Вы тут

Падатковыя дэкларацыі трэба падаць да 1 красавіка


Да першага красавіка нашым людзям трэба паспець падаць падатковыя дэкларацыі аб даходах за мінулы год. Гэта трэба рабіць у тым выпадку, калі вы атрымлівалі такія даходы, падаткі за якія не выплачваліся на працягу года. Пра падрабязнасці сёлетняй падатковай кампаніі расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.


Траціна ўжо спіць спакойна

Па выніках першай дэкады сакавіка беларусы падалі ў падатковыя органы 11 783 дэкларацыі. Больш за ўсё (прыкладна 4,2 тысячы) падалі дэкларацый у Мінску, на другім месцы сталічны рэгіён — 1,8 тысячы, 1,7 тысячы — у Гомельскай, 1,2 тысячы — у Брэсцкай, прыкладна па 1 тысячы — у Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.

Што характэрна, сёлета 63 % пададзеных дэкларацый (амаль 7,5 тысячы) былі накіраваны ў інспекцыю ў электронным выглядзе. Такая магчымасць з'явілася яшчэ ў 2018 годзе, але актыўна ёю карыстацца пачалі менавіта цяпер — летась было толькі 23 % электронных дэкларацый. І ўсё ж такі частка грамадзян, асабліва старэйшага ўзросту, скарыстаецца традыцыйным спосабам падачы дэкларацый: асабіста ў інспекцыі або па пошце.

Каб падаць дэкларацыю ў электронным выглядзе, трэба звярнуцца ў любы падатковы орган з пасведчаннем асобы і атрымаць там лагін і пароль для ўваходу ў асабісты кабінет. Прычым любую дапамогу кліентам падатковая аказвае бясплатна.

Па падліках спецыялістаў, сёлета дэкларацыі пададуць крыху больш за 35 тысяч чалавек. А гэта значыць — больш за 20 тысяч справаздач будзе пададзена за 20 дзён.

Найбольшы падатак — 3,2 мільёна рублёў

Таксама ў міністэрстве падзяліліся звесткамі аб тым, колькі дэкларацый падалі ў 2019 годзе. Іх аказалася 34 589, што на 1965 больш, чым годам раней. Больш за 12 тысяч дэкларацый было пададзена ў Мінску, яшчэ прыкладна па 4,5 тысячы прыйшлося на Мінскую і Гомельскую вобласці, а ў астатніх рэгіёнах было прыблізна па 3 тысячы. Даплаціць падаходны падатак давялося каля 22,3 тысячы чалавек, якія падалі дэкларацыю. Агульная сума склала 64 мільёны рублёў. А некаторыя атрымалі вяртанне падатку — такіх у 2019 годзе было 1188 чалавек, ім вярнулі 1,7 мільёна рублёў.

Тых, хто не падаў дэкларацыю своечасова, у 2019 годзе было 3660 чалавек. Па выніках праверак ім давялося заплаціць 3,6 мільёна рублёў падаткаў і яшчэ 425 тысяч рублёў штрафаў.

Рэкардсменам па задэклараваным даходзе і, адпаведна, заплачаным падатку ў 2019 годзе стаў жыхар Мінскага раёна. Ён задэклараваў 25 мільёнаў рублёў, а яго падатак склаў 3,2 мільёна рублёў. Як расказаў Міхаіл Расолька, беларус атрымаў гэты даход у выніку аперацый з каштоўнымі паперамі. Які даход акажацца самы вялікі ў 2019 годзе, пакуль невядома.

Хто павінен «варушыцца» цяпер

Падатковую дэкларацыю абавязаны прадставіць фізічныя асобы (рэзідэнты нашай краіны), якія атрымалі ў 2019 годзе даходы ад продажу маёмасці (напрыклад, двух і больш легкавых аўтамабіляў, грузавога аўтамабіля або аўтобуса), а таксама ад продажу на працягу пяці гадоў другой (і больш) кватэры, дома, дачы, гаража, зямельнага ўчастка.

Пры атрыманні на працягу 2014—2019 гадоў даходаў ад продажу аднаго наймення аб'екта нерухомасці, напрыклад, у 2015 годзе — адной (!) кватэры, а ў 2019 годзе — аднаго (!) жылога дома, грамадзянін не абавязаны прадстаўляць падатковую дэкларацыю, бо такія даходы вызваляюцца ад падаходнага падатку.

Таксама дэкларуюцца па выніках года даходы ад продажу больш чым аднаго (на працягу пяці апошніх гадоў) не завершанага будаўніцтвам капітальнага будынка, размешчанага на зямельным участку, выдзеленым для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, садоўніцтва, дачнага будаўніцтва, у выглядзе службовага надзела.

У дачыненні да аб'ектаў камерцыйнай нерухомасці колькаснай падатковай ільготы не існуе. Калі ўласнік прадаў нават не больш за адно гандлёвае, офіснае або адміністрацыйнае памяшканне, ён абавязаны запоўніць дэкларацыю і аплаціць падаходны падатак.

Ёсць выключэнне з правіл. Можна прадаваць за кароткі тэрмін любую колькасць дамоў, дач або зямельных участкаў і іншай нерухомасці, калі ўсё гэта было атрымана ў спадчыну. Плаціць падаткі ў гэтым выпадку не трэба незалежна ад перыядычнасці адчужэння нерухомасці на працягу пяцігадовага перыяду.

Спецыялісты падатковай галіны асобна адзначаюць, што абавязкова дэкларуюцца любыя фінансавыя ўліванні, што былі атрыманы грамадзянамі за мяжой і (або) з-за мяжы нашай краіны. Але папярэдне трэба вызначыць, што чалавек сапраўды быў прызнаны ў 2019 годзе падатковым рэзідэнтам Беларусі (фактычна знаходзіўся на працягу мінулага года больш за 183 дні на тэрыторыі краіны).

