штодзённую дапамогу, таму ахвотна адгукнуліся і на справе пачалі дапамагаць сельскім жыхарам. У атрадных майстэрнях рамантаваўся сельгасінвентар, адкрываліся кузні, выдзяляліся коні і асабовы склад для ўзорвання зямель.

Варта адзначыць, што партызаны з уласнай ініцыятывы бралі актыўны ўдзел у пасяўных кампаніях яшчэ ў 1942 і 1943 гадах. Так, у красавіку 1943-га камандаваннем партызанскай брыгады імя Аляксандра Неўскага былой Баранавіцкай вобласці ў сялянскія гаспадаркі было накіравана 6 коней і 10 пудоў збожжа. Дванаццаці партызанскім сем'ям было выдадзена 26 пудоў бульбы. Напярэдадні пасяўной кампаніі 1944 года атрадам імя Каліноўскага вышэйназванай брыгады былі размеркаваны коні для апрацоўкі ўчасткаў у вёсках Зубовічы, Дзевергі, Янцавічы, Замошша, устаноўлена чарговасць, аказана дапамога партызанскім сем'ям насеннем: сям'і партызана Казерскага было выдадзена два пуды ячменю, партызана Матусевіча — чатыры пуды бульбы і пуд ячменю і г. д.

2 мая 1944 года Бярозаўскі падпольны райкам КП(б)Б накіраваў камандзірам партызанскіх брыгад дырэктыву з патрабаваннем прыняць усе меры для правядзення пасяўных работ у сялянскіх гаспадарках раёна, «каб як мага больш засеяць збожжа і бульбы не толькі на ўчастках сялян, але і на палях былых калгасаў». Адначасова камандаванню даручалася аказваць сялянскім гаспадаркам дапамогу насеннем, цяглавай сілай, накіроўваць у вёскі па магчымасці байцоў атрадаў і выстаўляць заслоны для аховы сялян, якія працуюць у полі.

Успамінаючы пра гаспадарчае жыццё ў Клічаўскай партызанскай зоне, былы камандзір 752-га партызанскага атрада Герой Савецкага Саюза Віктар Лівенцаў пісаў у сваёй кнізе «Партызанскі край»: «Праязджаючы па раёне, можна было пабачыць аратых, якія ішлі за плугам, а за плячыма ў іх віселі вінтоўкі, за поясам тырчалі гранаты».

Не менш сур'ёзна рашалася пытанне ўборкі ўраджаю. Неабходна было не проста хутка ўбраць ураджай, але і надзейна схаваць, каб ён не дастаўся праціўніку.

Начальнік штаба Палескага злучэння партызан Г. М. Дарошка восенню 1943 года накіраваў загад камандзіру 132-га партызанскага атрада Рыгору Краўцу аб неабходнасці прыняць экстранныя меры, каб не дапусціць вываз акупантамі ўраджаю з вёсак Сялюцічы, Грабаў, Мяходавічы, Бобрык і іншых Петрыкаўскага раёна, дзе праціўнік канцэнтраваў сілы і транспарт для захопу ўраджаю. Камандзіру атрада прадпісвалася ўсім асабовым складам аказаць дапамогу насельніцтву ва ўборцы ўраджаю, пераканаць насельніцтва і адправіць зжатае жыта і ячмень у лес.

У вёсках Забудзькі і Дойнічаў Бабруйскага раёна паліцаі спрабавалі забраць сабраны ўраджай і вывезці ў свой гарнізон. Даведаўшыся пра гэта, два партызанскія атрады 161-й брыгады імя Катоўскага загадзя занялі выгадную пазіцыю, сустрэлі рабаўнікоў агнём з аўтаматаў і кулямётаў і вымусілі іх уцякаць. Як напісаў пра гэта ў дакладной запісцы камандзір брыгады Андрэй Шашура: «Замест хлеба атрымалі немцы кулі».

Падобныя аперацыі праводзілі партызаны і з мэтай захавання сялянскай жывёлы.

Яшчэ ў красавіку 1942 года буйны атрад гітлераўцаў уварваўся ў вёску Стражы Старадарожскага раёна, дзе забраў 80 галоў жывёлы і абрабаваў насельніцтва. Партызанскі атрад імя Чапаева пад камандаваннем Георгія Сталярова арганізаваў на шляху вяртання рабаўнікоў засаду і раптоўным ударам адбіў усю скаціну і нарабаваную маёмасць, якая была вернута жыхарам вёскі.

28 лістапада 1942 года партызанскі атрад імя Фрунзэ, які дзейнічаў у Слуцкім раёне, правёў аперацыю па разгроме нямецкага гарнізона ў вёсцы Вясея. Падчас бою, якім кіраваў камісар атрада Кузьма Прыгуноў, партызаны захапілі 40 кароў і шмат іншых харчовых тавараў, тым самым забяспечылі сябе прадуктамі харчавання на працяглы перыяд і аказалі дапамогу сялянам і сем'ям партызан, раздаўшы ім 30 кароў.

