Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.


1. Восьмым этапам Кубка свету завяршыўся біятлонны сезон 2019/2020. Нагадаем, дзявяты этап у Осла быў адменены ў сувязі з пагрозай распаўсюджвання каранавіруса. Вялікі крыштальны глобус за перамогу ў Кубку свету ў гэтым сезоне атрымала італьянская біятланістка Даратэя Вірэр, сярод мужчын галоўны трафей выйграў нарвежац Ёханэс Цінэс Бё.

Беларуская мужчынская каманда заняла 10-е месца ў Кубку нацый, што дае права ў наступным сезоне заяўляць на спрынты і індывідуальныя гонкі па пяць спартсменаў. Мінулы раз у топ-10 Кубка нацый наша зборная была ў сезоне 2008/2009. У гэтым сезоне найлепшым месцам у эстафетах для мужчынскай каманды з'яўляецца 5-е месца на Кубку свету ў Аберхофе — дарэчы, гэта найлепшы вынік за апошнія 11 гадоў.

Беларуская жаночая каманда заняла 12-е месца ў Кубку нацый, што дае права ў наступным сезоне заяўляць на спрынты і індывідуальныя гонкі па чатыры спартсменкі. Найлепшае месца ў эстафетах для жаночай каманды — 8-ы радок на этапах Кубка свету ў Аберхофе і Паклюцы.


2. У штаб-кватэры Міжнароднай тэніснай федэрацыі (ІTF) у Лондане прайшла жараб'ёўка матчаў сусветнай групы І розыгрышу Кубка Дэвіса. Зборная Беларусі ў сярэдзіне верасня згуляе ў гасцях з камандай Аргенціны. У гэтым сезоне абодва сапернікі не здолелі прабіцца ў фінальны этап Кубка Дэвіса, прайграўшы гасцявыя матчы кваліфікацыі. Нагадаем, беларускія тэнісісты ў Дзюсельдорфе саступілі зборнай Германіі (1:4), аргенцінцы ў Багаце былі слабейшыя за каманду Калумбіі (1:3). У мінулыя гады тэнісісты Беларусі і Аргенціны сустракаліся на гэтым турніры двойчы, абмяняўшыся «сухімі» дамашнімі вікторыямі з вынікам 5:0. У 2001 годзе выйгралі паўднёваамерыканцы, у 2004-м — беларусы. Цяпер у сусветным камандным рэйтынгу зборная Беларусі займае 42-е месца, Аргенціна знаходзіцца на 16-й пазіцыі.

Пераможца вераснёўскага супрацьстаяння атрымае права згуляць у матчы кваліфікацыі сусветнай групы. Той, хто прайграе, выступіць у плэй-оф сусветнай групы ІІ.

Фінальны этап цяперашняга сезона Кубка Дэвіса пройдзе з 23 да 29 лістапада ў Мадрыдзе. У ім згуляюць 18 каманд, падзеленых на шэсць груп.

Нагадаем, фінальны этап розыгрышу Кубка Федэрацыі ў раней намечаныя тэрміны не адбудзецца. Такое рашэнне прынята Міжнароднай тэніснай федэрацыяй (ІTF) у сувязі з пандэміяй каранавіруса. Фінал жаночага каманднага чэмпіянату свету павінен быў прайсці ў Будапешце з 14 да 19 красавіка. Сярод яго 12 удзельнікаў і зборная Беларусі, якая ў кваліфікацыі перамагла ў Гаазе каманду Нідэрландаў — 3:2. Тэрміны правядзення фінальнай стадыі Fed Cup — 2020 будуць вызначаны пазней.


3. Сталі вядомыя ўсе паўфіналісты Кубка Беларусі па футболе. Барысаўскі БАТЭ прабіўся ў паўфінал, двойчы адолеўшы ў 1/4 фіналу мінскае «Дынама». Пасля перамогі ў Мінску (2:1) падапечныя Кірыла Альшэўскага і на полі «Барысаў-Арэны» былі мацнейшыя за сапернікаў — 3:2. Таксама ўдзельнікам паўфінальнай стадыі стаў цяперашні ўладальнік Кубка краіны салігорскі «Шахцёр», які два разы перайграў жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» — 1:0 (у гасцях) і 2:0 (дома). Апошнімі паўфіналістамі сталі чэмпіёны краіны (брэсцкае «Дынама»), якія абыгралі «Іслач». Нагадаем, мазырская «Славія» выйшла ў паўфінал без барацьбы ў сувязі з расфарміраваннем магілёўскага клуба «Дняпро».

Першыя паўфінальныя сустрэчы павінны адбыцца 8 і 9 красавіка, матчы ў адказ — 29 красавіка. Вырашальны паядынак пройдзе 24 мая на полі мінскага стадыёна «Дынама».

У фінале мінулага Кубка Беларусі футбалісты «Шахцёра» трэці раз заваявалі трафей, перамогшы «Віцебск» на яго стадыёне з вынікам 2:0.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Вынікі біятлоннага сезона падведзены

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Работа па вывучэннi генетычных рэсурсаў раслiн у Беларусi была пачата яшчэ ў 20-я гады мiнулага стагоддзя.

Грамадства

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Песнi на вершы Iвана Юркiна карыстаюцца вялiкай папулярнасцю. Хто не ведае гiмна гасцiннасцi нашай краiны — «Прыязджайце да нас у Беларусь»? Вось таму было цiкава пазнаёмiцца з музай паэта — яго жонкай Надзеяй Iванаўнай. 

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.