Гэта могуць быць грошы ад работы па найме (кантракце), ад продажу акцый або іншых каштоўных папер, ад продажу доляў у статутных фондах замежных арганізацый, у выглядзе працэнтаў па рахунках (укладах) у замежных банках, атрыманыя ў дар ад замежных грамадзян і іншае.

І яшчэ: у мінулыя гады ўсе тыя, хто здаваў уласную кватэру на працяглы тэрмін, плацілі фіксаваны падатак. Але, акрамя гэтага, яны павінны былі падлічыць прыбытак ад здачы ў арэнду жылых і нежылых памяшканняў за ўсе 12 месяцаў. Калі ён дасягаў агульнай сумы 6 тысяч рублёў і больш, трэба было наведаць падатковую інспекцыю і выплаціць дадатковы падатак.

Напрыклад, у 2018 годзе 1557 беларусаў даплацілі падаходны падатак за здачу нерухомасці ў арэнду. Яны дадаткова пералічылі ў казну 1,8 мільёна рублёў. Але з 2019 года абавязак падаваць дэкларацыю і плаціць падатак у такой сітуацыі адмянілі.

Паведаміць падатковай трэба таксама пра падарункі, калі іх кошт перавышае 6569 рублёў ад усіх крыніц на працягу года. Выключэнне складаюць даходы, атрыманыя чалавекам ад блізкіх сваякоў і асоб, якія знаходзяцца з ім у адносінах сваяцтва, такія даходы не прызнаюцца аб'ектам падаткаабкладання незалежна ад памеру. Да асоб, якія знаходзяцца ў адносінах блізкага сваяцтва, адносяцца бацькі (усынавіцелі, удачарыцелі), дзеці (у тым ліку ўсыноўленыя, удачароныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабка, унукі, прадзед, прабабка, праўнукі, муж і жонка. Да асоб, якія знаходзяцца ў адносінах сваяцтва, адносяцца блізкія сваякі аднаго з сужэнцаў, у тым ліку памерлага.

Тэрмін выплаты і штрафы

У сакавіку для зручнасці грамадзян падатковыя органы праводзяць прыём дэкларацый у рабочыя дні з 8.00 да 19.00. Традыцыйна падатковыя працуюць і ў выхадны — дзве апошнія суботы да дэдлайну падачы (як правіла з 9.00 да 13.00). Сёлета гэта будзе 21 і 28 сакавіка. Дакладны графік можна даведацца ў сваёй інспекцыі.

Падаходны падатак, вылічаны падатковым органам на падставе прадстаўленай фізічнай асобай падатковай дэкларацыі за 2019 год, падлягае выплаце ў бюджэт у тэрмін не пазней за 1 чэрвеня.

Парушэнне тэрміну прадстаўлення ў падатковы орган дэкларацыі за 2019 год цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх базавых велічынь з павелічэннем яго на 0,5 базавай велічыні за кожны поўны месяц пратэрміноўкі, але не больш за 10 базавых велічынь. Для даведкі: з 1 студзеня 2020 года базавая велічыня складае 27 рублёў. Такім чынам, памер штрафу можа скласці ад 54 да 270 рублёў.

Парушэнне кліентам тэрміну аплаты падаходнага падатку (1 чэрвеня 2020 года), вылічанага на падставе прадстаўленай падатковай дэкларацыі за 2019 год, калі нявыплачаная або не цалкам выплачаная сума падатку перавышае адну базавую велічыню, цягне накладанне штрафу ў памеры 15 % ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш за 0,5 базавай велічыні.

Ствараецца база з пашыранай інфармацыяй аб даходах насельніцтва

Як адзначыў Міхаіл Расолька, «база даходаў у падатковых органах створана, гаворка ідзе аб яе напаўненні». Цяпер у яе аўтаматычна трапляюць звесткі аб даходах ад продажу нерухомасці (іх падае Дзяржаўны камітэт па маёмасці), продажу транспартных сродкаў (ДАІ) і грашовых пераводах з-за мяжы (банкі, пошта, сістэмы грашовых пераводаў).

«Сёння ў нас разглядаецца пытанне наконт загрузкі інфармацыі аб даходах, якія грамадзяне атрымліваюць па месцы работы — удакладніў спецыяліст. — Гэта накіравана на стварэнне для грамадзян магчымасці менш звяртацца па даведкі ў нейкія органы або для іншых дзяржаўных органаў не абавязваць грамадзян звяртацца па даведкі. Адпаведна, калі спатрэбіцца інфармацыя аб даходах грамадзяніна, грамадзянін можа ў асабістым кабінеце атрымаць адпаведную інфармацыю, раздрукаваць і скарыстацца ёю».

Раней у міністэрстве адзначалі, што хочуць уключаць у базу даныя пра ўсе віды налічаных даходаў, звесткі не толькі аб зарплаце, але і аб дывідэндах, працэнтах па банкаўскіх дэпазітах і іншым.

Тая інфармацыя, якая цяпер ёсць у базе, таксама можа быць карысная для беларусаў. На яе падставе запаўняецца папярэдняя падатковая дэкларацыя ў электронным выглядзе. Адпаведна, любы чалавек можа зайсці ў асабісты кабінет на сайце падатковай, сфарміраваць дэкларацыю на аснове наяўных звестак, праверыць яе, пры неабходнасці дапоўніць і падаць анлайн.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв'ю: braslav-star.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».