Партызаны 50-й Жыткавіцкай брыгады, ратуючы мірнае насельніцтва ад выгнання ў Германію, сялілі многія сем'і ў размяшчэнні брыгады, дапамагалі ім будаваць зямлянкі, забяспечвалі прадуктамі харчавання. Як паведамляў у данясенні штабу Палескага партызанскага злучэння камбрыг гэтай брыгады, «насельніцтву, якое ўратавалася ад фашыстаў, раздадзена 150 кароў, захопленых пры разгроме нямецкіх гарнізонаў, больш за 20 тон збожжа і іншых прадуктаў».

У лістападзе 1943 года камандзір атрада «Разгром» Уладзімір Чэрмянёў, даведаўшыся ад сваіх агентаў аб намеры акупантаў правесці аперацыю па адабранні жывёлы ў насельніцтва для адпраўкі ў Германію, своечасова папярэдзіў жыхароў вёсак Трубянок, Прыборы, Паддуб'е Смалявіцкага раёна і з дапамогай асабовага складу атрада арганізаваў выган скаціны з названых вёсак углыб лесу.

Не заставаліся без увагі і асабістыя звароты і просьбы сялян да камандавання партызанскіх фарміраванняў. Так, у ліпені 1943 года на імя камандзіра партызанскага атрада «1 Мая» вышэйзгаданай 50-й Жыткавіцкай брыгады Уладзіміра Дзербана паступіла скарга ад селяніна пасёлка Посталы на аднавяскоўца В. Васілеўскага, які даглядаў партызанскага каня і нікому яго не даваў для апрацоўкі зямлі, «а калі дае, дык патрабуе плату, тую, якой у людзей няма, а таму прашу вас забраць у яго каня і аддаць такім людзям, якія сапраўды будуць ставіцца да гэтага сумленна, па-грамадзянску». Камандзір распарадзіўся: «Забраць каня. Прызначыць адказнага за захаванне чарговасці».

Кар­ці­на С. Ра­ма­на­ва «Вяс­на ў пар­ты­зан­скай зо­не».

Прадметам асаблівага клопату ў партызан былі дзеці. За гады вайны з партызанскіх аэрадромаў у савецкі тыл былі адпраўлены тысячы дзяцей, якія страцілі бацькоў. Толькі ў горадзе Ардатаў Мардоўскай АССР дзейнічалі тры дзіцячыя дамы, выхаванцамі якіх сталі беларускія дзеці.

Дзеля захавання мірнага насельніцтва ў многіх партызанскіх атрадах ствараліся сямейныя лагеры. Толькі ў адной брыгадзе імя Дзяржынскага Брэсцкай вобласці на 1 студзеня 1944 года дзейнічаў 21 сямейны лагер, які налічваў 426 сем'яў з колькасцю 1044 чалавекі, з іх дзяцей — 501 чалавек.

Камандаванне партызанскіх брыгад, партыйныя і камсамольскія арганізацыі адкрывалі пры сямейных лагерах школы, дзе праводзіліся заняткі з дзецьмі. У брыгадзе імя Свярдлова той жа Брэсцкай вобласці працавала шэсць школ, у якіх навучалася 310 дзяцей. У Акцябрскім раёне былой Палескай вобласці ў розны час дзейнічала восем школ. Настаўнікі падбіраліся ў партызанскіх атрадах, заняткі праводзіліся ў невялікіх прыстасаваных памяшканнях, а вясной і летам пры добрым надвор'і — пад соснамі.

Партызанскія ўрачы і сёстры ратавалі жыцці тысячам мясцовых жыхароў — параненым і хворым, маці і нованароджаным. У найцяжэйшых санітарных умовах, пры адсутнасці самых неабходных медыкаментаў, апаратуры і інструментаў праводзіліся хірургічныя аперацыі, аказвалася розная медыцынская дапамога. Напрыклад, распараджэннем камандавання партызанскага атрада імя Кірава, які дзейнічаў у Драгічынскім раёне, была абсталявана амбулаторыя для медыцынскага абслугоўвання сельскага насельніцтва. Медыцынскі персанал атрада штодзень прымаў да 35 чалавек.

У Расонскім раёне ўрачы брыгады імя Сталіна два разы на тыдзень спецыяльна выязджалі ў населеныя пункты для прыёму хворых, у асаблівых выпадках накіроўвалі іх у брыгадны шпіталь.

Своечасовай мерай па захаванні мірнага насельніцтва з'явіліся дзеянні камандавання Асіповіцкай ваенна-аператыўнай групы, якая прыняла рашэнне абясшкодзіць тэрыторыі вакол вёсак ад авіябомбаў, якія былі скінуты нямецкай авіяцыяй падчас карных экспедыцый супраць партызан і не разарваліся.

Неабходна памятаць і цаніць сапраўды высокі патрыятызм жыхароў вёсак, якія ў той час складалі большую частку насельніцтва нашай рэспублікі. Партызаны гэта адчувалі штодзень і таму, як маглі, стараліся абараніць сваіх кармільцаў ад акупантаў, аказаць ім дапамогу ва ўсіх гаспадарчых работах і ўмацаваць у іх душах веру ў перамогу над фашызмам.

Генадзь БАРКУН, гісторык

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.