Вы тут

Прэзідэнт: Немагчыма прызнаць дзейнасць урада і Нацбанка здавальняючай


Аляксандр Лукашэнка правеў нараду па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2019 годзе і бягучай пяцігодцы.


Пра тое, што размова будзе сур’ёзная, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў удзельнікаў сустрэчы адразу. Праблемы, якія стаялі на парадку дня, не проста актуальныя, а «пытанні выжывання». Заробкі растуць хутчэй за вытворчасць працы, адчуваецца нізкая аддача традыцыйных сектараў эканомікі, правалілі экспарт, страцілі рынкі — гэта толькі некаторыя пункты з тых, на якіх спыніўся Прэзідэнт у сваім выступленні. З такім «багажом» за плячыма ВУП у 100 мільярдаў долараў да 2025 года — недасягальная мара. Якія рашэнні прапануе ў гэтым ключы ўрад і як мары ператварыць у мэты, вырашалі сёння ў Палацы Незалежнасці.

Як адзначыў Прэзідэнт, улады пастаянна аналізавалі вынікі мінулага года, каб звярнуць увагу і грамадства на тое, што ўжо зроблена. Паводле яго слоў, мэта адна — пазбегнуць памылак і выкарыстоўваць набыты вопыт.

«Бягучы 2020 год — апошні ў пяцігодцы. Таму, акрамя справаздач, хацелася б атрымаць ацэнку таго, з якімі вынікамі мы завяршаем гэтую пяцігодку. Мной былі ўважліва вывучаныя прадстаўленыя матэрыялы і даклады. Аўтараў мы сёння паслухаем. Праўда, хваліцца асабліва няма чым», — звярнуў увагу беларускі лідар, але пералічыў асноўныя дасягненні эканомікі і эканамістаў.

Напрыклад, забяспечаны рост рэальных наяўных даходаў насельніцтва, у тым лiку заработнай платы, пенсій, на 6 працэнтаў. Дасягнуты нізкі ўзровень інфляцыі ў цэлым па краіне менш за пяць працэнтаў. У няпростых умовах на траціну ўдалося нарасціць золатавалютныя рэзервы і нават некалькі знізіць валавы знешні доўг.

Але больш прадметна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на праблемах. А іх хапае — не дасягнутыя чатыры з сямі найважнейшых паказчыкаў, па якіх ацэньваецца эфектыўнасць дзейнасці ўрада і Нацыянальнага банка.

«Гаворка ідзе аб нарошчванні экспарту, прытоку замежных інвестыцый, росце прадукцыйнасці працы і галоўнае павелічэнні валавага ўнутранага прадукта. Прырост на 1,2 працэнта, мякка кажучы, вельмі сціплы вынік, — адзначыў Прэзідэнт. — Вынікі работы эканамічнага штаба ( я маю на ўвазе і рэгіёны ў тым ліку) па гэтых напрамках нельга аднесці ў скарбонку заслуг. А гэта ж базавыя пытанні, ад прагрэсу ў якіх залежыць устойлівасць нашага развіцця на доўгатэрміновую перспектыву».

Ужо трэці год запар рост заработнай платы значна апярэджвае рост вытворчасці працы. Прэзідэнт задаў рытарычныя пытанні: як доўга такая тэндэнцыя будзе захоўвацца? «Ці хтосьці лічыць, што зможа падмануць законы эканомікі?» — запытаў ён.

«Планы на 2019 год рыхтаваў дзеючы склад урада, і, як вы памятаеце, я (нягледзячы на альтэрнатыўныя думкі) падтрымаў тое, што вы ўносілі. Таму падчас нарады чакаю прынцыповых ацэнак уласнай працы і таго, якімі бачыце сярэдзіну і завяршэнне 2020 года», — падкрэсліў беларускі лідар і дадаў: больш за ўсё яго насцярожвае, што прыбіранне праблем, якія стрымліваюць магчымасці эканомікі, ідзе павольна, нават фармальна.

Па яго словах, айчынная эканоміка не дасягнула такой ступені ўстойлівасці, каб упэўнена супрацьстаяць уплыву звонку — палітычным настроям, знешнім шокам і іншага кшталту ўзрушэнням.

