Вы тут

Як падаць ваенную гiсторыю дзецям


Экспазiцыйна-выставачны праект «Памятаем! Ганарымся!», якi з 2017 года праводзiць Дзяржаўны музей ваеннай гiсторыi Рэспублiкi Беларусь, запрашае да дыялогу аб Вялiкай Айчыннай вайне. Да яго падключаюцца настаўнiкi, работнiкi бiблiятэк i, галоўнае, дзецi. Хлопчыкi i дзяўчаты пры дапамозе бацькоў збiраюць iнфармацыю пра сваiх родных — удзельнiкаў вайны.


Толькi за мiнулы год у праекце паўдзельнiчала каля 15 тысяч дзяцей, i гэта пры тым, што ў штаце музея — усяго два навуковыя супрацоўнiкi! Сакрэт такой прадукцыйнасцi — у мабiльнай выстаўцы «Пакаленне мiру аб вайне i мiры», якая расказвае пра лёсы дзяцей у вайну. У экспазiцыi паказаныя маленькiя салдаты, лясная школа ў партызанскiм лагеры, юныя вязнi мiнскага гета, канцлагераў i выгнаннiкi на прымусовыя работы. А ўжо сучасныя хлопчыкi i дзяўчынкi дзеляцца сваiмi думкамi пра вайну: пiшуць сачыненнi, ствараюць малюнкi, сустракаюцца са сведкамi ваенных падзей, занатоўваюць успамiны, цiкавяцца гiсторыяй сваёй сям'i.

«Мы толькi ствараем пляцоўку, атмасферу, можам выехаць з мабiльнай выстаўкай у любую навучальную ўстанову, бiблiятэку, раённы Палац культуры цi вясковы клуб, а на месцах далучаюцца каманды. Настаўнiкi i бацькi дапамагаюць вучням падрыхтаваць выступленнi. Дзецi прыносяць рэчы, што захоўваюцца ў iх сем'ях, з якiмi звязана памяць пра Вялiкую Айчынную вайну. Адна справа, калi дзецi чуюць iнфармацыю ад экскурсаводаў, iншая — калi ад равеснiкаў. Кожны юны ўдзельнiк стараецца падабраць найлепшыя словы, каб расказаць пра сваiх дзядоў», — зазначае дырэктар Дзяржаўнага музея ваеннай гiсторыi Сяргей Азаронак.

Адна з такiх мабiльных выставак адкрылася ў 10-й дзiцячай бiблiятэцы Мiнска. I зноў жа тут актыўнымi ўдзельнiкамi былi дзецi. Вучань 137 школы Цiмафей Iвашкевiч расказаў пра подзвiгi свайго прадзеда Мiхаiла Каляды: у адным з баёў мужчына быў паранены i страцiў кiсць левай рукi.

«Гэта мае мацi i бацька. Яны прайшлi ўсю вайну, маюць шмат ўзнагарод. Мы пра iх нiколi не забываем i будзем перадаваць памяць праз пакаленнi», — падзялiлася Вольга Мiкалаеўна Чарнова, якая прыйшла на выстаўку разам з унучкай Аняй (на фота). Дзяўчынка трымала ў руках два партрэты i з гонарам апавядала пра сваiх родных.

Да праекта таксама далучаюцца ветэраны, якiя дзеляцца ўспамiнамi, адказваюць на пытаннi дзяцей. Падпалкоўнiк у адстаўцы Андрэй Каваль нават зладзiў мiнi-вiктарыну: «Якая жанчына сваiм целам закрыла амбразуру? Хто больш за ўсё збiў самалётаў у адным баi? Хто больш за iншых здзейснiў таранаў i застаўся жывы? Колькi ў Беларусi гарадоў-герояў? Хто камандаваў ротай, якая ў адным баi знiшчыла 22 нямецкiя танкi?» Ветэран нагадаў школьнiкам, што яны  нашчадкi народа-вызвалiцеля, народа-пераможцы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.