Вы тут

Якiя новаўвядзеннi чакаюць урачоў i пацыентаў


Лекi за кошт бюджэту на дзённым стацыянары, пашыраны пералiк медыцынскiх устаноў, дзе можна прайсцi медагляд, экспертыза якасцi аказання медыцынскай дапамогi, акрэдытацыя медыцынскiх устаноў — гэтыя i iншыя змены з'явяцца ў Законе «Аб ахове здароўя», якi ўступiць у дзеянне ў 2021 годзе. Пра новаўвядзеннi расказала намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па ахове здароўя, фiзiчнай культуры, сямейнай i маладзёжнай палiтыцы Валянцiна Курсевiч.


Экспертыза якасцi медыцынскай дапамогi будзе прымяняцца ў выпадках усiх лятальных зыходаў, бальнiчнай iнфекцыi i ўскладненняў, паўторнай шпiталiзацыi на працягу года з нагоды аднаго i таго ж захворвання, выпадках, якiя суправаджаюцца скаргамi на якасць аказання медыцынскай дапамогi.

— Раней такая экспертыза таксама была, але яе праводзiла лячэбна-кантрольная камiсiя той установы, дзе здарылася падобная сiтуацыя. Цяпер гэта будзе ажыццяўляць зусiм iншая дзяржаўная ўстанова — абласная медыка-рэабiлiтацыйная экспертная камiсiя, якая дасць ацэнку якасцi аказання медыцынскай дапамогi, — растлумачыла Валянцiна Курсевiч. — Напрыклад, адбыўся лятальны выпадак у аддзяленнi кардыялогii. Будзе разглядацца не толькi работа гэтага аддзялення — дадуць ацэнку дзейнасцi ўсёй лячэбнай установы. Напрыклад, спазнiлiся ў аказаннi дапамогi пацыенту з iнфарктам, бо своечасова не ўзялi яго на каранаграфiю. У чым праблема? Не працаваў ангiёграф. Чаму? Не было спецыялiста цi апарат зламаўся i своечасова не даставiлi запасную частку? З усiм гэтым будзе разбiрацца экспертная камiсiя.

Бясплатнымi стануць лекi ў аддзяленнях дзённага знаходжання, так званых дзённых стацыянарах.

— Для насельнiцтва гэта самы адчувальны момант, бо яны змогуць атрымаць бюджэтную дапамогу. Калi раней пацыент iшоў да ўрача, якi выпiсваў яму рэцэпт, а затым набываў лекi ў аптэцы за свае сродкi, то цяпер усе прэпараты ён атрымае ў дзённым стацыянары бясплатна. Такiм чынам, зменшыцца колькасць шпiталiзацый, а сродкi будуць пераразмеркаваны са стацыянарнай на амбулаторна-палiклiнiчную дапамогу, — падкрэслiла парламентарый. — Гэта актуальна для працаздольных грамадзян з iшэмiчнай хваробай сэрца, артэрыяльнай гiпертэнзiяй, хранiчнай абструктыўнай хваробай лёгкiх. Яны змогуць праходзiць лячэнне ў аддзяленнi дзённага стацыянара, дзе iм падбяруць лекавыя сродкi. Напрыклад, на рабоце ў чалавека здарыўся гiпертанiчны крыз. Пацыента прывозяць у стацыянар, дзе яму аказваюць дапамогу, а далей у аддзяленнi дзённага знаходжання ўрач падбярэ прэпараты для нармалiзацыi артэрыяльнага цiску.

У абноўленым законе з'явiцца i такое паняцце, як абгрунтаваная прафесiйная рызыка.

— Калi медыцынская дапамога аказана ў поўнай адпаведнасцi з клiнiчным пратаколам, урач выканаў усё, што неабходна, але вынiк не быў дасягнуты, — гэта абгрунтаваная прафесiйная рызыка, — растлумачыла Валянцiна Курсевiч.

Новы законапраект прадугледжвае i пашырэнне пералiку медыцынскiх устаноў, дзе можна будзе прайсцi медагляд. У прыватнасцi, з'явiцца такая магчымасць у медсанчасцях буйных прадпрыемстваў, такiх як Мiнскi трактарны завод, Мiнскi завод халадзiльнiкаў «Атлант», БелАЗ. Таксама любое прадпрыемства зможа заключыць дагавор на праходжанне медагляду сваiмi супрацоўнiкамi ў прыватных медыцынскiх цэнтрах.

Уводзiцца i працэдура акрэдытацыi. Усе дзяржаўныя медыцынскiя ўстановы павiнны яе прайсцi да 1 студзеня 2023 года.

— У шэрагу ўстаноў iснуюць метады аказання дапамогi, якiя адстаюць ад сучаснага ўзроўню, выконваюцца ў малых аб'ёмах, але патрабуюць вялiкiх сродкаў. У будучым такая дапамога будзе сканцэнтравана на базе мiжраённых цэнтраў. Прывяду прыклад Мiнскай вобласцi: мiжраённыя цэнтры ствараюцца ў Бараўлянах, Салiгорску, Маладзечне i Барысаве. Усе раёны будуць размеркаваны па гэтых цэнтрах, каб пацыент, скажам, з вострым iнфарктам мiякарда быў дастаўлены туды ў кароткi прамежак часу, яму была зроблена каранаграфiя i аказана далейшая дапамога на высокiм узроўнi, — адзначыла Валянцiна Курсевiч. — Нiякiя аддзяленнi медустаноў, якiя не адпавядаюць сучасным патрабаванням, закрыты не будуць. Яны будуць перапрафiляваны пад аказанне пэўных вiдаў запатрабаванай дапамогi — тэрапеўтычнай, кардыялагiчнай i iншых.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: argumentua.com

Загаловак у газеце: Экспертыза якасцi i абгрунтаваная рызыка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.