«Мы занадта шмат увагі надаем таму, па якой цане будзем купляць нафту і ў якіх аб’ёмах. Які курс валюты ў краінах — гандлёвых партнёрах, якія абмежаванні яны ўводзяць для нас. Рэагуем на любы «шоргат». Так быць не павінна», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Так, гэта ўсё неабходна бачыць і ўлічваць, але такія факты не павінны быць галоўнымі крытэрыямі паступкаў. «Мы невялікая краіна з адкрытай эканомікай. Менавіта таму павінны ўмець гнутка адаптавацца да аб’ектыўных умоў, у якіх жыве навакольны свет, і ўмець працаваць з усімі. Гэта самая складаная задача з тых, што стаяць перад сістэмай дзяржаўных органаў на чале з урадам. Аднак у бягучай пяцігодцы адчувальных зменаў няма», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Пра гэта, па яго словах, сведчыць той факт, што ў мінулым годзе традыцыйныя сектары эканомікі не далі былой аддачы. Доля ўсіх відаў вытворчасці ў валавым унутраным прадукце ў 6 разоў больш, чым у прадпрыемстваў ІТ-сектара і сувязі. Але ўклад у агульны прырост эканомікі ў іх амаль аднолькавы.

«Тэма знешніх рынкаў збыту ўжо набіла аскому. Я не буду казаць пра тое, што экспарт у 2019 годзе правалілі, прыток імпарту павялічваецца, а ВУП вырас толькі за кошт унутранага попыту. Экспарт — прыярытэт пяцігодкі, а мы не толькі не асвойваем новыя рынкі, але і губляем традыцыйныя», — сказаў кіраўнік краіны і запатрабаваў, каб прэм’ер-міністр асобна далажыў, у чым прычыны і што робіцца для выпраўлення становішча.

Як падкрэсліў Прэзідэнт, сёння гэта пытанне нашага выжывання і адсюль усё: і цэны на нафту, і цэны ўнутры краіны, і курс беларускага рубля. Патрабуе ўвагі і фінансавы стан арганізацый рэальнага сектара, але магчымыя рашэнні не павінны закранаць бюджэт.

«Эфектыўнасць працы, перш за ўсё дзяржсектара, вышэйшай не стала. Гэта істотная частка эканомікі і неабходныя рашучыя меры, каб яны былі яе лакаматывам, а не цяжкім грузам. Пераважная большасць раёнаў павінна мець больш высокія тэмпы развіцця, каб у нашым грамадстве не ўзнікала раздзяляльных ліній па ўзроўні даходаў і якасці жыцця насельніцтва», — паведаміў лідар дзяржавы.

Не згадзіўся Аляксандр Лукашэнка з прапановамі ўрада па асноўных напрамках Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны да 2025 года. «Скажу шчыра: мер для паскоранага развіцця і дасягнення ВУП, як мы вызначаліся, прыкладна 100 мільярдаў долараў, я там не ўбачыў, — акцэнтаваў увагу ён. — Усё, што прапанавана, трэба было зрабіць яшчэ пяць гадоў таму. Але па гэтым пытанні мы правядзем асобную нараду».

Прэзідэнт звярнуўся з запрашэннем не тэарэтызаваць, а канкрэтна агучваць недахопы і дасягненні, якія маем па выніках мінулага года. «Пры гэтым хачу папярэдзіць: не павінна быць накату на ўрад. А ўрад не павінен адпіхвацца ад тых заўваг і крытыкі, якія сёння прагучыць. Калі яны неабгрунтаваныя (але ў гэтай залі няма неінфармаваных і бесталковых людзей) — усе маюць права на сваё меркаванне. Але пры гэтым мы павінны ўлічваць, што мы ў гэтай залі, а краіна ў нас адна. Як кажуць у народзе, у адной лодцы і плыць будзем у адным накірунку», — завяршыў Аляксандр Лукашэнка.


Румас: Летась у краіне захаваныя найважнейшыя макраэканамічныя прапорцыі

Падчас прызначэння новага складу ўрада ў жніўні 2018-га Прэзідэнт паставіў асноўную задачу — забяспечыць рост даходаў грамадзян.

«Вынікам стаў устойлівы рост дабрабыту насельніцтва. Заработная плата па краіне, пачынаючы з сакавіка мінулага года, устойліва знаходзіцца над адзнакай у тысячу рублёў. Яе памер на канец года склаў 1240 рублёў. У бюджэтным сектары, як і абяцалі, выйшлі на суадносіны 80 працэнтаў пры сярэднім заробку ў 993 рублі. Выконваецца задача па павелічэнні зарплат педагагічным працаўнікам і урачам. Пенсіі павялічыліся на дваццаць працэнтаў, а з улікам інфляцыі — на 13,4. Гэта самы высокі тэмп за апошнія пяць гадоў», — адзначыў кіраўнік урада на нанардзе ў Прэзідэнта.

Па яго словах, летась істотна палепшаны якасныя паказчыкі развіцця. Узровень інфляцыі Сяргей Румас назваў мінімальным, атрыманае знешнегандлёвае сальда — аптымальным. На валютным, крэдытна-дэпазітным і фінансавым рынках забяспечана ўстойлівасць, паведаміў дакладчык.

«Своечасова выкананы валютныя абавязацельствы дзяржавы, пры гэтым золатавалютныя рэзервы дасягнулі рэкорднага ўзроўню — 9,4 мільярда долараў. Бюджэт па выніках 2019 года выкананы лепш, чым планавалі. Гэта дазволіла не толькі забяспечыць рашэнне цэлага спектру ключавых задач сацыяльнага блоку, але і накіраваць пэўны аб’ём сродкаў у рэзерв на фарміраванне «падушкі бяспекі», — праінфармаваў кіраўнік урада.

Па яго інфармацыі, палепшана большасць паказчыкаў бяспекі ў эканамічнай і грошава-крэдытнай сферах, і сітуацыя ўпершыню за многія гады ацэньваецца як стабільная.

Сярод таго, што зрабіць не ўдалося, Сяргей Румас назваў эканамічны рост, запланаванага росту якога дасягнуць не здолелі. Тэмпы ніжэйшыя за сярэднія ў свеце і параўнальныя з расійскімі, удакладніў прэм’ер-міністр.


Заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што немагчыма прызнаць дзейнасць урада і Нацбанка здавальняючай, пасля нарады аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за 2019 год і ацэнцы вынікаў пяцігодкі агучыў журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Бельскі.

На нарадзе Прэзідэнт выказаў занепакоенасць становішчам у прамысловасці. Ён запатрабаваў не дапусціць падзення і падкрэсліў важнасць якасці выпускаемай прадукцыі. 

Асобна абмяркоўвалася тэма экспартных паставак і імпартазамяшчэння. Адказнасць за працу па экспарце ўскладзена на прэм’ер-міністра і яго намеснікаў, якія кожны па сваім кірунку мусяць зрабіць усё, каб садзейнічаць продажы айчынных тавараў за межамі краіны. Адначасова за ўзровень імпартазамяшчэння адкажуць міністры і губернатары.

«Зроблены даручэнні, якія тычацца дыверсіфікацыі рынку, працы канкрэтных галін на гэтым кірунку... Сёлетнія параметры развіцця беларускай эканомікі, нягледзячы ні на якія складанасці, будуць выкананыя», — удакладніў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Акрамя таго, на нарадзе Прэзідэнт запатрабаваў ад Нацыянальнага банку «большай працы на эканоміку». 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў ўвагу на будаўніцтва дарог — як рэспубліканскіх, так і мясцовых — і якасці будаўніцтва і рамонту жылля. Прэзідэнт анансаваў шматразовае ўзмацненне жорсткасці попыту за нядбайнасць. 

«Большасць прэтэнзій, скаргаў, якія паступаюць сёння ад нашых жыхароў, тычацца сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У сферы будаўніцтва кіраўніком дзяржавы прынятыя дадатковыя рашэнні па паскарэнні развіцця галіны, перш за ўсё будаўніцтва жылля», — адзначыў Валерый Бельскі.

Акрамя агульных паказчыкаў і тэндэнцый у сельскай гаспадарцы, Прэзідэнт цікавіўся пытаннямі падзяжу жывёлы і нарыхтоўкай кармоў.

Паказчыкі развіцця краіны на наступную пяцігодку пакуль не разглядаліся падрабязна, растлумачыў Валерый Бельскі. Хоць урад і распрацаваў асноўныя тэзісы праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2025 года. Але, паводле яго слоў, прапанаваны варыянт не ўтрымлівае рашэнняў, як ліквідаваць фактары, якія перашкаджаюць паскоранаму росту эканомікі. Гэтая тэма будзе абмяркоўвацца на спецыяльнай нарадзе.

Марыя ДАДАЛКА

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.